сукупнасць апрацоўчых і інш. машын, прамысловых робатаў, транспартнага і дапаможнага абсталявання, прызначаных для аўтам. выканання тэхнал. аперацый. Звычайна мае сістэму праграмнага кіравання на базе ЭВМ ці мікрапрацэсара, што дае магчымасць яго хуткай пераналадкі на апрацоўку інш. вырабу заменай інструменту або праграмы.
У склад найпрасцейшага Р.к. ўваходзяць адзінка вытв. абсталявання (тэхнал., кантрольна-вымяральнага, выпрабавальнага і інш.), прамысл. робат (робіць загрузку-выгрузку вырабаў) і кіроўная сістэма. Адзін робат звычайна абслугоўвае 2—3 і больш адзінаквытв. абсталявання. Складаныя Р.к. ўключаюць некалькі простых, аўтаматыз. склад загатовак і трансп. сістэму сувязі паміж комплексамі і складам. Яны могуць адначасова апрацоўваць некалькі розных вырабаў або выконваць некалькі розных аперацый на адным вырабе. Кампаноўка Р.к. ў залежнасці ад размяшчэння тэхнал. абсталявання бывае лінейная, кругавая, лінейна-кругавая; кіраванне — цэнтралізаванае (ад ЭВМ або спец. прыстасавання), дэцэнтралізаванае (ад мясц. прыстасаванняў кіравання, звязаных паміж сабой для ўзаемнай каардынацыі) і камбінаванае. Р.к. з’яўляецца першаснай ячэйкай гібкай аўтаматызаванай вытворчасці, апрацоўчым або зборачным гібкім вытворчым модулем. Дазваляе значна павысіць каэф. загрузкі і зменнасці абсталявання. Гл. таксама Рабатызаваны тэхналагічны комплекс.
Літ.:
Роботизированные производственные комплексы. М., 1987;
Черпаков Б.И., Великович В.Б. Робототехнические комплексы. М., 1989;
Попов Е.П. Робототехника и гибкие производственные системы. М., 1987.
Г.І.Хуцкі.
Робататэхнічны комплекс для свідравання і фасоннага фрэзеравання вырабаў: 1 — гідрафікаваны механізм; 2 — паваротнае прыстасаванне; 3 — панэль, якая апрацоўваецца; 4 — прамысловы робат; 5 — сістэма кіравання; 6 — гідрастанцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯТЭ́КА НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ БЕЛАРУ́СІ,
галоўная універсальная навук.б-ка Рэспублікі Беларусь; цэнтр. кнігасховішча; даследчы, метадычны і каардынацыйны цэнтр у галіне бібліятэказнаўства, бібліяграфіі і кнігазнаўства. Засн. ў 1921 як б-каБДУ (гл.Бібліятэка фундаментальная БДУ). У 1922 пераўтворана ў аб’яднаную Бел.дзярж. і універсітэцкую б-ку з Бел. кніжнай палатай; пры б-цы арганізаваны аддзел бел. л-ры і бібліяграфіі, пачалася работа ў галіне рэтраспектыўнай нац. і краязнаўчай бібліяграфіі. 14.5.1926 вылучана ў самастойную Бел.дзярж. б-ку. 10.8.1932 рэарганізавана ў Дзярж. б-ку і бібліяграфічны ін-тБССР, ёй прысвоена імя Леніна. У 1932 кніжны фонд б-кі налічваў больш за 1 млн.адзінак захоўвання. Б-ка стала грунтоўнай базай для абслугоўвання навукоўцаў, спецыялістаў розных галін навукі і нар. гаспадаркі; працавалі даведачна-бібліягр. аддзел, абанемент, міжбібліятэчны абанемент, кабінет бібліятэказнаўства. Б-ка адкрыла філіялы ў Віцебску (1925), Гомелі (1933), Магілёве (1938), у Мінску пры Доме ўрада; потым на базе гэтых філіялаў створаны Урадавая б-ка (гл.