адзін са старэйшых ун-таў Расіі, вядучы цэнтр развіцця адукацыі, навукі, культуры. Засн. на базе імператарскага Варшаўскага ун-та (з 1869), які ў 1915 эвакуіраваны ў г. Растоў-на-Доне. Паводле Пастановы Часовага ўрада ад 5.5.1917 імператарскі Варшаўскі ун-т скасаваны, а на яго базе створаны новы, які наз. Данскі, з 1925 Паўночна-Каўказскі, з 1931 Растоўскі-на-Доне, з 1957 сучасная назва.
У 2000/01 навуч.г. больш за 14 тыс. студэнтаў; ф-ты: біёлага-глебавы; геолага-геагр.; гіст.; механіка-матэм.; хім.; фіз.; псіхалогіі; сацыялогіі і паліталогіі; філалогіі і журналістыкі; філасофіі і культуралогіі; эканам.; юрыд.; ваеннага навучання. Вядзецца падрыхтоўка па 35 спецыяльнасцях. Аспірантура і дактарантура з 1957. У складзе ун-та класічны, эканам. і юрыд. ліцэі; ін-т перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў гуманіт. і сац. навук, 2 ін-ты — права і кіравання, эканомікі і знешнеэканам. сувязей, даюць 2-ю вышэйшую адукацыю. Пры ун-це працуюць 10 НДІ, навукова-канструктарска-тэхнал. бюро «П’езапрыбор», Паўн.-Рас. рэгіянальны цэнтр інфарматызацыі вышэйшай школы, Занальная навук.б-ка (2,9 млн.экз. кніг), Бат. сад і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ДЫЙ (лац. Rhodium),
Rh, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 45, ат.м. 102,9055, адносіцца да плацінавых металаў. У прыродзе 1 стабільны нуклід 103Rh. У зямной кары 10−7% па масе. Як ізаморфная прымесь уваходзіць у крышт. рашотку мінералаў медна-нікелевых сульфідных руд, мінералаў групы осмістага ірыдыю, самароднай плаціны. Адкрыты ў 1804 англічанінам У.Воластанам, назва ад грэч. rhodon — ружа (ад ружова-чырв. колеру яго солей).
Серабрыста-белы бліскучы метал, tпл 1963 °C, tкіп 3727 °C, шчыльн 12 410 кг/м³. У звычайных умовах кампактны Р. устойлівы да ўздзеяння ўсіх кіслот (у т. л. царскай гарэлкі) і шчолачаў. Здробнены пры 100 °C узаемадзейнічае з сернай к-той, пры 200—600 °C — з галагенамі, серай, селенам; пры 600—800 °C у паветры акісляецца, утвараецца сесквіаксід Rh2O3 (шэрыя крышталі, якія пры t>1000 °C раскладаюцца на метал і кісларод). Выкарыстоўваюць для атрымання сплаваў з плацінай (маюць 7, 10 і 30% Р.) і інш. плацінавымі металамі (каталізатары, тэрмапары), вырабу тыгляў у вытв-сці монакрышталёў, нанясення ахоўных пакрыццяў на эл. кантакты, люстраныя паверхні рэфлектараў, пражэктараў, тэхн. люстраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСІЛЬЁН (Roussillon),
гістарычная вобласць на Пд Францыі, каля граніцы з Іспаніяй, на ўзбярэжжы Міжземнага мора. Уключае дэпартамент Усходнія Пірэнеі. Пл. 4,1 тыс.Нас. каля 400 тыс.чал. (2000). Адм. ц. — Перпіньян. Рэльеф пераважна горны, на З да 2921 м (пік Карліт). Клімат міжземнаморскі (на ўзбярэжжы), умераны (у гарах). Ападкаў 800—900 мм за год. У гарах захаваліся дубовыя і дубова-грабавыя лясы. Раён вінаградарства, садоўніцтва, агародніцтва; на горных пашах — жывёлагадоўля. Харч.прам-сць. ГЭС. На беразе мора — курорты (Сен-Сіпрыен і інш.). Турызм.
