род гетэрабазідыяльных грыбоў сям. дрыжалкавых. Вядома каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных зонах. Сапратрофы. На Беларусі 3 віды.
Найчасцей трапляецца на сухіх галінках лісцевых дрэў на працягу ўсяго года Д. звілістая (T. mesenterica).
Пладовыя целы акруглыя, пукатыя, з глыбокімі звілістымі складкамі, ярка жоўтыя ці аранжавыя, дыям. да 4 см, шчыльнастудзяністыя, пры высыханні рогападобныя. Споры яйцападобныя, гладкія, бясколерныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫВАНО́ВЫЯ РАСЛІ́НЫ,
нізкарослыя, часцей паўзучыя травяністыя расліны з разнастайна афарбаваным лісцем, якія выкарыстоўваюць у дэкар. кветкаводстве для стварэння дывановых кветнікаў. Выш. звычайна 5—15 см. Большасць Д.р. шматгадовыя. На Беларусі як Д.р. выкарыстоўваюць многія віды агатак, агератуму, альтэрнантэры, бягоніі, ірэзінэ, палыну, партулаку і інш. Размнажаюць пераважна чаранкамі. Догляд за Д.р.: паліўка, падстрыганне і пасынкаванне.
Схіл з дывановымі раслінамі каля станцыі метро «Кастрычніцкая» ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫБО́КАЕ-ЧАРБАМЫ́СЛА,
гідралагічны заказнік у Полацкім р-не Віцебскай вобл. Размешчаны на ПнУ Полацкай нізіны. Створаны ў 1979 як азёрны заказнік рэсп. значэння для аховы Глыбокага возера, воз.Чарбамысла і прылеглых прыродных комплексаў. Пл. 516 га (1996). Вадазборная плошча на 95% пад лесам. Пераважае хвоя, трапляюцца невял. ельнікі з дамешкам бярозы, па берагах воз. Глыбокае — вольха. У азёрах растуць рэдкія ахоўныя віды — палушнік азёрны, лабелія Дортмана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕ́ЗНАЕ ДРЭ́ВА,
назва дрэў з розных сям. з незвычайна цвёрдай і цяжкай драўнінай. Вядома каля 100 відаў, пераважна трапічныя. Ж.д. называюць паротыю, віды каркасу, самшыту, сінопсісу (Паўд. Амерыка), тазалію ланцэтную (трапічная Азія, Афрыка, Мадагаскар), мезую жалезную (Індыя), стадманію моцнадраўнінную (в-аў Маўрыкій), іксору жалезную (Антыльскія а-вы), акацыю высокую (Аўстралія) і інш. Драўніну Ж.д. выкарыстоўваюць для вытв-сці ручак інструментаў, дэталей прылад і прыбораў, паляў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́НЫ (ад лац. collido сутыкаць варожа),
арганічныя рэчывы, якія выдзяляюцца вышэйшымі раслінамі і прыгнятальна ўздзейнічаюць на інш.віды вышэйшых раслін; адна з груп біялінаў — актыўных прадуктаў жыццядзейнасці раслін і жывёл. К. належаць да інгібітараў, якія пераважаюць сярод фіталінаў. Да К. адносяць, напр., газ этылен, што выдзяляюць плады яблыні, ён затрымлівае прарастанне насення і развіццё многіх відаў раслін; арэх і дуб сваімі выдзяленнямі прыгнечваюць травяную расліннасць пад кронай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГ (ад англ. lag запазненне),
паказчык, які характарызуе адставанне або апярэджанне ў часе адной з’явы ў параўнанні з іншай, звязанай з ёй з’явай. У эканоміцы найб. важныя віды Л. — інвестыцыйны (характарызуе час абароту ўсіх вытв. капіталаўкладанняў) і будаўніцкі (сярэдні тэрмін будаўніцтва вытв. аб’екта), а таксама запазненне прапановы тавараў ад іх вытворчасці, попыту ад прапановы, спажывання ад попыту, запазненне выпуску кадраў ад пачатку іх абучэння і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМНАФІ́ЛЬНЫЯ ЖЫВЁЛЫ,
жывёлы азёр, вадасховішчаў, сажалак. Па размяшчэнні ў вадаёме вылучаюць арганізмы, якія жывуць на дне (бентас), у тоўшчы вады (нектон, планктон), на воднай паверхні, на мяжы вады і атмасферы (нейстон, плейстон). Л.ж., у адрозненне ад рэафілаў, менш патрабавальныя да колькасці кіслароду ў вадзе, у іх няма органаў прымацавання да субстрату. Асобныя віды Л.ж. разглядаюцца як біял. індыкатары воднага асяроддзя. Гл. таксама Лімнабіёнты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́РАВЫЯ, ліры-рыбы, марскія мышы,
пячкуркі (Callionymidae), сямейства рыб атр. акунепадобных. 10 родаў, каля 130 відаў. Пашыраны ў прыбярэжнай зоне мораў умеранага і трапічнага паясоў (у Чорным м. 4 віды). Актыўныя ўначы, удзень напаўзакопваюцца ў грунт.
Даўж. да 35 см. Цела без лускі, страката і ярка афарбаванае. Брушныя плаўнікі знаходзяцца спераду грудных. Выражаны полавы дымарфізм. Кормяцца дробнымі беспазваночнымі.
Да арт.Ліравыя. Ліра-рыба: самец (уверсе) і самка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІТЭЛО́ПСІС (Nitellopsis),
род харавых водарасцей сям. харавых. 3 віды. Пашыраны ўсюды. На Беларусі на ілістым дне глыбокіх вадаёмаў трапляецца Н. прытуплены (N. obtusa).
Талом з ніткападобных парасткаў, членіста-кальчаковай будовы выш. да 1 м, падзелены на вузлы і міжвузеллі, прымацоўваецца да грунту рызоідамі. Міжвузеллі ўтвораны адной шмат’ядзернай клеткай даўж. 0,2—20 см, якая не здольна да дзялення. Размнажэнне вегетатыўнае і палавое.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЛЕ́СНІК (Mercurialis),
род кветкавых раслін сям. малачаевых. 8 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Еўразіі і Паўн. Афрыкі. На Беларусі 1 від — П. шматгадовы (M. perennis), нар. назвы сіневароць, сінярод. Трапляецца ў шыракалістых і мяшаных лясах, хмызняках.
Адна- і шматгадовыя травы без млечнага соку. Лісце супраціўнае, цэласнае. Кветкі аднаполыя (расліны двухдомныя), дробныя, зеленаватыя, беспялёсткавыя, сабраныя ў суквецце або адзіночныя. Плод — каробачка. Усе віды ядавітыя.