на¹, прыназ.

I. з В і М.

1. Ужыв. пры абазначэнні месца ці прадмета, на паверхні якога знаходзіцца хто-, што-н. або куды накіраваны рух, дзеянне.

На стале.

Напісаць на паперы.

Легчы на ложак.

Выйсці на паляну.

2. Ужыв. пры абазначэнні месца або часу дзеяння, а таксама асобы ці прадмета, якія з’яўляюцца аб’ектам дзеяння.

Ісці на працу.

Запланаваць сустрэчу на вечар.

Затрымаць погляд на субяседніку.

Вынесці пытанне на агульны сход.

II. з В.

1. Ужыв. пры абазначэнні тэрміну, прамежку часу.

Запас на зіму.

Спазніцца на гадзіну.

2. Ужыв. для абазначэння прадмета, які з’яўляецца прыладай, інструментам, сродкам для якога-н. дзеяння.

Узяць на буксір.

Зашпіліць на ўсе гузікі.

3. Ужыв. пры абазначэнні колькасці, меры, якія вызначаюць межы чаго-н.

Наваколле відаць на пяць кіламетраў.

Работы на гадзіну.

4. Ужыв. пры ўказанні на мэту, прызначэнне якога-н. дзеяння, прадмета.

Спяшацца на дапамогу.

Сабрацца на вячэру.

Лес на будоўлю.

5. Ужыв. пры абазначэнні спосабу дзеяння, стану.

Расказваць на памяць.

Паверыць на слова.

Зрабіць на свой густ.

III. з М.

1. Ужыв. пры абазначэнні спосабу ўтварэння дзеяння або характару выяўлення працэсу.

Поўзаць на карачках.

Усё рабіць на хаду.

2. Ужыв. для абазначэння прадмета, пры дапамозе якога ўтвараецца дзеянне.

Смажыць на алеі.

Рухавік працуе на бензіне.

3. Пры паўтарэнні назоўнікаў паказвае на наяўнасць вялікай колькасці чаго-н. (разм.).

Лата на лаце.

Калдобіна на калдобіне.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

АМАРТЫЗА́ЦЫЯ (ад позналац. amortisatio пагашэнне),

паступовы перанос кошту асноўных вытворчых фондаў на кошт атрыманай на гэтых фондах гатовай прадукцыі. Абумоўлена неабходнасцю кампенсацыі зносу фондаў і забеспячэння поўнай іх замены пры выбыцці з вытв-сці. На гэта робяцца амартызацыйныя адлічэнні — уключэнне часткі кошту асн. фондаў у сабекошт прадукцыі. Яны вызначаюцца пераважна як працэнт (норма амартызацыі) ад кошту асн. фондаў і налічваюцца на працягу амартызацыйнага перыяду. Такія адлічэнні паступова назапашваюцца на рахунках прадпрыемства і разам з прыбыткам з’яўляюцца крыніцай фонду для набыцця новых машын, абсталявання, павышэння тэхн. ўзроўню вытв-сці, каб забяспечыць канкурэнтаздольнасць прадукцыі і прадпрыемства. Нарматывы амартызацыі і метады яе налічэння зацвярджаюцца органамі дзярж. кіравання. У якасці нарматываў выкарыстоўваюцца норма амартызацыі і патонная стаўка. Норма амартызацыі — цэнтралізавана ўстаноўлены гадавы працэнт пагашэння кошту асн. фондаў ва ўсіх галінах нар. гаспадаркі і практычна для ўсіх відаў асн. фондаў. Залежыць ад нарматыўнага тэрміну службы асн. фондаў: чым ён карацейшы, тым большая норма амартызацыі. У здабыўных галінах тэрмін службы некаторых асн. фондаў (спецыялізаваныя будынкі, горныя выпрацоўкі і інш.) вызначаецца не фізічным зносам, а памерамі запасаў карысных выкапняў. Для гэтых відаў асн. фондаў у якасці нарматыву амартызацыі выкарыстоўваецца патонная стаўка — велічыня кошту асн. фондаў у разліку на 1 т запасаў карысных выкапняў. Гадавыя амартызацыйныя адлічэнні пры гэтым вызначаюцца як здабытак патоннай стаўкі на гадавы аб’ём здабычы карысных выкапняў.

У залежнасці ад метадаў налічэння адрозніваюць раўнамерную, паскораную і ўзрастаючую амартызацыю. Пры раўнамернай амартызацыі кошт асн. фондаў пераносіцца на сабекошт прадукцыі роўнымі часткамі на працягу ўсяго амартызацыйнага перыяду, што не адпавядае дынаміцы фізічнага і маральнага зносу асн. фондаў, не забяспечвае своечасовае фарміраванне фін. сродкаў прадпрыемства для абнаўлення тэхнікі. Пры паскоранай амартызацыі ў першы год службы асн. фондаў на сабекошт прадукцыі пераносіцца найб. частка іх кошту. Пры ўзрастаючай амартызацыі сума амартызацыйных адлічэнняў штогод павялічваецца і дасягае макс. велічыні ў апошні год амартызацыйнага перыяду. Гэта стымулюе замену старой тэхнікі на новую, таму што к канцу амартызацыйнага перыяду яе эксплуатацыя становіцца не эфектыўнай.

