паддо́брыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак., да каго і без дап.

Заваяваць да сябе прыхільнасць; падлашчыцца. Каб паддобрыцца да дзяцей, старшыня прысеў на краёчку ложка і пачаў жартаваць. Пальчэўскі. [Эма:] — Гандляры так ужо стараюцца тавар збыць, што не ведаюць, як паддобрыцца, дагадзіць. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саматка́ны, ‑ая, ‑ае.

Вытканы ў хатніх умовах, саматужным спосабам (пра тканіну). Саматканае сукно. Саматканае палатно. □ Кастусь сеў на край нараў, засланых тоўстай саматканай коўдрай, і пачаў уважліва пазіраць за палкоўнікам. Ваданосаў. [Анэлі] здавалася, што яе простая саматканая сукенка кідаецца ў вочы. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скры́ўлены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад скрывіць.

2. у знач. прым. Не прамы, выгнуты. Сям’я рабін да скрыўленага плота Ціснецца. Бядуля. Гэткі ж спакойны .. [Вакула] быў і тады, калі пачаў дапякаць Валодзьку за скрыўленую падлогу. Радкевіч. // Перакошаны. Скрыўлены твар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сто́мленасць, ‑і, ж.

1. Стан стомленага; бяссілле. Стомленасць арганізма. □ Аднак жа .. [Андрэй] не разлічыў сваіх сіл і к канцу другога дня пачаў адчуваць вялікую стомленасць. Чорны.

2. Спец. Змяненне механічных і фізічных уласцівасцей матэрыялу пад уздзеяннем напружання і дэфармацыі. Стомленасць металу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сумёцісты, ‑ая, ‑ае.

1. Пакрыты сумётамі. На сумёцістым раздарожжы прывітае знаёмым шумам старая .. сасна. Вялюгін.

2. Падобны на сумёт. Адвярнуўся [Сахрон], пачаў глядзець зноў на неба, на тыя белыя, сумёцістыя аблокі, што ўсё плылі і плылі, беглі і беглі некуды ўдалячынь... Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шара́чак, ‑чка і ‑чку, м.

1. ‑чку. Грубая фарбаваная тканіна дамашняга вырабу. Андрэй пачаў усцягваць на сябе штосьці пашытае з шарачку. Чорны.

2. ‑чка. Верхняя вопратка, кафтан з такой тканіны. Не паеду ж я ў гэтым каляным шарачку людзей смяшыць. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

«МАЛА́НКА»

(«Blitz»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партыз. брыгады Сіроцінскай і мясц. насельніцтва ў Бешанковіцкім і Сіроцінскім р-нах Віцебскай вобл. (у міжрэччы Зах. Дзвіны і Обалі, уздоўж чыг. Віцебск—Полацк) 23.9—4.10.1942 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася сіламі 21-й ахоўнай дывізіі пры падтрымцы браняпоезда і паліцэйскіх падраздзяленняў мясц. гарнізонаў. 23 вер. праціўнік пачаў наступленне, імкнучыся акружыць брыгаду, расчляніць яе на часткі і знішчыць. Асн. сілы брыгады своечасова адышлі за р. Обаль і занялі абарону на яе правым беразе; атрады 4-ы (камандзір Дз.​М.​Ляўковіч) і 3-і (камандзір В.​Р.​Несцераў) апынуліся ў акружэнні. 4-ы атрад 3 сутак адбіваў атакі карнікаў, а потым пад прыкрыццём невялікага заслона (2 сутак стрымліваў праціўніка) прарваўся да в. Залужжа, адкуль мясц. жыхары вывелі яго да в. Грабянцы ў тыл ворага. На У ад в.Шашы бой у акружэнні вёў 3-і атрад, разам з якім у лесе хавалася каля 3 тыс. мясц. жыхароў. Спачатку праціўнік вёў моцны артыл. агонь, потым пачаў прачэсваць лес. Адбіваючыся апошнімі гранатамі, партызаны разам з жанчынамі, малымі і старымі пачалі адыход да Зах. Дзвіны, дзе размяшчаліся сілы загараджэння карнікаў. У гэты час эскадрылля сав. штурмавікоў, што наносіла ўдары па станцыях Полацк і Гараны, вярталася з задання. Лётчыкі заўважылі вял. колькасць гітлераўцаў на беразе ракі і з брыючага палёту абстралялі іх. Выкарыстаўшы паніку ў стане праціўніка, партызаны з часткай насельніцтва пераправіліся цераз раку і выйшлі ў размяшчэнне атрада «Смерць фашызму». Пацярпеўшы няўдачу ў аперацыі, карнікі загубілі 567 чал., спалілі 9 вёсак.