Бібліятэка прэзідэнцкая) і ў 1938 абласныя б-кі (гл. ў арт.Бібліятэка). На пач. 1941 б-ка стала цэнтрам метадычнай і бібліягр. работы на Беларусі, яе кніжны фонд налічваў каля 2 млн. тамоў, колькасць чытачоў 15 тыс. У Вял.Айч. вайну разрабаваны і знішчаны яе фонды і даведачны апарат. Найбольш пацярпеў фонд абавязковага экз. (засталіся толькі 33 тыс. тамоў); цалкам быў вывезены архіў друку БССР, газетны фонд, фонды аддзела бел. л-ры, рэдкіх і старадрукаваных кніг, абанемента, чытальных залаў, спалены разам з л-рай будынак рэзервовага фонду. Уцалела 321 тыс.экз. У 1944 пачалося аднаўленне б-кі. У 1948 яе фонды па колькасным складзе дасягнулі даваен. ўзроўню. З 1956 б-ка з’яўляецца дэпазітарыем матэрыялаў ААН і ЮНЕСКА, з 1975 — універсальным дэпазітарыем Рэспублікі Беларусь. 19.5.1993 перайменавана ў Нацыянальную б-ку Беларусі. Кніжны фонд (на 1.1.1996) 7,3 млн.адзінак захавання больш чым на 50 мовах свету.
Асаблівую каштоўнасць мае паўмільённы унікальны збор л-ры, выдадзенай на Беларусі з пач. 19 ст. да нашага часу, а таксама ўсіх выданняў і матэрыялаў пра Беларусь, у т. л. і замежных. Зберагаецца 56-тысячны збор рэдкіх выданняў, рукапісаў і старадрукаў. Сярод рукапісных матэрыялаў 16—20 ст. (больш за 1 тыс.адзінак захавання) на славянскіх, заходнееўрапейскіх і ўсходніх мовах вылучаюцца калекцыі: рукапісных кніг, у т. л.бел. паходжання (евангеллі, пралогі, служэбнікі, жыціі святых, зборнікі слоў і павучанняў і інш.), спеўных рукапісаў крукавай і ноталінейнай натацыі, усходніх рукапісаў па граматыцы, філасофіі, праве, мусульманскай тэалогіі і інш.; рукапісы дзеячаў навукі і культуры Беларусі (М.В.Доўнар-Запольскага, Е.Р.Раманава, А.М.Семянтоўскага, У.І.Пічэты, З.Бядулі, Ц.Гартнага, Я.Коласа і інш.). Фонд старадрукаў (больш за 26 тыс. асобнікаў) уключае калекцыю інкунабулаў (44 адз.), у т. л. «Сусветная хроніка» Х.Шэдэля (1493), выданне «Боскай камедыі» Дантэ (1481), першы ням. пераклад грэч. рамана 3 ст. «Гісторыя Апалонія, караля Цірскага» (Аўгсбург, 1471); калекцыю палеатыпаў (каля 200 асобнікаў), у т. л. 16 прыжыццёвых М.Лютэра, выданні венецыянскай друкарні Аладаў (15—16 ст.), галандскіх кнігадрукаў Эльзевіраў (16—18 ст.), друкароў Эцьенаў, Фробенаў, Плантэнаў і інш. У калекцыі кірылаўскага друку захоўваецца адзіны ў Рэспубліцы Беларусь збор выданняў бел. першадрукара Ф.Скарыны — 10 выпускаў «Бібліі» (Прага, 1517—19); выданні В.Гарабурды («Евангелле вучыцельнае», каля 1580), І.Фёдарава («Апостал», Львоў, 1574, і «Біблія», Астрог, 1581); кнігі з друкарні братоў Мамонічаў (16—17 ст.); выданні бел., рус. і ўкр. друкарняў 16—18 ст., у т. л. «Азбука» В.Ф.Бурцава (1634), «Арыфметыка» Л.Магніцкага (1703), «Граматыка...» М.Сматрыцкага (1648). У калекцыі рус. грамадзянскага друку 18 — пач. 19 ст. 10 кніг пятроўскай эпохі, прыжыццёвыя выданні М.В.Ламаносава, М.І.