АТЭНЮА́ТАР (ад франц. atténuer змякчаць, памяншаць),
прыстасаванне ў электра-, радыётэхніцы і вымяральнай апаратуры, якое памяншае напружанне, сілу току і магутнасць эл.-магн. ваганняў. Адрозніваюць атэнюатары паглынальны (прынцып дзеяння заснаваны на паглынанні эл.-магн.энергіі ў правадніках і дыэлектрыках) і гранічны (выкарыстанне з’явы згасання эл.-магн. хваляў у радыёхваляводзе). Найпрасцейшы атэнюатар — дзялільнік напружання з пераменным рэзістарам (гл.Рэастат).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ЛПАВЫ ВЫ́КІД,
адначасовы канцэнтраваны выкід значнай колькасці забруджвальных рэчываў у навакольнае асяроддзе; аварыйны выкід. Выкарыстоўваўся прадпрыемствамі з устарэлымі сістэмамі ачышчальных збудаванняў наўмысна, напр., на буйных вадатоках у час паводкі (з мэтай хуткага разбаўлення сцёкаў). Прычыняе ўрон прыродзе, рэзка парушае колькасныя і якасныя суадносіны асн. матэрыяльна-энергетычных кампанентаў асяроддзя (вод, глеб, энергіі, расліннага покрыва, жывёльнага свету і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСЛАМАБА́Д,
сталіца Пакістана. Знаходзіцца на Пн краіны на выш. 550 м, прымыкае на Пд да г. Равалпіндзі. У адм. адносінах — федэральная сталічная тэрыторыя цэнтр. падпарадкавання. Нас. 1,5 млн.ж. (1991, з прыгарадамі). Міжнар. аэрапорт. Вузел аўтадарог і 3 чыгунак. Прам-сць: лёгкая, паліграф., харчовая. Цэнтр рамёстваў і нар. промыслаў. Ун-т. НДІ атамнай энергіі, НДІ ісламазнаўства. Нац.б-ка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСА́ў геамарфалогіі,
нізкая і вузкая намыўная паласа сушы ў берагавой зоне ракі, возера або мора, у якой адзін канец злучаны з берагам, а другі заканчваецца ў межах акваторыі. Складзена з пяску, галькі, ракушачніку. Утвараецца ў выніку перамяшчэння наносаў хвалямі і хвалевымі цячэннямі ўздоўж берага і акумуляцыі на ўчастку зніжэння энергіі хвалі пры абгінанні выступу берага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЬКАСЦЬ ЦЕПЛАТЫ́, цеплата,
фізічная велічыня, якая вызначаецца той часткай унутр.энергіі, што атрымлівае (аддае) цела (фіз. сістэма) у працэсе цеплаабмену без выканання мех. работы. К.ц. — функцыя працэсу змены стану цела, элементарная К.ц. δ Q = CndT, дзе Cn — цеплаёмістасць цела ў канкрэтным працэсе, dT — малая змена т-ры цела. Адзінка К.ц. ў СІ — джоўль. Гл. таксама Першы закон тэрмадынамікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́НДЭ МНО́ЖНІК,
каэфіцыент у формуле для вызначэння расшчаплення ўзроўняў энергіі ў магн. полі (гл.Зеемана з’ява). Вызначае маштаб расшчаплення ў адзінках магнетона Бора, а таксама адносную велічыню гірамагнітных адносін. Уведзены ў 1921 ням. фізікам А.Ландэ. Значэнні Л.м. залежаць ад арбітальных і спінавых момантаў асобных электронаў, напр., для чыста арбітальнага моманту Л.м. роўны 1, для чыста спінавага — 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГА́ЛЬНЫ КО́НТУР,
электрычны ланцуг, у якім могуць адбывацца ваганні з частатой, што вызначаецца параметрамі самога ланцуга. Найб. просты вагальны контур складаецца са шпулі індуктыўнасці і кандэнсатара і выкарыстоўваецца як рэзанансная сістэма радыётэхн. прылад у дыяпазоне частот ад 50 кГц да 300 МГц (на больш высокіх частотах — двухпровадныя і кааксіяльныя лініі перадачы, аб’ёмныя і адкрытыя рэзанатары).
У ідэальным вагальным контуры ўзбуджаюцца свабодныя гарманічныя ваганні, у рэальным з-за страт энергіі амплітуда ваганняў паступова змяншаецца, а перыяд павялічваецца (ваганні затухаюць). Якасць вагальнага контуру вызначаецца дыхтоўнасцю вагальнай сістэмы. Калі ў вагальны контур уключыць генератар пераменнага току, праз некаторы час у ім усталююцца вымушаныя ваганні з частатой генератара. Залежнасць амплітуды такіх ваганняў ад частаты наз.рэзананснай характарыстыкай контуру. Рэзкае павелічэнне амплітуды назіраецца пры частотах, блізкіх да ўласнай частаты вагальнага контуру (гл.Рэзананс).
П.С.Габец.
