ГО́МЕЛЬСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,

помнік палацава-паркавай архітэктуры 2-й пал. 18 — сярэдзіны 19 ст. Створаны ў цэнтры Гомеля, на высокім правым беразе р. Сож. Уключае палац, парк, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор і Гомельскую капліцу (размешчаны ў парку). Палац (Гомельскі палац, Палац Румянцавых-Паскевічаў), пабудаваны ў стылі класіцызму, з’яўляецца кампазіцыйным цэнтрам ансамбля. Закладзены ў 1777 ген.-фельдмаршалам П.​А.​Румянцавым на месцы земляных умацаванняў і драўлянага замка кн. М.​Чартарыйскага. Да 1834 належаў Румянцавым, у 1835—1917 — Паскевічам. Буд-ва вялося ў некалькі этапаў. Гал. корпус пабудаваны ў 1777—96 (арх. Я.​М.​Аляксееў з удзелам К.​І.​Бланка). У 1800—05 пабудаваны 2 службовыя флігелі, якія фланкіруюць гал. корпус, праведзены рамонт (арх. Дж.​Кларк). Пасля набыцця палаца І.​Ф.​Паскевічам у 1837—51 адбылася рэканструкцыя і дабудова (арх. А.​Ідзкоўскі). Палац рэканструяваны ў 1856 і 1919—20, спалены ў Вял. Айч. вайну, адноўлены і рэканструяваны ў 1969. Гал. корпус — адзін з першых у Беларусі ўзораў класічнай «паладыянскай» пабудовы з кампактнай, блізкай да квадрата формай плана і купальным завяршэннем. Мураваны 2-павярховы будынак з бельведэрам мае цокальны паверх, уязны пандус і прасторную паўкруглую тэрасу. Гал. Фасад 3-часткавай сім. кампазіцыі, аформлены магутным 4-калонным порцікам карынфскага ордэра. Інтэр’еры былі аздоблены ляпным арнаментам і жывапісам (майстар Вінцэнта Вінцэнці). У палацы захоўваліся унікальныя калекцыі дэкар.-прыкладнога і выяўл. мастацтва (шкло, зброя, дываны і габелены, жывапіс, скульптура, мэбля, маст. ліццё). Парк закладзены ў канцы 18 ст. З’яўляецца найб. захаваным у краіне пейзажным паркам з элементамі рамантызму. Цягнецца на 800 м уздоўж правага берага Сажа (пл. 25 га). За ярам Гамяюк знаходзіўся пладовы сад з багатай аранжарэяй («зімовы сад»). З 1834 у паркавых кампазіцыях значна ўзмацніўся рамантычны кірунак. На тэрасе каля вежы была ўстаноўлена конная статуя кн. І.​Панятоўскага (скульпт. Б.​Торвальдсен), па баках ад яе — 2 трафейныя гарматы рус.-тур. вайны (1828—29) на каменных пастаментах, на пляцоўцы курданёра — манумент кн. Паскевіча ў адзенні рым. палкаводца (скульпт. В.​І.​Дэмут-Маліноўскі); дэкар. мармуровыя скульптуры аздаблялі парк перад фасадам палаца і на гал. алеях. Элементамі рамантызму з’яўляюцца ставок «Лебядзінае возера» ў яры Гамяюк, вял. і малы гроты, Верхні і Ніжні масты, альтанка са скіфскай каменнай бабай, памятныя камяні і інш. У парку больш за 9 тыс. дрэў мясц. і экзатычных парод (кедр сібірскі, лістоўніца японская, хвоя чорная і інш.).

В.​Ф.​Марозаў, В.​Р.​Анціпаў.

Галоўны корпус Гомельскага палацава-паркавага ансамбля.
Да арт. Гомельскі палацава-паркавы ансамбль. Інтэр’ер палаца.

т. 5, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕДЗІМІ́Н, Гедымін (каля 1275—1341),

