ВАЛЕ́НСА ((Wałęsa) Лех) (н. 29.9.1943, в. Папоў, Вроцлаўскае ваяв., Польшча),
дзяржаўны і палітычны дзеяч Польшчы. У 1960—80-я г. электрык на суднаверфях Гданьска. З 1970 актывіст рабочага руху. Як кіраўнік міжвытворчага забастовачнага к-та ў Гданьску ў 1980 падпісаў пагадненні з урадам аб спыненні ўсеаг. забастоўкі ў Польшчы. Адзін з заснавальнікаў незалежнага прафсаюза «Салідарнасць» (1980, з 1981 яго старшыня). У 1981—82 арыштаваны і інтэрніраваны. З 1987 старшыня Усяпольскай выканаўчай камісіі «Салідарнасць». Праводзіў палітыку дыялогу і захавання мірных метадаў барацьбы. У 1989 сустаршыня перагавораў за «круглым сталом», пасля завяршэння якіх адбылася легалізацыя «Салідарнасці» і ўстанаўленне дэмакр. улады ў Польшчы. Прэзідэнт Польшчы ў 1990—95. Міжнар. прэмія па правах чалавека. Нобелеўская прэмія міру 1983.
літоўскі паэт. Скончыў Маскоўскі ун-т (1898). У 1920—39 паўнамоцны прадстаўнік Літвы ў СССР. З 1939 у Парыжы. Пісаў на рус. (зб-кі «Зямныя ступені», 1911, «Горная сцяжына», 1912, «Лілія і Серп», 1948) і літоўскай (зб-кі «Наваселле», 1941, «Вянок слёз», 1942, «Паэзія», 1967, і інш.) мовах. Гал. тэматыка — сэнс быцця чалавека, яго адносіны да сусвету і вечнасці. Паэзіі Балтрушайціса ўласцівыя філасафічнасць, унутр. драматызм, спалучаны з элегічнымі настроямі, шматпланавая сімволіка, самабытная структура маст. вобраза. Перакладаў на рус. мову Дж.Байрана, Г.Ібсена, Г.Гаўптмана, К.Гамсуна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕЎПЛАІДЫ́Я (ад ан... + грэч. eu добра, цалкам + ploos кратны + eidos від),
гетэраплаідыя, спадчынная змена, пры якой клеткі арганізма маюць колькасць храмасом, не кратную адзінарнаму (гаплоіднаму) набору. Адсутнасць у храмасомным наборы дыплоіда адной храмасомы наз.манасоміяй, дзвюх гамалагічных храмасом — нулісоміяй; наяўнасць дадатковай гамалагічнай храмасомы — трысоміяй. Арганізмы з анамальнай колькасцю храмасом наз. адпаведна манасомікамі, нулісомікамі, трысомікамі. Асн. механізм узнікнення анеўплаідыі — неразыходжанне і страта асобных храмасом у мітозе і меёзе. Анеўплаідыя звычайна прыводзіць да паніжэння жыццяздольнасці і нярэдка да гібелі анеўплоідаў, асабліва ў жывёл. Прыкладам анеўплаідыі ў чалавека з’яўляецца Даўна хвароба, якая выклікаецца трысаміяй па 21-й храмасоме. З дапамогай анеўплаідыі пры генет. аналізе вызначаюць лакалізацыю генаў у храмасомах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАХО́ЎСКІ (Мікола) (Мікалай Аляксандравіч; н. 3.7.1950, в. Сялец Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў Мінскім маст. вучылішчы (1966—68), Бел.тэатр.-маст. ін-це (1974—76). З 1977 паралізаваны. Друкуецца з 1979. Дэбютаваў п’есамі для лялечнага тэатра, адна з іх («Калі дракон прачнуўся», 1982) прысвечана праблемам экалогіі. У драме «Машэка» (1988) праз самабытнае раскрыццё характараў і псіхалогіі ўладара, раба і незалежнага чалавека паставіў актуальную праблему пра згубны ўплыў улады на асобу. Дзеянне твора афарбавана з’яўленнем фантаст. прывідаў, часам пераходзіць у сферу ірэальнага. У драме абсурду «Ку-ку» (1992, 1-я прэмія на Рэсп. конкурсе драматургіі 1992) пераплецена рэальнае і ўяўнае, звычайнае і свет фантазій. Аўтар апавяданняў, казак, артыкулаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РЛАХ ((Barlach) Эрнст) (2.1.1870, г. Ведэль, Германія — 24.10.1938),
нямецкі скульптар, графік, пісьменнік. Вучыўся ў Гамбургскай школе маст. рамёстваў (1888—91), у Дрэздэнскай АМ (з 1891), у Парыжы (1895—96). У 1906 быў у Расіі, на Украіне, з 1910 працаваў у Гюстраве. Пластычную мову ням. готыкі Барлах пераасэнсаваў у духу экспрэсіянізму. Яго творам уласцівае спалучэнне гранічнай кампактнасці формы з рэзкімі пластычнымі кантрастамі, што часта надае ім абвостраную эмацыянальную напружанасць («Мсціўца», 1923). Скульптуры Барлаха прасякнуты глыбокім спачуваннем да пакут чалавека, вылучаюцца антымілітарысцкім пафасам: «Паранены», «Апалчэнец», «Малады салдат», «Загінулы», «Маці», «Бацька», «Сустрэча». Аўтар ілюстрацый да ўласнай драмы «Бедны кузен» (1918), да «Фауста» І.В.Гётэ (1923) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРУ́НСКАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ,
сярэдняя спец.навуч. ўстанова ў 1915—33 у мяст. Баруны Ашмянскага пав. (Гродзенская вобл.). Рыхтавала настаўнікаў пач. школ. Засн. як рус. настаўніцкая семінарыя. У 1-ю сусв. вайну эвакуіравана ў г. Ціхвін Наўгародскай губ. У 1920 у Барунах у будынку б. манастыра базыльян адкрыта бел. настаўніцкая семінарыя, стваральнікам і дырэктарам якой быў С.А.Рак-Міхайлоўскі. У 1921 бел. семінарыя зачынена польск. ўладамі. На яе аснове створана польск. мужчынская настаўніцкая семінарыя. Выкладаліся польск., ням. мовы, гісторыя, прыродазнаўства, геаграфія, фізіка, матэматыка, музыка і спевы, рэлігія, батаніка, заалогія, анатомія і фізіялогія чалавека, фізкультура і інш. Пры семінарыі працавала пач. школа (з 1922), у якой семінарысты праходзілі практыку. Семінарыя скасавана ў выніку школьнай рэформы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯТО́П (ад бія... + грэч. topos месца),
участак зямной паверхні (сушы або вадаёма) з аднатыпнымі абіятычнымі ўмовамі асяроддзя (рэльеф, глебы, клімат і інш.), які займае вызначаны біяцэноз; неарган. кампанент біягеацэнозу. Характэрны для дадзенага біятопа комплекс умоў вызначае відавы склад арганізмаў, асаблівасці іх існавання, трапляе пад уплыў біяцэнозу і мяняецца ад яго ўздзеяння.
