КАВА́ЛЬСКІ Уладзімір Антонавіч 21.10.1912, в. Варонеж Карукаўскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна — 28.12.1937), паэт, драматург. Пісаў на польск. мове. У 1929—30 вучыўся ў польскай тэатр. студыі ў Кіеве. З 1930 заг. польскага сектара Камітэта радыёвяшчання пры СНКБССР. У 1937 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1979. Аўтар паэт. зб-каў «Вершы», «Дзве паэмы» (абодва 1934), «Дарога на Поўнач» (1935), п’есы «Сям’я Варанцоў» (паст. 1935, выд. 1936). На бел. мову асобныя яго творы пераклалі А.Звонак, В.Казлоўскі, С.Шушкевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЬЧУ́К (Людміла Мікалаеўна) (н. 14.9.1955, г. Ангарск Іркуцкай вобл., Расія),
бел. мастак-кераміст. Скончыла Абрамцаўскае маст.-прамысл. вучылішча (1976, Масква), Бел.ун-т культуры (1994). З 1978 на Добрушскім фарфоравым з-дзе, з 1990 на эксперым. керамічным аб’яднанні «Даламіт». Творы вызначаюцца дэкаратыўнасцю форм, кантрастнымі суадносінамі каларыту, багаццем колеравай палітры: «Да сустрэчы», «Вып’ем за Абрамцава» (абодва 1995), «Карнавал», «Сумны рыцар з Ламанчы» (абодва 1996), «Зімовыя забавы», «Жанчына ў капелюшы» (абодва 1997).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАДА́НЧЫК (Сяргей Мікалаевіч) (12.9.1906, в. Майсеевічы Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 15.9.1943),
Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Кіеўскія аб’яднаныя курсы падрыхтоўкі камандзіраў РСЧА (1932). У Чырв. Арміі з 1928. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўд., Паўд.-Зах., Закаўказскім, Паўн.-Каўказскім франтах. Вызначыўся ў вер. 1943 пры вызваленні Новарасійска: полк пад камандаваннем падпалкоўніка К. штурмам авалодаў умацаваннямі праціўніка і зрабіў пралом у яго абароне. Загінуў у гэтым баі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЖА́РСКАЯ (Ларыса Рыгораўна) (н. 7.4.1938, г. Сянно Віцебскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне педыятрыі. Д-рмед.н. (1975), праф. (1979). Скончыла Ленінградскі педыятрычны мед.ін-т (1960). З 1963 ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (з 1980 заг. кафедры). Навук. працы па праблемах дзіцячай кардыярэўматалогіі, вегетатыўнай дысфункцыі, дыягностыкі, лячэння, рэабілітацыі сістэмных захворванняў злучальнай тканкі, сардэчнай недастатковасці ў дзяцей рознага ўзросту.
Тв.:
Справочник участкового педиатра. Мн., 1991 (у сааўт.);
Справочник семейного врача: Педиатрия. Мн., 1997 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́ВА (Раіса Міхайлаўна) (н. 17.9.1937, в. Радзін Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. мовазнавец, славіст. Д-рфілал.н. (1991), праф. (1994). Скончыла Гомельскі пед.ін-т (1960), выкладае ў ім (з 1969). Даследуе этымалагізацыю бел. і слав. лексікі, пытанні рэканструкцыі праслав. лексікі, праблемы структуры праслав. слова, параўнальна-гіст. фанетыку, гіст. анамастыку і інш. Аўтар прац «Усходнеславянская лінгвістычная тэрміналогія» (1988; у сааўт.), «Праславянская мова. Лексіка» (1994), «Структура праславянскага слова: (Праславянскае слова ў генетычным гняздзе)» (1997) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́ЎСКІ (Віктар Іванавіч) (6.9.1905, в. Мрочкі Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 24.2.1975),
бел.паэт. Скончыў БДУ (1931). Працаваў у прэсе, Бел.дзярж. выдавецтве. З 1935 карэспандэнт «Звязды». Друкаваўся з 1925. У 1932 выйшлі зб-кі паэзіі «Музыка працы», «Слова аб юнай краіне», ліра-паэма «Рахіль». Паэзіі К. характэрны ўскладненая метафарычнасць, багацце рытму і паэт. сінтаксісу, своеасаблівы гукапіс, разнастайнасць рыфмоўкі. На бел. мову пераклаў паасобныя творы М.Святлова, М.Ісакоўскага, М.Асеева, І.Уткіна і інш., польск. паэта У.Кавальскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЬМІ́Н (Пётр Міхайлавіч) (17.10.1892, с. Траццякі Барысаглебскага р-на Варонежскай вобл., Расія — 30.6.1964),
расійскі фалькларыст, харавы дырыжор. Нар.арт.СССР (1961). Скончыў Нежынскі гіст.-філал.ін-т (1915). З 1921 выкладаў у муз.навуч. установах Сімферопаля і Масквы. Даследаваў рус. песенны фальклор. З 1927 маст. кіраўнік (з 1932 разам з У.Захаравым) Дзярж.рус.нар. хору імя М.Пятніцкага. Аўтар тэкстаў песень («Белым снегам», «Руская красуня»), літ.-муз. кампазіцый, пастаноўшчык быт. сцэн, карагодаў Дзярж. прэмія СССР 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́ЧЫН,
2 гарадзішчы і селішча жал. веку каля в. Калочын Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. Гарадзішча-1 і селішча — калочынскай культуры. Гарадзішча-сховішча было ўмацавана па перыметры драўлянай агароджай і 2 падковападобнымі валамі. Датуецца канцом 4 — пач. 9 ст., трапляюцца і больш раннія матэрыялы мілаградскай і зарубінецкай культуры. На селішчы выяўлены 2 паўзямлянкі. Гарадзішча-2 адносіцца да мілаградскай культуры. 3 боку поля ўмацавана 2 валамі і ровам паміж імі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕННАБА́ЛКАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура сярэдняй пары верхняга палеаліту (21—16 тыс.г. назад) на тэр.паўн.-ўсх. Прыазоўя. Назва ад стаянак ва ўрочышчы Каменная Балка каля хутара Нядвікаўка Растоўскай вобл. (Расія). Насельніцтва жыло на стаянках, займалася паляваннем на каня, зубра, паўн. аленя. Матэрыяльная культура прадстаўлена вырабамі з крэменю: нуклеусамі, мікрапласцінамі, адшчэпамі, разцамі, праколкамі; характэрныя мікраліты — т.зв. чатырохвугольнікі. Раскопкамі выяўлены рэшткі падоўжанага наземнага жытла з агнішчам у цэнтры. К.к. генетычна звязана з імерэцінскай культурай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕНЬ БАГУШЭ́ВІЧА,
геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1971). За 500 м на З ад в. Кушляны Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл., дзе жыў Ф.К.Багушэвіч. Гранітны валун. Даўж. 2,6 м, шыр. 1,3 м, выш. 1,5 м, у абводзе 6,5 м, аб’ём 2,7 м³, маса каля 7 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс.г. назад са Скандынавіі. На бакавой роўнай пляцоўцы высечана «Pamięci Macieja Buraczka 1900 R» (Памяці Мацея Бурачка 1900 г.).