вялікі князь ВКЛ [1316—41]. Паводле некат. крыніц, брат вял. князя Віценя, аднак больш верагодна, што Гедзімін быў яго сынам (Іпацьеўскі летапіс называе Гедзіміна Вітуневічам). У час княжання Гедзіміна фактычна завяршыўся працэс аб’яднання асн. масіву бел. зямель ад Зах. Буга да Дняпра і Зах. Дзвіны, што вызначала іх дамінуючую ролю ў ВКЛ. Асабліва важнае значэнне ў дзяржаве набыла Полацкая зямля, чым найперш і тлумачыцца перанос сталіцы ВКЛ з Новагародка ў Вільню, якая была, паводле археал. і пісьмовых крыніц, заснавана крывічамі. У пач. 1320-х г. Гедзімін аднавіў наступальную палітыку палачан у адносінах да Пскова і Ноўгарада, што прывяло да першых у гісторыі супярэчнасцей паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай. Двойчы пасылаў на дапамогу Пскову ў яго барацьбе з крыжакамі войска на чале з Давыдам Гарадзенскім, які перамог ворагаў у 1322 і 1323. У барацьбе з Лівонскім ордэнам абапіраўся на саюз з Рыгай, з якой меў цесныя гандл. сувязі Полацк. Гедзімін вёў барацьбу з сепаратысцкімі дзеяннямі ў балцка-літоўскіх землях ВКЛ, у 1315, калі яшчэ не быў вял. князем, знішчыў кн. Пялюзу, які на працягу многіх гадоў, абапіраючыся на падтрымку жамойцкіх старшын, змагаўся супраць велікакняжацкай улады. Паколькі крыжацкія ордэны сваю агрэсію супраць ВКЛ апраўдвалі справай пашырэння хрысціянства сярод язычнікаў, Гедзімін у 1323—24 рабіў захады, каб ахрысціць у каталіцтва язычніцкае насельніцтва княства, але, убачыўшы адмоўныя адносіны да гэтага праваслаўных, якія складалі большасць насельніцтва краіны, і язычніцкай Жамойціі, адмовіўся ад свайго намеру. Для больш паспяховай барацьбы супраць агрэсіі крыжакоў Гедзімін у 1325 заключыў дагавор з польск. каралём Уладзіславам I Лакеткам, за яго сына Казіміра аддаў замуж сваю дачку Альдону. У 1322 падобнае ж пагадненне было заключана з мазавецкім князем. У 1326 ВКЛ заключыла мір з Ноўгарадам і лівонскімі немцамі і разам з Польшчай перайшло да актыўнага наступлення супраць Тэўтонскага ордэна. Войскі княства ў 1326 на чале з Давыдам Гарадзенскім і ў 1327 на чале з сынам Г.Альгердам нанеслі сакрушальныя паражэнні Брандэнбургу, які быў саюзнікам ордэна. Гедзімін клапаціўся пра ваен. ўмацаванне сваёй дзяржавы, яго ініцыятыве прыпісваюць буд-ва замкаў у Вільні, Троках, Медніках, Крэве, Лідзе і інш., ён запрашаў рамеснікаў, гандляроў, адукаваных людзей з еўрап. краін на сталае жыхарства ў ВКЛ, што ў значнай ступені садзейнічала культ. росту дзяржавы. Гедзімін загінуў у баі з крыжакамі пры аблозе ням. крэпасці Баербург (паводле інш. звестак, атручаны пры спробе ў другі раз ахрысціць у каталіцтва язычнікаў).

М.​І.​Ермаловіч.

Гедзімін. Мастак А.​Крывенка. 1995.

т. 5, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСОКАМАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ, палімеры,

хімічныя злучэнні з малекулярнай масай ад некалькіх тысяч да дзесяткаў мільёнаў. Малекулы высокамалекулярных злучэнняў (макрамалекулы) складаюцца з тысяч атамаў, звязаных хім. сувязямі. Паводле паходжання падзяляюць на прыродныя, ці біяпалімеры (напр., бялкі, нуклеінавыя кіслоты, поліцукрыды), і сінтэтычныя (напр., поліэтылен, поліаміды), паводле саставу — на неарганічныя палімеры, арганічныя і элементаарганічныя палімеры.

У залежнасці ад размяшчэння ў макрамалекуле атамаў і груп атамаў (манамерных звёнаў) адрозніваюць высокамалекулярныя злучэнні: лінейныя, макрамалекулы якіх утвараюць адкрыты лінейны ланцуг (напр., каўчук натуральны) ці выцягнутую ў ланцуг паслядоўнасць цыклаў (напр., цэлюлоза); разгалінаваныя, макрамалекулы якіх — лінейны ланцуг з адгалінаваннямі (напр., крухмал); сеткавыя — трохвымерная сетка з адрэзкаў высокамалекулярных злучэнняў ланцуговай будовы (напр., ацверджаныя фенола-альдэгідныя смолы). Макрамалекулы аднолькавага хім. саставу могуць быць пабудаваны з манамерных звёнаў рознай прасторавай канфігурацыі (гл. Прасторавая ізамерыя). Палімеры з адвольным чаргаваннем стэрэаізамерных звёнаў наз. атактычнымі. Стэрэарэгулярныя палімеры складаюцца з аднолькавых ці розных, але размешчаных у ланцугу ў пэўнай паслядоўнасці стэрэаізамераў. Паводле тыпу манамерных звёнаў палімеры падзяляюць на гомапалімеры (палімер утвораны адным манамерам, напр. поліэтылен) і супалімеры (палімер утвораны з розных манамерных звёнаў, напр. бутадыен-стырольныя каўчукі). Асн. фіз.-хім. і мех. ўласцівасці высокамалекулярных злучэнняў: здольнасць утвараць высокатрывалыя валокны і плёнкі палімерныя, набракаць перад растварэннем і ўтвараць высокавязкія растворы, здольнасць да вял. абарачальных дэфармацый (высокаэластычнасць). Гэтыя ўласцівасці абумоўлены высокай малекулярнай масай, ланцуговай будовай і гнуткасцю макрамалекул. У лінейных высокамалекулярных злучэннях яны выяўлены найб. поўна. Трохвымерныя высокамалекулярныя злучэнні з вял. частатой сеткі нерастваральныя, няплаўкія і не здольныя да высокаэластычных дэфармацый. Высокамалекулярныя злучэнні могуць існаваць у крышт. і аморфным фазавым стане. Аморфныя высокамалекулярныя злучэнні акрамя высокаэластычнага могуць знаходзіцца ў шклопадобным і вязкацякучым станах. Высокамалекулярныя злучэнні з нізкай (ніжэй за пакаёвую) т-рай пераходу з шклопадобнага ў высокаэластычны стан наз. эластамерамі, з высокай — пластыкамі (гл. Пластычныя масы).

