МЕЛО́ДЫЯ (ад грэч. melōdia спевы, напеў, песня, мелодыя),

асноўны выразны сродак музыкі, у якім у непарыўным адзінстве суіснуюць гукавышынны (уласна меладычны), рытмічны і ладавы бакі. Канкрэтныя мелодыі валодаюць таксама тэмбравай, рэгістравай, дынамічнай і агагічнай выразнасцю. Інтанацыйная прырода М. (гл. Інтанацыя) надае ёй нац., жанравую, часткова сац. характэрнасць, збліжае з чалавечай мовай, што выяўляецца ў гукавым вырашэнні, асэнсаванай расчлянёнасці на матывы («словы»), фразы і сказы, у яе змястоўнай і камунікатыўнай функцыях. Цэласнасць, пластычнасць і злітнасць М. як найважнейшага сэнсавага кампанента музыкі забяспечвае аб’яднанне ў ёй характэрных інтанацый (пытання, воклічу, сцвярджэння і інш.) з агульнымі формамі паступеннага меладычнага руху. Суадносіны гэтых момантаў вызначаюцца стылем і жанрам М., яе прыналежнасцю да пэўнага тыпу — рэчытатыўна-дэкламацыйнага, арыёзнага, кантыленнага. Вакальная першааснова М. (залежнасць ад дыхання і галасавога апарата) выяўляецца ў асаблівасцях яе структуры і дынамічнага разгортвання, уласцівых вак. і інстр. мелодыцы, розным стылям, жанрам і меладычным тыпам. Гэта — хвалевая будова («меладычнае дыханне») і натуральнае ўзмацненне дынамікі пры пераходзе ў верхні рэгістр, а пры зыходным руху і вяртанні ў першапачатковы рэгістр — яе аслабленне. Выразнасць канкрэтнай М. ў многім залежыць ад віду меладычнай хвалі (прамой ці зваротнай), яе працягласці, размяшчэння кульмінацыйнага пункта — у пачатку (т.зв. «вяршыня-крыніца», у высокай ступені ўласцівая ўсх.-слав. песеннасці), сярэдзіне або ў канцы хвалі, а таксама ад рытмічнай і ладавай арганізацыі, але перш-наперш ад інтанацыйнага зместу. У нар. і прафес. музыцы аднагалосая М. нярэдка выступае ў тэрцовых, секставых і інш. дубліроўках. У фальклоры найб. пашырана тэрцовая ўтора, у прафес. музыцы — разнастайныя акордавыя згушчэнні, што ўтвараюць свайго роду шматгалосую мелодыю. Роля М. неаднолькавая ў поліфаніі, гамафоніі, манодыі. У поліфаніі М. адначасова спалучаецца з інш. раўнапраўнымі ёй галасамі. У гамафонных творах М. — вядучы голас, утварае першы план на фоне гарманічнага суправаджэння. У манадычных стылях нар., стараж. культавай, класічнай музыкі народаў Усходу М. — адзіны і паўнацэнны носьбіт маст. зместу. Прафес. музыка 20 ст. характарызуецца выключнай разнастайнасцю меладычных стыляў, у якіх адлюстраваны заканамернасці архаічных фальклорных слаёў і сучасныя складаналадавыя, новамадальныя, дадэкафонныя і інш. структуры. У бел. музыказнаўстве асн. ўвага даследаванняў скіравана на выяўленне меладычных асаблівасцей бел. нар. музыкі і іх ператварэнне ў прафес. музыцы ў крыніцу нац. спецыфікі.

Літ.:

Мазель Л.А. О мелодии. М., 1952;

Ручьевская Е. Мелодия сквозь призму жанра // Критика и музыкознание. Л., 1980. Вып. 2;

Корчмар Л.О. Учение о мелодии в XVIII в. // Вопросы теории музыки. М., 1970. Вып. 2;

Арановский М.Г. Синтаксическая структура мелодии. М., 1991;

Елатов В.И. Мелодические основы белорусской народной музыки. Мн., 1970;

Титова Т.А. О современных аспектах термина «мелодия» // Вопросы методологии современного музыкознания. М., 1997.

Н.​М.​Юдзеніч.

т. 10, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАЛУ́РГІЯ (ад грэч. metallurgeō здабываю руду, апрацоўваю металы),

галіна навукі, тэхнікі і прам-сці, якая ахоплівае працэсы атрымання металаў з руд і інш. матэрыялаў, змены хім. саставу, структуры і ўласцівасцей метал. сплаваў, надання металу пэўнай формы. Працэсы М.: падрыхтоўка руд (здрабненне, абагачэнне карысных выкапняў, абпал або сушка, агламерацыя, брыкетаванне і інш.); вылучэнне металаў з руд і інш. матэрыялаў, ачыстка іх ад непажаданых дамешкаў (рафінаванне металаў); вытв-сць металаў і сплаваў; тэрмічная апрацоўка, хіміка-тэрмічная апрацоўка, тэрмамеханічная апрацоўка, ліццё і апрацоўка металаў ціскам, зварка і паянне; нанясенне ахоўных і дэкаратыўных пакрыццяў з інш. металаў і неметалаў на паверхні метал. вырабаў (металізацыя). М. падзяляецца на чорную металургію (атрыманне чыгуну, сталі, ферасплаваў, пракату і некат. вырабаў з чыгуну і сталі) і каляровую металургію (вытв-сць і апрацоўка каляровых металаў і сплаваў). У залежнасці ад метадаў атрымання металаў і сплаваў адрозніваюць вакуумную металургію, гідраметалургію, парашковую металургію, піраметалургію, плазменную металургію, электраметалургію. Важнай галіной М. з’яўляецца металазнаўства.

М. ўзнікла ў глыбокай старажытнасці. Паводле археал. даных, медзь атрымлівалі ўжо ў 7—6-м тыс. да н.э., з 4—3-га тыс. да н.э. выкарыстоўвалі яе сплаў з волавам — бронзу. З сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. пачалі выплаўляць жалеза (гл. Сырадутны працэс), з сярэдзіны 14 ст. — чыгун (гл. Доменны працэс), з 18 ст. — сталь, выкарыстоўваючы тыгельную плаўку, а потым бесемераўскі працэс, мартэнаўскі працэс, тамасаўскі працэс, кіслародна-канвертарны працэс. Найб. актыўна як галіна прам-сці і навукі М. развіваецца з 19 ст. дзякуючы вынаходствам і распрацоўкам Г.Бесемера і С.​Дж.Томаса (Англія), А.​Мартэнса (Германія), П.Э.Мартэна (Францыя), П.П.Аносава і Дз.К.Чарнова (Расія) і інш. М. — адна з найважнейшых галін сучаснай прам-сці; маштабы вытв-сці металаў (у першую чаргу сталі) характарызуюць тэхніка-эканам. ўзровень развіцця краіны.

На Беларусі вытв-сць некаторых бронзавых рэчаў з прывазной сыравіны пачалася з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э., чорная М. з’явілася ў 7—6 ст. да н.э. Жалеза здабывалі з балотнай руды ў печах-домніцах (сырадутных горнах), пераплаўлялі ці награвалі для апрацоўкі ў тыгельных, крычных і кавальскіх горнах (гл. Горан). Як навука М. на Беларусі развіваецца ў Фізіка-тэхнічным і інш. ін-тах Нац. АН, у БПА, галіновых НДІ, некаторых ВНУ. Асн. вытворца чорнага пракату для прам-сці краіны — Беларускі металургічны завод у Жлобіне, значная ч. прадукцыі якога ідзе на экспарт. Вытв-сць сталі і чыгунных вырабаў ёсць на з-дах «Цэнтраліт» (Гомель), МТЗ, МАЗ, станкабудаўнічым імя Кірава (Мінск), «Праммашрамонт» (Полацк), Мінскім механічным імя Вавілава і інш. Гл. таксама Металургічная прамысловасць.

Літ.:

Основы металлургии. Т. 1—7. М., 1961—75;

Воскобойников В.Г., Кудрин В.А., Якушев А.М. Общая металлургия. 4 изд. М., 1985;

Венецкий С.И. От костра до плазмы: Рассказ о многовековом пути, пройденном металлургией... М., 1986.