Навікова (у т. л. яго часопісы «Древняя российская вивлиофика», «Живописец» і «Кошелёк»); каштоўныя выданні 19 — пач. 20 ст. з прыватных калекцый П.М.Жуковіча, І.П.Карнілава, У.І.Пічэты, А.П.Сапунова. І.І.Гальдштэйна па гісторыі Беларусі, Літвы і Польшчы; Я.Ф.Карскага, М.А.Янчука па бел. л-ры, мове і этнаграфіі; першыя выданні твораў В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча і інш.; першая нелегальная бел.газ. «Мужыцкая праўда» (выдавалася 1862—63 К.Каліноўскім), першыя легальныя бел. газеты «Наша доля» і «Наша ніва»; першыя сав. газеты на бел. мове, у т. л. «Дзянніца»; рэсп., абласныя, раённыя газеты і часопісы Беларусі ад пачатку іх выдання. Захоўваюцца дакументы і выданні перыяду франц. рэвалюцыі 1789—94; калекцыі лістовак часоў Парыжскай камуны 1871; калекцыя вольнага рус. друку (выданні, забароненыя царскай цэнзурай); першыя і прыжыццёвыя выданні К.Маркса, Ф.Энгельса, Леніна; калекцыі бальшавіцкага друку дакастр. перыяду і выданняў першых гадоў сав. улады; збор падп. і партыз. друку перыяду Вял.Айч. вайны і інш. Вялікая калекцыя кніг з аўтографамі вядомых пісьменнікаў, навукоўцаў, грамадскіх дзеячаў. Самая вялікая на Беларусі калекцыя нот (77 тыс.экз.), больш за 100 тыс.адзінак захавання выяўл. матэрыялаў (плакаты, паштоўкі, рэпрадукцыі); каля 30 тыс. аўдыёвізуальных дакументаў, у т. л. грамзапісаў класічнага рэпертуару. У газетным фондзе сабраны ўсе бел. газеты за сав. перыяд (цэнтральныя, рэсп., абласныя), асобныя газеты замежных краін. Б-ка мае амаль 15-тысячны фонд картаў, каля 650 тыс. аўтарэфератаў і мікрафіш дысертацый. З 1990 укараняецца аўтаматызаваная інфарм. сістэма б-кі, дзейнічае электронны каталог. Ствараюцца рэтраспектыўныя базы даных нац. дакумента, рэдкай і старадрукаванай кнігі, нот, выяўленчых, аўдыёвізуальных і інш. дакументаў.
Штогод б-ка абслугоўвае 500 тыс. чытачоў, агульная выдача перавышае 3 млн.экз. Працуюць 14 галіновых і спец. чытальных залаў на 1000 месцаў. Паслугамі міжбібліятэчнага і міжнар. абанемента карыстаюцца каля 1 тыс. б-к у краіне і за яе межамі. Кнігаабменам б-ка звязана з 280 партнёрамі ў 36 краінах свету. Б-ка арганізуе выстаўкі (тэматычныя, юбілейныя, прысвечаныя знамянальным і памятным датам, выстаўкі прагляды; больш за 500 штогод), вядзе н.-д. работу па гісторыі бібліятэчнай справы на Беларусі. Выдае навук.-дапаможную і рэкамендацыйную бібліяграфію, у т. л. «Кніга Беларусі. 1517—1917» (1986), «Бібліяграфія па гісторыі Беларусі: Феадалізм і капіталізм» (1969), «Беларусь у друку XVI — пач. XX ст.» ў 5 кн. (1982—85), нотафанаграфічны паказальнік «Беларуская літаратура ў музыцы (1918—1989)» (1991); з 1960 выдае штомесячны бібліягр. бюлетэнь «Новыя кнігі Беларусі» і інш. У 1929—32 узведзены спец. будынак б-кі (арх. Г.Лаўроў) у стылі канструктывізму. Б-ка мела агульную (на 400-месцаў) і для навук. работнікаў чытальныя залы. У 1961 пабудаваны дадатковы корпус, што палепшыла ўмовы работы чытачоў і захавання фондаў.
