буйны лясны масіў на тэр. Беларусі (Брэсцкая і Гродзенская вобл.) і Польшчы, на водападзеле бас. Нёмана, Зах. Буга і Прыпяці. Агульная пл. больш за 150 тыс.га, з іх у Беларусі 87,5 тыс.га. Адзін з самых старых запаведных лясных масіваў Еўропы. Першыя абмежаванні на паляванне ўведзены ў 13 ст., з 1541 у Белавежскай пушчы пачаў ахоўвацца зубр, з 1640 забаронена высечка лесу. Занесена ЮНЕСКА у спіс сусветнай спадчыны. На тэр. Беларусі — дзярж.нац. парк Белавежская пушча, у межах Польшчы — Белавежскі нацыянальны парк.
Рэльеф Белавежскай пушчы — узгорыстая раўніна; найб. узвышаная цэнтр.ч., на ПдУ — Белавежская града. Клімат умерана цёплы. Найб. рэкі (бас. Буга): Нараў, Нараўка, Рудаўка, Гвозна, Правая і Левая Лясная. Воз. Лядскае (штучнае) і вадасх.Белавежская пушча. Глебы на Пд і Пн пераважна дзярнова-падзолістыя, у цэнтр.ч. бурыя лясныя (у нізінах трапляюцца балотныя і тарфяна-глеевыя).
У флоры каля 900 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, больш за 200 мохападобных, каля 290 лішайнікаў і больш за 2000 відаў грыбоў. Асн. лесаўтваральныя пароды: хвоя, елка, вольха, бяроза, дуб і інш. Пад лесам больш за 88% тэр. Пераважаюць бары (пад лесам каля 60% плошчы). Ельнікаў 10,3%. Шыракалістыя лясы (дубовыя, ясянёвыя, кляновыя і грабавыя) займаюць 6,8%, карэнныя чорнаальховыя і пушыстабярозавыя адпаведна 15,5 і 8,2, вытворныя драбналістыя (бародаўчатабярозавыя і асінавыя) 7,7%. Расце 26 відаў дрэў. Лясы належаць да вялікаўзроставых у Еўропе. Узрост бароў дасягае 180—200 гадоў, ельнікаў 120—160, дуброў 180—220. Захаваліся асобныя дрэвы-гіганты: хвоя (350 гадоў, выш. 35 м), елка (200 гадоў, 52 м), дуб (500 гадоў, дыяметр да 190 см) і інш. У фауне 59 відаў млекакормячых, 227 птушак, 11 земнаводных, 7 паўзуноў, 28 відаў рыб і 8,5 тыс. відаў насякомых. Белавежская пушча — апошняе прыроднае месца пражывання самага буйнога прадстаўніка еўрап. фауны зубра (каля 300 асобін, 1995). Водзяцца высакародны алень, казуля, лось, дзік, воўк, ліс, барсук, гарнастай, ласка, куніца, янотападобны сабака, выдра, бабёр (рэакліматызаваны ў 1956), зайцы русак і бяляк (апошні рэдкі), вавёрка, соні палчок, арэшнікавая і лясная, лятучыя мышы (13 відаў) і інш. Да пач. 17 ст. трапляўся тур, да пач. 19 ст. — лясны тарпан. З канца 19 ст. рабіліся спробы акліматызацыі лані (знікла ў пач. 1930-х г.), у 1962 завезены 5 тарпанападобных коней з Польшчы. Буры мядзведзь знішчаны ў сярэдзіне 19 ст. У невял. колькасці трапляецца рысь. У арнітафауне — тыповыя зах. віды (чырвоны каршун, канарэйкавы ўюрок), паўн. таежныя (трохпальцавы дзяцел, гіль, барадатая няясыць), птушкі паўд. шыракалістых лясоў (дзятлы зялёны і сівы, чаротніца дроздападобная, валасянка ястрабіная). Жывуць белы і чорны буслы, гогаль, 20 відаў драпежных птушак (у т. л. змеяед, вялікі і малы падворлікі, арол-карлік, асаед, сокалы сапсан і каршачок, пустальга) і інш. На тэр. Белавежскай пушчы унікальныя прыродныя аб’екты: хвоя з пласцінкамі кары ў выглядзе каўнерыка, ніцая форма елкі, папарацевыя зараснікі, участкі піхты белай і дубу скальнага і інш. Складзены спіс 110 рэдкіх раслін пушчы, якія падлягаюць асаблівай ахове, 47 відаў раслін і 73 віды жывёл занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Працуе Музей прыроды Белавежскай пушчы (1945).
Літ.:
Карцов Г Беловежская пуща: Ее ист. очерк, соврем. охотничье хоз. и высочайшие охоты в пуще. СПб., 1903;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭВААПРАЦО́ЎЧАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна прамысловасці па мех. і хім.-мех. апрацоўцы драўніны. Уключае 3 гал. групы вытв-сці: лесапільную; клееных матэрыялаў і пліт; вырабаў з драўніны. Асн. сыравінай для лесапільнай вытворчасці служаць бярвёны; асн. прадукцыя — піламатэрыялы, дадатковая — тэхнал. трэскі, якія атрымліваюць здрабненнем кавалкавых адходаў. Асн. сыравінай клееных матэрыялаў і пліт служаць лясныя сартыменты, драўнінныя адходы і кляі; прадукцыя — клееныя паўфабрыкаты і вырабы (фанера, фанерныя пліты, клееныя буд. канструкцыі, драўнянаслаістыя пластыкі, драўнянастружкавыя і драўнянавалакністыя пліты і інш.). Для вырабаў з драўніны зыходная сыравіна — драўніна і драўнінныя матэрыялы, пластмасы, металы, шкло, тканіны, кляі, лакі і інш.; прадукцыя — сталярна-буд. вырабы, драўняныя дамы, мэбля, муз. інструменты, тара, спарт. інвентар, гасп. тавары, сувеніры, абсталяванне сродкаў транспарту і інш.
У Рас. імперыі Д.д. узнікла ў саматужнай і рамеснай форме ў пач. 18 ст. Інтэнсіўна развіваецца з 2-й пал. 19 ст.Удз. в. Беларусі ў агульным аб’ёме Д.д. Расіі ў 1913 складала 6,5%. Пераважала лесапілаванне (59,1% валавой прадукцыі). Лясная сыравіна і паўфабрыкаты ішлі ў асноўным за мяжу. Працавалі: Бабруйскі, Гомельскі і Мазырскі лесапільныя з-ды, запалкавыя і фанерныя прадпрыемствы ў Пінску, Барысаве, Гомелі і інш.