Палімеры маюць малую шчыльнасць (900—2200 кг/м³), нізкі каэф. трэння і малы знос, выдатныя дыэл. і аптычныя ўласцівасці, высокую хім. ўстойлівасць да к-т, шчолачаў і інш. агрэсіўных рэчываў. Прыродныя высокамалекулярныя злучэнні, якія ўтвараюцца ў клетках жывых арганізмаў у выніку біясінтэзу, вылучаюць з расліннай і жывёльнай сыравіны. Сінт. высокамалекулярныя злучэнні атрымліваюць полімерызацыяй і полікандэнсацыяй. Асн. тыпы палімерных матэрыялаў — пластычныя масы, гума, валокны хімічныя, лакі, фарбы, эмалі, клеі, герметыкі, іонаабменныя смолы выкарыстоўваюць у розных галінах нар. гаспадаркі і побыце. Біяпалімеры складаюць аснову жывых арганізмаў і ўдзельнічаюць ва ўсіх працэсах іх жыццядзейнасці.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 4, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСТРАБРА́МСКІ АБРА́З МА́ЦІ БО́ЖАЙ,

адна з гал. хрысціянскіх святыняў у Літве і на Беларусі. Захоўваецца ў Вострай браме (сучасная літ. назва Аўшрас Варту) у Вільні. Ушаноўваецца каталіцкай і правасл. цэрквамі. Уяўляе сабой паясную выяву Дзевы Марыі без дзіцяці, намаляваную на фоне месяца тэмперай на дубовай дошцы.

Найб. вядома т.зв. карсунская версія паходжання абраза, якая ў 1839 надрукавана Т.​Нарбутам і пазней распрацавана царк. гісторыкамі. Паводле яе, абраз прывезены ў Вільню вял. кн. ВКЛ Альгердам у 1363 з Корсуні (Херсанес, цяпер у межах г. Севастопаль) пасля паспяховага паходу ў Крым. Вял. княгіня Ульяна, правасл. хрысціянка, аддала абраз у заснаваны ёю манастыр св. Тройцы. У канцы 15 ст., калі Вільню абнеслі мурам, абраз паставілі над Медніцкай (Вострай) брамай. Калі манастыр св. Тройцы стаў уніяцкім, капліца над брамай разам з абразом перайшла пад апеку кармелітаў, для якіх у 1621 падканцлер Стафан Пац і віленскія бурмістры Дубовічы заснавалі кляштар непадалёку ад Медніцкай брамы. Існуе таксама легенда, што прататыпам для абраза паслужыла Барбара Радзівіл, незвычайная прыгажосць і драматычны лёс якой зрабілі яе легендарнай асобай. Стыль жывапісу і тэхнал. асаблівасці сведчаць, што абраз, што існуе цяпер, намаляваны ў 1-й трэці 17 ст. невядомым мастаком, які добра ведаў усх.-правасл. іканапіс і жывапіс Паўн. Еўропы. Адметнае шанаванне абраза пачалося ў канцы 17 — пач. 18 ст. У кнігах пра цудатворныя абразы 1650—87 вастрабрамскі абраз яшчэ не называецца. Першы запісаны цуд — уваскрэсенне памерлай дзяўчынкі — адносіцца да 1671. Шырокую славу абраз набыў у 1702 пасля паражэння шведаў, якія спрабавалі яго папсаваць. Найб. ўражанне на жыхароў горада зрабілі шматразовыя выратаванні абраза ў час пажараў Вільні 1706, 1748—49, 1754. У 1756 надрукавана песня пра абраз як абаронцу Вільні, тады ж уведзена ўрачыстае святкаванне Апекі Маці Божай. У шанаванні Вастрабрамскай Маці Божай аб’ядналіся рыма-католікі і уніяты, імшы служыліся па лац. і грэчаскім абрадах. Вострая брама стала самым святым месцам Вільні. У 19 ст. Вастрабрамская Маці Божая стала лічыцца патронкай зямель б. ВКЛ (Літвы і Беларусі), культ абраза набыў патрыятычны сэнс, прапагандыстам яго стала інтэлігенцыя. У 1852 надрукавана першая анталогія вершаў, прысвечаных абразу. З’явіліся шматлікія копіі абраза, у т. л. В.​Ваньковіча для касцёла ў Парыжы, распаўсюдзіліся медальёны з яго выявай. 2.7.1927 на абраз урачыста накладзены залатыя кароны. Копіі абраза ёсць у многіх храмах Беларусі і Літвы. Свята абраза па правасл. календары 26 снежня па ст. ст.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 4, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́КІ МАСТА́ЦКІЯ,

вырабы з дрэва, пап’е-машэ ці металу, апрацаваныя лакам, адпаліраваныя, аздобленыя размалёўкай, часам разьбой, інкрустацыяй, гравіроўкай; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Вядомы з 2-га тыс. да н.э. ў Кітаі, пазней і ў інш. краінах Усходу. У якасці пакрыцця выкарыстоўваўся сок лакавага дрэва. У Кітаі вырабы Л.м. (кубкі, вазы, шкатулкі, мэблю, арх. элементы) рабілі з пап’е-машэ, дрэва, абклейвалі тканінай або паперай, грунтавалі, лакіравалі, сушылі, паліравалі і інш., чым дасягалася іх вял. трываласць і воданепранікальнасць. Былі пашыраны размалёўка паліхромнымі і залатымі лакамі па чорным або каляровым фоне, разьба, інкрустацыя перламутрам, волавам, серабром. Блізкія да кіт. Л.м. Карэі, Японіі, Іпдакітая. У В’етнаме і Лаосе разам з дэкар. пашыраны станковы лакавы жывапіс. У Іране, Індыі, Цэнтр. Азіі вядомы лакавыя мініяцюры, выкананыя тэмпернымі фарбамі на вырабах з пап’е-машэ. У Зах. Еўропе ўсх. лакі вядомы з 15 ст., уласная вытв-сць пачалася з 17—18 ст. (дэкор палацавых інтэр’ераў, мэбля, быт. вырабы). Тэхналогія вырабу была спрошчана: уведзена гарачая сушка ў печах, выкарыстоўваліся алейныя лакі і фарбы. У 18 ст. вял. тэхн. і маст. майстэрствам вызначаліся вырабы франц. фірмы «Мартэн» і ням. ф-кі І.​Штобвасера. У Расіі вытв-сць лакавых вырабаў развіваецца з канца 18 ст. Рабілі мэблю, элементы дэкору палацавых інтэр’ераў, шкатулкі, табакеркі, падносы, размаляваныя алейнымі фарбамі. З пач. 19 ст. пачалі ўзнікаць нар. промыслы (гл. Жостаўская размалёўка, Фядоскінская мініяцюра). На пач. 20 ст. на аснове б. іканапісных промыслаў з’явіліся цэнтры Л.м. у сёлах Палех і Холуй Іванаўскай, Мсцёра Уладзімірскай абласцей, дзе створаны арыгінальны від мініяцюрнай размалёўкі тэмперай і золатам па чорных лакіраваных шкатулках (гл. Палехская мініяцюра, Холуйская мініяцюра, Мсцёрская мініяцюра).