А.​П.​Ласкаўнёў.

т. 10, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІСТЭ́МА (ад грэч. systēma складзенае з частак),

цэласная сукупнасць узаемазвязаных элементаў. У якасці С. разглядаюцца сукупнасць рэчаў, уласцівасцей і адносін, складаныя аб’екты, часткі прыроднага і тэхнагеннага асяроддзя, якія характарызуюцца шматузроўневасцю і іерархічнасцю пабудовы: напр., горныя С., С. рэк, азёр, мораў, жывёльнага і расліннага свету, С. гарадоў і інш. Адрозніваюць матэрыяльныя і ідэальныя С. Да матэрыяльных адносяць С. ўсіх узроўняў арганізацыі і форм руху матэрыі, уключаючы С. жывой і нежывой прыроды, С. эканам., паліт., прававых і інш. грамадскіх адносін. Ідэальныя С. ўключаюць канкрэтныя, якія складаюцца з пачуццёвых вобразаў і выяўляюцца, напр., у творах мастацтва, і абстрактныя, якія ўваходзяць у склад гіпотэз, тэорый і інш. С. падзяляюць таксама на адкрытыя і закрытыя, статычныя і дынамічныя, жорсткадэтэрмінаваныя і імавернасныя, натуральныя і штучныя і інш. Усім тыпам С. уласціва пэўнае падабенства характарыстык. Элементы С. могуць быць аднародныя і неаднародныя па сваіх якасцях. Комплексы разнародных элементаў у С. з’яўляюцца падсістэмамі. Элементы С. адносна самастойныя, што выяўляецца ў захаванні сваіх якасцей пры змене структуры С. і магчымасці пераходу ў інш. С. Самастойнасць элементаў залежыць ад ступені складанасці С.: чым больш складаная С., тым мацней узаемазалежныя элементы. Цэласнасць С. забяспечваецца яе структурай — устойлівым, упарадкаваным спосабам сувязі паміж элементамі. Структура С. складаецца ў працэсе ўзаемадзеяння элементаў і адказвае за ўзнаўленне С. і яе адаптацыю да ўмоў асяроддзя. Змены ў асяроддзі прыводзяць да пераўтварэння структуры С., а часам да замены папярэдніх элементаў якасна новымі (гл. Ізамарфізм і гомамарфізм). С. характарызуюцца 3 тыпамі ўласцівасцей: субстратнымі, інтэгратыўнымі і функцыянальнымі. Субстратныя ўласцівасці (маса, памер, матэрыяльны састаў) абумоўлены матэрыяльным складам С., інтэгратыўныя — залежаць ад спосабу сувязі паміж элементамі, функцыянальныя — вызначаюць функцыі С. ў знешнім асяроддзі.

Першыя ўяўленні пра С. як аснову ўпарадкаванасці і цэласнасці быцця ўзніклі ў ант. філасофіі. Б.​Спіноза, Г.​Лейбніц і прадстаўнікі навук. сістэматыкі 17—18 ст. прапаноўвалі прыродазнаўчыя сістэмна-анталагічныя канцэпцыі светабудовы. Прынцыпы сістэмнай прыроды ведаў у ням. класічнай філасофіі распрацоўвалі І.​Кант, Ф.​Шэлінг, Г.​Гегель. У 2-й пал. 19—20 ст. даследаваліся спецыфіка тэарэт. ведаў як С. (неакантыянства), метады пабудовы лагічных і фармалізаваных С. (неапазітывізм). Сістэмныя даследаванні праводзяцца ў межах агульнай тэорыі сістэм і спец. тэорый: сістэмнага падыходу, сістэмнага аналізу, сістэматэхнікі, кібернетыкі, сінергетыкі і інш.

Літ.:

Системные исследования. М., 1969;

Морозов В.Д., Морозов В.В. Диалектика: системы и развитие. Мн., 1978;

Аверьянов А.Н. Системное познание мира. М., 1985;

Система. Симметрия. Гармония. М., 1988;

Хакен Г. Информация и самоорганизация: Макроскопич. подход к сложным системам: Пер. с англ. М., 1991;

Князева В.Н., Курдюмов С.П. Законы эволюции и самоорганизации сложных систем. М., 1994;

Спицнадель В.Н. Основы системного анализа. СПб., 2000.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 14, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНАЯ МУ́ЗЫКА, музычны фальклор,

песенная і інстр. творчасць народа. Вядома ўсім народам. Творы Н.м. ўзнікаюць на аснове маст. традыцый і адлюстроўваюць калектыўна выпрацаваныя эстэт. прынцыпы. Абагульняючы і зберагаючы вопыт многіх пакаленняў, Н.м. мае вял. эстэт., пазнавальнае і выхаваўчае значэнне. Муз. фальклор — аснова нац. муз. стылю, вызначальная крыніца прафес. кампазітарскай музыкі і канцэртнай творчасці прафес. і самадз. муз. калектываў. Вытокі нар. муз. мастацтва беларусаў у культуры стараж. усх.-слав. плямён: крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў. Вядучае месца ў бел. муз. культуры займае песенная творчасць, якая ахоплівае некалькі вял. гіст. пластоў. Найб. даўні пласт утвараюць песні каляндарна-земляробчага і сямейна-абрадавага цыклаў.

Каляндарна-земляробчыя песні прадстаўлены на Беларусі жанрамі калядных песень і шчадроўскіх, масленічных песень, веснавых песень, валачобных песень, юраўскіх песень, купальскіх песень і пятроўскіх песень, жніўных песень, яравых і льняных, восеньскіх песень (да іх прымыкаюць зімовыя песні, веснавыя і летнія карагоды, гульнявыя песні і інш.), сямейна-абрадавыя — жанрамі радзінных песень, вясельных песень, галашэнняў (да іх далучаюцца калыханкі). Змест песень характарызуецца найперш прац. земляробчай тэматыкай, пераплеценай з тэматыкай побыту і даўніх язычніцкіх святкаванняў, з вобразамі навакольнай прыроды (часта персаніфікаванымі).

Вобразны лад песень вызначаецца маляўнічасцю (веснавыя, калядныя, вясельныя велічальныя) або элегічнасцю, псіхал. паглыбленасцю (восеньскія, вясельныя сіраце); паэт. абагульненасць спалучаецца ў іх з яркасцю быт. замалёвак (жніўныя). Вызначальная рыса песень каляндарна-земляробчага і сямейна-абрадавага цыклаў — строгая прымеркаванасць да пэўнага часу ці абставін, якая раней была абумоўлена дакладнай абрадавасцю, а ў наш час падтрымліваецца традыцыяй і асацыятыўнымі сувязямі. З гэтай рысай звязана фарміраванне т. зв. напеваў групавога прымацавання — графічна сціслых, устойлівых меладычных формул, што характэрны пэўнаму жанру і абагульняюць некалькі тэкстаў (звычайна будуюцца на варыянтным паўтарэнні адной папеўкі). Пры вонкава скупых меладычных сродках яны маюць вял. выразную сілу дзякуючы сэнсавай важкасці кожнай меладычнай дэталі, найтанчэйшаму інтанац. нюансаванню ў межах меладычнай формулы, раўназначнасці ўсіх кампанентаў муз. мовы: уласна меладычных (ладавых і рытмічных), арнаментальных, інтанацыйна-адценневых, тэмбравых. Немалаважную ролю адыгрываюць і манера выканання (гл. Народныя спевакі), якая на працягу стагоддзяў склалася ў своеасаблівую школу галаснога спеву, і так званы «рытуальны шум» — розныя пастукванні, пабразгванні, прытанцоўванні, славесныя выкрыкі (калядныя і вясельныя песні).

