ПАЛЕАТЫ́ПЫ (ад палеа... + грэч. typos адбітак, форма, узор),
друкаваныя еўрап. выданні 1-й пал. 16 ст. Сярод П. выданні А.Мануцыя, Эцьенаў, Э.Дале, братоў Трэксель і інш. Па змесце і афармленні разнастайныя. Вядома каля 70 слав. П., надрукаваных кірыліцай, у т. л. кнігі Ф.Скарыны. Служаць прадметам спец. збірання і каталагізацыі. Улік П. вядзецца ў выглядзе каталогаў асобных калекцый: «Каталог палеатыпаў б. Румянцаўскай публічнай, цяпер Ленінскай Маскоўскай бібліятэкі» М.Кісялёва (1927—29), «Каталог палеатыпаў: Са збору навук. бібліятэкі імя М.Горкага Ленінградскага ун-та» (1977).
На Беларусі ў 16—19 ст. П. зберагаліся ў царк. і манастырскіх б-ках, б-ках навуч. устаноў Віцебска, Гродна, Мінска, Магілёва, у буйных прыватных зборах. Значная колькасць П. захоўваецца ў Нац. б-цы Беларусі і Цэнтр. навук. б-цы імя Я.Коласа Нац. АН Беларусі.
Літ.:
Немировский Е.Л. Славянские инкунабулы и палеотипы кирилловского шрифта в книгохранилищах Советского Союза // Сов. славяноведение. 1968. № 1.
Л.І.Збралевіч.
т. 11, с. 546
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІЦЫЯ́НА (Poliziano; сапр. Амбраджыні; Ambrogini) Анджэла
(14.7.1454, г. Мантэпульчана, Італія — 29.9.1494),
італьянскі паэт; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў гуманіст. л-ры італьян. і еўрап. Адраджэння. Вывучаў у Фларэнцыі стараж. мовы, л-ру і філасофію. З 1480 праф. Фларэнційскага ун-та. Пісаў на італьян., лац. і стараж.-грэч. мовах. Літ. дзейнасць пачаў з перакладу на лац. мову 2—5-й песень «Іліяды» Гамера (1470—74) і эпіграм на грэч. мове (1471). Найб. значныя яго творы — паэма «Стансы на турнір» (1475—78) і вершаваная драма «Паданне пра Арфея» (паст. 1480), у якой расчараванні паэта ў мажлівасцях паэзіі і пэўны скептыцызм у адносінах да чалавека як гарманічнай істоты. Аўтар гіст. «Запісак пра змову Пацы» (1478), лекцый-уводзін для вывучэння ант. паэтаў «Лясы» (1482—86), шматлікіх од, элегій, эпіграм і каментарыяў на лац. мове. У светапоглядзе П. адлюстраваўся пераломны момант італьян. Адраджэння, якое ў яго творах атрымала найб. яскравую літ. форму.
Тв.:
Рус. пер. — Сказание об Орфее. М.; Л., 1933.
С.В.Логіш.
т. 12, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАШКО́ВАЙ МЕТАЛУРГІ́І З ДО́СЛЕДНАЙ ВЫТВО́РЧАСЦЮ НДІ Беларускага дзяржаўнага навукова-вытворчага канцэрна парашковай металургіі.