Адносіны дзяржавы да амартызацыі характарызуюць яе адносіны да навукова-тэхн. прагрэсу. Пры паскоранай (5 гадоў і менш) амартызацыі ў развітых краінах тэрміны спісання абсталявання перавышаюць тэрміны яго рэальнага зносу, што азначае падатковую субсідыю прадпрыемствам. Гэта павышае ўзровень накаплення і самафінансавання, спрыяе нарошчванню асн. капіталу ў навукаёмістых галінах, прагрэс. структурным зрухам у эканоміцы. На паскарэнне тэмпаў навукова-тэхн. прагрэсу накіраваны і інш. метады амартызацыі ў гэтых краінах: вытв. метад, метад раўнамернага прамалінейнага спісання кошту абсталявання, метад спец. амартызацыі.

Л.​А.​Лобан.

т. 1, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСТРА́КЦЫЯ (ад лац. abstractio адцягненне),

метад навук. даследавання, заснаваны на мысленным вылучэнні істотных уласцівасцяў і сувязяў, агульнай адзнакі, якая характарызуе пэўны клас прадметаў і адцягненні ад інш. прыватных яго ўласцівасцяў і сувязяў; вынік працэсу абстрагавання, сінонім «мысленнага», «паняційнага». За кошт такога звужэння (спрашчэння) мадэлі аб’екта адкрываецца магчымасць пазнання фундаментальных бакоў і сувязяў у параўнанні з зыходнай мадэллю. Ступень абстрактнасці паняцця расце адпаведна павелічэнню яго аб’ёму і звужэнню зместу, што забяспечвае больш глыбокае пранікненне думкі ў аб’ект. Даволі абстрактныя паняцці, зведзеныя ў лагічна ўпарадкаваныя сістэмы, з’яўляюцца не толькі адлюстраваннем фундаментальнага парадку свету, але і лагічнымі, універсальнымі формамі думкі (напр., філасофія). На розных ступенях пазнання і культуры абстракцыя не заўсёды існуе ў сваёй уласнай форме; нават у народаў з развітой культурай у паўсядзённай свядомасці пераважаюць паняцці наглядна-эмпірычнага характару. Павышэнне ўзроўню абстрактнасці паняццяў, з якіх фарміруецца сістэма ведаў, — паказчык развітасці і тэарэтычнага ўзроўню навукі, яе практычнай эфектыўнасці. Часам тэрмін «абстракцыя» выкарыстоўваюць для абазначэння адарванасці навукі ад практыкі і рэчаіснасці (уласцівы абстрактна-лагічнаму «вобразу» свету). Аднак мера абстракцыі змяншаецца разам з дэталізацыяй і ростам сістэмнасці «вобраза». Паслядоўна разгортваючыся ў абстрактна-лагічных сістэмах, пазнанне праходзіць свой асаблівы шлях, накіраваны да канкрэтнага, да свету законаў, якія кіруюць бясконцай разнастайнасцю прадметаў і з’яў. На веданні такіх законаў аб’ектыўнай рэальнасці трымаецца ў канчатковым выніку ўвесь прагрэс чалавецтва.

У залежнасці ад мэтавай характарыстыкі вылучаюць, некалькі відаў абстракцыі: абстракцыя атаясамлівання (абстрагаванне ад уласцівасцяў рэчаў, якія адрозніваюцца паміж сабой, і вылучэнне аднолькавых, падобных, агульных, тоесных уласцівасцяў); ізалявальная абстракцыя (вычляненне з’явы, якая даследуецца з пэўнай цэласнасці); абагульняльная абстракцыя (дае абагульненую карціну з’явы); абстракцыя актуальнай бесканечнасці (абумоўлівае магчымасць абстрагавання ад незавершанасці і незавяршальнасці працэсу ўтварэння бясконцых мностваў і аперыравання імі на аснове законаў і правілаў матэматыкі і логікі); абстракцыя патэнцыяльнай ажыццявімасці (абстрагаванне ад канструктыўных магчымасцяў чалавека і прыняцце рэальнай ажыццявімасці пэўных крокаў). Сучасны наміналізм пазітывісцкага кірунку адмаўляе неабходнасць для навукі абстракцый высокіх узроўняў, чым пазбаўляе яе важнейшых сродкаў адлюстравання рэчаіснасці і патэнцыяльных магчымасцяў. У дыялектычнай логіцы слова «абстракцыя» ўжываецца таксама як паняцце «аднабаковае», «неразвітое», у адрозненне ад канкрэтнага (гл. Абстрактнае і канкрэтнае).

