БРАНДВА́ХТА (ад галанд. brandwacht вартавы карабель),
1) карабель, які нясе вартавую службу на ўваходзе (выхадзе) на рэйд (у гавань, канал) і падтрымлівае ўстаноўлены рэжым плавання (рэгуляванне руху суднаў, выкананне ім мытных, каранцінных, рэйдавых і інш. правілаў).
2) Пост на беразе або на судне, прызначаны сачыць за пажарнай бяспекай на тэр. порта.
3) Несамаходнае судна — жыллё для экіпажа земснарадаў, вадалазных станцый, пошукавых партый, партовых рабочых і інш.
т. 3, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДНІ́ЧЫ (Антон Ягоравіч) (каля 1848, в. Касцяневічы Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 1917?),
удзельнік рэв. руху ў Расіі. З 1871 працаваў на з-дах Пецярбурга, дзе вёў рэв. прапаганду; чл. «Паўночнага саюза рускіх рабочых». У 1874 арыштаваны. З 1876 жыў у Пецярбургу пад тайным наглядам паліцыі. У 1879 зноў арыштаваны, сасланы на радзіму, потым у г. Мезень Архангельскай губ. Пасля ад паліт. дзейнасці адышоў.
т. 5, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРШЧЭ́ЎШЧЫНСКІ ВІНАКУ́РНЫ ЗАВО́Д.
Дзейнічаў на Беларусі ў 1887—1914 у маёнтку Гаршчэўшчына Аршанскага пав. (цяпер вёска ў Талачынскім р-не Віцебскай вобл.). З жыта, ячменю і бульбы вырабляў і ачышчаў спірт-сырэц, з якога гатавалася гарэлка. Меў паравую машыну (з 1890), у 1895 — паравы кацёл. У 1910 і 1913 працавала па 55 рабочых. У 1900 і 1910 выпускалася па 61—65 тыс. вёдзер гарэлкі.
т. 5, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́РГЕ ((Sorge) Фрыдрых Адольф) (9.11.1828, Бетаў, Германія — 26.10.1906),
дзеяч міжнар. рабочага руху. Дзед Р.Зорге. Удзельнік Бадэнска-Пфальцкага паўстання 1849. Эмігрыраваў у Швейцарыю, потым у Бельгію, Вялікабрытанію; з 1852 у ЗША, дзе прапагандаваў марксізм, уваходзіў у кіраўніцтва шэрагу рабочых і сацыяліст. арг-цый. Арганізатар секцый Інтэрнацыянала 1-га ў ЗША, у 1872—74 яго ген. сакратар. Удзельнічаў у заснаванні Сацыяліст. рабочай партыі Паўн. Амерыкі (1876—77).
т. 7, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАГАНДЗІ́НСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,
у Казахстане, у бас. р. Нура. Пл. каля 3600 км². У тоўшчы вугляносных адкладаў карбону (магутнасць да 5 км) каля 30 рабочых пластоў. Разведаныя запасы вугалю 7,84 млрд. т. Вуглі каменныя і бурыя. Здабыча з 1854, планамернае асваенне з 1930. Цеплыня згарання на рабочае паліва 21 МДж/кг. Здабыча падземным і адкрытым спосабамі. Асн. цэнтры здабычы: гарады Караганда, Сарань, Абай, Шахцінск.
т. 8, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ЛЬСКАЯ ДРАЎНІННАМА́САВАЯ І КАРДО́ННАЯ ФА́БРЫКА Дзейнічала з 1885 ва ўрочышчы Куль на р. Уса Мінскага пав.
(цяпер в. Куль у Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл.). Вырабляла драўнінную масу, паперу, белы, буры і шэры кардон. У 1898 мела 2 паравыя машыны (215 к.с.),
3 паравыя катлы, 3 формы для адліўкі кардону, кацёл для перапрацоўкі драўніны. У 1910 працавала 100 рабочых. Прадукцыя збывалася на папяровыя ф-кі Расіі.
т. 9, с. 10
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ГАРБА́РНАЯ ФА́БРЫКА.
Дзейнічала ў 1884—1914 у Мінску. Вырабляла скуры, шавецкія загатоўкі і інш. Мела ў 1895 вадзяны рухавік (2 к.с.) і паравы кацёл; у 1913 паравы і нафтавы рухавікі (30 к.с.). У 1902 выпушчана дубленых тавараў на 48,7 тыс. руб., шавецкіх загатовак на 54,6 тыс. руб., інш. скураных тавараў на 7,2 тыс. руб. У 1913 працавала 60 рабочых. Прадукцыю збывалі ў Адэсе, Кішынёве, Мінску.
т. 10, с. 424
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МІ́НСКІ ПЕРАВА́Л»,
аб’яднанне рускіх пісьменнікаў і паэтаў у Мінску ў 1927—28. Утварэнне абвешчана лістом ад 1.4.1927 групы пісьменнікаў
[М.Залётны, Р.Бунтар, Р.Лахматы (Кобец), І.Нікіфараў, А.Казлас, С.Гуськоў],
якія выйшлі са «Звенняў» і сталі арыентавацца на літ. групу рабочых і сялянскіх пісьменнікаў «Перавал». Наладжваў літ. вечары, чытанні і абмеркаванні твораў сваіх членаў, выдаў зб. вершаў Бунтара. Залётнага і Нікіфарава «Самае роднае» (1927). Шырокай дзейнасці не разгарнуў, яго члены ўліліся ў рус. секцыю БелАПП.
К.Р.Хромчанка.
т. 10, с. 448
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПЯРНЯ́НСКІЯ СУКО́ННЫЯ ПРАДПРЫЕ́МСТВЫ Дзейнічалі мануфактура (1840—58) і фабрыка (1867—1914) ва ўрочышчы Паперня Слонімскага пав. (цяпер мясцовасць на Пн Брэсцкай вобл.). Выраблялі сукны, коўдры, апрэтурную пражу, рабілі набіўку і аздобу тканін. На мануфактуры ў 1844 было 49 ткацкіх станкоў, працавала 146 чал. Ф-ка мела паравы кацёл, 2 вадзяныя катлы, 2 прадзільныя і 3 ткацкія станкі, паравы рухавік; у 1913 працавала 85 рабочых.
т. 12, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЭ́ЦКІ ЦУКРО́ВЫ ЗАВО́Д Дзейнічаў у в. Парэчча Пінскага пав. (цяпер у Пінскім р-не Брэсцкай вобл.) у 1860—79. Размяшчаўся ў 4-павярховым мураваным будынку на беразе р. Ясельда. У 1862 меў 2 паравыя рухавікі, 2 лакамабілі, 4 паравыя катлы, 8 цэнтрабежных машын. У 1879 працавала 168 рабочых. У розныя гады выраблялі да 10,5 тыс. пудоў цукру за сезон. У 1879 з-д згарэў.
т. 12, с. 157
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)