Для фізіка-геагр. умоў Беларусі характэрны біятопы: балоты (нізінныя, пераходныя, вярховыя), лясы (хваёвыя, яловыя, альховыя, бярозавыя і інш.), лугі (заліўныя, сухадольныя), палі, прэсныя воды (рэкі, азёры, вадасховішчы). Пераўтваральная дзейнасць чалавека на біятоп можа прывесці да непажаданых змен у біягеацэнозах ці поўнага іх разбурэння, што адмоўна ўплывае на склад і размеркаванне фауны і флоры. Падобныя біятопы аб’ядноўваюць у біяхоры, сукупнасці якіх складаюць біяцыклы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛО́ХІ (Aphaniptera, Siphonaptera, Suctoria),
атрад крывасосных насякомых. Каля 1 тыс. відаў, пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 50 відаў. Дарослыя насякомыя — вонкавыя паразіты цеплакроўных жывёл (млекакормячых, птушак) і чалавека. Найб. вядомыя блыха чалавечая (Pulex irritans), блыха кашэчая (Ctenocephalus felis), блыха сабачая (C. canis).
Даўж. цела 0,5—6 мм. Самцы драбнейшыя за самак. Цела пляскатае з бакоў, укрыта хіцінавым покрывам з валаскамі або шчацінкамі. Бяскрылыя. На галаве пара простых вачэй (некаторыя сляпыя). Ротавы апарат колюча-сысучы. Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі кормяцца арган. рэшткамі і экскрэментамі блох, дарослыя — крывёй. Многія — пераносчыкі ўзбуджальнікаў чумы, тулярэміі і інш. хвароб, прамежкавыя гаспадары некаторых відаў гельмінтаў. Меры барацьбы: сан.-гігіенічныя, хімічныя.
нідэрландскі драматург і паэт. Яго творчасць увабрала ў сябе традыцыі нар.т-ра і песні, злучыла ў адно цэлае элементы рэнесансавыя, барочныя і тэндэнцыі новага рэалізму. У драмах «Родэрык і Альфонс» (1611), «Грыяна» (1612), «Нямы рыцар» (не скончана) абараняў годнасць чалавека незалежна ад яго саслоўнага паходжання. Нар. гумар, сакавітыя фарбы і вобразная, наўмысна грубаватая мова вылучаюць «Клухт пра карову» (1612) і «Клухт пра мельніка» (1613), напісаныя ў традыцыі нар. сярэдневяковага фарса — клухта. Лепшыя творы — камедыі «Маўрытанка» (1615) і «Іспанец з Брабанта» (1617). Паэзія Брэдэра сабрана ў «Вялікай кнізе песень» (выд. 1622).
Літ.:
Ошис В.В. История нидерландской литературы. М., 1983. С. 81—86.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІВЕКАНА́НДА (Свамі) (сапр.Нарэндранатх Дат; 12.1.1863, г. Калькута, Індыя — 4.1.1902),
індыйскі мысліцель-гуманіст, рэлігійны рэфарматар і грамадскі дзеяч. Вучань Рамакрышны. У 1880—84 вывучаў філасофію ў Калькуцкім ун-це. З мэтаю прапаганды веданты ў 1893 наведаў ЗША, Вялікабрытанію, Японію; у 1897 заснаваў рэліг.-рэфарматарскае т-ва «Місія Рамакрышны».
Вівекананда — буйнейшы прадстаўнік ёгі, ідэолаг інд. Адраджэння, якое выяўляла імкненне Індыі да нац. незалежнасці і сац. росквіту. Прапагандаваў самавыхаванне і самаўдасканаленне чалавека на аснове індуізму і маральна-фізічных прынцыпаў ёгаў. Яго дэмакр. і рэфармісцкія ідэі паўплывалі на нац.-вызв. рух у Індыі.
Тв.:
The complete works. Vol. 1—8. Mayavati, 1947—51.
Літ.:
Роллан Р. Жизнь Вивекананды // Собр. соч.: Пер. с фр.Л., 1936. Т. 19.