Літ.:

Лазарев Ф.В. О природе научных абстракций. М., 1971;

Новосёлов М.М. Абстракция и научный метод // Логика научного познания. М., 1987;

Зуев Ю., Широканов Д. Генезис логических форм «единично-общее» и процедура обобщения // Принципы единства и развития в научном познании. Мн., 1988.

А.​В.​Ягораў.

т. 1, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕГІПТАЛО́ГІЯ,

комплексная навука, якая вывучае мову, гісторыю, культуру Стараж. Егіпта. Інтэнсіўнае развіццё Е. як навукі звязана з Егіпецкай экспедыцыяй 1798—1801, у якой удзельнічала каля 150 вучоных. У выніку іх дзейнасці заснаваны Ін-т Егіпта ў Каіры (дзейнічае і цяпер), выдадзена «Апісанне Егіпта» (т. 1—24, 1809—28). Дэшыфроўка ў 1822 Ж.​Ф.​Шампальёнам егіп.-іерагліфічнага пісьма на т.зв. Разецкім камені паклала пачатак навук. вывучэнню стараж.-егіп. помнікаў. У 1828—29 (Шампальён, І.​Раселіні) і ў 1842—45 (К.​Р.​Лепсіус) праведзена інвентарызацыя помнікаў егіп. архітэктуры і мастацтва. Франц. егіптолагі вялі археал. раскопкі (А.​Марыет), публікавалі помнікі егіп. філалогіі, перакладалі і выдавалі іерагліфічныя і іератычныя тэксты (Г.​Масперо, Ф.​Шаба, Э. дэ Ружэ, Э.​Навіль), даследавалі гісторыю Стараж. Егіпта (Э.​Дрыятон, Ж.​Вандзье і інш.), яго рэліг. і сац. ін-ты (А.​Марэ, Э.​Ф.​Гацье). Вялікае значэнне для развіцця Е. мела т.зв. берлінская школа, заснаваная ў 1890-я г. А.​Эрманам. Ням. егіптолагі вывучалі пераважна егіп. мовы. Лепсіус выдаў збор першакрыніц, стварыў асновы храналагічнай перыядызацыі гісторыі Стараж. Егіпта. У 1880 выйшла граматыка копцкай (Л.​Штэрн) і новаегіп. (Эрман) моў. Лексікаграфічныя даследаванні вёў Г.​Бругш (іерагліфічна-дэматычны слоўнік). У 1896 пад кіраўніцтвам Эрмана і Г.​Грапава пачалася праца над слоўнікам егіп. мовы. У пач. 20 ст. егіп. палеаграфію даследаваў Г.​Мёлер, рэліг. тэксты — К.​Зетэ і С.​Шот, інш. літ. помнікі — Г.​Штайндорф, гісторыю Стараж. Егіпта — Э.​Маер, А.​Шарф. Брыт. егіптолагі праводзілі інтэнсіўныя археал. раскопкі (У.​Пітры Фліндэрс). У сярэдзіне 19 ст. выдадзены адзін з першых іерагліфічных слоўнікаў (С.​Бёрч, 1867), апрацавана граматыка класічнай мовы (А.​Гардынер), выдадзены копцкі слоўнік (У.​Крам, 1939). Намаганнямі Дж.​Брыстыда ў Чыкага (ЗША) заснаваны Усходні ін-т, вакол якога групаваліся амер. егіптолагі. Заснавальнік Е. ў Расіі У.​С.​Галянішчаў сабраў вял. калекцыю стараж.-егіп. матэрыялаў, апублікаваў працы па егіп. філалогіі і археалогіі. Аўтар «Гісторыі Старажытнага Усходу» (т. 1—2, 1935—36). Б.​А.​Тураеў стварыў рус. школу егіптолагаў. Сац.-эканам. развіццё стараж.-егіп. грамадства даследаваў В.​В.​Струве. Над праблемамі Е. працавалі У.​І.​Аўдзіеў, І.​М.​Лур’е, Ю.​Я.​Перапёлкін і інш. З 1952 пытанні Е. больш актыўна даследуюць самі егіпцяне. У сувязі з буд-вам Асуанскай плаціны для выратавання гіст. помнікаў, якія знаходзіліся ў зоне затаплення, у 1960 пры ЮНЕСКА быў створаны міжнар. к-т, у Егіпет і Судан накіраваны археал. экспедыцыі шэрагу краін. У Александрыі, Малаві, Асуане і інш. гарадах створаны музеі егіп. старажытнасцей. У 1976 у Каіры адбыўся 1-ы Міжнар. кангрэс егіптолагаў (з гэтага часу склікаецца кожныя 3 гады).

Літ.:

Постовская Н.М. Изучение древней истории Ближнего Востока в Советском Союзе (1917—1959 гг.). М., 1961.

У.​С.​Кошалеў, Н.​К.​Мазоўка.