Паводле характару мелодыкі напевы гэтых песень падзяляюцца на 2 тыпы. Першаму ўласцівы дэкламацыйнасць, вузкі ці сярэдні гукавы дыяпазон (тэрцыя, часта з захопам ніжняй кварты, кварта, квінта) і перыядычнасць рытмічнай структуры з акрэсленым, дакладна вытрыманым рытмічным малюнкам — рытмаформулай (калядныя, валачобныя, вясельныя, радзінныя, частка веснавых, юраўскіх, купальскіх і пятроўскіх песень). Другі тып пры дыяпазоне, звычайна не большым за квінту, вылучаецца меладычнай шырынёй з прычыны доўга працягнутых апорных гукаў ладу, унутрыскладовага распеву, гібкасці меладычнай лініі з выразнай мелізматыкай і імправіз. рытмікай (напевы жніўных. значнай часткі веснавых і восеньскіх, а таксама некат. часткі купальскіх, пятроўскіх і вясельных). У сваёй аснове песні аднагалосыя, пяюцца і ва унісонна-гетэрафоннай манеры Выконваюць іх пераважна жанчыны (выключэнне — валачобныя песні і частка калядных).

Другі яркі і разгорнуты гісторыка-стылявы пласт нар. песнятворчасці складаюць песні, што ўзніклі ў эпоху фарміравання бел. народнасці (14—16 ст.) і ў часы сял. паўстанняў (16—18 ст.): мужчынская сац. лірыка і эпас (чумацкія песні, бурлацкія песні, казацкія песні, аб ваен. падзеях і важаках сял. паўстанняў, пазней рэкруцкія і салдацкія песні), а таксама песні бытавыя (гл. Бытавая музыка), жартоўныя песні, любоўна-лірычныя (гл. Песні пра каханне). Ад песень стараж. пласта яны адрозніваюцца непрымеркаванасцю выканання (іх спяваюць «абы калі»), прымацаваннем напеву да пэўнага тэксту і яркай індывідуалізацыяй муз.-паэт. вобраза. Песні сял. вольніцы адметныя энергіяй, размахам, любоўна-лірычныя — багаццем псіхал. адценняў; існуюць у мностве хар. і сольных варыянтаў. Асн. муз.-выразную ролю адыгрывае ў іх уласна меладычны пачатак. Шырока распетыя мелодыі (найчасцей у сярэднім і вял. дыяпазоне) вызначаюцца ўнутр. інтанацыйнымі кантрастамі і ладавай пераменнасцю, разнастайнай рытмічнай структурай і развітой песеннай строфікай. З песнямі другога пласта (мужчынскімі і жаночымі) звязана і развітое шматгалосае спяванне (падгалосачна-поліфанічнае, найб. пашыраная форма — спяванне з падводкай). На некат. фалькл. жанры (рэв. гімны, салдацкія і рэкруцкія, бяседна-жартоўныя песні і інш.) паўплывала стылістыка бел. канта. У 19 ст. склаўся новы пласт бел. песнятворчасці, які ўключае батрацкія песні, адыходніцкія, рабочыя, рэв. і «літаратурныя» (на словы прафес. паэтаў) песні, а таксама прыпеўкі-частушкі. Найб. значную ролю адыгрывае рэв. песня ў разнастайных жанравых праявах, у т. л. песня, для якой характэрны сац. завостранасць, дынамічная напружанасць, знітаванасць з фалькл. спадчынай эпохі сял.-казацкіх антыфеад. паўстанняў, драм. маналог-заклік, песня-плакат, патэт. гімн, песня-памфлет, балада пра рэвалюцыянера. Іх стылістыка адзначана ўплывам сял. паўстанцкай лірыкі 16—18 ст., польскай рэв. песні гімнічнага складу (пашырылася з 1863—64), укр. і рус. дэмакр. бытавога раманса.

Песенная творчасць беларусаў адметная разнастайнасцю і багаццем мясц. традыцый. Яны выяўляюцца і ў перавазе пэўных песенных жанраў у пэўных этнагр. зонах (напр., валачобных у паўн., калядных у паўд., гульнявых песень і карагодаў ва ўсх. раёнах) і ў мясц. стылявой афарбоўцы агульнапашыраных жанраў, і ва ўласна меладычных асаблівасцях напеваў. Найб. прыкметныя адрозненні паміж песенным фальклорам паўн. і паўд. этнагр. зон. Меладычны стыль песень паўн. зоны (Паазер’е) вызначаецца лапідарнасцю, тэматычнай сціпласцю, перавагай адзіночнага спявання, а таксама хар. антыфоннага выканання. Паўд. раёнам (Палессе) уласцівы песні больш распеўнага характару, з багата арнаментаванай мелодыкай, спяванне гетэрафоннае і падгалосачнае з падводкай. У сав. час развіццё песеннага фальклору характарызавалася шматграннасцю форм, перапляценнем традыцыі і наватворчасці. Большасць новых песень мае светлы характар, падкрэслены спружыністым танц. ці маршава-гімнічным рытмам, яркасцю кульмінацый («Як крыніца цячэ», «Узышоў свецел месячык», «Вішанька»), У Зах. Беларусі ў 1920—30-я г. гурткі, арганізаваныя Бел. сялянска-рабочай грамадой і Т-вам бел. школы, прапагандавалі бел. традыц. сялянскі фальклор. З разгортваннем сац. і нац.-вызв. руху ствараліся новыя патрыят. і рэв. песні на перапрацаваныя вершы Я.​Купалы («За свабоду сваю», «Гэта крык, што жыве Беларусь»), Я.​Коласа («Нёман»), К.​Буйло («Люблю наш край») і інш. Інтанацыйныя вытокі значнай іх часткі — у меласе міжнар. рэв. песеннай класікі. У Вял. Айч. вайну нарадзіўся багаты і спецыфічны пласт сучаснага бел. фальклору — партызанскія песні. Іх стылістыка побач са стылістыкай песень 1930-х г. моцна паўплывала на развіццё пасляваен бел. нар. песнятворчасці. Асяродкамі ўзнікнення новых патрыят. песень сталі самадз. харавыя калектывы. Многія песні створаны індывід. аўтарамі (П. і А. Шыдлоўскія, Т.​Лапаціна, З.​Лапаціна-Пацеенка, Р.​Галавасцікаў, П.​Шаўко, П.​Касач, І.​Мацін), а потым дапрацоўваліся, шліфаваліся ў калектывах, набліжаючыся да ўзораў безыменнай нар. творчасці.

Стылістыка сучасных напеваў абумоўлена разнастайнасцю пакладзеных у іх аснову песенных жанраў, ад стараж. хаўтурных галашэнняў (яны набылі новае асэнсаванне ў Вял. Айч. вайну і пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС) да святочных велічанняў і лірычных гімнаў.

Інстр. музыка беларусаў характарызуецца багаццем жанраў, што абумоўлена разнастайнасцю яе жыццёва-сац. функцый. У нар. практыцы выкарыстоўваюць розныя тыпы музычных інструментаў. Найб. стараж. пласт — сігнальная музыка (рытмізаваныя меладычныя звароты на адным гуку ці на паслядоўнасці некалькіх гукаў натуральнага гукарада), звязаная з магічнымі абрадамі, пастухоўскім, паляўнічым і ваен. побытам. Аснова рэпертуару нар. інструменталістаў — песенныя і танц. найгрышы, вясельныя маршы. Зафіксаваны інстр. імправізацыі (паводле нар. тэрміналогіі — музыка іграе «сам па сабе»), генетычна звязаныя з песняй і танцам, а таксама п’есы, якія можна аднесці да праграмных, — гукапераймальныя («Пад салаўя», «На птушыным двары») і ілюстрацыйныя (выканаўца ілюструе расказ па ходу дзеяння; пашыраны сюжэт «Цялушачка»), Нар. інстр. выканальніцтва бытуе ў сольнай і ансамблевай формах (гл. Музыка, Народныя музыканты, Народныя інструментальныя ансамблі). У сольным выкананні песенных найгрышаў інстр. версіі песень хар. традыцыі вельмі блізкія да першакрыніцы, а тыя, што вар’іруюць адзіночныя песні (жніўныя, некат. восеньскія, уласна лірычныя), вылучаюцца больш актыўным развіццём. Імправізацыйны пачатак і фантазія музыкі найб. яскрава выяўляюцца пры сольным выкананні танц. мелодый. Ансамблевая іх трактоўка адрозніваецца пэўнай рэгламентаванасцю і спрошчанасцю выкладання.