На Беларусі ў тэхніцы Л.м. працуюць А. і Г. Осіпавы, В. і А. Ражковы, якія развіваюць традыцыі палехскай школы. У творах, якія вызначаюцца вытанчанасцю малюнка і кампазіцыйным майстэрствам, распрацоўваюць сюжэты нар. казак, бел. і рус. літаратуры, гісторыі, сучаснай тэматыкі: мініяцюры паводле бел. нар. казкі «Іван — удовін сын» (1962—63), кампазіцыі «Рэчыцкая лірычная» (1969), «Беларусь» (1978), «Адпачынак» (1984) Осіпавых; трыпціх «Русь волатаўская» (1966), пласціны «Дзмітрый Данскі» (1980), «Канёк-гарбунок», «Казка пра цара Салтана», «Царэўна-жаба» (усе 1984), «Царэўна-лебедзь» (1990), «Руслан і Людміла» (1995), «Русь-тройка» (1996), «Лукамор’е» (1998) Ражковых.

Л.​Ф.​Салавей.

Да арт. Лакі мастацкія. Скрыня разнога лаку. Кітай. 1735—96.
Да арт. Лакі мастацкія. Б.Ермалаеў. Шкатулка «Снягурка». Палех. 1959.
Да арт. Лакі мастацкія. Шкатулка «Тройка». Майстэрня А.​Вішнякова. Фядоскіна. 1880-я г.

т. 9, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУХАВЫ́ АРКЕ́СТР, аркестр духавых інструментаў,

калектыў выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах. Сярод спецыфічных асаблівасцей Д.а.: тэмбрава-каларыстычная яскравасць гучання, дынамічныя градацыі, шырыня дыяпазону, высокая тэсітура, магчымасць выкарыстання на адкрытым паветры, у руху, пры эфектных перабудовах, што абумоўлівае яго абавязковае ўключэнне ў ваен. побыт. Д.а. ўдзельнічаюць у маштабных сацыяльна-культ. мерапрыемствах, служаць важным сродкам муз.-эстэт. выхавання. Склад Д.а. гістарычна мяняўся. Сучасныя Д.а. адрозніваюць па відах (прафес., самадзейныя, у т. л. дзіцячыя, дарослыя, жаночыя, цывільныя, ваен., вучэбныя, канцэртныя і інш.) і па складзе: медны і мяшаны малы, няпоўны і вялікі (вял. медны ўключае групы характэрных, ударных і асн. амбушурных інструментаў; вял. мяшаны — увесь сучасны духавы і ўдарны інструментарый). Часам у Д.а. уключаюць эпізадычныя і нетрадыц. сольныя інструменты.

Д.а. вядомы са старажытнасці. У Грэцыі, Егіпце, Індыі, Кітаі, Персіі, Шумера-Вавілоніі яны служылі для суправаджэння розных урачыстасцей, рэліг. цырымоній і ваен. дзеянняў. З 17 ст. паявіліся ў Еўропе. Музыку для Д.а. пісалі Ф.​Гасек, Г.​Ф.​Гендэль, Л.​Бетховен, Г.​Берліёз, Р.​Вагнер, Э.​Меполь, А.​Аляб’еў, А.​Арэнскі, М.​Рымскі-Корсакаў і інш. Д.а. выкарыстоўваюць у складзе сімф. аркестра (Рэквіем Берліёза, Урачыстая уверцюра «1812 год» П.​Чайкоўскага), часам уводзяць у оперу (напр., медны Д.а., ці т.зв. «банда», іграе ў «Сівой легендзе» Дз.​Смольскага, «Матухне Кураж» С.​Картэса).

На Беларусі (паводле летапісных і літ. крыніц) ансамблі духавых і ўдарных інструментаў здаўна выкарыстоўваліся ў вайск. і прыдворным побыце. У 16—18 ст. найб. пашыраны былі ваен. аркестры, сярод іх «янычарская музыка», і прыгонныя, у т. л. рагавыя аркестры («паляўнічая музыка»), «музыка шклоўскага корпуса» С.​Зорыча і інш. У 19 — пач. 20 ст. існавалі шматлікія ваен. і цывільныя Д.а., у т. л. пад кіраўніцтвам І. і К.​Вяржбіцкіх, Д. і В.​Стафановічаў, А.​Чартовіча ў Мінску, пры культавых установах, пажарных дружынах, аматарскія калектывы пры гімназіях і рэальных вучылішчах. У 1990-я г. на Беларусі працуюць Ваенны аркестр Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, Аркестр Мін-ва ўнутр. спраў Рэспублікі Беларусь, мінскі аркестр духавых інструментаў «Няміга», гарадскія ў Гомелі, Гродне, вучэбныя ў Бел. акадэміі музыкі («Фанфары Беларусі»), Бел. ун-це культуры («Светач»), Магілёўскім муз. вучылішчы, Гродзенскім вучылішчы мастацтваў, а таксама шматлікія аматарскія Д.а., у т. л. жаночыя і дзіцячыя. Іх дзейнасць значна стымулюе творчасць бел. кампазітараў у галіне духавой музыкі.