т. 6, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОНТРРЭФАРМА́ЦЫЯ (ад контр... + рэфармацыя),

рэлігійна-паліт. рух у Еўропе ў 2-й пал. 16—17 ст., узначалены папствам і накіраваны супраць Рэфармацыі з мэтай узнаўлення страчаных каталіцызмам пазіцый. Гал. сродкамі К. былі інквізіцыя, манаскія ордэны, рым. курыя. Самы актыўны ўдзел у К. прыняў ордэн езуітаў (створаны ў. 1534—40). У 1559 быў апублікаваны Індэкс забароненых кніг. Праграмай К. сталі рашэнні Трыдэнцкага сабору 1545—63 (вяршэнства папы над саборам, увядзенне строгай царк. цэнзуры, богаслужэнне толькі на лац. мове і інш.). Былі створаны спец. органы кіравання — кангрэгацыі, шэраг навуч. устаноў (калегіумаў) для падрыхтоўкі каталіцкага духавенства. К. ўключала барацьбу супраць свецкай навукі і навук. светапогляду, праследаванне перадавых мысліцеляў (Дж.​Бруна, Г.​Галілей, Дж.​Ваніні і інш.), знішчэнне пратэстантаў (Варфаламееўская ноч), арганізоўвала т. зв. рэліг. войны, праследавала ерасі. У Беларусі К. актыўна праявілася пасля Люблінскай уніі 1569. Праваднікамі яе былі езуіты. Гал. ідэолагам К. ў ВКЛ быў П.Скарга. У 16—18 ст. тут асталяваліся яшчэ 24 каталіцкія манаскія ордэны (францысканцы, дамініканцы, кармеліты, бенедыкцінцы, піяры і інш.). Зачыняліся пратэстанцкія і праваслаўныя школы і друкарні, учыняліся пагромы. К. была накіравана не толькі супраць пратэстантызму, але і праваслаўя. На хвалі К. нарадзілася Брэсцкая унія 1596 і створана уніяцкая царква. Супраціўленне каталіцкай экспансіі вылівалася ў нар. паўстанні (Віцебскае паўстанне 1623; антыкаталіцкую накіраванасць мела антыфеадальная вайна 1648—51). Найб. жорсткія ганенні з боку каталіцкай царквы і дзяржавы пачаліся супраць антытрынітарыяў. У канцы 16 ст. рэфармацыйны рух у Беларусі пачаў паступова згасаць, большасць кальвінісцкай шляхты стала пераходзіць у каталіцтва, а ў пач. 17 ст. большая частка дробнай правасл. шляхты прыняла унію. Паводле сеймавых пастаноў 1764 адступніцтва каралася выгнаннем з краіны або смерцю. У 1733 правасл. шляхта і духавенства былі пазбаўлены права займаць пасады ў сенаце, сейме, судах і інш. дзярж. установах. У 2-й пал. 17—1-й трэці 18 ст. адбывалася амаль поўная клерыкалізацыя культуры і падпарадкаванне яе рэлігіі. Навук. веды абвяшчаліся грахоўнымі, панізіўся ўзровень адукацыі. У аснову навучання былі пакладзены тэалогія, схаластычная філасофія і лац. мова. З 1696 бел. мова стала выцясняцца з афіц. справаводства. Уздзеянне К. не было такім адмоўным у мастацтве. Пануючым стылем тут стала барока. Масавая паланізацыя пануючага класа Беларусі праз акаталічванне ў 17 ст. ўскладніла працэс кансалідацыі бел. народнасці, запаволіла фарміраванне яе свядомасці. У 1730—40-я г. на змену К. прыйшла эпоха Асветніцтва.

Літ.:

Подокшин С. А Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970;

Мараш Я.Н. Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии XVIII в. Мн., 1974;

1980;

Блинова Т.Б. Иезуиты в Белоруссии. Мн., 1990.

С.​В.​Марозава.

т. 8, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЦЕР,

рух паветра адносна зямной паверхні, звычайна гарызантальны. Утвараецца з-за неаднароднасці атмасфернага ціску ў барычным полі Зямлі, накіраваны ад высокага да нізкага ціску. Чым большае адрозненне ў ціску, тым вецер мацнейшы. Вецер — вынік сумеснага дзеяння некалькіх сіл: барычнага градыента (рухаючая сіла), трэння, асабліва ў прыземным слоі атмасферы, вярчэння Зямлі (Карыяліса сіла) і цэнтрабежнай.