У СССР развіццё Д.п. было звязана з ростам капітальнага буд-ва, машынабудавання, вытв-сці тавараў шырокага ўжытку. У 1920—30-я г. працавалі: дрэваапр.з-д у Мінску, Гомельскія лесакамбінат (на базе лесапільных з-даў) і дрэваапр. камбінат, Бабруйскі лесакамбінат і Бабруйскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат, Віцебскі фанерны з-д і інш. Да Айч. вайны ў Беларусі былі 3 дрэваапр. камбінаты, 26 леса- і 16 фанерных з-даў, 5 мэблевых, 4 запалкавыя ф-кі. Аб’ём выпуску прадукцыі ў 1940 больш як у 6,5 раза перавышаў узровень 1913. Выпуск клеенай фанеры склаў 34,8%, запалак — 28,6% агульнасаюзнага аб’ёму. Пасля вайны побач з адноўленымі пабудаваны новыя прадпрыемствы Д.п. Маючы 0,7% лясоўСССР, у канцы 1980-х г. Беларусь выпускала 10,6% фанеры, каля 8% драўнянавалакністых і 7% драўнянастружкавых пліт, 6% мэблі, 3,4% паперы ад усесаюзнага аб’ёму.
Найбольшымі і тэхнічна развітымі прадпрыемствамі з’яўляюцца Бабруйская мэблевая фабрыка, Гомельскі дрэваапрацоўчы камбінат, Мазырскі дрэваапрацоўчы камбінат, Мазырская мэблевая фабрыка, «Мінскпраектмэбля», Пінская дрэваапрацоўча-фанерная фабрыка, «Івацэвічдрэў», Мастоўскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат, «Рэчыцадрэў» і інш., якія ўваходзяць у канцэрн «Беллеспаперапрам». У 1991—95 аб’ёмы выпуску прадукцыі паступова зніжаліся. Яе стабілізацыя пачалася з 2-й пал. 1990-х г. Да гэтага часу створана больш за 100 малых і сумесных прадпрыемстваў розных формаў уласнасці, пераважна мэблевых; дзейнічаюць таксама прадпрыемствы ў сістэме лясной гаспадаркі, мясц. прам-сці, быт. абслугоўвання насельніцтва, буд-ва, с.-г. прадпрыемстваў і інш. Каля 70% усёй прадукцыі выпускаюць прадпрыемствы канцэрна «Беллеспаперапрам». Значная частка ідзе на экспарт, пераважна ў Расію.
Д.п. шырока развіта ў многіх краінах свету, у т. л. ў ЗША, Швецыі, Фінляндыі, Нарвегіі, Канадзе, з якіх шмат прадукцыі экспартуецца. Высокаразвітая Д.п. Германіі і Японіі ў асноўным працуе на прывазной сыравіне. Высокі ўзровень Д.п. ў Італіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Аўстрыі, Швейцарыі, Даніі, Бельгіі, Славеніі і інш., якія таксама імпартуюць сыравіну і паўфабрыкаты. Д.п. развіваецца ў Чэхіі, Славакіі, Польшчы, Румыніі, Венгрыі, Балгарыі, краінах Прыбалтыкі. З краін СНД найб. развітая ў Расіі, якая мае вял. запасы драўніны і забяспечвае ляснымі рэсурсамі многія краіны свету, на Украіне.
Тэхн. прагрэс у Д.п. цесна звязаны з н.-д. дзейнасцю, вывучэннем яе фізіка-мех. уласцівасцей, распрацоўкай новых матэрыялаў, тэхналогій і абсталявання, канструяваннем мэблі і інш. вырабаў. Гэтыя работы выконваюцца ў Бел.дзярж.тэхнал. ун-це, НВА «Мінскпраектмэбля», буйнейшымі дрэваапр. аб’яднаннямі.
Літ.:
Экономика Советской Белоруссии, 1917—1967. Мн., 1967;
Барташевич А.А., Богомазов В.В. Технология изделий из древесины. Мн., 1995;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
сакаві́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Які змяшчае шмат соку. Такое высокае і сакавітае кепскае шчаўе расло, што між яго трэба было адшукваць рэдкія і хілыя кусцікі чырвонай канюшыны.Пянкрат.Нясуць калгаснікі на рынак Лясоў багатыя дары: Маліну, зорныя суніцы, Тугіх парэчак шрот буйны. І сакавітыя чарніцы З прыемным водарам лясным.Жычка.// Водарны, духмяны. Нашто тое лета, калі няма жніва, калі на пасецы не раяцца пчолы, не пахнуць у садзе чырванабокія сакавітыя малінаўкі?..Кулакоўскі.// Апетытны, смачны, не сухі. — Шынкевіч таксама добрая цаца! — падчэпліваючы відэльцам сакавітую бакавіну ліня з каструлі, абурана прадаўжаў Фама Гаўрылавіч.Паслядовіч.
2.перан.Разм. Поўны сіл, здароўя, энергіі (пра чалавека). Перад самай вайной цётка прыязджала да нас у госці з нейкай сакавітай і гладкай рагатухай.Карпюк.// Яркі, свежы, поўны (пра вусны, рот). Смяяліся яе [Гаецкай] сакавітыя вусны, выпешчаныя шчокі — то з’яўляліся, то знікалі сімпатычныя ямачкі на іх.Шамякін.// Прыемны, поўны задавальнення. Паміж двума сакавітымі пацалункамі Сімон пачуў такую лічбу, ад якой яму стала холадна.Самуйлёнак.
4.перан. Трапны, вобразны (пра мову, словы і пад.). Сварыліся [шляхта] на сакавітай беларускай мове, хоць называлі яе мужыцкай, часта ўстаўляючы словы «пане» — ды так, каб яно гучала праз нос.Пестрак.Калі плытагон выходзіць у сплаў, дарога абяцае яму сустрэчы... Яны то радасныя, з сакавітымі кпінамі і блазенскім рогатам, то гаркава-маўклівыя.Карамазаў.