Літ.:

Инструменты духового оркестра. Мн., 1984;

Организация духовых оркестров и обучение игре на духовых инструментах. Мн., 1981.

А.​Л.​Карацееў.

т. 6, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ТРАЕ́ЦКАЕ ПРАДМЕ́СЦЕ,

адзін з гіст. цэнтраў Мінска. Знаходзіцца на левым беразе р. Свіслач. Да канца 18 ст. наз. Траецкая гара. Першапачаткова М.Т.п. — гар. пасад, што ўзнік у 12—13 ст. на левым беразе р. Свіслач для абслугоўвання перавозу (пераправы) цераз раку і транзітных шляхоў на Барысаў, Полацк і Вільню. Аснову планіровачнай структуры стварылі дарогі, на перакрыжаванні якіх узнікла невял. трохвугольная гандл. плошча (з 17 ст. — Траецкі рынак), што была звязана з перавозам (пераправай) па вул. Вялікай або Траецкай (вядома па крыніцах 16 ст.). Паводле крыніц 15—16 ст., у прадмесці знаходзіліся Міхайлаўская і Барысаглебская цэрквы, на гандл. плошчы — каталіцкі храм (засн. каля 1508) і Траецкая царква (у 1630 пры ёй заснаваны Мінскі Троіцкі манастыр базыльянак). На перакрыжаванні сучасных вуліц Камуністычнай і Куйбышава быў Ушэсценскі правасл. манастыр (у 1-й пал. 17 ст. пры ім пабудавана мураваная царква). У 1-й пал. 17 ст. вакол прадмесця ўзведзены гар. ўмацаванні з валамі, бастыёнамі і брамамі (Барысаўскай і Віленскай ?). У 16—18 ст. М.Т.п. было звязана з асн. ч. горада 3 мастамі і грэбляй, на якой стаялі плябанскія і базыльянскія млыны. Пасля пажару 1809, які амаль цалкам знішчыў драўляную забудову прадмесця, зроблена новая рэгулярная планіроўка (праектны план 1817), тэрыторыя значна пашырана на ПнУ. Новыя кварталы набылі геам. абрысы. Галоўнай стала вул. Аляксандраўская (сучасная М.​Багдановіча), кампазіцыйным цэнтрам — вял. гандл. плошча (сучасная пл. Парыжскай камуны). На З ад яе ў 1811 пачалося буд-ва касцёла і шпіталя мар’явітак (арх. М.​Чахоўскі; у 1840-я г. перабудаваны пад духоўную семінарыю, пасля Вял. Айч. вайны рэканструяваны пад сувораўскае вучылішча, арх. Г.​Заборскі). На Пд плошчы паводле праекта арх. Чахоўскага ўзведзены будынкі комплексу парафіяльнага касцёла св. Тройцы (праект ажыццёўлены часткова). Першапачаткова квартал забудоўваўся паводле ўзорных праектаў 1—2-павярховымі жылымі дамамі. У 1840-я г. будынкі манастыра базыльянак і комплексу парафіяльнага касцёла рэканструяваны пад комплекс гар. бальніцы (сучасная 2-я клінічная бальніца). У 1860-я г. на месцы Ушэсценскага манастыра пабудавана жаночае епархіяльнае вучылішча з мураванай царквой. У 2-й пал. 19 ст.пач. 20 ст. пабудаваны шэраг прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. піўзавод «Багемія» (цяпер «Аліварыя»). У 1933—39 у цэнтры гандл. плошчы пастаўлены будынак т-ра оперы і балета. У 1980-я г. праведзена комплексная рэгенерацыя гіст. забудовы квартала, абмежаванага сучаснымі вуліцамі М.​Багдановіча, Я.​Купалы, Старавіленскай, Камунальнай набярэжнай (б. Сянная пл.), адначасова была знішчана драўляная гіст. забудова 19 ст., часткова парушана планіровачная структура.

У.​М.​Дзянісаў.

Мінскае Траецкае прадмесце. Фота 1998.

т. 10, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТО́ЎСКІ РАЁН.

На З Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 6.1.1965. Пл. 1,3 тыс. км². Нас. 40,9 тыс. чал. (1998), гарадскога 45 %. Сярэдняя шчыльн. 31 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Масты. Уключае 154 сельскія нас. пункты, 14 сельсаветаў: Азёркаўскі, Галубоўскі, Глядавіцкі, Гудзевіцкі, Дубненскі, Зарудаўеўскі, Курылавіцкі, Лунненскі, Малькавіцкі, Мастоўскі, Мікелеўшчынскі, Пацавіцкі, Пескаўскі, Харціцкі.

