БАЛЕТО́ПСІС

(Boletopsis),

род базідыяльных грыбоў сям. балетопсідных. Вядомы 1 цыркумпалярны від — балетопсіс малалускаваты (Boletopsis subsquamosa). Пашыраны па ўсім зямным шары, акрамя Антарктыды. На Беларусі як вельмі рэдкі адзначаны ў Бярэзінскім запаведніку і Лагойскім раёне Мінскай вобласці. Расце на перагнойнай глебе ў хвойніках. Пладовыя целы з’яўляюцца ў вер.—кастрычніку. Малавядомы ядомы грыб.

Пладовае цела ў выглядзе шапкі на ножцы. Шапка дыям. 5—10 см, паўшарападобная, мясістая, пазней плоскапукатая, у цэнтры злёгку ўціснутая, матавая, брудна-шэрая, пры дакрананні цёмна-бурая. Гіменафор трубчасты: трубачкі белыя ці шараватыя. Поры круглаватыя, з узростам вуглаватыя, іншы раз лабірынтападобныя, зубчастыя. Ножка цэнтральная або эксцэнтрычная, да асновы ўздутая. Тканка (трама) белая, пры націсканні і засыханні набывае колер. Споры вуглаватыя, бясколерныя або буравата-дымчатыя.

т. 2, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РАС

(Calluna),

род кветкавых раслін сям. верасовых. 1 від — верас звычайны (Calluna vulgaris). Пашыраны ў Еўропе, Зах. Азіі, Паўн. Афрыцы і на Атл. узбярэжжы Амерыкі. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце на пясчаных мясцінах у хваёвых барах, на высечках, выгарынах, пустэчах, тарфяніках, утварае вял. зараснікі — верасоўнікі.

Шматгадовая вечназялёная галінастая кустовая ці кусцікавая расліна выш. да 1 м. Лісце дробнае, лускападобнае, сядзячае, ланцэтнае, размешчана накшталт чарапіцы ў 4 рады. Кветкі дробныя, двухполыя, званочкавыя, бэзава-ружовыя, зрэдку белыя, у аднабокіх гронках. Плод — пушыстая чатырохгранная каробачка. Дэкар., лек (мачагонны, патагонны, процізапаленчы, вяжучы, злёгку снатворны і заспакаяльны сродак), тэхн. (мае дубільнікі, гліказіды, смалу, крухмал), кармавая і меданосная (дае т.зв. «верасовы мёд») расліна. Часам верасам таксама наз. віды роду эрыка (Erica).

т. 4, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЯ́НКА,

ваўнянка белая (Lactarius pubescens), шапкавы пласціністы грыб з роду млечнік сям. сыраежкавых. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце групамі пераважна ў маладых, часта забалочаных бярозавых і мяшаных лясах. Пладовыя целы з’яўляюцца ў жніўні—верасні.

Шапка да 6 см у дыяметры, тонкаапушаная, з загнутым уніз валакністым краем, белая, сухая або злёгку слізкая, з цягам часу становіцца шырокалейкападобная, сухая, белая або крэмаватая. Пласцінкі спачатку белыя, пасля крэмава-ружовыя. Ножка да 4 см выш., белая або з ружавата-крэмавым адценнем, гладкая, пустая. Мякаць белая, пад скуркай ружаватая, са слабым пахам герані, мае горкі млечны сок. Ядомы грыб. Ужываецца толькі солены (пасля вымачкі і адварвання). Вонкавым выглядам нагадвае сапраўдную ваўнянку.

т. 3, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

падштурхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

1. Злёгку штурхнуць (ззаду або знізу). Маладзейшы падштурхнуў воз плячом, і конь лёгка пайшоў. Чорны. — Чаго адстаеш, гані! — крыкнуў Пеця і палкай падштурхнуў Славу ў спіну. Хомчанка.

2. Злёгку штурхнуўшы, зрушыць у якім‑н. кірунку. — Але ж хадзем у тую хату. Тут і без нас ужо ведаюць, што рабіць. — [Бацька] далікатна падштурхнуў госця да дзвярэй-філёнак і прапусціў у другі пакой — вялікі, поўны святла і з густам прыбраны. Чыгрынаў. // перан. Схіліць да чаго‑н., прыспешыць з чым‑н. — Я мелася.. ехаць працаваць у сельскую мясцовасць. А гэтае сумнае здарэнне толькі падштурхнула мяне здзейсніць сваё летуценне хутчэй. Дубоўка. // перан. Разм. Паскорыць (справы, падзеі і пад.). Вера Ігнатаўна часта прыязджала ў Серадзібор, каб падштурхнуць справы. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

варушы́ць, ‑рушу, ‑рушыш, ‑рушыць; незак.

