МІЖНАРО́ДНЫ САВЕ́Т АХО́ВЫ ПТУ́ШАК,

(International Council for Bird Preservation), міжнародная асацыяцыя нацыянальных арніталагічных і прыродаахоўных арганізацый. Засн. ў 1922 (з 1993 Bird Libe International). Дамагаецца захавання біял. разнастайнасці і ўстойлівага карыстання прыроднымі рэсурсамі шляхам аховы птушак і іх месцапражыванняў, а таксама адукацыі насельніцтва. Мае партнёраў і прадстаўнікоў больш чым у 100 краінах. Афіц. стратэгія і праграмы М.с.а.п. абмяркоўваюцца кожныя 4 гады на сусв. і рэгіянальных канферэнцыях. Кіруючы орган — Сусв. савет, каардынацыйны — сакратарыят. Самая аўтарытэтная ў свеце арг-цыя папытаннях статуса птушак сусв. фауны і пагрозы іх існаванню. М.с.а.п. супрацоўнічае з рэсп. т-вам «Ахова птушак Беларусі».

А.​Я.​Вінчэўскі.

т. 10, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ЗАВО́Д ХАЛАДЗІ́ЛЬНІКАЎ.

Засн. ў 1959 у Мінску на базе майстэрняў па вырабе тавараў хатняга ўжытку; з 1977 галаўное прадпрыемства вытв. аб’яднання «Атлант», з 1993 акц. т-ва «Атлант» закрытага тыпу. У 1962 выпусціў першы халадзільнік «Мінск-1», з 1964 пачалася серыйная вытв-сць халадзільнікаў маркі «Мінск». З 1978 пачаўся выпуск быт. маразільнікаў. Халадзільнік «М-12» адзначаны Вял. залатым медалём міжнар. кірмашу ў Лейпцыгу (1977), шэраг інш. відаў — прызам Залаты «Трафей якасці» (1992, 1993, 1994). Асн. прадукцыя (1999): быт. халадзільнікі, маразільнікі і прамысл. абсталяванне. Больш за 80% прадукцыі экспартуецца.

Вытворчы корпус і зборачны цэх Мінскага завода халадзільнікаў.

т. 10, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МІ́ФЫ НАРО́ДАЎ СВЕ́ТУ», «Мифы народов мира», галіновае энцыклапедычнае выданне; адна з першых у сусв. навук. практыцы спроб зводнага сістэматызаванага выкладу міфатворчасці народаў свету. Выдадзена ў 1980—82 у 2 тамах у Маскве выд-вам «Савецкая Энцыклапедыя» (2-е выд. 1987—88). Прынцып пабудовы — алфавітны. Уключае больш за 12,2 тыс. артыкулаў, прысвечаных міфалогіям розных народаў і рэгіёнаў, у т. л. абагульняльныя артыкулы пра міфалогію пэўнай краіны або рэгіёна, пра тыпы міфаў, міфалагічныя вобразы і сюжэты, асобныя навук. тэорыі, кірункі і школы ў вывучэнні міфалогіі. Выданне багата ілюстравана.

В.​К.​Шчэрбін.

Энцыклапедыя «Міфы народаў свету». Вокладка.

т. 10, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЎНЫ ЗНАК,

двухбаковая адзінка моўнай сістэмы, якая мае план зместу і план выражэння. Да М.з. адносяцца: марфема, слова, словазлучэнне, сказ і інш. М.з. проціпастаўляюцца адзінкі моўнай сістэмы, якія не маюць значэння (плана зместу) — фанемы і інтанемы (т.зв. фігуры). Сістэмнасць М.з. выяўляецца ў існаванні паміж імі адносін тоеснасці/проціпастаўленасці (парадыгматыка) і іх здольнасці аб’ядноўвацца і ўтвараць адзінку больш высокага ўзроўню (сінтагматыка). Як і інш. знакі, якімі карыстаецца чалавек для ўспрыняцця, перадачы, захавання і перапрацоўкі інфармацыі, М.з. класіфікуюцца на падставе іх структурных, функцыянальных, семантычных і інш. уласцівасцей.

Літ.:

Гл. пры арт. Знакавая тэорыя мовы, Семіётыка.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 10, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́Й ВО́ІНАЎ-ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІ́СТАЎ Засн. ў 1992 у г. Віцебск для ўвекавечання памяці бел. воінаў, што загінулі ў час вайны ў Афганістане 1979—89. Адкрыты ў 1996. Пл. экспазіцыі 112 м², больш за 6 тыс. адзінак асн. фонду, 3 залы (2000). Матэрыялы экспазіцыі расказваюць пра гісторыю дзяржавы Афганістан, пачатак там грамадз. вайны, пра ахвяры і баявыя дзеянні 103-й Віцебскай гвардз. паветр дэсантнай дывізіі, якая абараняла Кабул. Сярод экспанатаў горная гаўбіца 1900, англ. вінтоўка 1907, кіт. кулямёт 1933, карта абароны Кабула, асабістыя рэчы сав. воінаў, што загінулі ў гэтай вайне, творы скульптуры і жывапісу.