5.перан. Гучны, звонкі, прыемны (пра гук, голас і пад.). Ад Еўніч і Старыцы яшчэ чулася іх гамонка, а часам і жніўная песня, у якой высока лунаў, ведучы яе, чый-небудзь сакавіты голас.Хадкевіч.Мужчыны смяяліся, і смех самога расказчыка быў такі сакавіты і гучны, што конік, стрыгучы вушамі, нават без пугі пачаў хутчэй перабіраць нагамі.Сіўцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВАНУА́ТУ (Vanuatu),
Рэспубліка Вануату (англ. Republic of Vanuatu; франц. Republique de Vanuatu), дзяржава на а-вах Новыя Гебрыды, у паўд,зах.ч. Ціхага акіяна. Пл. 14,8 тыс.км². Нас. 165,9 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Віла. Падзяляецца на 11 акруг. Дзярж. мова — біслама (піджын), мясц. спрошчаны варыянт англ. мовы, афіц. мовы англ., французская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (30 ліп.).
Дзяржаўны лад. Вануату — рэспубліка. Уваходзіць у склад Садружнасці, якую ўзначальвае Вялікабрытанія. На чале дзяржавы прэзідэнт. Заканадаўчы орган — аднапалатны парламент. Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. У склад дзяржавы ўваходзіць 12 значных астравоў, у т. л. Эспірыту-Санта (пл. 3,7 тыс.км²), Малекула (2 тыс.км²), Эраманга (1 тыс.км²), Эфатэ (0,9 тыс.км²), і каля 70 дробных. Рэльеф горны (выш. да 1888 м); каля 60 вулканаў, у т. л. 10 дзеючых; ёсць каралавыя астравы, акаймаваныя рыфамі. Бываюць землетрасенні. Карысныя выкапні: марганцавая руда, алмазы, золата і серабро, сера. Клімат трапічны, з гарачым і дажджлівым сезонам (ліст.—крас.), цыклонамі. Сярэднямесячная т-ра паветра 20—27 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў 2310 мм. Пераважае расліннасць трапічных лясоў. Мора багатае рыбай.
Насельніцтва. 94% насельніцтва — меланезійцы (каля 100 моў і дыялектаў), жывуць таксама палінезійцы, невял. групы еўрапейцаў (пераважна французы, англічане, англа-аўстралійцы) і інш. Паводле веравызнання 36% прэсвітэрыяне, 15% католікі, 15% англікане. Ёсць прыхільнікі мясц. культаў і інш. Сярэдняя шчыльн.нас. 11,2 чал. на 1 км². Найб. населены в-аў Эфатэ, дзе жыве 31 тыс.чал. і знаходзіцца сталіца Вануату.
Гісторыя. Астравы заселены каля 1300 да н.э. У 1606 іх адкрыў ісп. мараплавец Педра Кірос. У 1774 архіпелаг даследаваў Дж.Кук і даў ім назву Новыя Гебрыды. З 1839 распачата каланізацыя, з 1906 сумеснае ўладанне (кандамініум) Вялікабрытаніі і Францыі. У калан. перыяд тут выраблялі гал. чынам копру (сушаная мякаць какосавага арэха). У 2-ю сусв. вайну армія ЗША выкарыстоўвала астравы (з 1942) для нападу на занятыя японцамі Новую Гвінею і Саламонавы а-вы. У выніку выступленняў насельніцтва Новых Гебрыдаў супраць іншаземнага панавання англа-франц. улады ў 1957 стварылі Кансультатыўны савет; у 1975 ён пераўтвораны ў Прадстаўнічую асамблею, якая выконвала ролю парламента. У 1978 Новыя Гебрыды абвешчаны самакіравальнай тэрыторыяй. На выбарах 1979 перамагла партыя Вануаку («Наша зямля»), якая змагалася за незалежнасць астравоў.
Незалежнасць абвешчана 30.7.1980, б. калонія названа Вануату — «краіна, якая была, ёсць і будзе». У 1982 улады Вануату забаранілі заход у парты краіны караблёў з ядз. зброяй і атамнымі энергет. ўстаноўкамі. У снеж. 1988 прэзідэнт дзяржавы Дж.Сакаману спрабаваў распусціць парламент і адхіліць ад улады ўрад прэм’ер-міністра У.Ліні. У выніку выбараў 1991 утвораны кааліцыйны ўрад на чале з прэм’ер-міністрам М.К.Корманам. Прэзідэнт краіны з сак. 1994 Ж.М.Лее. Вануату — член ААН (з 1981), Руху недалучэння (з 1983), брыт. Садружнасці, рэгіянальных арг-цый Паўднёваціхаакіянскі форум і Паўднёваціхаакіянская камісія. Дзейнічаюць партыя Вануаку, Саюз памяркоўных партый, Меланезійская прагрэс. партыя, Нац. аб’яднаная партыя.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка (трапічнае плантацыйнае земляробства на вузкіх палосах зямлі на ўзбярэжжы) і турызм. Вырошчваюць какосавую пальму (копра, пальмавы алей), какаву, каву, хлебнае дрэва, ямс, таро, бананы, цукр. трыснёг, маніёк, агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, коз, авечак. Птушкагадоўля. Развіваецца рыбалоўства. Прам-сць развіта слаба. Здабыча марганцавай руды (в-аў Эфатэ), алмазаў, золата і серабра (а-вы Малекула і Эспірыту-Санта). Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Працуюць невял. кансервавыя, рыбаперапр. і тэкст. прадпрыемствы. Штогод краіну наведваюць каля 30—40 тыс. турыстаў пераважна з Аўстраліі, Новай Зеландыі, Японіі. Транспарт аўтамабільны (даўж. аўтадарог 900 км), марскі (125 разнастайных, пераважна невял. суднаў), авіяцыйны (31 аэрадром). Экспартуецца (на суму каля 16—24 млн. долараў ЗША штогод) копра, какава, мяса замарожанае і кансерваванае, рыба, драўніна, марганцавая руда і інш. Імпарт (на 60—80 млн. долараў ЗША штогод) — машыны і трансп. сродкі, харч. тавары, вырабы цяжкай прам-сці, матэрыялы і паліва, хімікаты і інш.Гал.гандл. партнёры — Аўстралія, Японія, Нідэрланды, Новая Зеландыя, Францыя і інш. Грашовая адзінка — вату.