Амаль уся тэр. раёна размешчана ў межах Верхнянёманскай нізіны. Паверхня раўнінная, агульны нахіл з Пд на Пн да даліны р. Нёман, 80 % яе — на выш. да 120 м, найвыш. пункт 167 м (за 2 км на Пд ад в. Вял. Рагозніца). Карысныя выкапні: торф, цэментныя мел і гліны, гліны і суглінкі для грубай керамікі, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-ра студз. -5,1 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 540 мм за год. Вегетац. перыяд 198 сут. Найб. рака Нёман з прытокамі Шчара з Сіпай, Зальвянка, Рось, Ельня. Меліярацыйныя каналы: Нацкава, Ланцавічы, Міклашоўскі. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (54,3 %), тарфяна-балотныя (14,8 %), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (14,4 %), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (11,8 %). Пад лесам 33 % тэр. раёна. Суцэльныя масівы лесу захаваліся ўздоўж р. Нёман (часткі Нёманскіх лясоў і Ліпічанскай пушчы). Лясы пераважна хваёвыя, яловыя, бярозавыя і чорнаальховыя, трапляюцца дубовыя, грабавыя, ясянёвыя. Пад балотамі 20,7 тыс. га, з іх асушана 17,2 тыс. га. Помнікі прыроды рэсп. значэння: катлавіны Гумнішча і Падбярэззе, Пабоеўскі вял. камень з ямкамі, Княжаводскае і Пашынскае агаленні стараж. адкладаў, роў Яна і Цэцыліі (з агаленнем Самастрэльнікі), Дубненскае і Пескаўскае агаленні азёрных і рачных адкладаў. Зоны адпачынку Масты, Воўпа, Скідзель.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 64,8 тыс. га, з іх асушаных 22,3 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 16 калгасаў, 2 саўгасы, 10 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: малочна-мясная жывёлагадоўля і буракаводства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы дрэваапр. (мэбля, піламатэрыялы), харч. (крухмал, маянэз), металаапр. (рамонтны з-д у в. Пескі) прам-сці; вытв-сць буд. матэрыялаў (цэгла). ГЭС каля в. Пацавічы. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Ліда—Масты—Ваўкавыск і Гродна—Масты; аўтадарогі Шчучын—Масты—Ваўкавыск, Масты—Слонім, Масты—Гродна і інш. У раёне 19 сярэдніх, 9 базавых, 4 пач. школы, школа-інтэрнат для дзяцей са слабым зрокам, муз. школа, 23 дашкольныя ўстановы, 32 клубы, 37 б-к, 6 бальніц, 5 амбулаторый, 22 фельч.-ак. пункты. Гудзевіцкі дзярж. літ.-краязнаўчы музей, мастоўскі музей «Лёс і чалавек». Арх. помнікі: касцёл Ганны (1782) у в. Лунна, Троіцкі касцёл (1740) у в. Струбніца. Выдаецца газ. «Зара над Нёманам».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 10, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЧА́ЕВА-ЧЭРКЕ́СІЯ, Карачаева-Чэркеская Рэспубліка,

у складзе Рас. Федэрацыі. Пл. 14,1 тыс. км². Нас. 434 тыс. чал. (1997), гарадскога 46%. Сярэдняя шчыльнасць 31 чал. на 1 км². Жывуць карачаеўцы (31,2%), чэркесы (9,7%), рускія (42,4%), абазіны (6,6%), нагайцы (3,1%) і інш. Сталіца — г. Чэркеск. Гарады: Карачаеўск, Усць-Джэгута, Тэберда.

Прырода. Размешчана на Паўн. Каўказе. Больш за ​2/3 тэрыторыі займаюць горы і перадгор’і. На Пн вузкая паласа ўзгорыстых раўнін, над якой уздымаюцца куэставыя грады — Сычовы горы, хрыбты Пашавы і Скалісты. На Пд — хрыбты Галоўны, або Водападзельны, з вяршынямі Пшыш (3790 м), Дамбай-Ульген (4046 м), Гвандра (3983 м) і Бакавы з найвыш. г. Эльбрус (5642 м, на мяжы з Кабардзіна-Балкарыяй). Гал. перавалы — Клухорскі і Марухскі. Карысныя выкапні: медна-калчаданавыя і поліметалічныя руды, каменны вугаль, граніт, мармур, гіпс. Мінер. крыніцы. Сярэдняя т-ра студз. ад -5 °C у перадгор’ях да -10 °C у гарах, ліп. адпаведна 21 °C і 8 °C. Ападкаў 550—2500 мм за год. На вяршынях і грэбені Галоўнага, або Водападзельнага, хрыбта — сучаснае зледзяненне. Гал. рака — Кубань з прытокамі Тэберда, Вял. і Малы Зеленчукі, Уруп, Вял. Лаба, багатыя гідраэнергіяй. Кубанскае вадасховішча. Глебы на Пн чарназёмныя, з вышынёй пераходзяць у горна-лясныя бурыя і горна-лугавыя. Расліннасць стэпавая і лесастэпавая, у гарах — шыракалістыя (бук, граб, дуб) і хваёвыя (хвоя, елка, піхта) лясы, субальпійскія і альпійскія лугі. На тэр. К.-Ч. — Тэбердзінскі запаведнік і ч. Каўказскага запаведніка.

