аптычная сістэма або яе частка, якая стварае сапраўдны адваротны відарыс аб’екта. Створаны аб’ектывам відарыс разглядаецца праз акуляр (звычайна пасля абарачальнай сістэмы) ці фіксуецца на экране, фатагр. плёнцы, фотакатодзе перадавальнай тэлевізійнай трубкі і інш. Бываюць лінзавыя, люстраныя і люстрана-лінзавыя.
Асн. аптычныя характарыстыкі: фокусная адлегласць f; дыяметр уваходнай зрэнкі d; святласіла d/f; вугал (поле) зроку; раздзяляльная здольнасць. Аб’ектывы тэлескапічных сістэм маюць фокусную адлегласць да некалькіх метраў і дыяметр уваходнай зрэнкі ад некалькіх сантыметраў (у геад., вымяральных і падзорных трубах) да некалькіх метраў (у тэлескопах-рэфрактарах), аб’ектывы мікраскопаў — фокусную адлегласць 1,5—40 мм, малафарматных фотаапаратаў — 6—2000 мм (для аматарскай практыкі 28—200 мм). Фатагр. аб’ектывы бываюць нармальныя (вугал зроку 40—50°), шырокавугольныя (больш за 70°), звышшырокавугольныя (больш за 83°, аб’ектывы тыпу «рыбіна вока» больш за 180°), даўгафокусныя (менш за 39°) і звышдаўгафокусныя (менш за 9°). Канструкцыя складаных аб’ектываў дазваляе выправіць храматычную і геам.аберацыі аптычных сістэм. Большасць аб’ектываў — анастыгматы. Аб’ектывы з пераменнай фокуснай адлегласцю (панкратычныя), у якіх плоскасць відарыса і святласіла нязменныя, выкарыстоўваюцца ў кіна- і тэлекамерах, спец. прамянёвастойкія — у лазерных сістэмах. Для павелічэння фіз. святласілы аб’ектывы прасвятляюць (гл.Прасвятленне оптыкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛІЯКАНЦЭНТРА́ТАР (ад гелія... + канцэнтратар),
прыстасаванне для канцэнтрацыі сонечных прамянёў на невял. участку паверхні. Павышае шчыльнасць сонечнай радыяцыі ў 102—104 разоў, у месцы факусіроўкі дазваляе дасягнуць т-ры 3000 °C і болей, што дае магчымасць ажыццяўляць высокатэмпературныя тэхнал. працэсы. Выкарыстоўваецца ў геліяўстаноўках.
Складаецца з люстэркаў, увагнутых лінзаў і нясучых канструкцый. Распрацаваны тэхналогіі стварэння паўцвёрдых і надзіманых геліяканцэнтратараў з палімерных празрыстых і металізаваных плёнак. Канфігурацыі факусіруючых сістэм: парабалічныя (у т. л. з другасным адбівальнікам) і парабалацыліндрычныя канцэнтратары, лінзы Фрэнеля. Паверхні люстэркаў геліяканцэнтратара — звычайна фацэтныя перарывістыя і гладкія. Распрацоўка і стварэнне геліяканкэнтратара вядуцца ў Францыі (у 1968 уведзена сонечная печ з геліяканцэнтратарам парабалоіднага тыпу дыяметрам 54 м), Японіі, ЗША, Аўстраліі і інш. Пабудаваны шэраг сонечных энергетычных установак. У 1988 у Крыме пабудавана паратурбінная сонечная электрастанцыя магутнасцю 5 МВт. На Беларусі работы па распрацоўцы сістэм пераўтварэння канцэнтраванай сонечнай энергіі з выкарыстаннем цеплавых труб вядуцца ў акад.навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава». Гл. таксама Геліятэхніка.
Літ.:
Драгун В.Л., Конев С.В. В мире тепла. Мн., 1991;
Мак-Вейг Д. Применение солнечной энергии: Пер. с англ.М., 1981. У.Л.Драгун, С.У.Конеў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ПРАБЛЕ́М ВЫКАРЫСТА́ННЯ ПРЫРО́ДНЫХ РЭСУ́РСАЎ І ЭКАЛО́ГІІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1932 у Мінску як Ін-т торфу АН Беларусі, з 1990 сучасная назва. Лабараторыі (1998): кліматалогіі, аптымізацыі геасістэм, інфарм. забеспячэння прыродакарыстання, мадэліравання геаэкасістэм, трансфармацыі рэчыва і энергіі ў геаэкасістэмах, фіз.-хім. механікі прыродных дысперсных сістэм, калоіднахім. асноў эколагабяспечных тэхналогій, хіміі і хім. тэхналогій цвёрдага паліва, фіз.-хім. метадаў даследаванняў, выкарыстання і аховы тарфяных радовішчаў, сапрапеляў, біягеахіміі ландшафтаў, аграэкалогіі; навук.-тэматычная група «Масларастваральныя паверхнева-актыўныя рэчывы»; аддзелы: канструктарска-тэхналагічны, замежных сувязей і навук-тэхн. інфармацыі; эксперым. база «Дукора». Аспірантура (з 1957), дактарантура (з 1989).