Літ.:

Цітовіч Г.І. Анталогія беларускай народнай песні. 2 выд. Мн., 1975;

Елатов В.И. Ладовые основы белорусской народной музыки. Мн., 1964;

Яго ж. Ритмические основы белорусской народной музыки. Мн., 1966;

Яго ж. Мелодические основы белорусской народной музыки. Мн., 1970;

Беларускія народныя песні. Т. 1—4. Мн., 1959—76;

Шырма Р.Р. Песня — душа народа. Мн., 1976;

Мухаринская Л.С. Белорусская народная партизанская песня, 1941—1945. Мн., 1968;

Яе ж. Белорусская народная песня: Ист. развитие. Мн., 1977;

Мажэйка З. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Яе ж. Песни белорусского Полесья. Вып. 1—2. М., 1983—84;

Яе ж. Календарнопесенная культура Белоруссии. Мн., 1985;

Мухарынская Л.С., Якіменка Т.С. Беларуская народная музычная творчасць. Мн., 1993;

Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Панямоння. Мн., 1998;

М а жэйка З.Я., Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Падняпроўя. Мн., 1999;

Прывалаў Н. Народныя музычныя інструменты Беларусі. Мн., 1928;

Назіна І.​Дз. Беларуская народная інструментальная музыка. Мн., 1989;

Благовещенский И.П. К истории белорусской народной инструментальной музыки // Благовещенский И.П. Некоторые вопросы музыкального искусства. Мн., 1965.

З.​Я.​Мажэйка, Л.​С.​Мухарынская, І.​Дз.​Назіна.

т. 11, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Табала́ 1 ’натоўп, гурт’ (Ласт., Кал.; дзярж., Нар. сл.), ’воўчая гайня; руя (многа) дзяцей’ (віл., ЛА, 5), ’вялікая зграя’ (віл., Сл. ПЗБ), з семантычным працягам ’набор жартаўлівых песень’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Параўн. аналагічныя ўкр. та́бала і табала́ ’натоўп, гурт, зграя’, якія, паводле ЕСУМ (5, 499), запазычаны з рум. tábără ’маса, натоўп’, апошняе ў сваю чаргу — да табар 1, гл. Аднак паўночна-заходні арэал распаўcюджанасці беларускіх найменняў не дазваляе прама звязваць іх з украінскімі, а хутчэй прыводзіць да думкі аб тыпалагічнай тоеснасці фанетычнай субстытуцыі санорных ў запазычанай лексемы, гл. табар 2. Больш імаверна, згодна з Лабко (БЛ, 14, 67–68), звязаць іх з літ. tabala ’цурбанны вечар, куцця’, што да tabala ’калодка, якую цягалі хлопцы і дзеўкі на Каляды’, tabalaĩ ’народны музычны інструмент у выглядзе падвешаных дошчачак, якія выдаюць гукі рознай вышыні’ (параўн. Экерт, Зб. Бернштэйну, 33–35; Велюс, Балто-слав. иссл., 337; Грэймас, Этн., 281), адсюль значэнне ’натоўп, гурт’ адносна ўдзельнікаў шматлікай і шумнай святочнай працэсіі. Падобны звычай пад назвай “валачыць калодку” на масленіцу (Касп., Дабр., Растарг., і інш., падрабязна гл. Антропаў, Зб. памяці Талстога, 21–33) вядомы таксама ва Украіне, Славеніі і ў цэнтральнай Еўропе, параўн., напрыклад, градзішч.-харв. rast vleć ’валачыць дуба’, bor vleći ’цягнуць сасну’, korito vloć ’цягнуць карыта’, што, магчыма, звязана са старой еўрапейскай каляднай традыцыяй, якая ўзыходзіць да рымскіх часоў, параўн. Агапкіна, Основы, 203–244; Плотнікава, Слав. языкозн., XIV, 415. Таму нельга выключыць сувязь з лац. tabula ’дошка’, на падабенства якога з літоўскімі словамі звярнуў увагу Шмітляйн, Revue International d’Onomastique (Paris), 24, 208.

Табала́ 2 ’пустамеля’ (віл., Жд. 2), ’недарэка, звягала, што лаецца і крычыць’ (Варл.). Рус. дыял. табалу́ бить ’бадзяцца без справы, гарэзіць’ і вытворныя табалы́га ’бадзяга, гультай’, табалы́жить, табалы́жничать ’бадзяцца без справы; гультаяваць’ (Даль; без тэрытарыяльных памет). Фасмер (4, 5–6) параўноўвае з літ. tabalóti, ‑oju ’кульгаць; блытаць’, tabalùs mùšti ’куляцца’, але яны, на думку Брукнера, запазычаны са славянскіх моў (там жа; але без адпаведных славянскіх лексем), супраць чаго па фанетычных паказчыках Фрэнкель (1048), які да літ. tabalús mušti, tabaluoti дадае яшчэ старое літ. tabalka. Аднак ён не выключае магчымасці калькавання дзеяслова з рус. табалу́ бить у літ. tabalús mušti, што падаецца даволі сумніўным. Улічваючы фіксацыю, ёсць падставы выводзіць беларускае слова непасрэдна з літ. tabalas ’тое, што боўтаецца’, ’бірулька’ з цалкам натуральным семантычным пераасэнсаваннем літ. tabalúoti ’матляць’ — ’балбатаць’, да семантыкі параўн. целяпацца — целяпень, гл. Лабко, БЛ, 14, 67 і папярэдняе слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

РАЁННАЯ ПЛАНІРО́ЎКА,

праектныя прапановы па планіровачнай арганізацыі тэрыторыі эканам. ці адм. раёнаў краіны; від навук. і практычнай горадабуд. дзейнасці; сувязное звяно паміж нар.-гасп. планаваннем і горадабудаўніцтвам. Дазваляе ўдакладняць і развіваць нар.-гасп. планы асобных эканам. раёнаў і ствараць устойлівую горадабуд. базу для развіцця населеных месцаў. Гал. задача Р.п. — комплекснае тэр.-гасп. ўпарадкаванне праектуемага раёна і фарміраванне яго планіровачнай структуры, якая забяспечвае рацыянальнае размяшчэнне прадукц. сіл і найлепшыя ўмовы для працы, быту і адпачынку насельніцтва. Прадугледжвае стварэнне ўзаемазвязаных сістэм рассялення, рац. размяшчэнне новых і прапарцыянальнае размяшчэнне існуючых гарадоў і сельскіх населеных месцаў, аптымальнае развіццё і размяшчэнне прам-сці, с.-г. вытв-сці, паляпшэнне і ахову прыроднага асяроддзя на аснове эфектыўнага і комплекснага выкарыстання прыродных, мат.-тэхн. і працоўных рэсурсаў.

Праектная дакументацыя па Р.п. ўключае схему і праект. Схема Р.п. служыць для тэхн.-эканам. абгрунтавання праектаў размяшчэння і буд-ва буйных прамысл. і энергет. комплексаў, баз буд. індустрыі, магістральных, трансп. і інш. камунікацый, стварэння арганізаваных сістэм рассялення і размяшчэння ў іх новых і развіцця існуючых гарадоў і сельскіх паселішчаў, праектавання курортаў, нац. і прыродных паркаў, запаведнікаў, а таксама міжраённых зон і комплексаў масавага адпачынку насельніцтва. Праект Р.п. распрацоўваецца на аснове схемы Р.п. і з’яўляецца асновай для ген. планаў развіцця гарадоў і інш. населеных месцаў, прамысл. вузлоў, курортных і турысцкіх комплексаў, размяшчэння культ.-быт. устаноў раённага значэння. На аснове праекта Р.п. складаюцца таксама праекты міжгасп. і ўнутрыгасп. земле- і лесаўладкавання, вылучаюцца буйныя зямельныя ўчасткі для розных відаў выкарыстання, распрацоўваюцца праекты зон сан. аховы.