У.​С.​Пасэ.

т. 10, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́КАН (свецкае Мікіта Мінаў; 24.5.1605, с. Вельдэманава Перавозскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 27.8.1681),

царкоўна-палітычны дзеяч Расіі. У 1635 пастрыгся ў манахі ў Салавецкім манастыры, прыняў імя Н. З 1643 ігумен Кожазерскага манастыра. З 1646 архімандрыт Наваспаскага манастыра ў Маскве. У 1649 узначаліў Наўгародскую мітраполію. У час Наўгародскага паўстання 1650 падтрымаў цара. У 1652 абраны патрыярхам маскоўскім і ўсяе Русі. З 1653 пачаў царк. рэформу па выпраўленні богаслужэбных кніг на грэчаскі ўзор і ўстанаўленне аднастайнасці царк. службы. Змены тычыліся неістотных дэталяў богаслужэбнай практыкі: замест «Ісус» пачалі пісаць «Іісус», крыж клалі не 2, а 3 пальцамі, разам з 8-канцовым крыжам быў прызнаны і 4-канцовы і г.д. Рэформа выклікала абурэнне часткі духавенства на чале з Авакумам, Іванам Няронавым і інш., у царкве ўзнік раскол. Праціўнікі рэформы падлягалі жорсткім ганенням. Н. актыўна ўдзельнічаў у вырашэнні паліт. пытанняў: настойваў на прыняцці ў падданства Ўкраіны і вайне з Польшчай; дамогся, каб цар асабіста ўзначаліў армію, пачаў вайну супраць Швецыі. Ён імкнуўся выкарыстаць рэформу для ўзмацнення царк. арг-цыі і ўлады патрыярха, вызваліць царкву з-пад апекі свецкай улады. Гэта выклікала незадаволенасць цара Аляксея Міхайлавіча, і ў 1658 Н. выехаў у заснаваны ім Новаіерусалімскі Васкрасенскі манастыр у Падмаскоўі. Вял. царк. сабор 1666 пазбавіў Н. патрыяршай улады і саслаў у Ферапонтаў Белазерскі манастыр. У 1681 цар Фёдар Аляксеевіч дазволіў Н. вярнуцца ў Новаіерусалімскі манастыр, па дарозе Н. памёр і быў пахаваны як патрыярх.

Літ.:

Замалеев А.Ф., Овчинникова Е.А. Еретики и ортодоксы: Очерки древнерус. духовности. Л., 1991;

Карташев А.В. Очерки по истории русской церкви. М., 1991. Т. 2. С. 133—220.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 11, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

грубія́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.

Гаварыць грубасці, некультурна абыходзіцца з кім‑н. [Юрка] не вырваўся, не пачаў, як звычайна, грубіяніць, а сцішыўся, і, кусаючы губы, замёр. Карпаў. — Што хачу, тое і раблю. На тое я і гаспадар, — грубіяніў і абражаў палясоўшчыка Андрэй Полаз. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

габлява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; заг. габлюй; незак., што і без дап.

Зразаць тонкі слой з паверхні драўніны пры апрацоўцы яе гэблем, рубанкам. Габляваць дошкі. □ [Уладзімір Іванавіч] габляваў пад паветкай клёпкі. Шамякін. Петэр падышоў да варштата і пачаў габляваць так, што стружкі веерам разляталіся ўбакі. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)