Асн. кірункі даследаванняў: ацэнка, прагназаванне і аптымізацыя антрапагенных уздзеянняў на навакольнае асяроддзе; навук. абгрунтаванне стварэння рэсурсазберагальных тэхналогій, здабычы, перапрацоўкі і выкарыстання цвёрдых гаручых выкапняў. Вынікі даследаванняў: вывучаны генезіс, фіз.-хім. ўласцівасці торфу і сапрапеляў, распрацаваны эколагабяспечныя і рэсурсазберагальныя тэхналогіі іх выкарыстання ў нар. гаспадарцы; вывучаны механізмы ўтварэння гумусу; зроблена ацэнка прыродна-рэсурснага патэнцыялу Беларусі; вызначаны заканамернасці ўздзеяння прыродных антрапагенных фактараў на геахімію і геафізіку ландшафтаў, распрацаваны матэм. мадэлі для вывучэння функцыянавання прыродных сістэм. У Ін-це працавалі акад.АН Беларусі Б.В.Ерафееў, чл.-кар. Ф.А.Апейка, П.І.Бялькевіч, І.Р.Блох, В.Г.Гарачкін, Б.К.Клімаў, У.Я.Ракоўскі; працуюць акад.Нац.АН Беларусі М.М.Бамбалаў, І.І.Ліштван (ганаровы дырэктар), чл.-кар. У.Ф.Логінаў (дырэктар з 1997), А.А.Цярэнцьеў, 13 дактароў навук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВАЯ ЭЛЕКТРО́НІКА,
раздзел фізікі, які вывучае працэсы генерацыі і ўзмацнення эл.-магн. хваль на аснове вымушанага выпрамянення квантавых сістэм (атамаў, малекул). Узнікла на мяжы спектраскапіі і радыёфізікі. Частка К.э., звязаная з аптычным дыяпазонам эл.-магн. хваль, наз.лазерная фізіка. На базе К.э. ўзніклі нелінейная оптыка і лазерная спектраскапія, новы імпульс атрымала галаграфія.
Сфарміравалася і развівалася як самаст. галіна навукі і тэхнікі ў 1950-я г.Асн. аб’екты вывучэння: актыўныя асяроддзі, аб’ёмныя рэзанатары, квантавыя генератары і квантавыя ўзмацняльнікі, пераўтваральнікі частаты і метады кіравання характарыстыкамі такіх сістэм. Да К.э. адносяць таксама пытанні нелінейнага ўзаемадзеяння магутнага лазернага выпрамянення з рэчывам і выкарыстання такога ўзаемадзеяння для пераўтварэння частаты лазернага выпрамянення. Працэс вымушанага выпрамянення эл.-магн. хваль адкрыў А.Эйнштэйн (1917); на магчымасць выкарыстання гэтай з’явы для ўзмацнення святла паказаў В.А.Фабрыкант (1939). Першая прылада К.э. — малекулярны генератар на аміяку — створана ў 1954 адначасова ў СССР (М.Г.Басаў, А.М.Прохараў) і ў ЗША (Ч.Таўнс і інш.). У 1960 у ЗША створаны першы лазер на рубіне і гелій-неонавы газавы лазер. У 1959 М.Г.Басаў тэарэтычна абгрунтаваў магчымасць стварэння паўправадніковага лазера і першыя такія лазеры створаны ў 1962—63.
На Беларусі сістэматычныя даследаванні па К.э. праводзяцца з 1961 у Ін-це фізікі Нац.АН, БДУ і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВІГА́ЦЫЯ ПАВЕ́ТРАНАЯ, аэранавігацыя,
прыкладная навука пра дакладнае, надзейнае і бяспечнае ваджэнне ў паветры лятальных апаратаў (ЛА) па зададзенай аптымальнай траекторыі ва ўстаноўлены час. Вывучае і распрацоўвае метады, спосабы і сродкі (навігацыйныя прылады, навігацыйнае абсталяванне, навігацыйныя сістэмы), з дапамогай якіх ажыццяўляецца навігацыя. Часам пад Н.п. разумеюць толькі працэс ваджэння ЛА (самалётаваджэнне, верталётаваджэнне).
Пры Н.п. вызначаюць месцазнаходжанне (каардынаты), скорасць і напрамак руху ЛА (з выкарыстаннем палётных карт, аэралоцый, бартавых і наземных навігацыйных сродкаў — геатэхн., радыётэхн., астр., светатэхн.), чарговы пункт маршруту і метад палёту да яго. Каардынаты ЛА вымяраюць: злічэннем шляху — вылічэннем бягучых каардынат па вядомых пач. каардынатах, скорасці і напрамку руху; метадам ліній (паверхняў) становішча, заснаваным на вымярэнні з дапамогай радыёнавігацыйных сістэмфіз. або геам. велічынь, што дазваляюць вызначыць месцазнаходжанне ЛА; аглядна-параўнальным метадам, які грунтуецца на параўнанні бягучых арыенціраў ці параметраў геафіз. палёў, з тымі, што вызначаны загадзя. Палёт ЛА да чарговага пункта маршрута ажыццяўляюць 3 асн. метадамі: маршрутным, пуцявым і курсавым. Дакладны палёт ЛА па зададзеным маршруце ў любых умовах надвор’я забяспечваецца навігацыйнымі сродкамі, заснаванымі на розных прынцыпах і канструкцыйна аб’яднанымі ў адзіныя навігацыйныя комплексы. Перспектыўнае выкарыстанне спадарожнікавых радыёнавігацыйных сістэм (гл.Міжнародныя касмічныя навігацыйныя сістэмы).