Засн. ў 1972 у Мінску на базе праблемнай лабараторыі Бел. політэхн. ін-та. У 1980 на базе НДІ створана навукова-вытв. аб’яднанне, у 1996 — Бел. дзярж. навукова-вытворчы канцэрн парашковай металургіі. Асн. кірункі навукова-тэхн. дзейнасці: распрацоўка навук. прынцыпаў кіравання структурай і ўласцівасцямі матэрыялаў, стварэнне новых матэрыялаў (канструкцыйных, порыстых, трыбатэхн., алмазазмяшчальных, магнітных, керамічных і інш.) для работы ў экстрэмальных умовах; распрацоўка высокаэфектыўных тэхналогій атрымання гэтых матэрыялаў метадамі парашковай металургіі, сінтэзу, уздзеяннем імпульснымі нагрузкамі, нанясеннем ахоўных пакрыццяў і інш. і выраб з іх дэталяў, вузлоў і камплектуючых для прадпрыемстваў аўтатрактарнага і с.-г. машынабудавання, энергетыкі, прыборабудавання, чыг. транспарту, вытв-сці хім. і харч. прадуктаў, будматэрыялаў, вырабаў мед. тэхнікі і інш. З 1977 выдае штогоднік «Парашковая металургія». У ін-це працаваў чл.-кар. Нац. АН Беларусі Г.Дз.Карпенка, працуюць акад. Нац. АН Беларусі П.А.Віцязь і А.У.Роман.
В.В.Савіч.
т. 12, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛУ́ЦКІ, Паўлоцкі Зміцер Іванавіч (?, г. Табольск Цюменскай вобл., Расія — сак. 1747), расійскі падарожнік бел. паходжання, даследчык Чукоткі. Яго бацька з ліцвінаў, што перайшлі ў рас. падданства. Служыў у войску, капітан. У 1727 узначаліў экспедыцыю (400 казакаў, 10 матросаў) на Камчатку і інш. землі Д. Усходу. Паводле загаду П. судна «Св. Гаўрыіл» пад камандаваннем І.Фёдарава выйшла з Анадыра (на Чукотцы) і 31.8.1732 дасягнула «Вялікай Зямлі» (узбярэжжа сучаснага амер. штата Аляска ў раёне м. Прынца Уэльскага), якую геадэзіст М.С.Гвоздзеў упершыню нанёс на карту. Т.ч. была адкрыта паўн.-зах. ўскраіна Паўн. Амерыкі. П. на чале экспедыцыі (215 казакаў і 220 абарыгенаў) даследаваў Чукотку; прайшоў чукоцкім узбярэжжам Паўн. Ледавітага і Ціхага акіянаў ад Чаўнскай губы да Анадыра (2000 вёрст), некалькі разоў перасек увесь край па розных маршрутах. Даў першыя звесткі па геаграфіі, араграфіі, гідраграфіі і этнаграфіі Чукоткі. Загінуў у сутычцы з чукчамі.
Літ.:
Ермоленко В.А. Д.И.Павлуцкий (? — 1747) // Вест. Бел. гос. ун-та. Сер. 2. 1997. № 3.
В.А.Ярмоленка.
т. 12, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНІ КАМІТЭ́Т РСДРП,
1) партыйная арг-цыя, якая дзейнічала на тэр. Віцебскай, Віленскай, ч. Мінскай і Гродзенскай губ. з сак. 1904 да жн. 1905. Створаны ЦК РСДРП. У канцы 1904 аб’ядноўваў Бабруйскую, Віленскую, Віцебскую, Гродзенскую, Мінскую, Смаргонскую, Дзвінскую, Салоцкую арг-цыі РСДРП, Веліжскую і Невельскую рабочыя арг-цыі (усяго 970 чл. партыі і больш за 1000 спачуваючых); да лета 1905 уключаў таксама Ашмянскую, Барысаўскую, Лідскую, Пінскую, Полацкую, Слуцкую, Дрысенскую і інш. арг-цыі РСДРП. На 1-м з’ездзе Паўн.-Зах. к-та РСДРП (жн. 1905) пераўтвораны ў Паўночна-Заходні саюз РСДРП.
2) Кіруючы орган арг-цыі РСДРП, якая дзейнічала на тэр. Віцебскай, Віленскай, ч. Мінскай губ. Створаны ЦК РСДРП у сак. 1904. Размяшчаўся ў Вільні, меў друкарню; у 2-й пал. 1904 выдаў 55 тыс. лістовак і адозваў, памагаў перасылаць з-за мяжы нелегальную л-ру, забяспечваць дакументамі палітэмігрантаў і рэвалюцыянераў, шрыфтам — падп. друкарні. У жн. 1905 перайменаваны ў абласны к-т Паўн.-Зах. саюза РСДРП.
