МУ́РСІЯ (Murcia),

горад на ПдУ Іспаніі, на р. Сегура. Адм. ц. аўтаномнай вобласці і правінцыі Мурсія. Засн: ў 825. 319 тыс. ж. (1991). Трансп. вузел. Гал. цэнтр вытв-сці натуральнага шоўку. Прам-сць: вытв-сць матацыклаў, абсталявання для кансервавай прам-сці, шкла, выбуховых рэчываў, баваўняных тканін, перапрацоўка цытрусавых. Ун-т. Сабор (14—15 ст.), царква (16—17 ст.).

т. 11, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАТАГЕ́Я (Notogea ад грэч. notos поўдзень + зямля),

біягеаграфічнае царства сушы, якое ўключае Аўстралію з навакольнымі астравамі, Новую Зеландыю, астравы і архіпелагі Акіяніі і крайні поўдзень Паўд. Амерыкі. У Н. вылучаюць 4 біягеагр. вобласці: Аўстралійскую, Новазеландскую, Палінезійскую і Патагонскую (гл. адпаведныя арт.). Найб. характэрныя рысы — старажытнае паходжанне і высокі ўзровень эндэмізму флоры і фауны, вял. разнастайнасць сумчатых жывёл.

т. 11, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРМ,

назва ў 13—17 ст. гіст. вобласці ў Расіі ад Уральскіх гор да рэк Пячора, Кама і Вычагда, населенай народам комі. Падзялялася на П. Вялікую — сучасная Комі-Пярмяцкая аўт. акруга і П. Малую (Старую, Вычагодскую) — тэр. сучаснай Рэспублікі Комі. У 13—сярэдзіне 15 ст. П. плаціла даніну Наўгародскай феадальнай рэспубліцы, у 1478 далучана да Маскоўскага вял. княства.

т. 12, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́НТА-АРЭ́НАС (Punta Arenas),

горад на Пд Чылі, у цэнтр частцы Магеланава праліва. Другі (пасля аргенцінскага г. Ушуая) з найб. паўднёвых гарадоў Зямлі. Адм. ц. вобласці Магальянес. Засн. ў 1849. Каля 100 тыс. ж. (2000). Порт у Магеланавым праліве. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: дрэваапр., нафтахім., харч., у т. л. мясакансервавая. Музей Патагоніі. Паблізу здабыча бурага вугалю і нафты. Турызм.

т. 13, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НАВІЦКАЯ АКРУГО́ВАЯ АНТЫФАШЫ́СЦКАЯ АРГАНІЗАЦЫ́Я ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з мая 1942 да снеж. 1943. Яе ўзначальваў Акруговы бел. антыфаш. к-т Баранавіцкай вобласці. Створана на базе антыфаш. груп Гродзенскай вобласці. Арганізацыйна аформлена 5.5.1942 на міжраённай канферэнцыі кіраўнікоў шэрагу антыфаш. груп, выбраны Акруговы к-т з 6 чал.: Г.​М.​Картухін (старшыня), А.​Ф.​Манкевіч (нам. старшыні, абодва да ліп. 1942), А.​А.​Патапаў (сакратар), Б.​І.​Гардзейчык, П.​В.​Жукоўскі, А.​І.​Іваноў. К-т аб’ядноўваў разрозненыя партыз. і падп. групы, садзейнічаў стварэнню новых груп і арг-цый. Да чэрв. 1942 створаны: 5 дыверсійных груп (125 чал.); Васілішкаўскі, Скідзельскі і Шчучынскі раённыя к-ты, якія ўзначальвалі 35 падп. груп (150 чал.). Да восені 1942 пад кіраўніцтвам К-та барацьбу з акупантамі вялі больш за 260 падпольшчыкаў. Антыфаш. арг-цыі праводзілі паліт. работу сярод насельніцтва і партызанаў, выпускалі лістоўкі. Далейшы рост партыз. руху ў рэгіёне праходзіў у цеснай сувязі з антыфаш. арг-цыямі.

т. 2, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЗДЗЕЖ,

вёска ў Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на ПнУ ад Драгічына, 130 км ад Брэста, 27 км ад чыг. ст. Драгічын. 1442 ж., 497 двароў (1995). Сярэдняя школа. Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

Вядома з сярэдзіны 16 ст. як мястэчка Пінскага пав. Пад Бездзежам войскі барскіх канфедэратаў на чале з Міхалам Казімірам Агінскім 6.9.1771 разбілі атрад рас. войскаў палкоўніка Альбічава. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Кобрынскім пав. Слонімскай, потым Літоўскай, Гродзенскай губ. У 1915 акупіравана герм. войскамі. З 1921 цэнтр гміны Драгічынскага пав. Палескага ваяв. Польшчы, 1248 ж. (1921). З 1939 у складзе БССР, з 1940 у Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці. У чэрв. 1941 — ліп. 1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. Помнікі: драўлянага дойлідства 18 ст.Бездзежская Троіцкая царква, мураваны касцёл у стылі класіцызму (пабудаваны да 1820), мемар. калона ў гонар Канстытуцыі 3 мая 1791 (канец 18 ст.).

