МЕГАСФЕ́Н (Megasthenēs; каля 350, Іонія, М. Азія — каля 290 да н.э.),
старажытнагрэчаскі гісторык і этнограф. Па даручэнні Селеўка I Нікатара ў 300—290 да н.э. ўзначальваў пасольства пры двары караля Індыі Чандрагупты. Аўтар твора «Індыка» (у 4 кн., захаваліся дробныя фрагменты), у якім шмат каштоўных звестак пра грамадскі лад, рэлігію, звычаі і гісторыю тагачаснай Індыі, а таксама геагр. інфармацыя, у т. л. першыя звесткі пра Гімалаі. Твор М. выкарыстоўвалі ў сваёй працы ант. гісторыкі Дыядор Сіцылійскі, Страбон, Арыян, Пліній Малодшы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НІХО́Н СЁКІ»,
«Ніхонгі» («Аналы Японіі»), хроніка кіравання яп. імператараў, якая пачынаецца з міфічнага Дзіму (7 ст. да н.э.) і даведзена да 697 н.э. (31 том, апошні з іх страчаны). Складзена ў 720. Уключае легенды і міфы пра заснаванне яп. дзяржавы, дакладныя хронікі кіравання яп. імператараў 5—7 ст., вытрымкі з афіц. дакументаў і запісаў. Працягам «Н.с.» з’яўляюцца «Сёку Ніхонгі» («Працяг аналаў Японіі»), якія ахопліваюць перыяд 697—791 (40 тамоў).
Публ.: Нихон сёки = Анналы Японии: Пер. со старояп. Т. 1—2. СПб., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЧО́РНЫЯ ГАРАДЫ́,
рэшткі пераважна сярэдневяковых комплексаў жылых, гасп., абарончых, пахавальных ці культавых (манастыры, храмы) пабудоў, часткова ў наземных, часткова ў прыродных ці штучна зробленых пячорах.
Вядомы на Балканскім п-ве, у Італіі, Турцыі, Крыме (Эскі-Кермен, Чуфут-Кале, Каламіта, Мангуп), на Каўказе (Уплісцыхе, Вардзія), у Сярэдняй Азіі, Індыі (Аджанта) і Кітаі (Дуньхуан).
Т.С.Скрыпчанка.
Да арт.Пячорныя гарады. 1. Пячорны горад Уплісцыхе. Грузія. 1 ст. да н.э. — 11 ст.н.э. 2. Пячорны будысцкі храм Юньган каля г. Датун. Кітай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ЛЬТЫ,
плямёны індаеўрапейскай групы, якія ў 1-й пал. 1-га тыс. да н. э. жылі ў бас. рэк Рэйн, Сена, Луара, вярхоўях Дуная, пазней засялілі тэр. сучасных Францыі, Бельгіі, Швейцарыі, паўд. Германіі, Аўстрыі, паўн. Італіі, паўн. і зах. Іспаніі, Брыт. а-воў, Чэхіі, Славеніі, часткова Венгрыі, Балгарыі і Турцыі. Рымляне называлі К. галамі, а асн. тэрыторыю іх рассялення Галіяй. Найб. значныя плямёны: бойі, гельветы, белгі, секваны, эдуі і інш. З імі звязаны гальштацкая культура (9—5 ст. да н.э.) і латэнская культура (5—1 ст. да н.э.). Займаліся земляробствам, апрацоўвалі металы, будавалі крэпасці і ўмацаваныя гарады, у найбольш развітых плямён з’явіліся зачаткі дзяржаўнасці. Ваявалі з германцамі, рымлянамі. У 1 ст. да н.э. заваяваны рымлянамі і раманізаваны. Традыцыі своеасаблівага кельцкага мастацтва (бронз. вырабы, посуд, зброя, дэталі конскай вупражы, разьба па каменю) захоўваліся і ў 1-м тыс.н.э., асабліва ў Ірландыі. К. адыгралі пэўную ролю ў фарміраванні англ., франц., бельг. і інш. народнасцей.
Літ.:
Граков Б.Н. Ранний железный век. М., 1977;
Широкова Н.С. Древние кельты на рубеже старой и новой эры. Л., 1989;
Шкунаев С.В. Община и общество западных кельтов. М., 1989.