І.​М.​Мажайцаў.

т. 11, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУМІЁ,

прыродны смалападобны прадукт біял. паходжання. Трапляецца ў гарах Пярэдняй, Сярэдняй і Паўд.-Усх. Азіі, на Каўказе. Уяўляе сабой бясформенныя кускі з нераўнамерна-ячэістай ці гладкай паверхняй, цвёрдай або пругкай кансістэнцыі, з характэрным бальзамічным пахам. Састаў М. з розных месцаў паходжання мае падобныя фіз. і хім. ўласцівасці і адрозніваецца суадносінамі асобных кампанентаў. Мае вял. колькасць арган. і неарган. рэчываў, гіпуравую і бензойную к-ты, амінакіслоты, смолы і воскі, камедзі, раслінныя рэшткі. Адрозніваюць М. т.зв. залатое (чырв. колеру), сярэбранае (белага), меднае (блакітнага ці сіняга) і жалезнае (чарнавата-карычневага; найб. пашыранае). Выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне больш як 2 тыс. гадоў.

т. 11, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯДО́ВАЯ РАСА́,

выпат цукрыстай вадкасці ў выглядзе кропелек на лістах (часам на сцёблах) некат. лісцевых дрэў (напр., ліпы, дуба, вярбы, вяза, жоўтай акацыі) і ігліцы елак. Утвараецца пры рэзкіх сутачных зменах т-ры і вільготнасці (уначы і раніцай, найб. увосень) без удзелу нектараноснай тканкі. Паводле саставу падобная да нектару, але мае больш дэкстрынаў, к-т, бялковых і мінер. рэчываў і менш засваяльных пчоламі цукроў. Часам наз. паддзю расл. паходжання. Як і падзь, ператвараецца пчоламі ў падзевы мёд. Часам М.р. памылкова называюць цукрыстую вадкасць, што выдзяляецца канідыяльнай стадыяй спарынні для прываблівання насякомых.

В.​І.​Сапега.

т. 11, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯЖА́,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ловаць (цячэ праз возера), за 36 км на ПнУ ад г. Гарадок. Пл. 0,79 км², даўж. 1,3 км, найб. шыр. 930 м, найб. глыб. 2 м, даўж. берагавой лініі больш за 3,5 км. Пл. вадазбору 258 км². Схілы катлавіны выш. да 5 м, пераважна разараныя, участкамі на У і Пд парослыя лесам. Берагі нізкія, пясчаныя і тарфяністыя, пад хмызняком. Пойма шыр. ад 25 м да 300 м, забалочаная. Мелкаводдзе да глыб. 1 м пясчанае, ніжэй дно ілістае. Востраў пл. 0,1 га. Зарастае. Упадае р. Шыша.

т. 11, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРЦЫ́С (Narcissus),

род кветкавых раслін сям. амарылісавых. Каля 60 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і. Трапляюцца ў вільготных месцах, на высакагорных і далінных лугах, травяністых схілах гор. Культывуюць са стараж. часу, вядома больш за 12 тыс. сартоў. На Беларусі вырошчваюць каля 40 сартоў Н. гібрыднага (N. hybridus).

Шматгадовыя цыбульныя травяністыя расліны. Лісце прыкаранёвае, лінейнае. Кветанос бязлісты, выш. да 0,5 м. Кветкі белыя, жоўтыя, адзіночныя ці ў гронках, у некат. пахучыя; эфірны алей з іх выкарыстоўваецца ў медыцыне і парфумерыі. Плод — каробачка. Усе віды ядавітыя. Ранневеснавыя дэкар. расліны.

В.​В.​Маўрышчаў.

Нарцыс: 1 — несапраўдны, або жоўты; 2 — двухлісты; 3 — паэтычны.

т. 11, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕВЫНО́ШВАННЕ ЦЯЖА́РНАСЦІ.

неданошанасць цяжарнасці, заўчаснае спыненне цяжарнасці да тэрміну родаў. Уключае аборт ранні (да 12 тыдняў) і позні (ад 13 да 21 тыдня), заўчасныя роды (ад 22 да 38 тыдняў), аборт і роды, што не адбыліся, таксама «прывычнае» невыношванне (калі ў мінулым было 2 і больш выпадкаў Н.ц.). Бывае вынікам уздзеяння генет., эндакрынных, інфекц., сац.-эканам. і быт. фактараў, захворванняў палавых органаў і інш. Праявы: болевы сіндром, крывяныя выдзяленні і інш. Лячэнне тэрапеўт. і хірург. (па паказаннях). Жанчыны з фактарамі рызыкі Н.ц. назіраюцца ў спец. лячэбна-прафілакт. установах. Гл. таксама Неданошанае дзіця.

І.​У.​Дуда.

т. 11, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)