Літ.:
Нацыянальная бібліятэка Беларусі: Памятка чытачу. Мн., 1992.
Т.М.Мінчэня.
Бібліятэка нацыянальная Беларусі. У чытальнай зале.Бібліятэка нацыянальная Беларусі. Уваход у галоўны корпус.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВУХМО́ЎНЫ СЛО́ЎНІК, перакладны слоўнік,
тып лінгвістычнага даведніка, у якім змест слоў адной мовы перадаецца сродкамі іншай мовы. Часцей за ўсё гэта робіцца шляхам перакладу: напр., «Практычны расійска-беларускі слоўнік» М.Я.Байкова і М.І.Гарэцкага (1924). Больш глыбокая і навук. семантызацыя зместу рэестравых слоў ажыццяўляецца ў тых Д.с., якія змяшчаюць да слоў адной мовы разгорнутыя дэфініцыі на іншай (напр., «Кароткі эканамічны слоўнік», 1993). Існуюць і больш апасродкаваныя спосабы семантызацыі, напр. у Д.с. ідэаграфічнага тыпу; так, у «Тэматычным руска-беларускім слоўніку мовы навуковых справаздач» (1993) словы не толькі перакладаюцца, але і ілюструюцца эквівалентнымі па зместу тэкставымі фрагментамі на рус. і бел. мовах, дзе гэтыя словы ўжываюцца. Існуюць Д.с., у якіх сумяшчаюцца ўсе магчымыя спосабы семантызацыі рэестравых слоў: «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» В.Ластоўскага (1990).
Паводле характару рэестравых адзінак адрозніваюць Д.с. агульныя («Руска-беларускі слоўнік», т. 1—3, 6-е выд., 1995; «Беларуска-рускі слоўнік», т. 1—2, 2-е выд., 1988—89) і спецыяльныя або тэрміналагічныя («Руска-беларускі слоўнік матэматычных, фізічных і тэхнічных тэрмінаў» М.М.Касцюковіча, У.В.Люшціка, В.К.Шчэрбіна, 1995). Паводле прызначэння вылучаюць агульныя і школьныя Д.с. (напр., «Руска-беларускі слоўнік», 6-е выд., 1993, і «Беларуска-рускі слоўнік», 3-е выд., 1991, С.М.Грабчыкава; «Руска-беларускі слоўнік: Для пачатковых класаў» А.К.Кобызевай, Г.П.Хаткевіч і М.Я.Шчарбун, 1985). Паводле характару інфармацыі аб рэестравых словах адрозніваюць агульныя і аспектныя, сярод апошніх Д.с. моўных цяжкасцей, паралексічныя Д.с. (гл. адпаведныя арт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗБРО́Я (юрыд.),
устройствы і прадметы, канструктыўна прызначаныя для паражэння жывой ці інш. цэлі, а таксама для падачы сігналаў. У адпаведнасці з нац. заканадаўствам Рэспублікі Беларусь у залежнасці ад мэты выкарыстання адрозніваюць З. грамадзянскую, службовую і баявую. Да грамадзянскай З. належыць: З. самаабароны [агнястрэльная гладкаствольная і бясствольная, святлогукавога дзеяння, газавая З. (газавыя пісталеты і рэвальверы, мех. распыляльнікі, аэразольныя і інш. ўстройствы), электрашокавыя ўстройствы і іскравыя разраднікі]; спартыўная З. (агнястрэльная з наразным ствалом і гладкаствольная, халодная клінковая, кідальная, пнеўматычная); паляўнічная З. (агнястрэльная розных тыпаў, халодная клінковая і інш.); сігнальная З. (трасіруючыя кулі і снарады, дымавыя снарады і інш.); халодная З., прызначаная для нашэння з нац. касцюмам, казацкай і інш. формай. Службовая З. ўключае агнястрэльную гладкаствольную, наразную караткаствольную і інш. У паняцце баявая З. ўваходзяць усе яе віды, прызначаныя для вырашэння баявых і аператыўна-службовых задач, прынятыя на ўзбраенне рознымі органамі дзяржавы і іх супрацоўнікамі ў адпаведнасці з заканадаўствам. У шэрагу краін права легальна набываць, трымаць і выкарыстоўваць З. маюць усе або асобныя грамадзяне (у ЗША больш за 200 млн., у Расіі каля 4 млн., у Рэспубліцы Беларусь каля 200 тыс.