Да арт.Кельты. Бронзавыя збаны з Бос-Юцс (Францыя).Да арт.Кельты. Люстэрка з Дэсбара. 1 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУША́НСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА, Кушанскае царства,
старажытная дзяржава на тэр. сучасных Узбекістана, Таджыкістана, Туркменіі, Афганістана, Пакістана і Паўн. Індыі ў 1—4 ст.н.э. Узнікла на рубяжы н.э. пасля разгрому Грэка-Бактрыйскага царства качэўнікамі, якія стварылі на яго тэрыторыі шэраг асобных княстваў. Адно з іх у Бактрыі на чале з племем або кланам кушан стала ядром К.дз. Значнага тэр. пашырэння К.дз. дасягнула пры правіцелях Кадфізе I і Кадфізе II (1 ст.н.э.), найб. росквіту — пры правіцелях Канішку і Хувішку. Праз тэр. К.дз. праходзіў Вялікі шаўковы шлях, што спрыяла развіццю гандлю і рамяства. Значнае пашырэнне тут набылі будызм, зараастрызм, маніхейства і хрысціянства. Пры правіцелі Васудэве (сярэдзіна 3 ст.) пачаўся заняпад К.дз., якая ў 4 ст. распалася на дробныя княствы.
Літ.:
Зеймаль Е.В. Кушанская хронология: (Материалы по проблеме). М., 1968;
Дальверзинтепе — кушанский город на юге Узбекистана. Ташкент, 1978;
Шеркова Т.А. Египет и Кушанское царство: (Торговые и культ. контакты). М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРВ,
адзін з найстаражытнейшых гарадоў Сярэдняй Азіі, які існаваў на беразе р. Мургаб каля г. Байрам-Алі (Туркменістан). Стараж. частку М. складае гарадзішча Эрк-Кала (пл. 12 га), якое ўзнікла ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. Росквіту рабаўладальніцкі М. дасягнуў у 2 ст. да н.э. — 3 ст.н.э. Горад і яго наваколле (пл. каля 60 км²) былі абнесены сцяной. З 3 ст. ўваходзіў у дзяржаву Сасанідаў, у 7 ст. заваяваны арабамі. Найб. росквіту феад. М. дасягнуў у 11—12 ст., калі стаў сталіцай дзяржавы Вял. Сельджукаў (гарадзішча Султан-Кала). З канца 12 ст. буйны цэнтр дзяржавы Харэзмшахаў. У 1222 разбураны манголамі. У сярэдзіне 13—14 ст. часткова адрадзіўся, аднак значнай ролі больш не адыгрываў. У 1510—24 і 1601—1747 пад уладай персаў, да 19 ст. канчаткова заняпаў. Захаваліся рэшткі ўмацаванняў, дамоў, палацаў, мячэцяў, маўзалеяў і інш. З 1987 гіст.-культ. запаведнік Старажытны Мерв.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІЯ ГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ АДКРЫ́ЦЦІ,
сукупнасць найбольш значных адкрыццяў на сушы і ў моры, здзейсненых на працягу амаль усёй пісьмовай гісторыі чалавецтва. Традыцыйна іх атаясамліваюць толькі з адкрыццямі сярэдзіны 15 — сярэдзіны 17 ст. Да больш ранняга перыяду належаць адкрыцці: Паўд. Азіі і Індыйскага ак. (мараходы і купцы Харапскай цывілізацыі, 25—20 ст. да н.э.); паўд. ўзбярэжжа Еўропы, Міжземнага і Чорнага мораў (крыцкія і ахейскія мараходы, 16—14 ст. да н.э.); Усх. Азіі (іньскія купцы, палкаводцы, мараходы, 16—8 ст. да н.э.); плаванне вакол Афрыкі і ўстанаўленне яе прыблізных памераў (фінікійскія мараходы, паміж 609 і 595 да н.