Характарызуецца напрамкам, адкуль дзьме, і скорасцю, якія графічна адлюстроўваюцца ружай вятроў. Гэтыя паказчыкі вызначаюцца на метэаралагічных станцыях як сярэднія за пэўны час з дапамогай метэаралагічных прылад: флюгера, анемографа, анемометра, анемарумбографа і інш., на вышыні — шароў-пілотаў. Напрамак ветру вызначаецца па 16 румбах гарызонта (з Пнпаўн., з ПнЗпаўн.-зах. і г.д.), на метэастанцыях, што абслугоўваюць авіяцыю, — у градусах азімута. Скорасць ветру вымяраецца ў метрах за секунду, кіламетрах за гадзіну, вузлах (марскія мілі за гадзіну), прыблізна ў балах па Бофарта шкале. Скорасць вагаецца ад поўнага штылю да ўрагану (больш за 33 м/с), а ў трапічных цыклонах дасягае 100 м/с. Слабыя вятры бываюць у антыцыклонах. Ва ўмераных шыротах Зямлі пераважаюць слабыя і ўмераныя вятры (каля 3—8 м/с). З вышынёй у трапасферы скорасць звычайна павялічваецца, у стратасферы спачатку змяншаецца, потым павялічваецца зноў. На выш. 20—25 км у струменных плынях дасягае 100—150 м/с. Вецер звычайна дзьме штуршкамі, бываюць рэзкія кароткачасовыя ўзмацненні — шквалы. Гэта абумоўлена турбулентнасцю паветр. патоку. Вертыкальныя рухі бываюць нязначныя (сантыметры за секунду), толькі зрэдку дасягаюць 10—20 м/с пры апусканні паветра па схіле, пры моцнай атм. канвекцыі.

Над вял. тэрыторыямі вятры ўтвараюць паветраныя цячэнні (пасаты, мусоны, заходні перанос паветраных мас і інш.), якія складаюць агульную цыркуляцыю атмасферы. Пры пэўных геагр. умовах фарміруюцца мясц. вятры (афганец, брыз, бара, фён, містраль і інш.). Вецер — прычына многіх з’яў у прыродзе, ён уплывае прама ці ўскосна на жыццё людзей. Ад ветру залежыць развіццё ветраапыляльных (анемафільных) раслін, сярод якіх асн. збожжавыя культуры. Вецер уздзейнічае на рэльеф сушы (гл. Дэфляцыя, Дзюны, Барханы), выклікае хваляванне на моры, ветравыя цячэнні ў акіяне, абумоўлівае цеплаабмен паміж сушай і акіянам, зямной паверхняй і атмасферай, кругаварот вады на Зямлі. Вецер вялікай сілы — прычына многіх стыхійных бедстваў — штормаў, ураганаў, пылавых бур, самумаў і інш. Энергія ветру выкарыстоўваецца ў ветраэнергетыцы.

Ветравы рэжым тэр. Беларусі абумоўлены агульнай цыркуляцыяй атмасферы над кантынентам Еўразія і над Атлантычным ак. і вызначаецца існаваннем цэнтраў дзеяння атмасферы: Ісландскай дэпрэсіі на працягу ўсяго года, Сібірскага антыцыклону зімой і Азорскага антыцыклону летам. Пад іх уплывам з ліст. да сак. пераважаюць паўд.-зах. вятры, з мая да вер.паўн.-зах. Скорасць ветру зімой 4—5 м/с, летам 2—3 м/с. Моцны вецер бывае рэдка (5—10 дзён за год). Зімой пры праходжанні халоднага фронту, летам пры навальніцах бываюць буры, летам зрэдку адзначаюцца смерчы. На берагах вял. азёр існуе брызавая цыркуляцыя.

т. 4, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСПА́НСКІЯ РЭВАЛЮ́ЦЫІ 19 СТАГО́ДДЗЯ,