адзінак такой З.). У Рэспубліцы Беларусь З. можа знаходзіцца ў насельніцтва толькі пры наяўнасці спец. дазволу праваахоўных органаў. Ваеннаслужачыя, звольненыя ў запас або ў адстаўку, маюць права трымаць корцік ці інш. халодную З. Крымін. заканадаўства Беларусі ўстанаўлівае адказнасць за незаконнае нашэнне, захоўванне, набыццё, выраб, збыт і крадзеж З., боепрыпасаў, выбуховых рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОРМАВЫТВО́РЧАСЦЬ,
галіна сельскай гаспадаркі, якая займаецца вырошчваннем кармавых культур, нарыхтоўкай, перапрацоўкай і захаваннем кармоў для забеспячэння грамадскай жывёлагадоўлі. Складаецца з палявой. лугавой і прамысловай К. Уключае вытв-сць кармоў з натуральных і сеяных сенажацей, пасевы палявых кармавых культур на сена, сянаж, сілас, фуражнае зерне, зялёны і сакавіты корм, адходы сельскай гаспадаркі (салома, бацвінне караняплодаў, мякіна і інш.), мукамольнай, алейнай, цукровай, піваварнай, спіртавой і гарэлачнай, крухмала-патачнай, рыбнай, мясной, малочнай і інш. галін прам-сці, кармы прамысл. вытв-сці (камбікорм і інш.).
Палявая К. забяспечвае атрыманне найб. колькасці кармоў з кожнага гектара пасяўной плошчы. Аснову яе складаюць збожжавыя і кармавыя культуры. Лугавая К. паляпшае натуральныя і стварае культурныя сенажаці і пашы, укараняе новыя сарты кармавых культур з вял. колькасцю кармавога бялку (пратэіну), удасканальвае структуру кармавых культур і кармоў. Прамысловая К. забяспечвае жывёлагадоўлю камбікармамі (гл.Камбікормавая прамысловасць), мінер. і бялкова-вітаміннымі дабаўкамі, кармавымі дражджамі, антыбіётыкамі, стымулятарамі і інш. У краінах з развітой жывёлагадоўляй (Данія, Нідэрланды, Германія, Вялікабрытанія і інш.) аснова К. — кармы, што атрымліваюць на ворнай зямлі і культурнай пашы, у Аўстраліі, шэрагу краін Афрыкі, Азіі і Паўд. Амерыкі — кармы натуральнай пашы. На Беларусі ў грамадскіх гаспадарках нарыхтоўваецца (1997) 8,6 млн.т кармоў, у т. л. травяных 4,9 млн.т кармавых адзінак (к. а.). У разліку на 1 умоўную галаву атрымана да 20,4 ц к. а. Для К. выкарыстоўваецца ад 65 да 80% плошчы с.-г. угоддзяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАКА́ТАР (ад гідра... + лакатар),
гідралакацыйная станцыя, комплекс прылад і прыстасаванняў для пошуку падводных аб’ектаў, вымярэння іх прасторавых каардынат і параметраў руху, а таксама вызначэння іх прыроды шляхам аналізу адбітых акустычных сігналаў (рэхасігналаў); сродак актыўнай гідралакацыі. Выкарыстоўваюцца ў мараплаўстве (для вызначэння падводных перашкод), у ваен. справе (пошук цэлей, забеспячэнне дзеяння зброі), для картаграфавання дна і адшуквання затанулых аб’ектаў (гідралакатар бакавога агляду і рэхалоты), пры выратавальных работах, у рыбапрамысл. разведцы і інш.