Літ.:
Рубцов Б. Вануату: Десять лет независимости // Мировая экономика и междунар. отношения. 1990. № 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБШЧЫ́НА,
устойлівая форма сацыяльнай арганізацыі, якая характарызуецца пэўнай ступенню калектыўнай уласнасці на сродкі вытворчасці, асаблівасцямі працэсу вытворчасці і сацыяльна-грамадскага жыцця. Узнікла як арг-цыя крэўных родзічаў (радавая, сямейная абшчына) у першабытнаабшчынную эпоху, калі прымітыўны ўзровень развіцця прадукц. сіл і вытв. адносін не дазваляў людзям паасобку здабываць неабходныя для існавання сродкі. Першабытнай абшчыне ўласцівыя калект. ўласнасць на сродкі вытв-сці, калект. размеркаванне прадуктаў працы, роўнасць усіх членаў. Базісам радавой абшчыны была зямля як уласнасць усяго калектыву. З узнікненнем прыватнай уласнасці радавая абшчына паступова трансфармавалася ў суседскую (тэрытарыяльную). У ходзе яе развіцця адбывалася вылучэнне ў якасці сямейна-індывід. уласнасці асобных надзелаў зямлі, жывёлы, прылад працы, жылля. Але абшчына заставалася вярх. уласнікам усёй тэрыторыі вёскі, лясоў, пашаў і інш. зямель агульнага карыстання. Члены суседскай абшчыны некаторыя работы выконвалі сумесна, але кожная сям’я вяла асобную гаспадарку. Абшчына існавала як адносна самастойны адм.-прававы інстытут, якому належалі значныя судовыя, павіннасныя, гасп. і інш. паўнамоцтвы т.зв.звычаёвага права. Ва ўсх. славян станаўленне суседскай абшчыны («вервь», «мір») адбывалася ў 1-й пал. 1-га тысячагоддзя. У 9—12 ст. абшчына была адносна самаст. арг-цыяй сельскага насельніцтва, яе члены лічыліся свабоднымі людзьмі. З паступовым падпарадкаваннем абшчыны княжацкай уладзе з’явілася праслойка людзей, якія абаранялі інтарэсы гэтай улады (цівун, агнішчанін і інш.). На землях Беларусі ў перыяд яе знаходжання ў Вялікім княстве Літоўскім абшчына (называлася грамада) выконвала значную ролю ў арганізацыі сял. землекарыстання, самакіравання і выплаты феад. рэнты. На чале грамады стаяў старац, яму дапамагалі дзесяцкія. Поруч са старцамі ў гаспадарскіх валасцях прызначаліся велікакняжацкія намеснікі. Грамада перашкаджала феадалам павялічваць павіннасці, рэгулявала парадак карыстання абшчыннымі ўгоддзямі і выплаты падаткаў, чыніла конны суд. У ходзе агр. рэформы сярэдзіны 16 ст. роля грамады паменшала, асабліва ў зах. і цэнтр. Беларусі, дзе была праведзена валочная памера, якая ўводзіла падворнае землекарыстанне. Але яе роля павялічвалася ў часы войнаў, эпідэмій, ва ўмовах гасп. разрухі. У 18 ст. грамада яшчэ карысталася пэўнай самастойнасцю, аднак яна ўсё больш ператваралася ў залежны ад феадала орган. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі (1772—95) «Палажэннем аб валасным і сельскім кіраванні» (1797) у дзярж. уладаннях уводзілася сістэма сельскага абшчыннага кіравання, аналагічная расійскай. Правы сял. абшчыны ў дзярж. маёнтках не ахоўваліся законам. У выніку сялянскай рэформы 1861 абшчына і яе выбарныя органы сталі ніжэйшым звяном адм. кіравання ў вёсцы на землях сялян усіх катэгорый. Функцыі абшчыны, абавязкі і правы валаснога і сельскага сходаў, выбраных імі валаснога старшыны і сельскага старасты, а таксама сял. валаснога суда вызначаны «Агульным палажэннем аб сялянах, якія выйшлі з прыгоннай залежнасці». На Беларусі ўтварэнне пав. устаноў па сял. справах (канец 1870-х г.) і ўвядзенне інстытута земскіх участковых начальнікаў (пач. 20 ст.) павялічвалі адм.-паліцэйскі кантроль над органамі абшчыннага самакіравання. З сярэдзіны 19 ст. пытанне аб сутнасці абшчыны займала прыкметнае месца ў гістарыяграфіі (гл.Абшчынная тэорыя), у ідэйным і грамадска-паліт. жыцці. Вялікае значэнне абшчыне надавалі народнікі, якія лічылі яе зародкам сацыяліст. адносін у вёсцы (гл.Народніцтва). Развіццё таварна-грашовых адносін, разлажэнне сялянства як класа (на сялян, буржуазію і сельскі пралетарыят) вялі да распаду абшчыну, што найбольш яскрава праяўлялася ў пазбаўленні збяднелых сялян зямлі. У Рас. імперыі, у т. л. ва Усх. Беларусі, абшчыннае землеўладанне моцна падарвала сталыпінская аграрная рэформапач. 20 ст. У многіх месцах Беларусі абшчыннае землекарыстанне існавала да канца 1920-х г. Абшчына як суседскае аб’яднанне сялян-аднаасобнікаў ліквідавана ў выніку суцэльнай калектывізацыі сельскай гаспадаркі.
Абшчына мела месца ў гісторыі многіх народаў (задруга ў паўд. славян, марка ў Германіі і інш.). Яна існавала да пранікнення ў земляробства капіталіст. адносін.
Літ.:
Энгельс Ф. Паходжанне сям’і, прыватнай уласнасці і дзяржавы // Маркс К., Энгельс Ф. Выбр.тв.Мн., 1952. Т. 2 (Соч. 2 изд. Т. 21);
Ковалевский М. Общинное землевладение, причины, ход и последствия его разложения. Ч. 1. М., 1879;
Ленін У.І. Развіццё капіталізму ў Расіі // Тв.Т. 3 (Полн. собр. соч.Т. 3);
Голубеў В.Ф. Сялянскае землеўладанне і землекарыстанне на Беларусі XVI—XVIII стст. Мн., 1992;
Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг.Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
чарга́, ‑і, ДМ ‑рзе; мн. чэргі, ‑аў; ж.
1. Пэўны парадак, паслядоўнасць у адбыванні чаго‑н. Была ўстаноўлена чарга сачыць за тэрмометрам, уваткнутым у зямлю ў полі.Ермаловіч.Чалавек падышоў да касы, паказаў пасведчанне і без чаргі купіў білет.Гурскі.// Адна з асобных частак чаго‑н., кожная з якіх выконваецца, уводзіцца ў карыстанне ў пэўнай паслядоўнасці. Першая чарга метро. □ Брыгада ўзводзіла другую чаргу завода, з месяца ў месяц перавыконвала нормы.Астрэйка.