рэвалюцыйныя рухі ў Іспаніі ў 1808—74, накіраваныя на дэмакратызацыю паліт. сістэмы і правядзення ліберальных рыначных пераўтварэнняў. Першая Іспанская рэвалюцыя 1808—14 адбывалася ва ўмовах акупацыі Іспаніі франц. войскамі ў ходзе напалеонаўскіх войнаў (пад націскам французаў прынята Баёнская канстытуцыя 1808), мела пераважна нац.-вызв. характар (герылья, антыфранц. паўстанні ў Мадрыдзе, Сарагосе і інш.). У выніку вызвалення Іспаніі ад французаў (1812—13) прынята Кадыская канстытуцыя 1812, якая абмяжоўвала ўладу манарха. Аднак кароль Фердынанд VII, вярнуўшыся з франц. палону, скасаваў канстытуцыю і ў маі 1814 аднавіў абс. манархію. Штуршком да другой Іспанскай рэвалюцыі 1820—23 стала паражэнне Іспаніі ў вайне за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26, што садзейнічала дыскрэдытацыі абсалютызму і росту ліберальнай апазіцыі. Пачалася ў студз. 1820 з паўстання ў арміі пад кіраўніцтвам Р.Рыега-і-Нуньеса паблізу ад г. Кадыс. У выніку нар. хваляванняў 6—7.3.1920 у Мадрыдзе Фердынанд VII аднавіў Кадыскую канстытуцыю, склікаў картэсы. Аднак з прычыны жорсткай паліт. барацьбы паміж памяркоўнымі лібераламі («мадэрадас», узначальвалі ўрад з сак. 1820), левымі лібераламі («эксальтадас», узначальвалі ўрад са жн. 1822) і найб. радыкальнай рэв. плынню камунерас не ўдалося завяршыць агр. і інш. рэформы, і рэвалюцыя ў крас.вер. 1823 была задушана каралеўскімі і французскімі (накіраваны ў Іспанію паводле рашэння Свяшчэннага саюза) войскамі. У Іспаніі зноў усталявалася абс. ўлада манарха. Трэцяя Іспанская рэвалюцыя 1834—43 звязана з грамадз. вайной 1833—40 (гл. Карлісцкія войны) і праходзіла пад лозунгамі аднаўлення канстытуцыі 1812, разгрому карлістаў і інш. Рэв. ўрад «мадэрадас» (студз. 1834 — вер. 1835) скасаваў цэхі і абвясціў свабоду гандлю. Яго змяніў урад «прагрэсістаў» (пераемнікі «эксальтадас»), які ў 1835—37 правёў агр. рэформу (адменены маяраты, царк. дзесяціна, баналітэты, прывілеі сеньёраў, асабістыя павіннасці сялян), распрацаваў канстытуцыю 1837 (больш кансерватыўная за канстытуцыю 1812). Пасля паражэння карлістаў (1839—40) рэгентам у 1841 абвешчаны адзін з лідэраў «прагрэсістаў» ген. Б.​Эспартэра, які ўстанавіў дыктатуру. Пасля яго звяржэння зноў утвораны ўрад «мадэрадас» (1843). Чацвёртая Іспанская рэвалюцыя 1854—56 выклікана незадаволенасцю насельніцтва ростам беспрацоўя і падаткаў, дэфіцытам дзярж. бюджэту і інш. сац праблемамі. Пасля выступлення групы апазіцыйных генералаў пад кіраўніцтвам Л.​О’Донеля (чэрв. 1854) і нар. паўстанняў у Барселоне, Мадрыдзе, Малазе, Валенсіі (ліп. 1854) сфарміраваны ўрад на чале з Эспартэра. Аднак ён не здолеў палепшыць становішча працоўных і спыніць рэв. рух; 14.7.1856 О’Донель справакаваў адстаўку Эспартэра і распусціў картэсы. Пятая Іспанская рэвалюцыя 1868—74 пачалася з паўстання ваен. маракоў у Кадысе (вер. 1868) і гараджан у Мадрыдзе і Барселоне. У выніку ўтвораны ўрад з «прагрэсістаў» і прадстаўнікоў Ліберальнага саюза. Паводле прынятай у 1869 новай канстытуцыі Іспанія абвешчана канстытуцыйнай манархіяй (у 1870—73 правіў кароль Амадэй Савойскі). 11.2.1873 пад націскам рэспубліканцаў Іспанія абвешчана рэспублікай. Аднак у выніку кансерватыўнага ваен. перавароту 1874 у краіне адноўлена манархія на чале з каралём Альфонсам XII.

Літ.:

Додолев М.А. Россия и Испания 1808—1823 гг.: Война и революция в Испании и рус.-исп. отношения. М., 1984.

Да арт. Іспанскія рэвалюцыі 19 ст.. Расстрэл іспанскіх паўстанцаў французамі ў ноч на 3 мая 1808 года. Карціна Ф.​Гоі. 1814.

т. 7, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁВА АБАРО́НА 1941,

абарончыя баі сав. войск і апалчэнцаў горада супраць ням.-фаш. захопнікаў 3—26 ліп. ў Вял. Айч. вайну. Праводзілася часцямі 61-га стралк. корпуса (ген.-маёр Ф.​А.​Бакунін) 13-й арміі Зах. фронту і апалчэнцамі згодна з планам абароны, які абмеркаваны і ўдакладнены 1 ліп. на нарадзе з удзелам прадстаўнікоў Стаўкі Вярх. Галоўнакамандавання Маршалаў Сав. Саюза К.​Я.​Варашылава і Б.​М.​Шапашнікава. Жыхары горада і навакольных вёсак разам з вайскоўцамі за кароткі тэрмін (штодзённа працавалі 30—40 тыс. чал.) выкапалі процітанкавы роў больш як на 25 км, будавалі траншэі, бліндажы і эскарпы; сапёры паставілі мінныя палі, на некат. вуліцах былі ўзведзены барыкады. Фарміравалася Магілёўскае народнае апалчэнне 1941. Абарона горада ўскладалася непасрэдна на 172-ю стралк. дывізію (ген.-маёр М.​Ц.​Раманаў) і прыдадзеныя ёй часці і падраздзяленні. На правым беразе Дняпра абарону трымалі 388-ы (палк. С.​Ф.​Куцепаў) і 514-ы (падпалк. С.​А.​Боніч) стралк. палкі, на левым — 747-ы полк (падпалк. А.​В.​Шчаглоў); потым 514-ы полк быў пераведзены ў рэзерв камандзіра корпуса, а на яго месца стаў 394-ы полк 110-й стралк. дывізіі. На паз шыях бліжэйшых да горада вёсак — Казіміраўка, Пашкава, Гаі, Мікалаеўка, Палыкавічы — стаяў зводны полк у складзе знішчальнага батальёна і батальёна супрацоўнікаў міліцыі. Развед. падраздзяленні дывізіі ў міжрэччы Бярэзіны і Дняпра (за 35—50 км ад Магілёва) 3 ліп. ўступілі ў бой з перадавымі часцямі ням. 46-га танк. корпуса 2-й танк. групы ген. Г.​В.​Гудэрыяна, а 6 ліп. пад націскам намнога большых сіл праціўніка адышлі ў глыб сваёй абароны.