У старажытнасці тэр. Р. насяляла племя сардонаў з цэнтрам у Русцыно (адсюль назва). У 8—9 ст. графства ў дзяржаве Карла Вялікага (уваходзіла ў Ісп. марку); з 915 улада графаў стала спадчыннай.З 1172 пад уладай каралёў Арагона, але да 1258 заставаўся пад франц. суверэнітэтам. У 1276—1344 у складзе каралеўства Маёрка. У 1463 анексіраваны франц. каралём Людовікам XI. У 1943 Францыя вярнула Р. Іспаніі. Шматвяковая вайна за Р. паміж Францыяй і Іспаніяй скончылася Пірэнейскім мірам 1659, паводле якога правінцыя канчаткова замацавана за Францыяй. Пасля Франц. рэвалюцыі 1789—99 Р. падзелены на дэпартаменты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МСКАЯ СІКСЦІ́НСКАЯ КАПЭ́ЛА,
помнік італьян. мастацтва эпохі Адраджэння ў палацавым комплексе Ватыкана. Узведзена ў 1473—81 (арх. Дж. дэ Дольчы), асвячона ў 1483 пры папе Сіксце IV (адсюль назва) як дамавая царква Ватыкана. З’яўляецца месцам правядзення канклаваў (сходаў кардыналаў, якія збіраюцца для выбрання папы рымскага), адначасова музей. Памяшканне прамавугольнае ў плане, паводле памераў (40 × 13 м) роўнае разбуранаму Саламонаву храму ў Іерусаліме. У 1481—83 сцены капэлы размаляваны фрэскамі са сцэнамі жыцця Майсея і Хрыста (маст. С.Батычэлі, Пінтурык’ё, Л.Сіньярэлі, Д.Гірландайо, П.Перуджына). У 1508—12 Мікеланджэла аздобіў столь, люнеты і распалубкі размалёўкай, адметнай багаццем і разнастайнасцю вобразаў, велічнай цэльнасцю задумы; драматызмам і выразнасцю вылучаецца размалёўка алтарнай сцяны «Страшны суд» (1536—41). Па кардонах Рафаэля (1515—16) сатканы шпалеры, якія ва ўрачыстыя дні закрывалі ніжнюю ч. алтарнай сцяны капэлы. Падлога аздоблена геам. інкрустацыяй з каляровых камянёў на ўзор сярэдневяковых храмаў. У 1980-я г. праведзена рэстаўрацыя фрэсак Мікеланджэла. Р.С.к. ўключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ГБІ,
камандная спартыўная гульня з мячом авальнай формы. Гуляюць 2 каманды па 13 (у прафес. матчах) ці 15 (у аматарскіх) чалавек, 2 таймы па 40 мін, на пляцоўцы 100 × 69 м (за лініяй варот заліковае поле). Мэта гульні — прызямліць мяч рукой у заліковым полі праціўніка ці забіць над перакладзінай Н-падобных варот. Перамагае каманда, якая набірае найб. колькасць ачкоў. Мяч можна біць нагой, несці ў руках, кідаць інш. гульцу (але нельга пасаваць уперад). Дапускаецца захоп саперніка за плечы, пояс і ногі, збіццё з ног плячом. Пры парушэнні правіл назначаецца «схватка», пры ўводзе мяча з-за бакавой лініі выстройваецца «калідор».
Р. ўзнікла ў 1820-я г. ў Вялікабрытаніі ў г. Рэгбі (адсюль назва). У 1934 засн.міжнар. аматарская федэрацыя Р. (ФІРА); аб’ядноўвае каля 50 краін. З 1960 разыгрываецца кубак ФІРА (неафіц, чэмпіянат свету). У праграме Алімп. гульняў 1900, 1908. 1920. 1924. Найб. развіта ў Францыі, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Паўд.-Афр. Рэспубліцы і інш.