э.); Паўн. Атлантыкі, в-ва Вялікабрытанія, Паўночнага і Балтыйскага мораў (Пітэас, не пазней 320 да н.э.); Грэнландыі і Паўн.-Усх. Амерыкі (Эйрык Раўдзі, Лейф Эйрыксан, 981—1004); Усх. Еўропы (арабскія падарожнікі, купцы і каланісты Кіеўскай Русі з 9—10 ст.). Важнае значэнне мелі адкрыцці 15—17 ст.: Цэнтр. і Паўд. Амерыкі (Х.Калумб, А.Веспучы і інш.; 1442—1502); марскога шляху з Еўропы ў Індыю (Васка да Гама, 1497—99); першае кругасветнае плаванне (Ф.Магелан, 1519—22), якое даказала існаванне Сусветнага ак. і шарападобнасць Зямлі; Паўн. Азіі і праліва, што аддзяляе яе ад Паўн. Амерыкі (Ярмак, І.Масквіцін, С.Дзяжнёў, 1582—1648); Аўстраліі (А.Тасман, В.Янсзан, Ф.Тэйсен, 1606—42). Вялікія геаграфічныя адкрыцці адбываліся і пазней: адкрыцці Паўн.-Зах. Амерыкі па р.Св. Лаўрэнція (М.С.Гвоздзеў, В.Берынг, А.І.Чырыкаў, 1732—41) і Антарктыды (Ф.Ф.Белінсгаўзен, М.П.Лазараў, 1820). Па навуковай значнасці да Вялікіх геаграфічных адкрыццяў неабходна аднесці вынікі даследаванняў па выяўленні рэльефу дна Сусветнага ак. (Ч.Томсан, Дж.Мерэй, 1772—76) і адкрыццё адзінай планетарнай сістэмы сярэдзінна-акіянскіх хрыбтоў (Б.Хейзен, Г.Менард, Г.Б.Удзінцаў і інш., 1955—62).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРАДО́Т (Hērodotos; каля 485, г. Галікарнас, цяпер г. Бадрум, Турцыя — каля 425 да н.э.),
старажытнагрэчаскі гісторык. Паходзіў са знатнага роду. У юнацтве ўдзельнічаў у барацьбе супраць тыраніі, пасля яе ўсталявання пакінуў радзіму, жыў на в-ве Самас. Шмат падарожнічаў, наведаў Вавілон, Фінікію, Егіпет, Кірэну, Фракію, Сіцылію, узбярэжжа Чорнага м., дзе збіраў звесткі пра скіфаў. Доўгі час жыў у Афінах, быў блізкі да Перыкла, каля 443 да н.э. перасяліўся ў г. Фурыі (Паўд. Італія). Асн. яго твор «Гісторыя» (назва ўмоўная) прысвечаны грэка-персідскім войнам (500—449 да н.э.); падзеі ў ім выкладзены да ўзяцця грэкамі г. Сест у 478 да н.э. Апісаў гісторыю краін і народаў Персідскай дзяржавы, іх побыт і культуру, даў геагр. звесткі і першае сістэматычнае апісанне жыцця і побыту скіфаў, а таксама неўраў, што жылі ў бас. Прыпяці. Названы сучаснікамі «бацькам гісторыі». Пазней вучоныя падзялілі яго твор на 9 кніг і кожную назвалі імем адной з 9 муз. 4-я кніга — «Мельпамена» прысвечана Скіфіі і яе наваколлю. Гэта самая ранняя пісьмовая крыніца звестак і пра насельніцтва тэр. Беларусі, з якім звязваюць герадотавых неўраў і будзінаў.
Тв.:
Рус.пер. — история. Кн. 1—9. М., 1993;
У кн.: Геродот. Греко-персидские войны... М., 1994.
Літ.:
Лурье С.Я. Геродот. М.; Л., 1947;
Доватур А.И., Каллистов Д.П., Шишова И.А. Народы нашей страны в «Истории» Геродота. М., 1982;
Рассадзін С.Я. Герадотавы андрафагі // Весці АН Беларусі. Сер. грамад. навук. 1992. № 3—4;
Яго ж. Будзіны, неўры ці скіфы?: Прабл. дачынення Герадотавых плямёнаў да тэрыторыі Беларусі // Актуальныя пытанні гісторыі Беларусі ад старажытных часоў да нашых дзён: Зб.арт.Мн., 1992.