т. 12, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЧА́НІН (Сцяпан Захаравіч) (н. 25.4.1913, с. Ківаць Кузаватаўскага р-на Ульянаўскай вобл., Расія),
бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1968), праф. (1969). Скончыў ВПШ пры ЦК ВКП(б) (1944), Мінскі пед. ін-т (1952). З 1946 у апараце ЦК КП(б)Б, у 1955—85 нам. дырэктара Ін-та гісторыі партыі пры ЦК КПБ. Распрацоўвае праблемы гісторыі Кастр. рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, сацыяліст. будаўніцтва, патрыят. падполля ў Вял. Айч. вайну на Беларусі. Адзін з аўтараў «Нарысаў гісторыі Камуністычнай партыі Беларусі» (ч. 1, 2-е выд. 1968), «Гісторыі грамадзянскай вайны ў СССР» (т. 3, 1958), кн. «Вялікі Кастрычнік» (1958), кіраўнік аўтарскага калектыву і рэдактар кн. «У памяці народнай» (1969), складальнік і рэдактар дакумент. публікацый, у т. л. «Пісьмы працоўных Беларусі У.І.Леніну» (2-е выд. 1969), «Жыццё, адданае народу» (1978).
Тв.:
В грозовом восемнадцатом. Мн., 1969;
Историей обреченные. Мн., 1977;
Большевики Белоруссии в борьбе за победу Советской власти // Великий Октябрь — торжество идей марксизма-ленинизма. Мн., 1970.
т. 12, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАВЕ́РЗЕЎ Валяр’ян Фёдаравіч
(18.10.1882, г. Баброў Варонежскай вобл., Расія — 5.5.1968),
расійскі літаратуразнавец. Вучыўся ў Харкаўскім ун-це (1901—05), выключаны за ўдзел у рэв. руху. З 1905 у ссылцы і ў зняволенні. У 1911 вярнуўся ў Маскву, займаўся лектарскай і літ. працай. Пасля 1917 вёў навук. і пед. дзейнасць (з 1921 праф. Маскоўскага ун-та). Адзін з рэдактараў «Літаратурнай энцыклапедыі» (1929—30). У 1938 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1956. Асн. працы прысвечаны творчасці М.Гогаля, Ф.Дастаеўскага, І.Ганчарова. У 1928 выдадзены зборнік артыкулаў П. і яго паслядоўнікаў «Літаратуразнаўства», які стаў прычынай для дыскусіі пра «пераверзеўскую школу» (1929—30). Імкненне тлумачыць маст. твор класавым быццём вяло П. да вульгарнага сацыялагізму. Разам з тым яго працам уласцівы тонкі аналіз маст. структуры тэксту, глыбокае пранікненне ў сістэму вобразаў маст. твора. Аўтар кн. «Літаратура старажытнай Русі» (апубл. 1971).
Тв.:
У истоков русского реалистического романа. 2 изд. М., 1965;
Гоголь. Достоевский: Исслед. М., 1982;
У истоков русского реализма. М. 1989.
т. 12, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКАЕ РЭА́ЛЬНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА Засн. ў 1872 у г. Пінск на базе мужчынскай гімназіі; першае рэальнае вучылішча на Беларусі. Уваходзіла ў Віленскую навучальную акругу. Мела 7 класаў. На чале з дырэктарам працавалі 16 выкладчыкаў, 3 законанастаўнікі, інспектар. Выкладаліся рус., польск., ням. і франц. мовы, геаграфія, хімія, гісторыя, матэматыка, законазнаўства, касмаграфія, маляванне, чарчэнне, пач. ваен. навука, музыка, рамёствы, гімнастыка і інш. Выпускнікі мелі перавагу пры паступленні ў вышэйшыя тэхн. і с.-г. навуч. ўстановы, на фіз.-матэм. ф-ты ун-таў. Сярод выкладчыкаў былі выхаванцы вучылішча, выпускнікі Мінскай духоўнай семінарыі, Віленскага настаўніцкага ін-та, ун-таў Масквы, Юр’ева, Кіева, Лейпцыгскай філал. семінарыі і інш. У 1785 вучылася 185 юнакоў, у 1911—368. У 1915 вучылішча пераведзена ў Мазыр. У 1918 скасавана.