2. Чыё‑н. месца ў якой‑н. чарговасці, права каго‑н. дзейнічаць адпаведна чарговасці. Чакаць сваёй чаргі. □ — Раскажыце, дзядзька, што тут было, — прасілі .. [студэнты]. — Цяпер ваша чарга!В. Вольскі.[Дзесяцкі:] — Амелька, заўтра запрагай сваю кабыліцу ды збірайся ў дарогу. Пракоп, табе таксама чарга.Скрыган.Прыходзіў стары Нічыпар, казаў, што яны адбудуць чаргу толькі за карову.М. Стральцоў.
3. Група людзей, якія чакаюць атрымання чаго‑н. у парадку чарговасці і размяшчаюцца звычайна адзін за адным. Заняць чаргу. □ Доўгія чэргі стаялі амаль ля кожнага будынка вакзала.Кулакоўскі.// Спіс асоб, якія атрымліваюць што‑н. у парадку чарговасці. Чарга на атрыманне кватэр.//чаго. Вялікая колькасць каго‑, чаго‑н. Прастор мой любы, неабдымны, Чарга нясходжаных пуцін, Узор лясоў у далях дымных, Шнуры жыццёвых каляін.Хведаровіч.//узнач.прысл.чаргой (‑ою). Адзін за адным. З суседскай памяці не сцёрта, Як цераз месяц і другі Чаргой Міколы, Янкі, Пётры Ішлі на покуць, як багі.Семашкевіч.
4. Пэўная колькасць патронаў, снарадаў, выпушчаная аўтаматычнай зброяй за адзін прыём. Аўтаматная чарга. Выпусціць чаргу. □ Кулямёт ударыў доўгай чаргой.Шамякін.
•••
Выстаяць чаргугл. выстаяць.
Жывая чарга — чарга, якая патрабуе абавязковай прысутнасці ўсіх, хто заняў яе.
На чарзе (быць) — з’яўляцца, быць чарговым, неадкладна патрабаваць вырашэння.
Па чарзе — а) паслядоўна, у парадку чарговасці. Ад пускаць тавар па чарзе; б) зменьваючыся, чаргуючыся. На другім завале на ўсіх не хапіла рыдлёвак, і тут працавалі па чарзе.Краўчанка.
Сваёй (‑ёю) чаргой (‑ою) — незалежна ад каго‑, чаго‑н. (ісці, змяняцца). Адна работа за другою ідзе-плыве сваёй чаргою То ў агародзе, то на полі І не спыняецца ніколі.Колас.
Стаць на чаргугл. стаць.
У першую чаргу — перш за ўсё; неадкладна.
У сваю чаргу — са свайго боку, у адказ; адпаведна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БАГА́МСКІЯ АСТРАВЫ́ (Bahama Islands),
Садружнасць Багамскіх Астравоў (The Commonwealth of the Bahamas), дзяржава ў Вест-Індыі. Займае б.ч. аднайменных астравоў. На ПдУ іх — уладанне Вялікабрытаніі Цёркс і Кайкас. Пл. 13,9 тыс.км². Нас. 300 тыс.чал. (1994). Афіцыйная мова англійская. Сталіца і гал. порт — г. Насаў на в-ве Провідэнс. Краіна падзяляецца на 21 адм. Раён. Нац. свята — Дзень незалежнасці (10 ліп.).
Прырода. Астравы (каля 700, заселены 30) распасціраюцца на 1500 км з ПнЗ на ПдУ, ад п-ва Фларыда да а-воў Куба і Гаіці. Ад Фларыды аддзелены Фларыдскім пралівам, ад Кубы — Старым Багамскім пралівам. Астравы складзены пераважна з каралавых вапнякоў, больш за 2300 каралавых рыфаў і скал. Найб. астравы: Андрас (4,1 тыс.км²), В. Абака (2 тыс.км²), В. Багама (1,1 тыс.км²). Паверхня раўнінная, выш. да 60 м над узр. мора. Развіты карст. Карысныя выкапні: каменная соль (в-аўВ. Інагуа) і араганіт (найбольшыя ў свеце радовішчы на шэльфе Багамскіх астравоў, цэнтр здабычы — а-вы Біміні). Клімат трапічны, пасатны. Сярэднямесячныя т-ры паветра ад 21—24 °C да 32 °C. Ападкаў 1000—1600 мм за год. Дажджавы перыяд з мая да кастрычніка. Шмат салёных азёраў, якія злучаюцца з морам. Частыя ўраганы. Недахоп прэснай вады. Зараснікі калючых хмызнякоў, участкі хваёвых і лістападных лясоў, на ўзбярэжжы гаі какосавых пальмаў.
Насельніцтва. Каля 85% — негры і мулаты, 15% — англічане, амерыканцы, канадцы, грэкі і інш. Сярод вернікаў пераважаюць хрысціяне. Сярэдняя шчыльнасць 21,6 чал. на 1 км². У гарадах жыве 64% насельніцтва. Больш як палавіна насельніцтва сканцэнтравана на в-ве Нью-Провідэнс (пл. 207 км²). Самыя вял. гарады (1994): Насаў (172 тыс.ж.), Фрыпарт (26 тыс.ж., на в-ве В. Багама). Каля 40% працаздольных занята ў гандлі, банкаўскай справе і прам-сці, 25% — у абслугоўванні турыстаў.
Гісторыя. У першых стагоддзях н. э. астравы былі заселены індзейскімі плямёнамі аравакаў. У 1492 адкрыты Х.Калумбам. На працягу 16 ст. значная частка індзейскага насельніцтва знішчана ісп. каланізатарамі ці пераселена на в-аў Гаіці. У 1629 тут узнікла першае англ. паселішча (в-аў Нью-Провідэнс). У канцы 17 ст. — прытулак піратаў. Паводле Версальскага дагавору 1783 — англ. калонія. Пасля вайны за незалежнасць англ. калоній у Паўн. Амерыцы (1755—83) сюды перасяляліся амер. лаялісты, у 18—19 ст. завезена вял. колькасць неграў з Афрыкі.
