РУСІЯ́НАЎ (Іван Мікітавіч) (11.9.1900, в. Шчупалы Смаленскага р-на, Расія — 21.3.1984),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, ген.-лейтэнант (1943), Герой Сав. Саюза (1978). Скончыў курсы «Выстрал» (1932), курсы ўдасканалення пры Ваен. акадэміі Генштаба (1941), Ваен. акадэмію Генштаба (1949). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны. У Вял.Айч. вайну на фронце з 1941. Пад яго камандаваннем 100-я стралк. дывізія і механізаваны корпус у чэрв. трымалі Мінска абарону 1941. Удзельнічаў у баях пад Смаленскам, Ельняй, у Маскоўскай, Сталінградскай, Курскай бітвах, у вызваленні Украіны, Венгрыі, Аўстрыі. Да 1958 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫТМІ́ЧНАЯ ГІМНА́СТЫКА,
комплексы фізічных практыкаванняў, якія выконваюцца пад музыку; разнавіднасць аздараўленчай гімнастыкі. Узнікла ў ЗША у 1960-я г., у Расіі і Беларусі — з сярэдзіны 1970-х г. Заняткі Р.г. павышаюць жыццёвы тонус, разумовую і фіз. працаздольнасць, запавольваюць працэс старэння, паляпшаюць работу сардэчна-сасудзістай і дыхальнай сістэм, абмен рэчываў, дзейнасць залоз унутр. сакрэцыі, супраціўляльнасць арганізма неспрыяльным уздзеянням, спрыяюць захаванню сілы, гнуткасці і прыгажосці цела.
Пры складанні комплексаў Р.г. ўлічваюцца ўзростава-палавыя асаблівасці, узровень фіз. падрыхтаванасці. Выкарыстоўваюцца агульнаразвівальныя практыкаванні і танц. рухі пад музыку, якая задае тэмп, рытм рухаў і фіз. нагрузку. Гл. таксама Аэробіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЗІДЭНТУ́РА,
заканспіраванае структурнае падраздзяленне знешняй разведкі, якое па даручэнні цэнтра ажыццяўляе разведвальную дзейнасць за мяжой. Складаецца з кадравых супрацоўнікаў разведкі або агентаў на чале з рэзідэнтам. Супрацоўнікі Р. ўтойваюць сваю прыналежнасць да знешняй разведкі і дзейнічаюць пад прыкрыццём якой-н. установы (арг-цыі, кампаніі і інш.). У залежнасці ад віду прыкрыцця Р. падзяляюцца на легальныя (ствараюцца пад прыкрыццём дзярж. установы або прыватнага прадпрыемства, што належыць краіне, у інтарэсах якой ажыццяўляецца развед. дзейнасць) і нелегальныя (арганізуецца з разведчыкаў-нелегалаў і ў якасці прыкрыцця можа выбірацца любая ўстанова або арг-цыя краіны знаходжання).