Гідралакатар мае: генератар эл. сігналаў зададзенага віду (імпульсных, неперарыўных, простых, складаных, з рознымі мадуляцыямі); перадавальную і прыёмную акустычныя антэны, якія апускаюцца ў ваду (уяўляюць сабой электраакустычныя пераўтваральнікі эл. сігналаў у акустычныя і наадварот; можа выкарыстоўвацца адна антэна з пераключальнікам «перадача-прыём»); прыстасаванне вылучэння і апрацоўкі рэхасігналаў, якія прымаюцца на фоне перашкод (шумы мора і суднаходства); прыстасаванні адвображання інфармацыі пра аб’екты, якая ўтрымліваецца ў рэхасігналах. Існуе мноства разнавіднасцей гідраклакатараў, якія ўстанаўліваюцца на суднах, самалётах і верталётах, на дне акіяна, а таксама дрэйфуюць, пераносяцца вадалазамі і г.д. У большасці выпадкаў гідралакатары працуюць на частотах ад адзінак да 100 кГц і маюць далёкасць дзеяння да дзесяткаў кіламетраў.
Літ.:
Митько В.Б., Евтютов А.П., Гущин С.Е. Гидроакустические средства связи и наблюдения. Л., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́НЫ ГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ, зоны прыродныя,
буйныя часткі геаграфічнай абалонкі, часткі паясоў геаграфічных, якія маюць агульныя ўмовы тэрмічныя і ўвільгатнення; утвараюць адну з найбольшых адзінак фізіка-геагр. падзелу зямной паверхні. З’явы геагр. занальнасці былі вядомы яшчэ ў Стараж. Грэцыі. Падзел паверхні Зямлі на зоны і фармуляванне закону занальнасці распрацаваны В.В.Дакучаевым (1898).
Вылучаюцца на сушы і на акіянічных прасторах (апошнія менш выразныя). Па суадносінах цяпла і вільгаці З.г. заканамерна змяняюцца ад экватара да полюсаў і ад акіянаў у глыб мацерыкоў. З.г. найчасцей выцягнутыя ў шыротным або субшыротным напрамку. Адначасова з занальнымі фактарамі на фарміраванне З.г. вял. ўплыў аказваюць азанальныя: палярная асіметрыя ландшафтнай абалонкі Зямлі (вял. акіянічнасць Паўд. паўшар’я і інш.), канфігурацыя і велічыня плошчы сушы, наяўнасць і характар размяшчэння буйных форм рэльефу (напр., Гімалаі садзейнічаюць непасрэднаму суседству высакагорных пустынь Тыбета і вільготных лясоў паўд. схілаў). Пад уздзеяннем рэльефу і залежнасці ад канфігурацыі мацерыкоў Г.з. могуць мець мерыдыянальны або субмерыдыянальны напрамак (напр., стэпавая зона ўздоўж Скалістых гор Паўн. Амерыкі). На паверхні Зямлі вылучаюць 20 геагр. зон, якія аб’ядноўваюцца ў 13 геагр. паясоў. Назвы З.г. пераважна даюцца па асн. тыпе расліннасці, які адлюстроўвае гал. асаблівасці ландшафту дадзенай тэр., напр., зоны лясныя, стэпавыя, саваннаў і інш. Ў З.г. адсутнічаюць выразныя межы, але яны адрозніваюцца асаблівым тыпам ландшафту (адпавядаюць зонам ландшафтным) з перавагай пэўнага клімату, глеб, расліннасці і рэльефаўтваральных працэсаў. У гарах, дзе праяўляецца вышынная пояснасць, блізкімі да З.г. з’яўляюцца тыпы вышыннай пояснасці. З.г. падзяляюцца на геагр. падзоны (лясная зона — на тайгу, змешаныя і шыракалістыя лясы).