У 1964 Багамскія астравы атрымалі ўнутраную аўтаномію, з 1973 — незалежная дзяржава. Чл.ААН (з 1973). Фармальна канстытуцыйная манархія. Чл.брыт. Садружнасці. Паводле канстытуцыі 1973 кіраўнік дзяржавы брыт. манарх у асобе прызначанага ім ген.-губернатара. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму парламенту: палата сходу выбіраецца на ўсеагульных выбарах, сенат прызначаецца ген.-губернатарам. Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ерам — лідэрам партыі, якая атрымала большасць галасоў на выбарах.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — замежны турызм (60% дзярж. даходаў), фін. і гандл. дзейнасць. Доля ў валавым ўнутр. прадукце сферы абслугоўвання (з турызмам) складае 70%, прам-сці — 10%. Багамскія астравы — цэнтр турызму і зімовы курорт для жыхароў ЗША, а таксама Канады і Еўропы (каля 2,5 млн.чал. штогод). Буйны фін. цэнтр: дзейнічаюць аддз. больш як 400 банкаў і інш. крэдытна-фін. устаноў (падатковыя паступленні ад іх даюць да 20% дзярж. даходу). Вытв-сць электраэнергіі 929 млн.кВт∙гадз (1992). Нафтаперапр. з-ды буйных міжнац. кампаній (цэнтр — Фрыпарт). Прадпрыемствы цэм., фармацэўтычнай, металург. (вытв-сць стальных трубаў), харч. (у т. л. цукровай, вытв-сць рому і лікёру, таматнага соку, кансерваваных ананасаў і лангустаў) прам-сці. Традыцыйныя рамёствы, звязаныя з турызмам (вытв-сць вырабаў з сізалю, ракавін, чарапахавых панцыраў). Сельская гаспадарка развіта слаба, каля 80% харч. прадуктаў імпартуецца. Плошча с.-г. угоддзяў каля 16 тыс.га, апрацоўваецца каля 9 тыс.га. Вырошчваюць ананасы, цытрусавыя, бананы, памідоры, сізаль, цукр. трыснёг, манга, дыні і інш. Пагалоўе (тыс.гал.): буйн. раг. жывёлы каля 4, авечак каля 37, козаў каля 18, свіней каля 50, птушкі каля 810. Рыбная лоўля і марскія промыслы (тунец, лангусты, марскія чарапахі, вустрыцы). Нарыхтоўка драўніны. Даўж. аўтадарог 3,3 тыс.км. Аўтапарк (1994): 70 тыс. легкавых і 15 тыс. грузавых аўтамабіляў. Экспарт: нафта і нафтапрадукты (90% кошту), медыкаменты, араганіт, цэмент, соль, ром і лікёр, агародніна, лангусты, драўніна. 80% імпарту — сырая нафта, 20% — харч. і прамысл. тавары. Асн. знешнегандл. партнёры: ЗША (90% экспарту і 10% імпарту), краіны ЕС, Нігерыя, Саудаўская Аравія, Канада, Нарвегія. Грашовая адзінка — багамскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ПААЗЕ́Р’Е,
фізіка-геаграфічная акруга Беларуска-Валдайскай правінцыі. Уключае частку правінцыі Усх. Прыбалтыка. Займае Віцебскую і невял. часткі ПнУ Гродзенскай і Пн Мінскай абласцей. Мяжуе на Пд з акругай Беларуская града. Працягнулася з З на У на 300 км, з Пн на Пд на 150—200 км; пл. 44,6 тыс.км². Падзяляецца на фіз.-геагр. раёны: Браслаўскія грады, Латгальскае ўзвышша, Нешчардаўскае ўзвышша, Полацкая нізіна, Свянцянскія грады, Ушацка-Лепельскае ўзвышша, Чашніцкая раўніна, Гарадоцкае ўзвышша, Віцебскае ўзвышша, Суражская нізіна, Лучоская нізіна, Верхнебярэзінская нізіна, Нарачана-Вілейская нізіна (гл. карту да арт.Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі).
Крышталічны фундамент залягае на глыб. ад -300 да -500 м (на паўн. схіле Бел. антэклізы, на Латвійскай седлавіне) да -1500 м (у Аршанскай упадзіне). У платформавым чахле найб. пашыраны палеазойскія адклады (дэвон, на ПдЗ ардовік, сілур), усюды іх перакрываюць кайназойскія пароды, пераважна антрапагенавай сістэмы (магутнасць 40—270 м), у якіх вылучаюцца ўтварэнні ўсіх зледзяненняў і міжледавікоўяў плейстацэну і адклады галацэну. Формы рэльефу ўтварыліся ў час дэградацыі паазерскага зледзянення, складзены з марэнных суглінкаў, водна-ледавіковых пяскоў і пяскоў са жвірам, азёрна-ледавіковых глін і суглінкаў. Рэльеф фарміраваўся ў час некалькіх стадыялаў, з якіх найб. выразныя аршанскі стадыял і браслаўскі стадыял.
Рэльеф Беларускага Паазер’я самы малады на тэр. Беларусі (узнік 14—18 тыс. гадоў назад). Паверхня мае катлавінападобную форму (у цэнтры абс. адзнакі 120—160 м), павышаныя ўскраіны створаны краявымі ўзвышшамі і градамі, якія маюць значныя абс. вышыні: Віцебскае да 296 м, Гарадоцкае да 259 м, Свянцянскія грады ў межах Беларусі 229 м. Канцова-марэнны рэльеф (градавы, дробна-, сярэдне- і буйнаўзгорыста-азёрны) узвышаецца над суседнімі нізінамі да 80—100 м, на ім развіты камы, озы і друмліны, шматлікія глыбокія (да 40—70 м) азёрныя катлавіны, тэрмакарставыя западзіны, ледавіковыя лагчыны і лагчыны сцёку талых ледавіковых водаў. Марэнныя раўніны маюць плоскі і спадзістахвалісты рэльеф (з адноснымі перавышэннямі 5—7 м), азёрныя катлавіны, шматлікія тэрмакарставыя западзіны, камы і озы, на водна- і азёрна-ледавіковых нізінах рэльеф плоскі і плоскахвалісты, з азёрамі, якія зарастаюць. Рачныя даліны на б.ч.тэр. Беларускага Паазер’я слаба выпрацаваныя, а на ўзвышшах урэзаныя на 30—40 м, маюць надпоймавыя тэрасы, скразныя ўчасткі, у рэчышчах трапляюцца парогі. Карысныя выкапні: даламіты, легкаплаўкія гліны, пясок, жвір, торф, сапрапель. Пра клімат гл. ў арт.Беларуска-Валдайская правінцыя.