На Магілёў наступалі 4 пяхотныя і танк. дывізіі са складу 2-й танк. групы ням.-фаш. войск: на Бабруйска-Магілёўскім напрамку палкі 23-й і 7-й пяхотных дывізій, на Мінска-Магілёўскім — 263-й і 15-й пяхотных дывізій, якія падтрымлівала 3-я танк. дывізія. Пазней, калі вораг фарсіраваў Дняпро, у тыл 172-й дывізіі сав. войск выйшлі 258-я і 78-я пяхотныя, а з 17 ліп. на штурм горада накіраваны часці 34-й і 10-й пяхотных ням. дывізій. Асабліва жорсткія баі адбыліся на Буйніцкім полі. Паводле звестак штаба 172-й дывізіі за 10 дзён баёў адбіта 27 атак, падбіта і спалена 179 танкаў і бронетранспарцёраў, захоплены 2 танкі, 12 мінамётаў, 25 кулямётаў. Аднак 14 ліп. дывізія апынулася ў акружэнні: спыніўся падвоз боепрыпасаў, харчоў, медыкаментаў. Немцы захапілі бліжэйшыя да горада вёскі. 24 ліп. праціўнік прарваўся на ўскраіны Магілёва. Камандаванне сав. войск адхіліла ультыматум захопнікаў аб капітуляцыі і вырашыла з баямі выходзіць з акружэння. У ноч на 26 ліп. 388-ы полк з прыдадзенымі часцямі і падраздзяленнямі прарваўся з горада на 3, 747-ы, 394-ы і зводны палкі — на У і за р. Сож злучыліся з часцямі 13-й арміі. Сав. воіны і апалчэнцы на працягу 23 дзён скоўвалі буйныя сілы ворага ў перыяд Смаленскай бітвы 1941, нанеслі адчувальныя страты ўдарным сілам групы армій «Цэнтр». На Буйніцкім полі пастаўлены помнік у гонар воінаў 388-га стралк. палка.