У Беларусі ў пач. 1930-х г. праводзіліся першынствы Мінска, рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМТА́ЎРСКІ МО́ГІЛЬНІК,
вялікі (каля 18 га) розначасовы могільнік на паўн. ускраіне стараж.г. Мцхета (Грузія). Назва ад манастыра Самтаўра, каля якога знаходзіцца могільнік. Даследавана больш за 3 тыс. пахаванняў ад сярэдзіны 3-га тыс. да н.э. да 10 ст.н.э. С.м. з’яўляецца могілкамі жыхароў паселішча бронзавага веку г. Мцхета (стараж. сталіца Картлі), які ўзнік на месцы паселішча ў эліністычны час.Найб. багатыя знаходкамі грунтавыя пахаванні эпохі позняй бронзы (2-я пал. 2-га тыс. да н.э.) і ранняга жалеза (9—5 ст. да н.э.): глянцаваная з геам. арнаментам і каляровая глазураваная кераміка, бронзавая і жал. зброя, упрыгожанні з бронзы, косці, сердаліку, агату, бронзавыя статуэткі жывёл і інш. Да 2—1 ст. да н.э. належаць збанавыя пахаванні, да 1—3 ст.н.э. — пахаванні ў каменных, чарапічных, цагляных скрынях і саркафагах. Знойдзены манеты, помнікі эпіграфікі, творы мастацтва, упрыгожанні (залатыя, сярэбраныя, бронзавыя бранзалеты, пярсцёнкі, завушніцы, падвескі, медальёны з каляровымі камянямі, гемы і інш.), сярэбраны і шкляны маст. посуд. Знойдзена шмат шклянога посуду мясц. вытв-сці і рэчаў туалету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНКТ-ПЕЦЯРБУ́РГСКІ ІНСТЫТУ́Т ЖЫ́ВАПІСУ, СКУЛЬПТУ́РЫ І АРХІТЭКТУ́РЫакадэмічны імя І.Я.Рэпіна,
старэйшая ў Расіі маст. вышэйшая навуч. ўстанова. Засн. ў 1757 у Пецярбургу як Выхавальнае вучылішча Імператарскай АМ (гл.Расійская акадэмія мастацтваў). У 1894 пераўтвораны ў Вышэйшае маст. вучылішча, у 1918 — у Петраградскія дзярж. вольныя маст.-вучэбныя майстэрні, у 1926 — Вышэйшы маст.-тэхн. ін-т, у 1934—44 — Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры, з 1944 імя Рэпіна, з 1992 сучасная назва. З 1933 уваходзіў у сістэму Усерасійскай АМ, з 1947 — АМСССР, з 1992 — Расійскай АМ. Мае ф-ты жывапісу, графікі, скульптуры, архітэктуры, тэорыі і гісторыі мастацтваў, майстэрні станковага жывапісу, тэатр.-дэкарацыйнага жывапісу, манум. жывапісу, рэстаўрацыйную, аспірантуру. Сярод выкладчыкаў ін-та А.Мыльнікаў, М Анікушкін, П.Фамін, Ю.Няпрынцаў, У.Ветрагонскі, А.Жук і інш. У ін-це вучыліся бел. мастакі і мастацтвазнаўцы З.Азгур, Н.Высоцкая, Я.Зайцаў, А.Мазалёў, П.Масленікаў, Г.Мурамцаў, В.Мурашоў, А.Паслядовіч, У.Стальмашонак, Я.Чамадураў, Н.Шчасная, А.Шыбнёў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЕ́Н (лац. Selenium),
Se, хімічны элемент VI групы перыяд. сістэмы; ат. н. 34; ат. м. 78,96. Прыродны С. складаецца з 6 стабільных ізатопаў, асн. 80Se (49,82%). З 16 радыеактыўных ізатопаў найб. значэнне мае 75Se з перыядам паўраспаду 121 сут. Вельмі рэдкі і рассеяны элемент, у зямной кары 1,410′6% па масе. Здольны да канцэнтрацыі, утварае больш за 50 мінералаў (селенідаў, селенітаў, селенатаў і інш.), характэрны прымесі С. ў сульфідах і самароднай серы. Уваходзіць у састаў жывых арганізмаў. Штодзённа чалавеку і жывёлам неабходна 50—100 мкг С. на 1 кг рацыёну. Адкрыты Ё.Я.Берцэліусам у 1817 (назва ад грэч. selēnē Месяц).