Літ.:
Воздушная навигация: Справ. М., 1988;
Селезнев В.П. Навигационные устройства. 2 изд М., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАГРА́ДСКІ (Міхаіл Васілевіч) (24.9.1801, в Пашэнаўка Казельшчынскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна — 1.1.1862),
рускі матэматык і механік, адзін з заснавальнікаў Пецярбургскай матэм. школы. Акад. Пецярбургскай АН (1830). Вучыўся ў Харкаўскім ун-це (1817—20), у Парыжы (1822—27). З 1828 праф.ВНУ Пецярбурга. Навук. працы па матэм. аналізе, матэм. фізіцы і тэарэт. механіцы. Сфармуляваў агульны варыяцыйны прынцып для некансерватыўных сістэм, адкрыў найменшага дзеяння прынцып (незалежна ад У.Гамільтана), даказаў тэарэму аб пераўтварэнні інтэгралаў (гл.Астраградскага формула).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЎН ((Braun) Аляксандр) (10.5.1805, г. Рэгенсбург, Германія — 29.3.1877),
нямецкі батанік. Чл. Германскай акадэміі «Леапальдзіна», Парыжскай АН. Вучыўся ў Гайдэльбергу (1824—31) і Парыжы (1831—32). Праф.Політэхн. школы ў Карлсруэ (1833—46), праф. і дырэктар Бат. саду ў Фрэйбургскім ун-це (1846—51), з 1851 — у Берліне. Навук. працы па вывучэнні будовы і развіцця прэснаводных зялёных водарасцяў, папарацепадобных; даследаваў партэнагенез і поліэмбрыянію ў раслін. Прыхільнік параўнальнага і антагенетычнага кірункаў у марфалогіі. На падставе марфал. прыкмет прапанаваў сваю філагенетычную сістэму, якая легла ў аснову сістэмням. вучоных А.Эйхлера і А.Энглера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ ЭЛЕКТРАМЕХАНІ́ЧНЫ ЗАВО́Д.
Створаны ў 1963—65 у г. Брэст як з-д электравымяральных прылад. З 1970 Брэсцкі электрамеханічны завод. З 1993 галаўное прадпрыемства Брэсцкага электрамех. канцэрна. Выпускаў ЭВМ агульнага прызначэння (ЕС), перфакарткавае і перфастужкавае абсталяванне, устройствы аптычнага счытвання знакаў і сістэм тэлеапрацоўкі даных для ЭВМ, стацыянарныя і рухомыя выліч. камплекты для АСКспец. прызначэння, бартавыя ЭВМ, персанальныя камп’ютэры. Асн. прадукцыя (з 1993): прылады для кантролю за расходам газу і электраэнергіі, мед. тэхніка, персанальныя камп’ютэры, быт. электра- і радыёапаратура, с.-г. тэхніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬГАЦЯЁМІСТАСЦЬ ГО́РНЫХ ПАРО́Д,
здольнасць горных парод паглынаць і ўтрымліваць пэўную колькасць вады. Характарызуецца каэфіцыентам вільгацяёмістасці, які выражаецца ў вагавых (адносіны масы вады да масы сухой пароды) або аб’ёмных (адносіны аб’ёму вады да аб’ёму пароды) працэнтах. Горныя пароды падзяляюцца на вільгацяёмістыя (торф, глей, гліна), слабавільгацяёмістыя (мел, мергель, лёс) і невільгацяёмістыя (масіўныя метамарфічныя, вывергнутыя і асадкавыя). Вагаецца ў шырокіх межах (напр., торфу 80—90%, антрацыту 4—6%). Адрозніваюць макс. гіграскапічную, макс. малекулярную, капілярную і поўную вільгацяёмістасць горных парод. Улічваецца пры разліках сістэм асушэння, у горнай справе, пры інж.-геал. вышуканнях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБІ́ЛА (Пётр Мікалаевіч) (н. 7.7.1953, в. Нацавічы Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі. Д-ртэхн.н. (1992). Скончыў Гродзенскі пед.ін-т (1974). З 1975 у Ін-це тэхн. кібернетыкі АН Беларусі. Навук. працы па метадах, алгарытмах і праграмных комплексах для сінтэзу лічбавых прыстасаванняў і сістэм, аўтаматызацыі праектавання рэгулярных структур для звышвялікіх інтэгральных схем.
Тв.:
Синтез комбинационных схем методами функциональной декомпозиции. Мн., 1987 (разам з С.В.Еніным);
Синтез комбинационных ПЛМ-структур для СБИС. Мн., 1992.