адме́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Не такі, як усе; своеасаблівы, адметны. Як і штогод, для кожнага чалавека вясна прынесла нешта новае, адменнае, непаўторнае. Хадкевіч. — Форма! — весела выкрыкваў .. [Пракоп], падаючы гэтаму слову адменны, аднаму яму зразумелы сэнс. Вітка.
2. Самы лепшы, надзвычайны. Адменных вуліц, плошчаў тут нямала, І кветнікаў, і вечна свежых рос. Панчанка. Боцікі і сапраўды былі адменныя — новенькія, бліскучыя, на высокіх абцасах. Курто.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
агры́зак, ‑зка, м.
Абгрызены кавалак, недаедзеная частка чаго‑н. Агрызак яблыка. □ На стале і пад сталом валяліся крошкі, агрызкі селядцоў, скарынкі хлеба і коркі ад бутэлек. Колас. // Рэшта якога‑н. прадмета, малапрыдатная для ужывання. Агрызак алоўка. // перан. Зневаж. Пра чалавека і інш., якімі пагарджаюць, якія не заслугоўваюць павагі. [Анікей:] — Мы, рабочыя, прымусім гэты агрызак з царскага стала [Дзяржаўную думу] яшчэ не так заварушыцца. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кру́пы, круп; адз. няма.
1. Прадукт харчавання, які складаецца з ачышчаных цэлых або сечаных зярнят розных культур. Ячменныя крупы. Рысавыя крупы. □ Палічкі трэцяй шафы займаліся прадуктамі — гарохам, макаронамі, крупамі, — перасыпанымі з магазінных кулькоў у белыя торбачкі. Ракітны.
2. Снег у выглядзе невялікіх шарападобных зярнят. Закруціў вецер, б’ючы ў твар чалавека калянымі, як шрот, крупамі. Хадкевіч.
•••
Надзьмуцца як мыш на крупы гл. надзьмуцца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
крывасмо́к 1, ‑а, м.
1. Кажан, які жывіцца кроўю жывёл (жыве ў Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыцы).
2. Пагард. Тое, што і крывапівец. Аўтар метка біў у гэты казённы шчыт царскай асобы і рашэціў яго, сцягваючы з цара далікатныя покрывы і паказваючы ў сапраўдным, непадмалёваным, грубым выглядзе чалавека-павука, найбольшага крывасмока на целе народа. Колас.
крывасмо́к 2, ‑у, м.
Шматгадовая лекавая расліна сямейства ружакветных.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кайданы́, ‑о́ў і кайда́ны, ‑аў; адз. няма.
У дарэвалюцыйнай Расіі і капіталістычных краінах — злучаныя ланцугом жалезныя кольцы, якія надзяваюцца на рукі і ногі тых, хто абвінавачваецца ў цяжкіх злачынствах. Закаваць у кайданы. □ Адвага або мёд п’е або кайданы трэ. Прыказка. // перан. Пра тое, што звязвае чалавека, пазбаўляе яго свабоды. Кайданы рабства. □ Дзяды нашы білі драпежнікаў прускіх, Не даўшы надзець на сябе кайданы. Броўка.
[Ад араб. kajdāni — путы, кайданы.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кале́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑лецы, Т ‑ай, ж.
Чалавек, які страціў якую‑н. частку цела або здольнасць валодаць ёю ці наогул мае які‑н. фізічны недахоп. Рука яго [Зыгмунта] больш у локці не згіналася, ён астаўся калекам назаўсёды. Чорны. Жыў ён [Сяргей Маеўскі] са сваёй адзінай дачкой-калекай, гарбатай ад нараджэння. Шамякін. // Пра чалавека з пашкоджанай, ненармальнай псіхікай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
камандзі́р, ‑а, м.
Начальнік вайсковай часці, падраздзялення, ваеннага судна. Камандзір палка. Камандзір атрада. Камандзір узвода. □ Сцяпан быў ужо камандзірам у марскім флоце, а Марыля закончыла будаўнічы тэхнікум. Кулакоўскі. // Разм. Аб кіраўніку якога‑н. прадпрыемства, арганізацыі і інш. Камандзір прадпрыемства. Камандзір вытворчасці. // Разм. жарт. Пра чалавека, які любіць распараджацца, камандаваць. — З’явіўся, кажуць, на нашу галаву камандзір, герой! Паслядовіч. — Падумаеш..! Абраўся яшчэ камандзір! Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
задарма́, прысл.
Разм.
1. Бясплатна, дарма. Адразу кідалася ў вочы, што чалавек, які жыве тут [у шалашы], любіць парадак і не задарма есць панскі хлеб. Колас. // Вельмі танна, за малую плату. Як ні шкада было, прадаў скрыпку, амаль што задарма. Сяргейчык.
2. Без падставы, дарэмна. Ніякавата, відаць, стала [жанчыне], што задарма ўпікнула чалавека. Скрыган. // Дарэмна, без патрэбы. — Пераапраніцеся, таварыш камісар.. Навошта задарма жыццём рызыкаваць? Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бульката́ць, ‑коча; незак.
1. Бурліць, бурна кіпець (пра вадкасць). Кіпіць, булькоча вада, старанна варочаючы скрылікі бульбы. Брыль. Стала ціха, ціха, і ў гэтую цішыню велічна, як з нябыту ў вечнасць, ліўся, шумеў, булькатаў горны паток. Быкаў.
2. безас. Ствараць глухія перарывістым гукі пры захворванні горла, грудзей. У горле чалавека нешта булькатала, і пры кожным выбуху ён капаў тварам зямлю. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ліс, ліса; мн. лісы, ‑оў; м.
1. Драпежная млекакормячая жывёліна сямейства сабачых з вострай мордай і доўгім пушыстым хвастом. Як толькі яны ўзышлі на ўзлесак, адзін з хлапчукоў выпудзіў даўгахвостага ліса. Шахавец. // Футра гэтай жывёліны.
2. Самец лісы.
3. перан. Разм. Пра хітрага, ліслівага чалавека. [Вайтовіч:] — Ты стары ліс і хады ўсе ведаеш не горш за свайго пана, але параду маю паслухай. Пальчэўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)