Тэр. Беларусі знаходзіцца ў лясной зоне, падзонах змешаных і шыракалістых лясоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕКСІКАЛО́ГІЯ (ад лексіка + ...логія),
раздзел мовазнаўства, які вывучае слоўнікавы склад мовы, яе лексіку. Мае сваю праблематыку (суадносіны слова і значэння, значэння і паняцця, лексічнага і граматычнага ў слове, вызначэнне месца слова сярод інш.адзінак мовы, выяўленне будовы лексіка-семантычнай сістэмы мовы і інш.) і свае метады вывучэння лексікі (дыстрыбуцыйны, кампанентны, кантэкстуальны, логіка-паняційны і інш.).
Л. цесна звязана з лексікаграфіяй, граматкай, стылістыкай і культурай мовы. У залежнасці ад ахопу і характару вывучаемай лексікі, сутнасці праблем і спецыфікі метадаў, што выкарыстоўваюцца, Л. падзяляецца на шматлікія разгалінаванні.
Агульная Л. вывучае праблемы слоўнікавага складу розных моў; прыватная, ці нацыянальная (бел., рус., ням.і г.д.), — лексіку канкрэтнай мовы; апісальная, ці сінхранічная, — лексіку мовы на пэўным этапе яе развіцця (найчасцей на сучасным); гістарычная, ці дыяхранічная, разглядае лексіку мовы ў працэсе яе развіцця, выяўляе яе гіст. пласты, паходжанне, змяненне семантычнай структуры, фанетыка-марфал. будовы; этымалагічная высвятляе паходжанне асобных слоў; супастаўляльная, ці параўнальная, аналізуе лексіку 2 і больш моў адначасова; функцыянальная апісвае розныя групы слоў з улікам іх функцый у маўленні; нарматыўная вызначае агульнаўжывальную лексіку літ. мовы і нормы яе выкарыстання ў маўленні і г.д.
Бел. Л. зарадзілася ў пач. 20 ст. Актуальным пытанням Л. прысвечаны працы бел. мовазнаўцаў А.Я.Баханькова, А.М.Булыкі, А.І.Жураўскага, М.І.Крукоўскага, А.Я.Супруна, Л.М.Шакуна, П.П.Шубы і інш.
Літ.:
Гістарычная лексікалогія беларускай мовы. Мн., 1970;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ КНІ́ЖНАЯ ПАЛА́ТА БЕЛАРУ́СІ,
навуковы цэнтр нац. бібліяграфіі, статыстыкі друку, аўтаматызаванай і цэнтралізаванай апрацоўкі дакументаў, галіновай службы стандартызацыі і навук.-тэхн. інфармацыі ў галіне выдавецкай справы, паліграфічнай прам-сці і кніжнага гандлю. Засн. 15.9.1922 у Мінску пры Бел.дзярж. і універсітэцкай б-цы як Бел. кніжная палата, з 1977 самастойная ўстанова ў сістэме Дзяржкамдруку Беларусі, да 1992 наз.Дзярж. кніжная палата Беларусі. Атрымлівае і захоўвае абавязковы бясплатны кантрольны экзэмпляр усіх выданняў рэспублікі (штогод каля 50 тыс.экз. кніг, брашур, перыяд. выданняў, аўтарэфератаў, дысертацый, плакатаў, нот, афіш, картаў, атласаў, паштовак і інш.), які пасля бібліягр. апрацоўкі захоўваецца ў Архіве друку (4,3 млн.адзінак; 1999). Інфармуе аб гэтых выданнях праз дзярж.