РАДАХРАЗІ́Т (ад грэч. rhodon ружа + chrōsis афарбоўка),

марганцавы шпат, мінерал класа карбанатаў, карбанат марганцу, MnCO3. Мае ў сабе аксід марганцу (да 61,7%), прымесі жалеза, магнію, кальцыю і інш. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Утварае зярністыя, ныркападобныя агрэгаты, Зямлістыя масы, ромбаэдрычныя крышталі. Колер ружовы, шаравата-белы, зеленавата-шэры. Паўпразрысты, зрэдку да празрыстага. Бляск шкляны з перламутравым адлівам. Цв. 3,5—4. Шчыльнасць 3,7 г/см³. Крохкі. Паходжанне асадкавае, гідратэрмальнае, кантактава-метасаматычнае. Выкарыстоўваецца як дэкаратыўны і ювелірна-вырабны (празрысты) камень. Уваходзіць у састаў марганцавых руд.

Радахразіт.

т. 13, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІДЭРЫ́Т (грэч. sidēritis, ад sidēros жалеза),

жалезны шпат, мінерал класа карбанатаў, карбанат жалеза, FeCO3. Мае ў сабе аксід жалеза FeO да 62,1%, прымесі магнію, марганцу, кальцыю. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Утварае зярністыя агрэгаты, канкрэцыі, зямлістыя масы, нацёчныя формы, зрэдку крышталі ромбаэдрычныя, таблітчастыя, прызматычныя і інш. Колер жаўтавата-белы, у акісленага С. — карычневы да чорнага з чырв. адценнем. Цв. 4. Шчыльн. З,96 г/см³. Паходжанне асадкавае, гідратэрмальнае метамарфічнае. Гал. мінерал жалезных руд. Радовішчы ў Расіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Аўстрыі, на Украіне і інш.

Сідэрыт.

т. 14, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

давучы́цца, ‑вучуся, ‑вучышся, ‑вучыцца; зак.

1. Завяршыць сваю адукацыю, дакончыць навучанне чаму‑н. Давучыцца на курсах.

2. Правучыцца да якога‑н. тэрміну, класа, курса і пад. Давучыцца да лета. Давучыцца да трэцяга курса.

3. Разм. Працяглай вучобай давесці сябе да непрыемных вынікаў. Давучыўся да таго, што страціў зрок.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падрыхто́ўчы, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца падрыхтоўкай да чаго‑н., папярэдні. Добрая палова поспехаў атрада грунтавалася на.. непрыкметнай падрыхтоўчай рабоце [сувязных]. Брыль.

2. Які служыць для папярэдняга навучання, падрыхтоўкі. Падрыхтоўчая група дзіцячага сада. Падрыхтоўчыя курсы пры інстытуце. □ Вучні падрыхтоўчага класа займаліся без продыху: па 6–8 урокаў. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трыу́мф, ‑у, м.

1. Урачыстая сустрэча палкаводца і яго войска ў Старажытным Рыме ў сувязі з дасягнутай перамогай.

2. Бліскучы поспех, выдатная перамога; урачыстасць. Трыумф ленінскай нацыянальнай палітыкі. □ Міцеў трыумф пачаўся ў красавіку, калі ён занёс дырэктару заяву з просьбай прыняць экзамены за тры чвэрці дзевятага класа. Навуменка.

[Лац. triumphus.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суперавія́цыя

(ад супер- + авіяцыя)

авіяцыя вышэйшага класа.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БАЛАНАГЛО́С (Balanoglossus),

род паўхордавых жывёл класа кішачнадыхальных. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, на дне мораў. Доўгі час іх адносілі да чарвей; рус. вучоны А.​А.​Кавалеўскі даказаў (1867), што яны бліжэй да хордавых жывёл, шэраг прыкмет збліжае іх з ігласкурымі і паганафорамі. Найб. вядомы баланаглос клавігерус.

Даўж. 3—250 см (Balanoglossus gigas). Цела чэрвепадобнае, складаецца з 3 аддзелаў — хабатка, каўнерыка і тулава. Маюць шчэлепы (2 рады), якія пранізваюць стрававод. Раздзельнаполыя, Balanoglossus proliferans можа размнажацца палавым і бясполым (дзяленнем) спосабамі. Кормяцца дробнымі жывёламі, расліннымі рэшткамі і інш. арган. рэчывамі.

Баланаглос клавігерус.

т. 2, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ЛА, кляпайла,

старажытны муз. інструмент класа ідыяфонаў. Мае выгляд прадаўгаватай драўлянай або метал. пласціны розных памераў. Вял. біла падвешваюць да слупа («білніцы»), малое трымаюць у руцэ. Пры ўдарах па біле палкай або малатком узнікае паслядоўнасць гукаў рознай тэмбравай афарбоўкі (рэзкай сухаватай у драўляных, працяглай гулкай у металічных) і рытмічнай арганізацыі, часам з прыкметным вышынным адхіленнем і фразіроўкай. Пашырана ў многіх народаў свету (славянскіх, фіна-угорскіх, азіяцкіх). З 1-га тыс. вядомы як сігнальны інструмент: выкарыстоўваецца і цяпер у хрысц. царк. практыцы, старажоўстве, вясковым і гар. побыце.

І.​Дз.​Назіна.

Біла.

т. 3, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЗГО́ТКІ, бразгуны, бразгаўкі,

агульная назва многіх нар. інструментаў класа ідыяфонаў: шархуноў, званкоў, талерачак (састаўных частак бубна), трашчотак і ўласна бразготак. Уласна бразготкі напачатку служылі дзіцячай цацкай, выкарыстоўваліся як сігнальны інструмент у начным старажоўстве. Маюць выгляд драўлянага корпуса з ручкай. Унутры корпуса на прымацаванай да яго адным канцом нітцы нанізана жменя высушанага насення бабовых. На Беларусі пашыраны таксама ў выглядзе звычайнай скрыначкі з некалькімі каменьчыкамі або невял. шарыкамі ўнутры, замацаванымі пасярэдзіне свабодна нацягнутай ніткай. У наш час вядомы як ансамблевы рытмічна-каларыстычны інструмент.

І.​Дз.​Назіна.

Бразготка.

т. 3, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІВІЯНІ́Т (ад прозвішча англ. мінералога Дж.​Вівіяна),

мінерал класа фасфатаў, водны фасфат двухвалентнага жалеза Fe3[PO4]2∙8H2O. Прымесі марганцу, магнію, кальцыю. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі прызматычныя, ігольчастыя, таблітчатыя. Зямлістыя і парашкаватыя масы, канкрэцыі. У свежым выглядзе бясколерны, празрысты, на паветры лёгка акісляецца, набываючы блакітную, індыгава-сінюю да чорна-сіняй афарбоўку. Бляск шкляны або зямлісты. Цв. 1,5—2. Шчыльн. 2,7 г/см³. Асадкавы, радзей гіпергенны, ёсць у многіх тарфяніках. Выкарыстоўваецца як мінер. пігмент (сіняя фарба) і мясц. ўгнаенне. У Беларусі радовішчы вівіяніту ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях.

Вівіяніт.

т. 4, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)