пацяпле́ць, ‑ее; зак.
1. Стаць цёплым, цяплейшым. Як толькі пацяплела надвор’е і падсохла зямля, сабраў .. [Лабановіч] сваю маёмасць, а ўсё лішняе і не дужа патрэбнае пакінуў у брата, развітаўся з ім і рушыў у дарогу. Колас. Незнаёмы, хораша ўсміхаючыся, разглядаў братоў, як бы параўноўваючы іх, і вочы яго пацяплелі і не здаваліся такімі калючымі. Шамякін. / у безас. ужыв. Неяк адразу пацяплела на сэрцы, з’явілася спакойная ўпэўненасць. Лынькоў.
2. безас. Пра наступленне цяпла, цёплага надвор’я. Пацяплела. Вецер сціх. Чорны. З асаблівым нецярпеннем чакаў гэту вясну .. Сашка. Бацька яму паабяцаў: адразу як пацяплее, адвязе яго да дзеда ў вёску. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пачці́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Паважны, шаноўны, паважаны, добразычлівы. Сцяпана ведалі ўсе як пачцівага і даволі памяркоўнага чалавека. Кавалёў. // Які выказвае павагу, пашану да каго‑н. Сцяпанаў прывітаў .. [жанчыну] пачцівым паклонам. Васілевіч. У пачцівым маўчанні мы праслухалі мелодыю, што адбівалі званы. Краўчанка.
2. перан. Разм. Значны (аб адлегласці, памеры і пад.). Студэнты малодшых курсаў, якія ў час лекцый прыходзілі сюды на фізпрактыку, з пачцівай адлегласці разглядаючы пакуль што незразумелую ім канструкцыю, заўважалі, як яна з кожным днём змяняецца. Шахавец. Стоячы на даволі пачцівай адлегласці ад [дзяўчыны],.. я сціпла адказаў: — Дырэктар нам і загадаў, каб мы ўночы не адпусцілі дзяўчат адных, абавязкова праводзілі да самага дому. Дубоўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыбо́р, ‑а, м.
1. Камплект, набор прадметаў для карыстання. Чарнільны прыбор. Чайны прыбор. □ Стол быў акуратна накрыты. На ім стаялі прыборы, чаркі, бутэлька наліўкі, вяндліна і ёмкая скаварада яечні з дзябёлымі, сакаўнымі скваркамі. Колас.
2. Спецыяльнае прыстасаванне, апарат, прызначаны для якой‑н. мэты (вымярэння чаго‑н., кіравання чым‑н. і пад.). Вымяральныя прыборы. □ Навіна [самалёта], галоўныя прыборы былі разбіты, левае крыло разарвана. Шамякін. Лабараторыі нарыхтоўчых пунктаў забяспечаны прыборамі для вызначэння якасці клубняў. «Звязда».
3. толькі мн. (прыбо́ры, ‑аў). Абл. Уборы, адзенне. Сотняй звітых вясёлак паркаль Усміхаўся з палатак на сонцы, І каралі цвілі на руках Прадаўцоў, у прыборах бясконцых. Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прывы́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Засвоеная на працягу часу схільнасць, манера паводзін, дзеянняў, якая стала звычайнай, пастаяннай. Пракоп сеў, зняў шапку і павесіў яе на заціснуты між каленяў кій. Гэтую прывычку набыў ён за час свайго вандроўніцтва. Колас. [Тапурыя:] — Ты пакінь сваю дрэнную прывычку лезці ў размову, калі гаворыць старэйшы за цябе. Самуйлёнак. // Уменне, набытае вопытам, практыкай. Бач, паэму напісаць Цяжкавата без прывычкі... Крапіва. [Васіль:] — Давай руку, бо тут без прывычкі ногі паламаць можна. Шамякін. // Звычай; звычайны спосаб дзеянняў. Бацька і маці звычайна спакойна выслухоўвалі дзеда — яго заўсёдашняя пахвальба была ім у прывычку. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыручы́ць, ‑ручу, ‑ручыш, ‑ручыць; зак., каго-што.
1. Зрабіць ручным, прымусіць прывыкнуць да каго‑, чаго‑н. (жывёлу, птушку і пад.). А выведуцца маладыя арляняты, возьме [Гошка] адно з гнязда і прыручыць: няхай у іх будзе ручны арол. Даніленка. Выходзіць, калі добра даглядаць, абыходзіцца з ім як след, дык і ваўка можна прыручыць. Пальчэўскі.
2. перан. Разм. Зрабіць каго‑н. больш даверлівым, паслухмяным; прывучыць да сваіх парадкаў. «Малады яшчэ, толькі з інстытута, — цікуючы спадылба на Антона Антонавіча, разважаў Маслабаеў. — Яго няцяжка прыручыць, пад свой, так сказаць, уплыў узяць». Каршукоў. «Ну і мядзведзь, — думаў Сярмяжка, пазіраючы, як павольна клыпае гэты здаравяка. — Нічога, мы цябе прыручым». Дадзіёмаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
птушаня́ і птушанё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.