бібліягр. паказальнікі, аб’яднаныя пад агульнай назвай «Летапіс друку Беларусі» (выходзіць з 1924); у 1995 падзелены на 4 самастойныя выданні. «Кніжны летапіс» (з 1924); «Летапіс часопісных артыкулаў» (з 1934); «Летапіс газетных артыкулаў» (з 1937); «Летапіс перыядычных выданняў і выданняў, якія працягваюцца» (з 1925). Рыхтуе і выдае штогоднікі: «Друк Беларусі» (з 1976), «Паказальнік бібліяграфічных дапаможнікаў Беларусі» (з 1978), «Кнігі Беларусі» (з 1984), рэтраспектыўныя паказальнікі, у т. л. «Музычная літаратура БССР» (1963—77), «Мастацкая літаратура народаў СССР у перакладзе на беларускую мову» (1967—97), «Летапіс часопісных артыкулаў, 1928—1933 гг.» (ч. 1—2, 1992) і інш. Ажыццяўляе работу па статыстыцы друку, распрацоўвае дзярж. і галіновыя стандарты па выдавецкай дзейнасці, паліграф. прам-сці. Выконвае функцыі нац. цэнтра па стандартнай нумарацыі кніг і брашур (ISBN). Прысвойвае ідэнтыфікатары выд-вам, прыватным выдаўцам, якія маюць выдавецкія правы (ліцэнзіі). Супрацоўнічае з ЮНЕСКА, Міжнар. агенцтвам ISBN і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў НАВУКО́ВА-ТЭХНІ́ЧНАЙ ДАКУМЕНТА́ЦЫІ з філіялам у г.Самара. Створаны ў 1995 у Маскве на базе рэарганізацыі Рас.дзярж.навук.-тэхн. архіва
(РДНТА) у г. Самара (засн. ў 1967 у Маскве як Цэнтр.дзярж. архіў навук.-тэхн. дакументацыі на базе аддзела навук.-тэхн. дакументацыі Цэнтр.дзярж. архіва нар. гаспадаркі СССР, у 1976 пераведзены ў Самару, з 1992 РДНТА),
яго філіяла ў Маскве і Рас.н.-д. цэнтра касм. дакументацыі. 1062 фонды, 2 347 211 адзінак захоўвання з 1855 да нашага часу. Зберагае н.-д., канструктарскую, праектную і патэнтную дакументацыю ўстаноў Рас. імперыі, арг-цый саюзнага і федэральнага падпарадкавання Рас. Федэрацыі. Сярод фондаў матэрыялы па гісторыі рас. ракетна-касм. тэхнікі і касманаўтыкі, комплексы дакументаў мін-ваў СССР: агульнага машынабудавання, авіяц. прам-сці, сувязі, аховы здароўя і мед. прам-сці, энергетыкі, паліўнай прам-сці, прыладабудавання, сувязі, буд-ва і транспарту; АНСССР, Дзяржкіно, Дзяржтэлерадыё і інш.; асабістыя фонды вучоных і вынаходнікаў, першых касманаўтаў. Матэрыялы ў Самарскім філіяле (больш за 800 фондаў) па гісторыі электраэнергетыкі, машынабудавання, металаапрацоўкі, паліўнай, металургічнай, хім. і нафтахім., лясной і дрэваапрацоўчай, лёгкай, харч. прам-сці, транспарту. У асобнае архівасховішча вылучаны дакументы прадпрыемстваў Дзяржкамабаронпрама. Захоўваецца дакументацыя пра ўдзел у міжнар. і нац. выстаўках, кірмашах, матэрыялы навук. і тэхн. з’ездаў, кангрэсаў, нарад, канферэнцый, вядучых н.-д. і праектных устаноў. Зберагаецца праектная дакументацыя нар.-гасп. аб’ектаў Беларусі, Бел. тэатра імя Я.Коласа, запаведна-паляўнічай гаспадаркі «Белавежская пушча» і інш. Частка фондаў архіва засакрэчана ў адпаведнасці з Законам Рас. Федэрацыі «Аб дзяржаўнай тайне».
Літ.:
Архивы России: Москва и Санкт-Петербург. М., 1997. С. 180—186.