На Беларусі работы па Р.п. пачаліся ў канцы 1950-х г. Першымі аб’ектамі Р.п. былі Полацка-Віцебскі прамысл. раён, Маладзечанскі прамысл. вузел і інш. З пач. 1970-х г. асн. кірункам работ па Р.п. стаў метад комплекснай планіровачнай сац., эканам. і экалагічнай арг-цыі тэр. рэспублікі. У 1971 распрацавана «Схема размяшчэння і развіцця гарадскіх і сельскіх паселішчаў Беларускай ССР да 2000 года» — першая ў практыцы праектных работ Беларусі спроба ўзаемазвязанага вырашэння пытанняў гар. і сельскага рассялення на тэр. ўсёй Беларусі на больш далёкую перспектыву. У 1970-я г. праведзена даследчая і праектная работа па выяўленні рэкрэацыйных рэсурсаў, выкананы праекты Р.п. зон адпачынку Нарач і Вілейка Мінскай, Горваль Гомельскай, Ушачы Віцебскай, Чыгірынка Магілёўскай абл. У 1987 распрацавана ген. схема комплекснай тэр. арг-цыі Беларусі, у якой выкладзены прапановы па фарміраванні шматузроўневых сістэм рассялення, аптымізацыі урбанізаванага і прыродна-экалагічнага каркаса, упарадкаванні адм.-тэр. падзелу. Схема карэкціравалася і ўдакладнялася ў сувязі з паліт., экалагічнымі і сац.-эканам. зменамі. У 1990-я г. актывізавалася праца па тэр. арг-цыі памежных раёнаў, асабліва з Польшчай, зон асаблівага дзярж. рэгулявання (радыяцыйна забруджаных, прыгарадаў вял. і буйных гарадоў, свабодных эканамічных і інш.).

Літ.:

Перцик Е.Н. Районная планировка. М., 1973;

Иодо И.А. Основы градостроительства: Теория, методология. Мн. 1983;

Иодо И.А., Сенкевич И.И., Хачатрянц К.К. Опыт работы и новые направления в районной планировке Белорусской ССР. Мн. 1976.

І.​А.​Іода.

т. 13, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАД у музыцы,

абстрактна-лагічная сістэма, якая арганізуе гукавышынны бок музыкі на аснове колькасных (гукарадных) і якасных (функцыянальных) паказчыкаў і рэалізуе сябе ў працэсе інтанавання. Гукарад Л. — мелодыкаінтэрвальная схема, што прадстаўляе яго гукі ў паступенным парадку; функцыянальнасць заключаецца ў падзеле элементаў Л. на ўстойлівыя (цэнтр сістэмы) і няўстойлівыя (падпарадкаваныя ім). На падставе гэтых гал. характарыстык вылучаюць канкрэтныя віды Л. — т. зв. лады. Вызначальнымі з’яўляюцца тып гукарада (ангемітоніка, дыятоніка, храматыка, прамежкавыя формы), будова ўстойлівага (танічнага) цэнтра (меладычны тон, кансананс-трохгучча, сугучча-дысананс) і размяшчэнне гэтага цэнтра на пэўнай ступені гукарада (на аснове аднаго гукарада магчымы розныя лады). Ступень абагульнення рэальнага працэсу інтанавання неаднолькавая на розных узроўнях праяўлення Л. Ладаінтанацыйны ўзровень, што ўпарадкоўвае вышынныя суадносіны ў непасрэдным разгортванні музыкі ў рамках дробных пабудоў (папевак, асобных меладычных зваротаў), найб. блізкі да пачуццёвай канкрэтнасці інтанацыі. На ладафункцыянальным узроўні ладавая інтанацыйнасць рэтраспектыўна абагульняецца, гукарадны ж узровень найб. абстрактны. Эвалюцыя Л. адлюстроўвае развіццё муз. мыслення і звязана з колькасным павелічэннем аб’ёму і гукавога матэрыялу і якасным ускладненнем прынцыпаў яго арганізацыі. Пачатковыя этапы эвалюцыі прасочваюцца ў муз. фальклоры многіх народаў: вылучэнне апорных тонаў у першабытным экмелічным (без замацаванай вышыні гукаў) глісандаванні; манадыйны Л. у межах вузкааб’ёмных гукарадоў (алігатонікі); манадыйны Л. на аснове развітой гукараднай сістэмы ангемітонікі і дыятонікі. Гіст. формы Л.: апяванне цэнтр. тона (устою) блізкімі па вышыні гукамі, мадальныя (манадыйныя) Л., звязаныя з прынцыпамі мелодыі-мадэлі (модуса, папеўкі). Прафес. еўрап. музыка напачатку апіралася на традыцыі фалькл. ладаўтварэння (з характэрнай для яго ладавай пераменнасцю), аднак у сувязі з ускладненнем характару шматгалосся актыўна развіваюцца і новыя прынцыпы Л Шматгалосае раскрыццё меладычных (манадыйных) Л. змяняецца танальна-гарманічнай сістэмай (гл. Мажора-мінорная сістэма, Танальнасць) — асновай еўрап. музыкі новага часу, што апіраецца на 2 Л. — мажор і мінор. Прафес. муз. мастацтва 20 ст. вызначаецца разнастайнасцю канкрэтных форм і прынцыпаў Л., спалучэннем вядомых раней і істотна новых з’яў, у т. л. і тых (у серыйнай тэхніцы, канкрэтнай музыцы, электроннай музыцы, санорыцы), якія цяжка ці немагчыма аднесці да сферы Л.

Першае навук. абгрунтаванне Л. ў еўрап. музыцы далі прадстаўнікі піфагарэйскай школы ў Стараж. Грэцыі ў 6—4 ст. да н.э. Сваю тэорыю Л. вылучыла еўрап. сярэдневякоўе. Ладавыя заканамернасці танальна-гарманічнай сістэмы ўпершыню асэнсаваў і вытлумачыў Ж.Ф.Рамо, у рамках сістэмы якога паняцце «Л.» цесна сутыкаецца з паняццямі «гармонія» і «танальнасць». Пытанні Л. ў практыцы ўсх.-слав. партэсных спеваў абагульнены ў працах І.​Шайдуры (1-я пал. 17 ст.) і М.Дулецкага («Граматыка мусікійская»). У 19—20 ст. вял. ўвагу ладаваму боку музыкі аддавалі рус. тэарэтыкі У.​Адоеўскі, А.​Сяроў, П.​Сакальскі, Дз.​Разумоўскі, А.​Кастальскі, Б.​Яворскі, Б.​Асаф’еў, В.​Бяляеў, К.​Квітка, Ю.​Цюлін, Х.​Кушнароў, М.​Бражнікаў, М.​Успенскі, А.​Далжанскі, Л.​Мазель, Ю.​Кон, Ю.​Халопаў. На Беларусі да праблем Л. звярталіся музыказнаўцы А.​Друкт, Б.​Златавярхоўнікаў, Т.​Мдывані, Р.​Сергіенка, Н.​Юдзеніч, В.​Ялатаў і інш.

Літ.:

Елатов В.И. Ладовые основы белорусской народной музыки. Мн., 1964;

Бершадская Т. Принципы ладовой классификации // Сов. музыка. 1971. № 8;

Яе ж. Лекции по гармонии. Л., 1978;

Кон Ю.Г. Вопросы анализа современной музыки. Л., 1982.

А.​А.​Друкт.