Рэкі належаць да бас. Балтыйскага мора — Зах. Дзвіна з прытокамі Обаль, Палата, Дрыса (справа), Лучоса, Ула, Ушача, Дзісна (злева), на З Вілія, на ПнУ Ловаць — і да бас. Чорнага мора — Бярэзіна з прытокамі. У Беларускім Паазер’і каля 4 тыс. азёраў (наз. азёрным краем). Многія азёры злучаны пратокамі і рэкамі і ўтвараюць групы (Нарачанская група азёраў, Браслаўская група азёраў, Ушацкая група азёраў і інш.). У асобных раёнах азёры займаюць да 10% тэрыторыі. Тут самае вялікае ў Беларусі воз. Нарач (пл. 79,6 км²) і самае глыбокае воз. Доўгае (глыб. 53,7 м). Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, на ўзвышшах і раўнінах сугліністыя і супескавыя, часткова завалуненыя і змытыя, на нізінах пясчаныя. Да нізін прымеркаваны дзярнова-падзолістыя залішне ўвільготненыя і глеяватыя глебы, у стараж. азёрных катлавінах, у паніжэннях рэльефу і рачных далінах — дзярнова-балотныя і тарфяныя глебы, на поймах — алювіяльныя. Банітэт глебаў с.-г. угоддзяў 45—60 балаў. Лясы займаюць на нізінах 50%, на ўзвышшах менш за 30% тэрыторыі, належаць да Заходнядзвінскай геабат. акругі падзоны дубова-цемнахвойных лясоў. Нізіны занятыя лясамі з хвоі, узвышшы — яловымі і шыракаліста-яловымі лясамі; пашыраны драбналістыя лясы. Балоты на 8% тэрыторыі, пераважна вярховыя (найб.Жураўлёўскае балота, Габы, Ельня, Сэрвач і інш.). Пад ворывам каля 30% тэрыторыі. Ахоўныя тэрыторыі: нац. парк «Браслаўскія азёры», Бярэзінскі біясферны запаведнік; заказнікі ландшафтныя Сялява, Сіньша, гідралагічныя Белае, Вял. Мох, Вял. Астравіта, Глыбокае Чарбамысла, Доўгае, Крывое, Ельня, Карыценскі Мох, Сосна, Верхневілейскі, Сэрвач, Швакшты, Галубіцкая пушча, Сарачанскія азёры, біялагічныя Вял. Балота, Забалоцце, Запольскі, Лонна, Мошна, Фаміно, Чысцік, Юхавіцкі і інш. Сярод помнікаў прыроды рэсп. значэння — самы вял. ў Беларусі валун «Вялікі камень». Курорты Нарач, Ушачы, Лётцы, Верхнядзвінскі.
Літ.:
Якушко О.Ф. Белорусское Поозерье: История развития и современное состояние озер Северной Белоруссии. Мн., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПА́ТЫ,
горная сістэма на УЦэнтр. Еўропы. Размешчана на тэр. Румыніі (каля 56% паверхні), Чэхіі і Славакіі (20%), Украіны (каля 10%), Польшчы (9,3%), Венгрыі (4,4%) і Аўстрыі (0,3%). Цягнецца дугой, адкрытай на З, ад Дзевінскіх Варот у наваколлі Браціславы да Жалезных Варот на Дунаі. Даўж. 1500 км, шыр. 100—300 км, найб. да 430 км на ПдУ. Паверхня К. разам з перадгор’ямі займае каля 190 тыс.км², з якіх 105 тыс.км² размешчана вышэй за 500 м; сярэдняя выш. каля 1000 м, найб. 2655 м (г. Герлахаўскі Шціт у Татрах). К. — адзін з гал. водападзелаў Еўропы паміж Балтыйскім і Чорным морамі. Складаюцца з кулісападобна размешчаных горных масіваў і хрыбтоў, расчлянёных падоўжнымі і папярочнымі далінамі рэк. Араграфічна вылучаюцца Заходнія Карпаты, Усходнія Карпаты (ч. іх наз. Украінскія К.), Бяскіды, Паўднёвыя Карпаты, Заходнія Румынскія горы і Трансільванскае плато. Уздоўж вонкавага боку дугі К. цягнецца паласа перадгор’яў, шыр. да 40—60 км. Ва ўнутранай ч. Карпацкай дугі знаходзіцца Вял. Венгерская нізіна. У К. пашыраны карставыя раёны, складзеныя з вапнякоў і даламітаў, якія асабліва ярка выражаны ў масівах Славацкі Крас, Хэгімаш, Аніна. Ва Усх. К. на нізкагор’ях участкі з гліністым і саляным карстам і актыўна дзеючымі гразевымі вулканамі.
К. ўваходзяць у склад альпійскай геасінклінальнай вобласці (гл. таксама Карпацкая складкавая вобласць). Утварыліся ў неаген-антрапагенавы перыяд. У фарміраванні рэльефу пасля гораўтваральнай стадыі асн. ролю адыгрывалі неатэктанічныя рухі, рачная эрозія, плейстацэнавыя ледавікі, схілавыя і карставыя працэсы. Вонкавы пояс перадкарпацкіх прагінаў складзены пераважна з флішу (пясчанікі, кангламераты, гліністыя сланцы). Цэнтр. (восевы) пояс утвораны пераважна з крышт. парод, вапнякоў, дзе знаходзяцца найб. высокія хрыбты (Татры, Фэгэраш і інш.) са слядамі стараж. зледзянення. Унутр. пояс прадстаўлены ў асн. вулканічнымі масівамі. Радовішчы нафты і газу, каменнага і бурага вугалю, каменнай і калійнай солей, серы, каляровых і рэдкіх металаў, мінер. вод і інш.