Дзіцяня птушкі. Калі Хоці злавіў .. [калібры].., то думаў, што гэта проста нейкае звычайнае птушаня, што яно вырасце і зробіцца вялікай дарослай птушкай. Арабей. Птушыныя гнёзды даўно апусцелі — Расправілі крылы свае птушаняты. Гаўрусёў. // перан. Пра чыё‑н. дзіця. Сірочае, праўда, гняздо, асірацелае пасля таго, як забілі Андрэя, аднак, усё ж такі гняздо, бо ў ім жыло разам з Лідай іхняе птушанё — дзевяцімесячная Верачка. Брыль. // перан. Пра маладога, нявопытнага чалавека. — Так нечакана ўсё, падумаць мушу я, — Якуб павольна з крэсла ўзняўся, — Я ж у навуцы птушаня, А вы заслужаны машыназнаўца. Зарыцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
развя́зка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. развязваць — развязаць (у 1 знач.).
2. Канец, завяршэнне чаго‑н. Віця не чакаў, што некалькі слоў, пачутых ім з-за вугла, прывядуць да такой развязкі. Нядзведскі. Міхал замёр, не моргне вока: Развяжа скора, недалёка — Вось-вось пакажацца звяруга!.. Колас. // Спец. Вырашэнне канфлікту ў літаратурным мастацкім творы, становішча, якое склалася ў выніку паказаных у творы падзей. Перад намі .. камедыя, заснаваная на традыцыйнай любоўнай інтрызе, з традыцыйнай шчаслівай развязкай — шлюбам, вяселлем. «Полымя».
3. Збудаванне на аўтамабільных дарогах, якое дазваляе патокам транспарту бесперапынна рухацца ў розных напрамках.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
самаро́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які сустракаецца ў прыродзе ў хімічна чыстым выглядзе. Самароднае золата. Самародная медзь. // Які ўтрымлівае самародкі (у 1 знач.), з самародкамі. Самародныя россыпы.
2. Прыродны, які развіўся без сістэматычнай адукацыі, выхавання. Самародны талент. □ У ім [Сымоне] прачнуўся самародны практык-аграном; гаспадарчая яго інтуіцыя, звыкласць — сагнала з яго ранейшае сумненне. Чорны. // Уласцівы самародку (у 2 знач.), дасканалы ў творчых адносінах. У.. [К. Каганца] вынікалі такія вершы, як «Кабзар».. — рэч самародная, веючая народныя духам і пакідаючая моцнае ўражанне. Багдановіч. [Ян Каспровіч] прызнаў «Песню» [«Песню пра зубра» М. Гусоўскага] творам самародным І прыкмеціў уплыў Гусоўскага на творчасць Адама Міцкевіча, асабліва на паэму «Пан Тадэвуш». У. Калеснік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сні́цца, снюся, снішся, сніцца; незак.
Бачыцца ў сне, мроіцца. Пачало цягнуць да мора, снілася яно па начах. Кулакоўскі. [Максім:] — Кароў, кароў! Табе, Кацярына Васільеўна, толькі каровы і сняцца. Шамякін. Ці харошыя сняцца сны, Ці чуваць табе шум лясны? Бураўкін. / у безас. ужыв. Вярзецца — ні то сніцца, ні то думаецца Агею пра тое страшнае, што здарылася з ім у асеннюю раніцу, калі ўсе Мядзеедзічы ўзбуджаны былі пакражаю чацвярых коней. Крапіва.
•••
І (у сне) не снілася — пра тое, чаго нельга было ўявіць, прадбачыць. Вось.. [Аленка] што зробіць: яна возьме сваю кнігу, а такая кніга.. [Сцёпку] і не снілася, і пойдзе сабе пад магазін чытаць. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сядо́к, седака, м.
1. Коннік, верхавы. Грымнуў стрэл, і было ясна відаць, як сядок .. паляцеў потырч. Навуменка. Конік ішоў лёгка і жвава, хоць сядок быў яўна не па ім. Кулакоўскі. Конь асеў разам з седаком. Грахоўскі. // Пра матацыкліста, веласіпедыста. Некалькі матацыклістаў спрабавала раптоўна збочыць. Каляскі апісвалі ў паветры круты віраж і куляліся на брук разам з седакамі. Беразняк.
2. Той, хто едзе ў якой‑н. павозцы, санях, карэце (часам наймаючы вазака). Карэта рушыла. Сядок усміхнуўся, прыкрыў ногі .. і адхінуў фіранку са слюдзянога акенца. Караткевіч. Па дарозе ў Мінск і з Мінска камісіянеры бралі пасажыраў, або — як яны самі называлі — седакоў. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)