Гісторыя. Продкі карачаеўцаў і чэркесаў жылі на тэр. К.-Ч. са стараж. часоў. У 5—13 ст. адбывалася разлажэнне першабытнаабшчыннага ладу і зараджэнне феад. адносін. Да 10 ст. сфарміравалася адыгейска-чэркеская народнасць, у 13—14 ст. — карачаеўская народнасць. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй і земляробствам. У 10 ст. тэр. К.-Ч. ўваходзіла ў раннефеад. дзяржаву Аланія, якая падтрымлівала паліт. і эканам. сувязі з Візантыяй, хазарамі, грузінамі. У 14—16 ст. на тэр. К.-Ч. з Абхазіі перасяліліся абазіны, у 17 ст. з Прыазоўя і Паволжа — нагайцы. У 15—18 ст. на землі К.-Ч. ўчынялі набегі крымскія татары і туркі. У 1552, 1555 і 1557 прадстаўнікі К.-Ч. накіроўвалі пасольствы ў Маскву для заключэння паліт. саюзу з Расіяй. У 1790 армія пры ўдзеле атрадаў горцаў разбіла ў раёне сучаснага Чэркеска тур. корпус Баталпашы. У 1-й пал. 19 ст. тэр. К.-Ч. далучана да Расійскай імперыі. У 1858—61 тут заснаваны казацкія станіцы, якія разам з ауламі Карачая і Чэркесіі ўключаны ў Баталпашынскі пав., пазней — аддзел Кубанскай вобл. У 1868 тут скасавана прыгоннае права. Пазней створаны шахты і руднікі, невял. прадпрыемствы харч. прам-сці. Вясной 1920 у К.-Ч. ўстаноўлена сав. ўлада. 12.1.1922 утворана Карачаева-Чэркеская аўт. вобласць. У 1926 К.-Ч. падзелена на Карачаеўскую аўт. вобласць і Чэркескую нац. акругу, у 1928 ператвораную ў аўт. вобласць. Да 1934 у Чэркесіі і да 1938 у Карачаі праведзена калектывізацыя сельскай гаспадаркі. У Вял. Айч. вайну Чэркеская і Карачаеўская вобласці акупіраваны ням.-фаш. войскамі (жн. 1942 — студз. 1943). У канцы 1943 Карачаеўская аўт. вобласць скасавана, а карачаеўцы, абвінавачаныя ў супрацоўніцтве з фашыстамі, дэпартаваны ў Цэнтр. Азію (пераважна ў Казахстан). Пасля іх рэабілітацыі ў 1957 створана Карачаева-Чэркеская аўт. вобласць. З 1991 рэспубліка. У 1992 падпісаны новы федэратыўны дагавор з Рас. Федэрацыяй.

Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці (па аб’ёме прадукцыі, што вырабляецца): хім. і нафтахім. (27,7%), буд. матэрыялаў (25,8%), харч. (13,5%), энергетыка (12,7%), машынабудаванне і металаапрацоўка (8,3%). Развіты гарнарудная, лёгкая, дрэваапр., мукамольна-крупяная прам-сць. Хім. і нафтахім. прадпрыемствы размешчаны ў г. Чэркеск (хім. ВА, з-д гумава-тэхн. вырабаў). Вытв-сць буд. матэрыялаў (цэмент, жалезабетонныя вырабы, цэгла, вапна, чарапіца) у Чэркеску, Карачаеўску, Усць-Джэгуце і станіцы Зелянчукскай. Харч. прам-сць (цукр. з-д у Эркен-Шахары, мяса- і хлебакамбінаты, кансервавы і масласыраварныя з-ды ў Чэркеску, Карачаеўску). Гарнарудная прам-сць прадстаўлена Урупскім медным горна-абагачальным камбінатам. Здабываюць каменны вугаль (50 тыс. т, 1995). Вытв-сць электраэнергіі 30 млн. кВтгадз (1995).

Асн. цэнтры машынабудавання і металаапрацоўкі ў Чэркеску (з-ды халадзільнага абсталявання і нізкавольтнай апаратуры) і Карачаеўску (інстр. з-д). Ёсць абутковая, швейная і мэблевая вытв-сць. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку і авечкагадоўля (танкарунная і паўтанкарунная). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, коз, птушак. Пагалоўе (тыс. галоў, 1995) буйн. раг. жывёлы — 165,8, свіней — 14,1. Конегадоўля. Пчалярства. Вытв-сць (1995) мяса 23 тыс. т, малака 146 тыс. т, воўны 1480 т. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 663 тыс. га, у т. л. пад ворывам каля 25%, пад пашай каля 50%. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, кукуруза), тэхн. (цукр. буракі, сланечнік), кармавыя (кукуруза на сілас, травы), агародніна-бахчавыя культуры, бульбу. Пладаводства. Збор (тыс. т, 1995): збожжа 160, сланечніку 11, цукр. буракоў 194, бульбы 154. Развіта арашэнне (Вял. Стаўрапольскі канал). Чыгунка Нявіннамыск — Усць-Джэгута. Па тэр. К.-Ч. праходзяць аўтадарогі: Ваенна-Сухумская (Чэркеск — Сухумі), Чэркеск — Стаўрапаль, Чэркеск — Пяцігорск. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 2730 км. Курорты: Тэберда, кліматычныя курортныя мясцовасці Архыз, Дамбай; горны турызм, альпінізм.

Літ.:

Алексеева Е.П. Древняя и средневековая история Карачаево-Черкесии. М., 1971.

т. 8, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМПІ́Р (ад франц. empire імперыя),

стыль у архітэктуры і мастацтве 1-й трэці 19 ст., які завяршыў развіццё класіцызму.