Літ.:
Краткий список учреждений и учебных заведений Виленского учебного округа на 1917 г. Могилев, 1917;
Памятная книжка Виленского учебного округа на 1911/1912 учеб. г. Вильна, 1912;
Пастухова З.А. Среднее образование в дореволюционной Белоруссии. Мн., 1963.
А.Ф.Самусік.
т. 12, с. 366
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРО́Н ((Pirenne) Анры) (23.12.1862, г. Верв’е, Бельгія — 24.10.1935),
бельгійскі гісторык-медыявіст. Чл. Бельгійскай каралеўскай акадэміі навук, л-ры і прыгожых мастацтваў. У 1886—1930 праф. Генцкага ун-та (у 1919—21 рэктар). Даследаваў сац.-эканам. гісторыю зах.-еўрап. сярэднявечча, ўзнікненне і развіццё горада і яго інстытутаў; развіваў тэорыю паходжання горада з купецкіх паселішчаў (кн. «Гарады сярэднявечча», 1927). У асн. працы «Гісторыя Бельгіі» (т. 1—7, 1900—32), зыходзячы з тэзіса пра адзінства сац.-эканам. развіцця асобных бельг. абласцей, даказваў гіст. адзінства бельг. нацыі і гіст. заканамернасць існавання бельг. дзяржавы. Стварыў канцэпцыю пераходу ад антычнасці да сярэдніх вякоў, у якой гал. ролю ў гіст. працэсе аддаваў знешняму гандлю. Паводле П. пераломны момант у сац. жыцці Зах. Еўропы звязаны з араб. заваяваннямі 7—8 ст., якія паклалі канец міжземнаморскаму гандлю паміж еўрап. Захадам і Усходам; у выніку з 8 ст. асновай эканам. жыцця становіцца натуральная гаспадарка, гар. жыццё замірае. З выцясненнем арабаў з Міжземнамор’я ў 11 ст. аднаўляюцца гандаль і гарады.
т. 12, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЦЭ́ЦІ ((Pizzetti) Ільдэбранда) (20.9.1880, г. Парма, Італія — 13.2.1968),
італьянскі кампазітар, музыказнавец, педагог. Чл. Італьян. акадэміі (з 1939). Скончыў Пармскую кансерваторыю (1901), з 1907 яе праф. З 1908 праф. фларэнційскага муз. ін-та, з 1917 яго дырэктар. З 1924 дырэктар Міланскай кансерваторыі, у 1936—58 праф. Нац. акадэміі «Санта-Чэчылія» ў Рыме, у 1948—51 яе прэзідэнт. Імкнуўся адрадзіць нац. асновы італьян. музыкі, выкарыстоўваў традыцыі нар. песні, грыгарыянскага харала, музыкі італьян. Адраджэння і барока. Сярод твораў: больш за 10 опер, у т.л. «Федра» (паст. 1915), «Чужаземец» (паст. 1930), «Каліёстра» (паст. 1953), «Забойства ў саборы» (паст. 1958), «Клітэмнестра» (паст. 1965); балетаў; 2 сімфоній (1914, 1940); канцэртаў для інстр. з арк.; камерна-інстр. ансамбляў; хораў; музыкі для пастановак п’ес Г. Д’Анунцыо, Эсхіла, Сафокла, У.Шэкспіра, К.Гальдоні і інш. Аўтар кн. «Грэчаская музыка», «Сучасная музыка» (абедзве 1914), «Паганіні» (1940) і інш.
Літ.:
Богоявленский С. Итальянская музыка 1-й половины XX в.: Очерки. Л., 1986.
т. 12, с. 394
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)