Клімат К. умераны, пераходны ад марскога да кантынентальнага. Сярэдняя т-растудз. ад -2 °C на Пд да -5 °C на Пн, на высокіх вяршынях да -10 °C. Ва ўнутр. упадзінах зімой назіраюцца тэмпературныя інверсіі. Сярэдняя т-раліп. ад 17 °C на Пн да 20 °C на Пд; у верхнім поясе гор зніжаецца да 4 °C. Гадавая колькасць ападкаў у перадгор’ях 600—800 мм на вонкавым баку дугі Усх. і Паўд. К. і 900—1000 мм у Зах. Румынскіх гарах і Зах. К. У высакагорным поясе сума ападкаў павялічваецца да 1200—1400 мм на Пд і 1800—2000 мм на ПнУ. Максімум ападкаў выпадае летам. Снежнае покрыва ў перадгор’ях трымаецца 2—3 месяцы, у высокіх гарах — 5—7 месяцаў і больш. Рэкі бас. Віслы і Одры ахопліваюць б.ч.паўн. схілаў і ўпадаюць у Балтыйскае м. Большасць рэк належаць да бас.р. Дунай, рэкі паўн.-ўсх. схілаў — да бас.р. Днестр, якія ўпадаюць у Чорнае м. Для рэк К. характэрны ваганні ўзроўню вады (да 5 м) вясной і ў пачатку лета; маюць вял. запасы гідраэнергіі. Азёры ў высакагор’і займаюць днішчы стараж. караў. Глебы пераважна горна-падзолістыя, у катлавінах — бурыя. Расліннасць размеркавана адпаведна вышыннай пояснасці: да 600—750 м шыракалістыя лясы (дуб, граб, бук), да выш. 1200—1400 м мяшаныя лясы (бук, піхта); хвойныя лясы (у асноўным з елкі) падымаюцца да 1500—1600 м ка Пн і 1700—1800 м на Пд. Вышэй лясоў размешчаны: субальпійскія зараснікі крывалесся (хваёвы сланік, ядловец у Зах. К. і вольха ва Усх. К.); альпійскія лугі (паланіны) ці пояс фрагментарнага развіцця альпійскіх лугоў (да выш. 2300—2400 м) з альпійскім разнатраўем і зараснікамі рададэндрану і карлікавай вярбы; востраканцовыя скалістыя вяршыні субнівальнай зоны пераважна без расліннасці. Жывёльны свет: алень, казуля, дзік, воўк, мядзведзь, рысь, лясны кот і інш. Для аховы прыроды ўтворана шмат заказнікаў і некалькі нац. паркаў. Самы вял. з іх у Татрах на тэр. Польшчы і Славакіі. Найб. густанаселены перадгор’і і ўнутрыгорныя катлавіны. Верхняя мяжа пасяленняў даходзіць да 800 м (макс. да 1300 м). Важнае значэнне маюць лясы як рэсурсы для вытв-сці драўніны. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля (у асноўным авечкагадоўля). Земляробствам займаюцца ў міжгорных∙ катлавінах і на схілах да выш. 600—1000 м. праз К. ўздоўж далін рэк і на перавалах праходзяць камунікацыйныя лініі. Турыстычны раён. Цэнтры турызму і курорты на базе крыніц з мінер. вадой.
А.Ф.Санько, Т.Каліцкі.
Да арт.Карпаты. Высокія Татры, даліна Спішскіх азёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
кі́дацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Мітусліва рухацца. [Карась] кідаўся па днішчы лодкі і зяхаў жабрамі.Лобан.// Рассыпацца, разбягацца (пра многіх). Жывёла кідаецца ў бакі, топча спелае жыта.Паўлаў.
2.Разм. Жыць у беднасці, горы; перабівацца. Кідаецца, б’ецца Сцяпан: і ў сваёй гаспадарцы ўсё перарабіць і на людзей, як вол, варочае.Чарнышэвіч.// Гадавацца без патрэбных умоў, без належнага догляду. Дома дзед і бабка не вельмі былі рады лішняму роту, але ўжо калі з’явіўся чалавек на свет, дык нічога не паробіш, як-небудзь няхай кідаецца.Астрэйка.
кіда́цца, ‑а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.
1. Кідаць у каго‑, што‑н. чым‑н. або адзін у аднаго. Кідацца снежкамі. □ Між парт гойсалі вучні, кідаліся шапкамі.С. Александровіч.//перан. Не даражыць кім‑, чым‑н. Кідацца грашамі. □ [Наталля:] Харошыя людзі не так часта трапляюцца, каб імі кідацца.Крапіва.
2. Спешна накіроўвацца, бегчы куды‑н., да каго‑, чаго‑н. Выскаквалі з двароў дзеці, стрымгалоў кідаліся да калёс, крычалі на ўсе галасы: — Вяселле едзе!Лынькоў.Шэсць чалавек на конях кідаюцца на дарогу ў бок лясоў.Чорны.// Парывацца, імкнуцца да каго‑н. з якімі‑н. пачуццямі. Кідацца на шыю. □ Шалёхін парывіста ўстае, кідаецца да дзеда Талаша.Колас.// Нападаць, накідвацца на каго‑, што‑н. Сабака кідаецца на незнаёмага. □ Заўважыў Патапавіч вулей таму, што гулі пчолы і падчас кідаліся на чалавека.Кулакоўскі.// З прагнасцю брацца, прымацца за што‑н. Кідацца на ежу. □ — Здавалася б, адпачываць трэба, а ён кідаецца, як галодны, на работу.Чыгрынаў.
3. Тое, што і кідацца (у 1 знач.). Кідацца ў гарачцы. Кідацца ў сне.
4.(зінф.ісасловамі,якіяабазначаюцьдзеянне). Паспешліва, імкліва пачынаць якое‑н. дзеянне. Кідацца дапамагаць. Кідацца ў спрэчку. □ [Толік] прычапіўся на вуліцы да Максіма, кідаўся біцца.М. Стральцоў.
5.Разм. Скакаць, падаць уніз. Мужчыны распраналіся ў лесе, пад дубамі, і з высокага абрыву кідаліся ў ваду.Шамякін.// Імкліва садзіцца, класціся. Рыгор кідаўся ў падушку і засыпаў.Гартны.[Коля] усх[оплі]ваўся, а пасля зноў кідаўся на ранейшае месца.Чорны.
6.Зал.да кідаць (у 1, 2 знач.).
•••
Кідацца словамі — гаварыць неабдумана, не адказваючы за свае словы.
Кідацца ў абдымкідакаго — наладжваць блізкія сяброўскія адносіны з кім‑н., выяўляць асаблівую прыхільнасць да каго‑н.
Кідацца ў амбіцыю — пакрыўдзіўшыся, выказваць нязгоду, незадавальненне.
Кідацца ў вочы — прыцягваць увагу, быць асабліва прыметным.
Кідацца ў істэрыку — выяўляць ва ўчынках і ў паводзінах вялікую нястрыманасць, узбуджанасць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)