Зарадзіўся ў Францыі на пач. 19 ст. Як і класіцызм, арыентаваўся на ўзоры ант. мастацтва Грэцыі і Рыма, аднак пошукі зграбнай простай формы і дэкору паступова змяняліся імкненнем да іх лапідарнасці і манум. выразнасці. Асн. элементамі арх. кампазіцыі былі масіўныя порцікі (найчасцей дарычнага і тасканскага ордэраў), у арх. дэталях і дэкоры пераважала ваенная эмблематыка (ліктарскія звязкі, воінскія даспехі, лаўровыя вянкі, арлы і інш.). У ампіры адчуваюцца і асобныя стараж.-егіпецкія арх. і пластычныя матывы (вял. нерасчлянёныя плоскасці сцен і пілонаў, масіўныя геам. аб’ёмы, егіпецкі арнамент, стылізаваныя сфінксы, ільвы, гермы, грыфоны). У перыяд імперыі Напалеона I (1804—15) пашырылася буд-ва мемарыяльных манум. збудаванняў: трыумфальных арак (арка на пл. дэ Голя ў Парыжы, 1806—37, арх. Ж.​Ф.​Шальгрэн), памятных калон і інш. У аддзелцы парадных інтэр’ераў палацаў і атэляў (Мальмезон, Фантэбло, Багарнэ ў Парыжы, перабудаваных арх. Ш.​Персье і П.​Фантэнам) матывы егіп. рэльефаў, этрускіх вазаў, грэч. і рым. дэкору сугучныя ампірнай мэблі Ф.​А.​Жакоба, стылізаванай пад абсталяванне багатага стараж.-рым. дома. У розных краінах Еўропы ампір набыў выразныя нац. рысы. У Расіі стаў выразнікам ідэі дзярж. незалежнасці, якую народ адстаяў у вайне 1812. Выдатнымі творамі рус. ампіру з’яўляюцца будынкі Адміралцейства (1806—23, арх. А.​Захараў), Горнага ін-та (1806, арх. А.​Вараніхін), Біржы (1805—10, арх. Тама дэ Тамон) — усе ў Пецярбургу; помнікі Мініну і Пажарскаму (1804—18, скульпт. І.​Мартас), шэраг асабнякоў, пабудаваных арх. А.​Грыгор’евым у Маскве.

У бел. дойлідстве стыль ампір развіваўся пад моцным уплывам рус. архітэктуры. Для будынкаў характэрныя масіўныя кубападобныя аб’ёмы з вял. гладкімі плоскасцямі, з якімі кантрастуюць дэкар. элементы ў выглядзе арнаментаваных панэляў, фрызаў, медальёнаў, разетак, выяў людзей і г.д. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя вылучаецца строгай прасторай формаў, статычнасцю і манументальнасцю, геам. выразнасцю чляненняў. Нярэдка класічныя ордэрныя элементы перапрацоўваліся ў адпаведнасці з новымі маст. поглядамі, напр., у завяршэнні порцікаў выкарыстоўвалі прамавугольныя або ступеньчатыя атыкі, калоны пераважна дарычнага або тасканскага ордэраў пазбаўлялі энтазіса (патаўшчэння ствала калоны), базы, парушалі іх класічныя прапорцыі (Сноўскі палацава-паркавы ансамбль, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор, «Дом паляўнічага» ў Гомелі, 1809—19, арх. Дж.​Кларк; асабняк у Слоніме, капліца каля в. Мілавіды Баранавіцкага р-на). У кампазіцыі дамінуе порцік або франтон на гал. фасадзе (жылы дом у Гродне на вул. Замкавай, 16), бельведэр (палац Жамыслаўскай сядзібы). Важнае маст. значэнне набыло афармленне ўваходных дзвярэй глухой разьбой. Фасады будынкаў афармляліся барэльефнымі выявамі вайсковых атрыбутаў (палац у Нясвіжскім замку). У інтэр’еры палацаў выкарыстоўваліся буйныя фрызы і панэлі з барэльефнымі кампазіцыямі (Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль), каларыстычнае вырашэнне інтэр’ера грунтавалася на кантрасце інтэнсіўнага па колеры фону сцен і светлай столі, мармуровых дэталяў аддзелкі камінаў, ліштваў. Важную ролю ў маст. вырашэнні інтэр’ера адыгрывалі творы дэкар.-прыкладнога мастацтва (мэбля, гадзіннікі, падсвечнікі і інш.). Прадстаўнікі ампіру надавалі вял. значэнне малым арх. формам (фантан сядзібы ў г.п. Нароўля, брамы сядзібы ў в. Барбароў Мазырскага і г. Давыд-Гарадок Столінскага, надмагілле А.​Снядэцкага ў в. Гароднікі Ашмянскага р-наў, лаўка на Трышынскіх могілках у Брэсце і інш.). Для твораў дэкар.-прыкладнога мастацтва ампіру характэрна статычная маналітная форма, з якой кантрастуе пластыка-дэкар. аддзелка ў выглядзе арнаментальных уставак. У мэблі апорам канап, крэслаў, сталоў надаваліся формы калон, канеліраваных слупоў, яны дэкарыраваліся выявамі грыфонаў, лебедзяў, ільвоў і інш. Цікавы ўзор дэкар. мастацтва стылю ампір — камін з выявамі карыятыдаў (пач. 20 ст.) у жылым доме ў Бабруйску на вул. Пушкіна, 211. У сярэдзіне 19 ст. ампір пачаў змяняцца рознымі эклектычнымі плынямі.

Літ.:

Некрасов А.Н. Русский ампир. М., 1935;

Isermeyer Ch.-A. Empire. München, 1977.

А.​М.​Кулагін.

Да арт. Ампір. Гадзіннік. 19 ст. Гомельскі абласны краязнаўчы музей.
Да арт. Ампір. Трыумфальная арка на плошчы дэ Голя ў Парыжы. Арх. Ж.​Ф.​Шальгрэн. 1806—37.
Да арт. Ампір. Надмагілле А.​Снядэцкага ў вёсцы Гароднікі Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці. 19 ст.
Да арт. Ампір. Салон пораў года атэля Багарнэ ў Парыжы. 1804—06.

т. 1, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)