1. каго-што. Дакранаючыся да чаго‑н., прыводзяць у рух. Ціхі вецер вее І траву варушыць. Астрэйка. // перан.; што. Выводзіць са стану спакою, узбуджаць. Словам дакорным маці боль несціханы варушыць. Глебка. А як яны варушылі, пераварочвалі сэрца, гэтыя салаўі. Васілевіч.

2. чым. Рухаць павольна, злёгку. На другім канцы стала, загарнуўшы кніжку, бязгучна варушыла губамі Наташа — вучыла верш. Шахавец.

3. што. Злёгку разграбаць; пераварочваць. Варушылі зерне, каб яно падсыхала, перавейвалі, сартавалі. Скрыган. Каржакаваты з абветраным тварам і пышнымі вусамі мужчына час ад часу варушыць суком падгарэлае паленне. Курто.

•••

Варушыць (круціць) мазгамі (галавою) — разважаць, абдумваць. З зямлёю клопат быў вялікі. Прыйшлося ездзіць да Хадыкі Ды варушыць і галавою Над гэтай справай грашавою. Колас.

Варушыць памяць — напамінаць аб кім‑, чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праступі́ць, ‑ступіць; зак.

Выступіць знутры на паверхню, прасачыцца наверх. Палкавы камісар ішоў пахістваючыся. Праз бінт на руках усё больш праступала крыві. Лупсякоў. // Выступіць, паказацца праз што‑н. Коратка падстрыжаныя валасы ў .. [Кіры] трохі раскудлаціліся, на смуглых шчоках праступіў румянец. Карпаў. // Стаць злёгку бачным. Потым у яго вачах у цемрадзі праступіла светлая пляма. Кандрат здагадаўся, што гэта сядзела Параска. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прытармазі́ць, ‑мажу, ‑мозіш, ‑мозіць; зак., што.

Трохі прыцішыць, эбавіць скорасць руху чаго‑н. Машыніст на ляту злавіў гэты перасцерагальны сігнал і прытармазіў састаў. Васілёнак. Я злёгку прытармазіў шпульку [спінінга] і адчуў некалькі моцных штуршкоў. Ляўданскі. Пад нагамі нешта зачарнела, і, раней чым.. [Алесь] паспеў прытармазіць, лыжы адарваліся ад снегу. Шыцік. Грузавік нечакана і рэзка прытармазіў, павярнуў на абочыну і спыніўся. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апаласка́ць, ‑лашчу, ‑лошчаш, ‑лошча; зак., каго-што.

1. Злёгку абмыць. [Бабка] унуку і ваду на рукі палівае, і кажа, каб хоць шыю сабе апаласкаў, бо яна ад загару і пылу стала чорная як зямля. Пестрак.

2. перан. Абгаварыць каго‑н. [Вашыновіч:] — У нас народ такі. Дзе што якое пачуюць, дык.. як паднімуць гаворку. Усіх па костачках разбяруць, усіх апалошчуць. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

журы́ць, журу́, жу́рыш, жу́рыць; незак., каго і без дап.

Злёгку дакараць, сварыцца на што‑н., павучаючы. Косця, вядома, быў нямала сканфужаны такой ацэнкай яго работы, але ён бачыў, што дзед журыць яго так сабе, не па злосці. Якімовіч. Няёмка быць там, дзе цябе лаюць і жураць, ды і каму гэта прыемна адчуваць сябе горшым сярод другіх. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чо́кацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Злёгку стукаць сваёй чаркай (шклянкай) аб чарку (шклянку) каго‑н. другога ў знак прывітання, віншавання. Вера Іванаўна ў апошні час пабыла нават крышталёвыя кілішкі — калі імі поўнымі чокаліся, яны неяк адменна звінелі. Сабаленка. І раптам паверх занавескі на шкляных дзвярах дзяўчынка ўбачыла, што маці і бацька сядзяць за сталом і... чокаюцца бакаламі. Памірыліся! Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)