т. 9, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕАНТАЛО́ГІЯ [ад палеа... + грэч. on (ontos) існае, істота + ...логія],

навука аб арганізмах і ўсіх даступных вывучэнню праявах жыцця геал. мінулага на розных узроўнях арганізацыі, іх пашырэнні і гіст. развіцці. Даследуе акамянеласці і інш. выкапнёвыя рэшткі арганізмаў (марфал., фізіял., біяхім., малекулярна-біял., паталаг. і інш. кірункі), арыктацэнозы, арганагенныя горныя пароды і інш. Уключае палеабатаніку, палеабіягеаграфію, палеазаалогію, палеаіхналогію, палеаэкалогію, тафаномію, мікрапалеанталогію (вывучае стараж. мікраарганізмы і мікрарэшткі жывёл і раслін: канадонты, скалекадонты, акрытархі, аталіты). Звязана з археалогіяй, неанталогіяй, паліналогіяй, філагенетыкай, эвалюц. вучэннем, гіст. геалогіяй, палеагеаграфіяй, палеакліматалогіяй. Звесткі П. выкарыстоўваюцца ў геалогіі карысных выкапняў, літалогіі, стратыграфіі і інш.

Упамінанні пра акамянеласці вядомы з ант. часоў. Разуменне іх сапр. прыроды пачалося ў эпоху Адраджэння (Г.Агрыкала, Леанарда да Вінчы і інш.) і развівалася з поглядамі аб пастаянных зменах у жывой прыродзе мінулага (М.Адансон, Ж.Л.Л.Бюфон, Дж.Гетан, М.В.Ламаносаў, дацкі вучоны Н.​Стэна і інш.). Як навука П. ўзнікла разам з гіст. геалогіяй у канцы 18 — пач. 19 ст. (А.Т.Браньяр, Ж.Кюўе, Ж.Б.Ламарк). Тэрмін «П.» (прапанаваў франц. заолаг А.Д. дэ Бленвіль у 1822) пашыраны з 1830-х г. У дадарвінаўскі перыяд (да сярэдзіны 19 ст.) фарміравалася стратыграфічная П. (А.Д.Д’Арбіньі, швейц. вучоны Ж.Л.​Р.​Агасіс, англ. — А.​Седжвік, рас. — С.​С.​Кутарга, Х.І.Пандэр, К.​Ф.​Рулье, Э.​І.​Эйхвальд і інш.). З 1860-х г. развіваецца эвалюц. П. (М.І.Андрусаў, Ю.​А.​Арлоў, Т.Г.Гекслі, Л.Дало, У.А.Кавалеўскі, А.П.Карпінскі, М.Ноймайр, Б.С.Сакалоў, П.П.Сушкін, Л.П.Татарынаў, І.Ф.Шмальгаўзен, І.А.Яфрэмаў, амер. вучоны Э.​Коп, рас. — А.​А.​Барысяк і інш.).

На Беларусі асобныя палеанталагічныя доследы праводзіліся ў 19—1-й пал. 20 ст. (У.С.Дактуроўскі, У.І.Дыбоўскі, У.М.Сукачоў, П.А.Туткоўскі, Л.​А.​Бяляева, Э.​Вернейль, В.​І.​Громаў, А.​Кайзерлінг, Р.​І.​Мурчысан, Г.​Швэдар і інш.). Пытанні П. сістэматычна даследуюцца з 1951 (А.В.Фурсенка) у Бел. геолагаразведачным НДІ і з 1968 у Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі, вывучаюцца таксама ў Ін-це гісторыі Нац. АН Беларусі, БДУ, Бел. пед., Брэсцкім і Віцебскім ун-тах. Атрыманы шматлікія палеанталагічныя матэрыялы і звесткі палеазойскіх, мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў, скарыстаныя ў распрацоўцы і абгрунтаванні схем іх стратыграфічнага расчлянення. Уклад у развіццё П. зрабілі Ф.Ю.Велічкевіч, Н.А.Махнач, В.​С.​Акімец, С.​В.​Анціпенка, Г.​А.​Белавусава, А.​Ф.​Бурлак, В.​К.​Галубцоў, Э.​К.​Дземідзенка, С.​Ф.​Зубовіч, В.​П.​Зярніцкая, П.​Ф.​Каліноўскі, М.​Р.​Каўхута, Г.​І.​Кеда, Э.​А.​Крутавус, С.​А.​Кручак, Л.​С.​Ліннік, Г.​І.​Літвінюк, Т.​І.​Майсеева, С.​С.​Маныкін, А.​У.​Мацкевіч, І.​В.​Міцяніна, У.​І.​Назараў, В.​М.​Несцяровіч, В.​І.​Пушкін, Т.​Б.​Рылова, С.​А.​Фядзеня, Г.​К.​Хурсевіч, В.​Л.​Шалабода, Т.​В.​Якубоўская, Я.​К.​Яловічава і інш.

Літ.:

Основы палеонтологии: Справ. для палеонтологов и геологов СССР. Т. 1—15. М., 1958—64;

Палеонтология и стратиграфия БССР. Сб. 1—6. Мн., 1955—66;

Палеонтология и ее роль в познании геологического строения территории Белоруссии. Мн., 1986;

Новые представители ископаемой фауны и флоры Белоруссии и других районов СССР. Мн., 1990.

П.​Ф.​Каліноўскі.

т. 11, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ра́са 1 ’верхняе доўгае адзенне праваслаўнага духавенства’ (ТСБМ), сюды ж ра́сішча (ря́сище) ’падранае адзенне, лахманы’, pácce, ря́ссе ’транты, рыззё, зношанае адзенне’ (Нас., Мат. Маг., Юрч., ЛА, 5, Растарг.), ря́ска ’неахайная жанчына ў падранай вопратцы’ (хоцім., Янк. 2), ’зношаная адзежына’ (Юрч.); ст.-бел. рѧсы: рѧсы золотыи оучинимъ тобѣ (Альтбаўэр). Запазычана праз стараж.-рус. і ц.-слав. раса ’тс’ з с.-грэч. ράσον ’манашаскія шаты, убор’, н.-грэч. ρασο ’тс’; зыходнай формай лічыцца лац. rāsum (Фасмер, 3, 443–444, 538; БЕР, 6, 185). Формы з ‑я‑ (‑ѧ‑) другасныя, параўн. рус. ря́са ’убор святара, манаха’, укр. ря́са ’тс’, паводле Брукнера (6) з ням. Rasch ’грубая тканіна, камлот’; усходнебеларускія формы, магчыма, з’яўляюцца гіперычнымі (у мяккаэрых гаворках) або ўзніклі пад уплывам *ręsa ’махры; вісюлькі’ (гл. раса́ 2).

Ра́са 2 ’групоўка людзей аднаго фізічнага тыпу’, ’парода’ (Некр. і Байк., ТСБМ). З ням. Rasse (праз польскую або рускую); зыходнай можа быць італ. razza ’тс’ і араб. raʼs ’галава, выток’ (Брукнер, 454; Фасмер, 3, 444; Сной₂, 602). Сюды ж расо́вы ’пародзісты, надзелены якасцямі добрай пароды’ (Скарбы), што з’яўляецца запазычаннем з польск. rasowy ’тс’.

Раса́ 1 ’вадзяныя кроплі на паверхні раслін’ (ТСБМ, Стан., Ласт., Сл. ПЗБ), pocа́ ’тс’ (ТС), расі́на ’капля расы; вельмі малая колькасць якой-небудзь вадкасці’ (Нас., Байк. і Некр., Ян.), расі́ца памянш. ’раса’ (Нас.), ро́ска ’капля вадкасці, якая выступае на саску ў каровы незадоўга перад цяленнем’ (ТС), параўн. ст.-бел. роса ’тс’ (Альтбаўэр), укр. роса́ ’раса’, рус. роса́ ’тс’, польск. rosa ’тс’, в.-луж., н.-луж. rosa ’тс’, чэш., славац. rosa ’тс’, ’пот’, ’сляза’, славен. rósa ’раса’, ’пот, сляза’, серб., харв. roòa ’раса’, балг. роса́ ’раса’, ’кропля поту’, макед. роса ’тс’, ст.-слав. роса ’тс’. Прасл. rosa, параўн. літ. rasa, лат. rasa ’тс’, ’дробны дождж’, грэч. δρόσος ’кропля расы’, ’вільгаць’, ст.-інд. rasā‑ ’сок раслінаў’, ’вільгаць’. Імаверна, аддзеяслоўная форма ад і.-е. асновы *res‑ ’цячы’ < *eres‑ ’тс’, параўн. хец. aršzi, ст.-інд. ársati ’тс’ (Міклашыч, 283; Фасмер, 3, 503; Скок, 3, 158; Бязлай, 3, 197; Шустар-Шэўц, 2, 1237; Глухак, 531; Сной, 545). Сюды ж раса́, роса́ ’пацёкі на вокнах’ (Сл. ПЗБ; чач., хойн., лельч., ЛА, 4) — метафарычны перанос, параўн. рус. пск. роса́ ’тс’, літ. rasóti ’пакрывацца расой’ і ’запацяваць (пра акно)’. Параўн. таксама як раса́ вісі́ць ’пра вялікую колькасць’ (Ян.).