т. 2, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬПІ́ЙСКАЯ ГЕАСІНКЛІНА́ЛЬНАЯ ВО́БЛАСЦЬ, Міжземнаморскі геасінклінальны пояс,

тэктанічна актыўная вобласць зямной кары, выцягнутая ад Атласкіх гор на З да Ціхага ак. на У. Ахоплівае горныя раёны Паўд. Еўропы, Міжземнае м., Паўн.-Зах. Афрыку, М.​Азію, Каўказ, Іранскае нагор’е, Памір, Алай, Гіндукуш, Гімалаі, горы Індакітая і Інданезіі, якія ўтварыліся ў кайназойскай эры ў выніку альпійскай складкаватасці. На У Альпійская геасінклінальная вобласць злучаецца з Ціхаакіянскай геасінклінальнай вобласцю. У мезазойскую эру ўяўляла сабой вял. марскі басейн (м. Тэтыс), акружаны плітамі стараж. платформаў — Афрыканскай і Індыйскай на Пд, Рускай, Сібірскай і Кітайскай на Пн. Геасінкліналь м. Тэтыс запаўнялася магутнымі асадкавымі тоўшчамі. У кайназоі адбылося сутыкненне паўн. і паўд. пліт і на месцы былога мора пачалася альпійская складкавасць. Утварыліся горныя сістэмы з найб. на Зямлі абсалютнымі адзнакамі (больш за 7—8 км). Асобныя структуры Альпійскай геасінклінальнай вобласці не завяршылі свайго развіцця, аб чым сведчаць інтэнсіўныя землетрасенні і вулканізм. З тэктанічнымі рухамі ў Альпійскай геасінклінальнай вобласці звязаны некаторыя землетрасенні, што адзначаюцца на тэр. Беларусі.

т. 1, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭ́СА, Раса,

рака на Пд Беларусі, у Старадарожскім і Любанскім раёнах Мінскай вобласці і Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці, правы прыток Пцічы (басейн Прыпяці). Даўжыня 128 км. Плошча вадазбору 3,6 тысяч км². Цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне, Прыпяцкім Палессі. Асноўныя прытокі: Таліца (справа), Солан, Нешчанка, магістральныя асушальныя каналы Слаўкавіцка-Ямінскі і Чавускі (злева).

Даліна на вялікім працягу невыразная, месцамі шырынёй 0,3—1 км. Пойма пераважна двухбаковая, ніжэй вёскі Падарэссе ў Старадарожскім раёне яе шырыня 0,1—1 км. Рэчышча амаль на ўсім працягу каналізаванае, шырыня ў вярхоўі 5—10 м, у ніжнім цячэнні 30—35 м. Берагі на натуральных участках нізкія. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 54%, летне-асенняй межані — 30% гадавога сцёку. Летне-асеннія паводкі кожны год, зімовыя радзей. Замярзае ў 2-й палове снежня, крыгалом у 3-й дэкадзе сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 16,7 м³/с. Пасля пабудовы Арэскай меліярацыйнай сістэмы і Любанскага вадасховішча сцёк Арэсы значна зарэгуляваны. Крыніца водазабеспячэння сажалак рыбакамбіната «Любань». На рацэ горад Любань.

Рака Арэса ў Любанскім раёне.

т. 2, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСВЕ́ЙСКІ,

біялагічны заказнік на Беларусі, у Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці. Засн. ў 1977 як паляўнічы заказнік для зберажэння месцаў масавага гнездавання вадаплаўных птушак і стварэння ўмоў для іх размнажэння. Уключае Асвейскае возера, частку Асвейскага балота і тэрыторыю на Пд ад мяжы з Латвіяй і Пскоўскай вобласці Пл. 22,6 тыс. га (1995).

У заказніку наладжана ахова мясц. і пралётных вадаплаўных (лебедзь, гусь, качка) і інш. птушак. Вял колькасць звычайнай чайкі, гогаля, паганак, лысухі, трапляюцца шыраканоска, шылахвостка, даўгадзюбы крахаль і інш. Жывуць шэры журавель, белая курапатка, вял. кулон, вял. вераценнік, чорны бусел, арлан-белахвост, сапсан, дзербнік. Гняздуюцца рэдкія чырвонагаловы нырэц, малая чайка, чубатая чэрнець, белакрылая крачка. Ёсць каштоўныя млекакормячыя — андатра, бабёр. Лясы багатыя баравой дзічынай. Водзяцца лось, дзік, казуля, заяц, ліс, воўк, у вадаёмах — акунь, шчупак, сазан, лешч, язь, мянтуз, плотка і інш. Праводзяць кальцаванні птушак, арніталагічныя даследаванні, заказнік — база для вывучэння біял. асноў вядзення паляўнічай гаспадаркі.

Г.​У.​Вынаеў.

У заказніку Асвейскі.

т. 2, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАЗМАДЫНА́МІКА,

раздзел фізікі плазмы, які вывучае рух плазмы і яе ўзаемадзеянне з рэчывам.

Ураўненні П. вынікаюць з дастасаванняў ўраўненняў магнітнай гідрадынамікі да рухомых аб’ёмаў выпрамяняльных сціскальных суцэльных асяроддзяў (напр., газу, плазмы). Характэрная асаблівасць руху такіх асяроддзяў — магчымасць узнікнення і распаўсюджвання ў іх ударных хваль. Задачы П. рашаюцца разлікова-тэарэт. і эксперым. метадамі. Эксперыменты праводзяцца ў звыш- і гіпергукавых аэрадынамічных трубах, балістычных устаноўках, ударных і імпульсных электраразрадных зрубах і інш. Пры даследаваннях плазменных патокаў і ўдарных хваль метадамі П. вызначаюцца ціск, т-ра і інш. параметры плазмы ў вобласці яе распаўсюджвання, у т. л. ў вобласці ўзаемадзеяння плазмы з цвёрдым целам ці інш. плазменнымі асяроддзямі. Гл. таксама Радыяцыйная плазмадынаміка.

На Беларусі даследаванні па пытаннях П. вядуцца з пачатку 1960-х г. у Ін-це фізікі, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Ін-це цепла- і масаабмену Нац. АН, БДУ.

Літ.:

Минько Л.Я. Получение и исследование импульсных плазменных потоков. Мн., 1970.

Л.​Я.​Мінько, Г.​С.​Раманаў.

т. 12, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)