т. 9, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВААБАРО́НЧЫ РУХ У СССР у 1960—80-я г., непалітычны грамадскі рух у абарону правоў чалавека ў б. СССР. Яго ўдзельнікі — пераважна інтэлігенцыя. Асн. прынцыпы дзейнасці: легальнасць, галоснасць, адмова ад паліт. барацьбы. Сярод перадумоў узнікнення П.р. — прыняцце Ген. асамблеяй ААН Усеаг. дэкларацыі правоў чалавека (1948), афіц. асуджэнне паліт. рэпрэсій 1930 — пач. 50-х г. на XX з’ездзе КПСС (1956). Асн. напрамак дзейнасці — абарона асабістых і паліт. правоў грамадзян СССР, у т. л. на паліт. іншадумства і апазіц. дзейнасць. У адрозненне ад інш. дысідэнтаў удзельнікі П.р. паслядоўна стаялі на глебе права, г.зн. апіраліся ў сваёй дзейнасці на міжнар. дакументы па правах чалавека, а таксама на Канстытуцыю і законы СССР, якія тэарэтычна прызнавалі большасць з гэтых правоў. Пачатак П.р. адносяць да 1965—66, калі адбыліся выступленні ў абарону пісьменнікаў А.​Д.​Сіняўскага і Ю.​М.​Даніэля, арыштаваных (1965) і прыгавораных (лют. 1966) да пазбаўлення волі адпаведна на 7 і 5 гадоў за публікацыю за мяжой сваіх сатыр. твораў. 5.12.1965 на Пушкінскай плошчы ў Маскве адбылася дэманстрацыя пратэсту. У вышэйшыя сав. і парт. органы былі накіраваны лісты і петыцыі, на карысць пісьменнікаў і іх сем’яў праводзіўся збор ахвяраванняў. З гэтага часу асн. формамі дзейнасці сав. праваабаронцаў сталі мітынгі, дэманстрацыі, асабістыя і калект. звароты да сав.-парт. улад, у ААН і інш. міжнар. арг-цыі, матэрыяльная дапамога арыштаваным, пашырэнне праваабарончай інфармацыі і л-ры шляхам «самвыдату». У 1968—83 выходзіў «самвыдацкі» бюлетэнь «Хроника текущих событий» (выйшлі 64 выпускі), у якім канстатаваліся (без ацэнак) выпадкі парушэння правоў чалавека і праваабарончыя выступленні ў Маскве і рэспубліках СССР. У 1969 створана Ініцыятыўная група абароны правоў чалавека ў СССР, якая накіравала ў ААН ліст з пералікам парушэнняў правоў чалавека, у 1974 — сав. аддзяленне Амністыі міжнароднай. Падпісанне Сав. Саюзам (1.8.1975) і публікацыя Заключнага акта нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (Хельсінкскі акт), гуманіт. артыкулы якога прадугледжвалі захаванне правоў чалавека, сталі пачаткам т.зв. Хельсінкскага перыяду П.р. (1976—81). Летам 1975 створана Маскоўская Хельсінкская група, якая збірала матэрыялы пра парушэнні ў СССР гуманіт. аспектаў Хельсінкскіх пагадненняў і накіроўвала справаздачы ўрадам усіх краін-удзельніц пагаднення. У 1976 узніклі Хельсінкскія групы ў Літве і Украіне, у 1977 — у Грузіі і Арменіі. Сабраныя праваабаронцамі звесткі пра парушэнні правоў чалавека шырока выкарыстаны ЗША і інш. зах. краінамі ў ідэалаг. вайне супраць СССР. У канцы 1970 — пач. 80-х г. у выніку ганенняў практычна спыніўся адкрыты і легальны П.р. у СССР. Віднымі дзеячамі П.р. ў розныя гады былі У.К.Букоўскі, А.Л.Салжаніцын, А.​Дз.Сахараў, П.​Р.​Грыгарэнка, С.​А.​Кавалёў, К.​Ф.​Арлоў і інш. Удзельнікі руху асн. вынікам сваёй дзейнасці лічаць фарміраванне ў нетрах сав. грамадства сіл, якія ў сярэдзіне 1980-х г. ініцыіравалі перабудову ў СССР.

Літ.:

Богораз Л., Голицин В., Ковалев С. Политическая борьба или защита прав? // Погружение в трясину. М., 1991;

Алексеева Л.М. История инакомыслия в СССР. Новейший период. Вильнюс;

М., 1992;

Котляр И.И. Права человека. 3 изд. Брест, 1996;

Яго ж. Права человека в современной Беларуси: состояние, проблемы, перспективы. Мн., 1999.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 12, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

напра́мак, ‑мку, м.

1. Лінія руху; бок, у які накіраваны рух, дзеянне; кірунак. Напрамак ветру. Напрамак току. □ Калі прайсці ад рэчкі, ад хмызняку нельга, то даводзіцца вышукваць іншы напрамак. М. Ткачоў. Убачыўшы лодку, бабраня змяніла напрамак і паплыло побач з чаўном, з цікавасцю паглядаючы на Цераха сваімі чорнымі вочкамі. В. Вольскі. // Бок, у якім хто‑, што‑н. знаходзіцца. Ісці ў напрамку рэчкі. □ [Вораг] прарваўся ў напрамку Турца, аднак пакінуў на снезе .. паўсотні трупаў. Брыль.

2. перан. Шлях развіцця чаго‑н. Напрамкі стварэння матэрыяльна-тэхнічнай базы. Напрамак палітыкі. Напрамак вучонай дзейнасці. // Накіраванасць. Крытычны напрамак розуму. □ Паступова ў Арцыховіча паплылі думкі ў другім напрамку. Ён пачаў ужо чытаць кніжку, што дала надоечы Ліпа. Алешка.

3. Грамадская, навуковая і інш. плынь, групоўка. Рэалістычны напрамак у літаратуры. □ З веданнем справы Танк паставіў пытанне аб сутнасці рэвалюцыйнага напрамку заходнебеларускай літаратуры. Калеснік. У рамках I Інтэрнацыянала Маркс і Энгельс вялі рашучую барацьбу з рознага роду напрамкамі непралетарскага сацыялізма, рэфармізмам і «левым» сектанцтвам. «Звязда».

4. Участак фронту, на якім развіваюцца ваенныя дзеянні, накіраваныя ў які‑н. бок. Неўзабаве дывізія атрымала загад заняць абарону на паўднёвы захад ад Віцебска і ва ўзаемадзеянні з суседам справа і злева спыніць наступленне немцаў на гэтым напрамку. «Звязда».

5. у знач. прысл. напра́мкам. У кірунку да чаго‑н. [Рыгор] выйшаў на вуліцу і паскораным крокам пайшоў напрамкам да клінікі Вілле. Гартны.

•••

Браць (узяць) напрамак гл. браць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)