Раса́ 2 ’жытняя кветка’ (Арх. Федар.): расуе жыта, што раса, калмаценька (дзятл., Сл. ПЗБ), ’цвіценне, красаванне’: расуе жыта, пускае расочкі — гэта раса (воран., Сл. ПЗБ), ре́сы ’парасткі на клубнях бульбы’ (драг., ЖНС), ра́сы ’махры, растрапаныя канцы, акраўкі’ (ТС), сюды ж расо́чка ’пылок кветкі жыта’ (Сл. ПЗБ), параўн. укр. ря́са ’каласок жыта ці аўса’, рус. дыял. ряса́, ря́са ’махры, кутасік’, польск. rzęsa ’вейка’, ст.-польск. rzęsa ’усялякія вісячыя ўпрыгожванні’, rząsa ’коцікі ляшчыны і альхі’, чэш. řasa ’вейка; складка (у тканіне)’, славац. riasa ’тс’, н.-луж. rěsa ’мужчынскія кветкі на вярбе, альсе, бярозе, што маюць форму завушніцы’, славен. resa ’асцюк; ніці, што вісяць па краі адзення’, серб.-харв. ре́а ’кіціца; махры, кутасік’, балг. реса̀ ’тычынка, суквецце арэха, ляшчыны, вярбы; фрэнзлік, кутасік’, макед. реси мн. л. ’водарасці (у Охрыдскім возеры)’. Ад прасл. *ręsa, што хутчэй за ўсё з *ręd‑sa < *ręd‑ (Фасмер, 3, 538; Бязлай, 3, 173; Сной, 534; Глухак, 525), роднаснага да *ręditi ’упрыгожваць’, ’нанізваць’, параўн. рус. наряжать, наряд, рядить. Іншыя версіі гл. Махэк₂, 529 (< *rępsáti ад кораня *ręp‑ ’драць, трапаць, згібаць’), Скок, 3, 131 (няпэўнае параўнанне з ст.-інд. raçana ’папружка, рэмень’, прапанаванага раней Младэнавым, 560). Няяснымі застаюцца адносіны да краса, красаванне ’цвіценне злакавых раслін’ (гл.). Спробы вытлумачыць семантычную эвалюцыю ад *krasa ’росквіт жыцця’ да *krasa > rasa ’кветка раслін’ не ўлічваюць розную якасць *r‑ (непалаталізаваны/палаталізаваны). Параўнанне краса ’ўпрыгожванне, паляпшэнне свайго выгляду, выстаўленне сябе на агляд’ і краса́, раса́ ’квітненне злакавых’, што супастаўляюцца з паралельнымі формамі з семантыкай ’выхваленне, праслаўленне, хвальба’ — ісл. hrosa ’хваліць, хваліцца’, hroesni ’хвальба, ліслівасць’, нарв. rose ’тс’, нарв. дыял. rösen ’статны, заўважны, відны’, швед. rosa ’праслаўляць’ (Общ. лекс., 144–146), не пераконваюць. Можна канстатаваць адваротнае развіццё раска > краска, падобна як сустракаецца пераасэнсаванне ветка > кветка і наадварот (Станкевіч, Зб. тв. 1, 442–443): арш. кветка аўсу, квяцісты авёс / гродз. ветка аўсу, вяцісты авёс, параўн. адарві кветку кляновую (Нас.). Гл. расаваць.

Раса́ 3 ’абрадавы выхад (святкаванне з рытуальнымі дзеяннямі і пачастункам) у поле на веснавога Юр’я’ (мін., Доўн.-Зап. 1), расу́ таптаць (Шлюб.), хадзіць на ро́су (лях., Архіў БЭЛА), росу трусыты/тэрусіць/гнать ’тс’ (пін., Агапкіна, Основы), Rasa ’Купанне’ (Федар. 1). Семантычная кандэнсацыя словазлучэнняў тыпу (ісці, пайсці, выйсці, хадзіць і пад.) на/у расу з далейшым пераасэнсаваннем назоўніка як каляндарнага тэрміна сферы традыцыйнай культуры. Параўн. рус. зах. роса́ ’свята Івана Купалы’ (Даль), калін. ро́сы мн. л. ’касьба раніцой або ўвечары’, уладз. па ро́су пойти ’пайсці на сенакос’. Да раса 1 (гл.). Гл. Бел. міф., 424–426; Агапкіна, Основы, 417–418.

Раса́ 4: расы́ няма на яго ’пажаданне няшчасця’ (Ян.). Верагодна, аддалена звязана з народнымі ўяўленнямі аб расе як шкоднай вадкасці (амбівалентнымі звычайным пазітыўным, жыццядайным), якая набывае такія ўласцівасці пад чароўным уздзеяннем. Таксама імавернай падаецца метафарычная замена: (хваробны, смяротны) пот → раса. Параўн. рус. дыял. медвяная роса́ ’хвароба раслін, пры якой яны пакрываюцца саладкаватай жыжкай’, варонеж. ро́сный ’заражаны мучністай расой ці грыбковымі хваробамі (аб раслінах)’, а таксама укр. перегна́ти на ро́су (каго) ’даць каму-небудзь; выцяць’. Да раса 1 (гл.). Гл. Бел. міф., 424. Параўн. росісць ’нешта дрэннае’: шоб вас поела росісць (ТС), гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

О́ПТЫКА (ад грэч. optike навука аб зрокавым успрыманні),

раздзел фізікі, які вывучае заканамернасці выпрамянення, распаўсюджвання і ўзаемадзеяння з рознымі аб’ектамі эл.-магн. выпрамянення бачнага, ультрафіялетавага і інфрачырвонага дыяпазонаў даўжынь хваль.

О. — адна са старажытнейшых навук, цесна звязаная з патрэбамі практыкі на ўсіх этапах развіцця. Прамалінейнасць распаўсюджвання святла была вядома ў Месапатаміі за 5 тыс. г. да н.э. і выкарыстоўвалася ў Стараж. Егіпце пры буд. работах. Піфагор (6 ст. да н.э.) меў блізкі да сучаснага пункт гледжання, што целы становяцца бачнымі з-за выпрамянення імі пэўных часцінак. Арыстоцель (4 ст. да н.э.) меркаваў, што святло ёсць узбуджэнне асяроддзя паміж аб’ектам і вокам, у школе яго сучасніка Платона сфармуляваны важнейшыя законы геаметрычнай оптыкі. Эўклід (3 ст. да н.э.) разглядаў узнікненне аптычных відарысаў пры адбіцці ад люстэркаў. Хвалевая оптыка пачала развівацца ў 17 ст. пасля прац Р.Гука і К.Гюйгенса, якія далі першыя хвалевыя тлумачэнні (аналагічныя тлумачэнням акустычных хваль) многім законам О. Святло разглядалася як імгненная перадача ціску з дапамогай «эфіру». Аднак прамалінейнае распаўсюджванне і палярызацыя святла не знайшлі тлумачэння з пазіцый хвалевых аналогій святла і гуку, што прывяло І.Ньютана да развіцця карпускулярных уяўленняў. Святло разглядалася ім як паток карпускул — часцінак, падобных да пругкіх шарыкаў. Карпускулярныя і хвалевыя тэорыі святла развіваліся і надалей і напераменна дамінавалі ў навуцы. Развіццё сучаснай О. звязана з працамі Т.Юнга, А.​Ж.​Фрэнеля, Д.Ф.Араго (з’явы інтэрферэнцыі, дыфракцыі і прамалінейнага распаўсюджвання святла растлумачаны з хвалевых пазіцый), М.Фарадэя (выяўлена ўзаемасувязь паміж аптычнымі і эл. з’явамі, 1846), Дж.К.Максвела (устаноўлена эл.-магн. прырода святла, 1865), П.М.Лебедзева (ціск святла, 1899), А.Р.Сталетава (фотаэфект, 1888—90), Х.А.Лорэнца (электронная тэорыя святла і рэчыва, 1896), М.Планка (гіпотэза квантаў, 1900) і інш. Барацьба двух пунктаў гледжання на прыроду святла прывяла да сінтэзу абодвух уяўленняў (гл. Карпускулярна-хвалевы дуалізм). Доследы А.І.​Л.​Фізо і А.А.Майкельсана прывялі да стварэння спец. адноснасці тэорыі.