С. — неметал. Мае некалькі алатропных мадыфікацый. Устойлівая крышт. мадыфікацыя — шэры, т.зв. «металічны», С. гексаганальнай структуры; шчыльн. 4800 кг/м³, tпл 221 °C, tкіп 685 °C. Паўправаднік. На паветры ўстойлівы; кісларод, вада, саляная і разбаўленая серная к-ты на С. не дзейнічаюць, раствараецца ў канцэнтраванай азотнай к-це і царскай гарэлцы. З кіслародам утварае аксіды. Усе селену злучэнні ядавітыя. Выкарыстоўваецца ў электратэхн., металургічнай, хім., фармацэўтычнай прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛЕ́ЗСКІЯ ШКО́ЛЫ,
дзве літаратурныя школы ў Германіі ў 17 ст.Назва ад цэнтра літ. суполак у сілезскім г. Брэслаў. Заснавальнік першай С.ш. паэт М.Опіц, які першы пачаў пісаць філас.грамадз. лірыку на ням. мове, паслядоўна правёў сілаба-танічную рэформу і напісаў трактат па паэтыцы «Кніга пра нямецкае майстэрства паэзіі» (1624). Ён вызначыў стыль паэтаў гэтай школы, у творчасці якіх рысы барока спалучаліся з элементамі класіцызму, рацыяналізмам і афарыстычнасцю формы (П.Флемінг, Ф. фон Логаў). Асн. праблематыка — 30-гадовая вайна, адказнасць чалавека перад часам, айчынай і сабою. Другая С.ш. ўзнікла ў 2-й пал. 17 ст. (К.Г.Гофмансвальдаў, Д. фон Лоэнштайн, К.Грыфіус) і належыць да барока. Яе стыль адзначаны моцным уплывам марынізму і прэцыёзнай літаратуры, адметны складанай метафарычнасцю, маляўнічасцю, музычнасцю і вытанчанасцю формы. Асн. тэмы — марнасць быцця і велічнасць чалавечага духу, каханне, а таксама геданізм і эратычныя матывы. Абедзве С.ш. з’явіліся фундаментам класічнай ням. паэзіі.
Літ.:
Синило Г.В. Немецкая литература XVII в. // Разумовская М.В., Синило Г.В., Солодовников С.В. Литература XVII—XVIII вв. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЕ́КДАХА (ад грэч. synekdochē суперайманне, суаднясенне),
від метаніміі, заснаваны на замене аднаго паняцця другім на аснове суаднясення іх колькасных прыкмет. Выступае як сродак завастрэння ўвагі чытача на найб. значных маст. дэталях, якім у творы належыць важная роля ў эмацыянальна-псіхал. раскрыцці вобразаў, іх аўтарскай ацэнцы. Пашырана ўжыванне назвы часткі з’явы, прадмета ў значэнні цэлага:
Магутнае слова, ты, роднае слова!
Са мной ты наяве і ў сне,
Душу мне затрэсла пагудкаю новай,
Ты песень наўчыла мяне.
(Я.Купала. «Роднае слова»)
Часам назва часткі замяняецца назвай цэлага:
Край калхідскі сёння ў славе,
І палескі краявід
Зменім мы, балоты сплавім,
Тут, брат, тысячы Калхід!
(П.Панчанка. «Слова пра Палессе»)
Сустракаецца замена множнага ліку адзіночным і наадварот.
Якія толькі стагоддзі
цябе не хрысцілі
ў сваіх Дняпрах, а ты
язычнікам так і застаўся, Човен.
(Р.Барадулін. «Трыпціх Ушаччыны»)
Разнавіднасць С. — ужыванне ўласных імён у значэнні агульных назоўнікаў:
Працы ў зорках — акіян бязмерны,
Важна, што мы здолелі пачаць.
Сотні новых Юрыяў і Германаў
У калысках ярасна крычаць.
(П.Панчанка. «У космас»)