Пераўтварэнні энергіі ў вагальным контуры: 1 — шпуля індуктыўнасці; 2 — кандэнсатар; 3 — крыніца сілкавання (батарэя); 4 — электрычнае поле; 5 — напрамак электрычнага току; 6 — магнітнае поле.
паказчык колькаснага параўнання біял. ўздзеяння розных відаў радыеактыўнага выпрамянення. Вызначае, у колькі разоў біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў пэўнага тыпу (напр., альфа-, бэта-выпрамяненне, нейтроны і інш.) большае (ці меншае) за ўздзеянне на той жа біял. аб’ект стандартнага выпрамянення (жорсткіх рэнтгенаўскіх ці гама-прамянёў). Асобныя віды выпрамяненняў суправаджаюцца вызваленнем рознай колькасці энергіі і маюць пэўную пранікальную здольнасць, таму па-рознаму ўздзейнічаюць на жывыя арганізмы. Чым больш энергіі выпрамяненне перадае тканкам, тым больш пашкоджанняў атрымлівае жывы арганізм. Напр., альфа-выпрамяненне (паток цяжкіх часціц — нейтронаў і пратонаў) мае невял. пранікальную здольнасць, што не дазваляе пранікнуць праз вонкавы слой скуры, аднак яно лічыцца найбольш небяспечным пры траплянні радыенуклідаў унутр арганізма праз раны, з ежай ці пры ўдыханні. Адносная біялагічная эфектыўнасць для электроннага, пазітроннага, рэнтгенаўскага і гама-выпрамянення, а таксама хуткіх пратонаў блізкая да 1, для альфа-часціц і хуткіх нейтронаў роўная 10, для цяжкіх шматзарадных іонаў і ядраў аддачы — 20.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ І ПРЫЁМ РАДЫЁХВА́ЛЬ,
працэс пераўтварэння энергіі крыніцы ваганняў электрычнага току (або зараду) у энергію бягучых электрамагнітных хваль і далейшага пераўтварэння энергіі гэтых хваль у энергію пераменнага электрычнага току. Ажыццяўляецца з дапамогай перадавальных і прыёмных антэн.
Для эфектыўнага выпрамянення (або прыёму) радыёхваль неабходны незамкнуты (адкрыты) эл. ланцуг, у якога адлегласць паміж участкамі з проціфазнымі ваганнямі току (зараду) параўнальная з палавінай даўжыні эл.-магн. хвалі (для патрэб тэле- і радыёвяшчання выкарыстоўваюцца эл.-магн. хвалі з даўжынёй да 2 км і частатой больш за 150 кГц) або такіх участкаў няма. У самым простым выпадку ланцуг складаецца з 2 аднолькавых адрэзкаў прамалінейнага проваду (сіметрычны вібратар; гл. таксама Герца вібратар), злучаных двухправоднай лініяй сувязі з крыніцай ваганняў. У кожны момант часу зарады адрэзкаў роўныя па модулі і процілеглыя па знаку (эл.дыполь), што вызначае канфігурацыю створанага эл. поля. Токі ў адрэзках супадаюць па напрамку, і таму сілавыя лініі створанага магн. поля — акружнасці. Прыём радыёхваль — працэс, адваротны працэсу выпрамянення. Гл. таксама Дыпольнае выпрамяненне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАТУРБІ́ННАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ,
цеплавая электрастанцыя, у якой прыводам эл. генератара з’яўляецца газавая турбіна. З 1950—60-х г. пашырыліся газатурбінныя электрастанцыі з газатурбіннымі рухавікамі (устаноўкамі). Адзінкавая магутнасць да 100 МВт, ккдз 0,3—0,34. Выкарыстоўваюцца для пакрыцця пікавых нагрузак на магутных ЦЭС, а таксама як рэзервовыя і перасоўныя крыніцы энергіі (пашыраны менш за дызельныя электрастанцыі з-за горшых эксплуатац. характарыстык).
У аднавальных газатурбінных устаноўках рух генератару і кампрэсару надае газавая турбіна, зманціраваная з імі на адным вале, у двухвальных (з т.зв. «разразным валам») генератар круціць незалежная турбіна. Паліва для газатурбіннай электрастанцыі — пераважна прыродны газ, радзей газатурбіннае паліва (атрымліваецца з нафты) і прадукты падземнай газіфікацыі вугалю. Есць газатурбінныя электрастанцыі з 2—4 турбаагрэгатамі на базе авіяц. турбін (магутнасцю па 10—20 МВт). Аўтаматызаваныя, з дыстанцыйным кіраваннем газатурбінныя электрастанцыі з’яўляюцца асн. крыніцай энергіі на новых радовішчах карысных выкапняў (асабліва нафтавых). Перспектыўныя газатурбінныя электрастанцыі з камбінаванымі парагазатурбіннымі ўстаноўкамі, у якіх цеплыня адпрацаваных газаў можа выкарыстоўвацца для падагравання вады або атрымання пары нізкага ціску ў паравым катле.