Тэарэт. аснова апісання аптычных з’яў — Максвела ўраўненні для вектараў эл. і магн. напружанасцей светлавога поля ў матэрыяльным асяроддзі. Пры рашэнні канкрэтных аптычных задач карыстаюцца рознымі мадэлямі і набліжэннямі, а таксама ўяўленнямі і прынцыпамі, многія з якіх устаноўлены да адкрыцця эл.-магн. прыроды святла. На аснове законаў геам. оптыкі вырашаюцца пытанні асвятлення аб’ектаў і памяшканняў (гл. Святлатэхніка), распаўсюджвання святла ў аптычных прыладах, у т. л. ў воку, пераносу энергіі з дапамогай светлавых патокаў і інш. Шэраг задач фотаметрыі вырашаецца з улікам заканамернасцей успрымання чалавечым вокам святла і яго асобных колеравых складальных. Такія заканамернасці вывучае фізіялагічная О., якая цесна змыкаецца з біяфізікай і псіхалогіяй, даследуе зрокавы аналізатар (ад вока да кары галаўнога мозга) і механізмы зроку. Фізічная оптыка вывучае праблемы, звязаныя з прыродай святла і светлавых з’яў. Папярочнасць эл.-магн. хваль вынікае з эксперым. даследаванняў дыфракцыі святла, інтэрферэнцыі святла, палярызацыі святла і распаўсюджвання яго ў анізатропных асяроддзях (гл. Оптыка анізатропных асяроддзяў, Крышталяоптыка). Хвалевая оптыка вывучае сукупнасць з’яў, дзе выяўляецца хвалевая прырода святла. Паводле яе прынцыпаў светлавое поле ў любым пункце ўяўляе сабой суму хваль, якія прыйшлі з інш. пунктаў, і складанне адбываецца з улікам іх амплітуд, фаз і палярызацый. Уплыў асяроддзя на светлавое поле ўлічваецца з дапамогай паказчыка пераламлення, каэфіцыента паглынання (ці ўзмацнення), а таксама тэнзараў дыэл. і магн. пранікальнасцей. Разам з развіццём атамна-малекулярных уяўленняў аб структуры рэчыва развівалася малекулярная оптыка, у межах якой аптычныя параметры асяроддзя вызначаюцца на аснове ўліку рэакцыі (водгуку) элементаў яго мікраструктуры (атамаў, малекул і інш.) на ўздзеянне светлавога поля. У выніку ўстанаўліваецца іх залежнасць ад частот і сіл асцылятараў квантавых пераходаў часцінак асяроддзя, іх шчыльнасці і характарыстык узаемадзеяння паміж імі, часу рэлаксацыі розных працэсаў і інш. Па выніках аптычных вымярэнняў выяўляецца інфармацыя аб мікраструктуры асяроддзяў і працэсах, што працякаюць у іх (гл. Спектраскапія). Пасля стварэння лазераў працэсы распаўсюджвання светлавых патокаў у асяроддзі разглядаюцца з пазіцый нелінейнай оптыкі. Выпрамяненне святла адбываецца пры пераходах часцінак рэчыва (атамаў, малекул, іонаў і інш.) з узроўняў з больш высокай энергіяй на энергетычна больш нізкія ўзроўні (спантанна ці вымушана; гл. Вымушанае выпрамяненне, Лазерная фізіка). Паглынанне наадварот — з больш нізкіх узроўняў на больш высокія. У гэтых працэсах выяўляецца квантавая прырода святла, яго фатонная структура. У нялазерных крыніцах святла выпрамяненне спантаннае і такія пераходы ў розных часцінках адбываюцца незалежна адзін ад аднаго, што выяўляецца ў малых кагерэнтнасці і монахраматычнасці, а таксама ў адсутнасці рэзка выражанай накіраванасці выпрамянення. Аптычнае выпрамяненне цеплавых крыніц (Сонца, зоркі, полымя, лямпы напальвання і інш.) з’яўляецца часткай іх цеплавога выпрамянення. Свячэнне, выкліканае інш. фактарамі (не цеплавымі), наз. люмінесцэнцыяй. Праходжанне святла праз асяроддзі суправаджаецца яго рассеяннем на неаднастайнасцях і флуктуацыях іх структуры (гл. Оптыка рассейвальных асяроддзяў, Рассеянне святла), выклікае розныя фіз. (напр., награванне, фоталюмінесцэнцыю, фотаэфект, іанізацыю атамаў і малекул), хім. (гл. Фотахімія, Фатаграфія, Фотабіялогія), мех. (напр., тармажэнне ці паскарэнне часцінак, іх захоп) і інш. з’явы і працэсы. Аптычныя з’явы і метады даследаванняў выкарыстоўваюцца для рашэння навук. і практычных задач. Напр., з дапамогай вока чалавек атрымлівае асн. аб’ём інфармацыі аб навакольным свеце, у т. л. запісанай на розных носьбітах (кнігі, фотаздымкі, відэадыскі, касеты). Карэкцыя зроку, павелічэнне яго далёкасці і раздзяляльнай здольнасці праводзяцца з дапамогай розных аптычных прылад (акуляры, біноклі, тэлескопы, мікраскопы). Развіццё тэхнікі асвятлення, удасканаленне крыніц святла, сродкаў запісу, счытвання, перадачы і захоўвання інфармацыі, аптычных метадаў даследаванняў, вывучэння будовы і хім. саставу рэчыва, апрацоўкі матэрыялаў, у т. л. з дапамогай лазернай тэхнікі, і інш. абумоўлена паглыбленнем ведаў аб законах распаўсюджвання святла і яго ўзаемадзеяння з рэчывам, а таксама развіццём і ўдасканаленнем аптычных прылад.

На Беларусі даследаванні ў галіне О. пачаты ў канцы 1940-х г. у БДУ, праводзяцца таксама ў Ін-це фізікі, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Ін-це прыкладной оптыкі, Аддзеле аптычных праблем інфарматыкі Нац. АН, БПА, Гомельскім і Гродзенскім ун-тах і інш. Асн. кірункі даследаванняў: распрацоўка і стварэнне новых лазерных сістэм, вывучэнне заканамернасцей узаемадзеяння лазернага выпрамянення з рознымі асяроддзямі, выкарыстанне лазераў у біялогіі, медыцыне і прамысл. тэхналогіях, распрацоўка апаратуры для лазернага зандзіравання і авіякасм. спектраметрыравання і інш. У Мінску выдаецца міжнар. часопіс «Журнал прикладной спектроскопии».

Літ.:

Федоров Ф.И. Оптика анизотропных сред. Мн., 1958;

Ельяшевич М.А. Атомная и молекулярная спектроскопия. М., 1962;

Иванов А.П. Оптика рассеивающих сред. Мн., 1969;

Борн М., Вольф Э. Основы оптики: Пер. с англ. 2 изд. М., 1973;

Ландсберг Г.С. Оптика. 5 изд. М., 1976;

Апанасевич П.А. Основы теории взаимодействия света с веществом. Мн., 1977;

Степанов Б.И. Введение в современную оптику. [Т. 1—4]. Мн., 1989—91.

П.​А.​Апанасевіч.

т. 11, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)