Герадот. Рымская копія з грэчаскага арыгінала. 4 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІУДАІ́ЗМ,
рэлігійны, нацыянальны і этычны светапогляд, які традыцыйна вызначаў вераванні і жыццёвы ўклад яўрэяў У больш вузкім сэнсе — нац. рэлігія яўрэяў, дзярж. рэлігія Ізраіля. Узнік у 2-м тысячагоддзі да н.э. Адыграў гал. ролю ў станаўленні стараж. дзяржавы — Ізраільска-Іудзейскага царства (10 ст. да н.э.). Прыхільнікі І. веруюць у Яхве — адзінага Бога, стваральніка і ўладара Сусвету, у бессмяроцце душы, замагільнае жыццё, будучы прыход Месіі, богавыбранасць яўр. народа. Тэрмін «І.» паходзіць ад назвы яўр. племяннога аб’яднання Іуды, якое было самым шматлікім сярод усіх 12 яўр. плямён («дванаццаці кален ізраілевых»), а ў канцы 11 ст. да н.э. стала пануючым. Гал. крыніцай веравучэння І. з’яўляецца Біблія (прызнаецца толькі Стары Запавет), асн. догмы выкладзены ў першых яе 5 кнігах, аб’яднаных у Тору (Пяцікніжжа Майсеева). Цэнтрам І. ў 1-м тыс. да н.э. быў Іерусалімскі храм (у 586 да н.э. зруйнаваны вавіланянамі, адбудаваны; у 70 н.э. зруйнаваны канчаткова рымлянамі). У перыяд 2-га Храма найб. поўным выражэннем І. стала Галаха — сукупнасць законаў, якія вызначаюць рэліг. жыццё яўрэяў. Ва ўмовах рым. прыгнёту (1 ст. да н.э. — 1 ст.н.э.) сфарміравалася вучэнне аб будучым прыходзе Месіі — збавіцеля з роду Давіда, які павінен адрадзіць Ізраільска-Іудзейскае царства. Пасля зруйнавання 2-га Храма рэліг. жыццё І. засяродзілася вакол сінагог, рэліг. кіраўнікамі сталі законавучыцелі — рабіны, якія не маюць такой складанай іерархіі, як хрысціянскія свяшчэннаслужыцелі. Да 5 ст.н.э. склалася другая па значэнні крыніца І. — Талмуд, дзе сабраны ўсе дагматычныя, рэліг.-этычныя і прававыя палажэнні, рэгламентуюцца складаная абраднасць і нормы паводзін кожнага верніка. З пашырэннем хрысціянства (з 4 ст.дзярж. рэлігія Рым. імперыі) і ісламу (I ст.), якія бяруць пачатак у І., узнік іх канфлікт з І.: яўрэйства адмовілася прызнаць прэтэнзіі гэтых рэлігій на новыя ісціны і разглядала іх як скажэнне І.; тыя, са свайго боку, ставіліся да І. як да нейкага гіст. рудымента і богаадступніцтва. Доўгі час нормы Галахі садзейнічалі ізаляванасці яўрэяў сярод іншаэтнічнага і іншаканфесійнага насельніцтва ў дыяспары. У 19 ст. ў сувязі з эмансіпацыяй яўрэяў (ураўнаванне ў правах з астатнім насельніцтвам) у шэрагу зах.-еўрап. краін узнікла супярэчнасць паміж неабходнасцю захавання вернасці І. і інтэграцыяй у навакольнае культ. асяроддзе. Вынікам гэтага стала з’яўленне новых кірункаў у І., адрозненні паміж якімі вызначаюцца адносінамі да Галахі: выкананне ўсіх яе патрабаванняў абвяшчае артадаксальны І.; за сінтэз традыцый з паступовымі рэформамі выступае кансерватыўны І.; адмаўленне ад прызнання бясспрэчнасці законаў Галахі і выкананне толькі яе асобных палажэнняў характарызуе рэфармісцкі (прагрэсісцкі) І.
У Беларусі першыя звесткі пра яўрэяў, прыхільнікаў І., вядомы з канца 14 ст. Гэта акты аб прывілеях 1388—89 вял. князя Вітаўта, дадзеныя 5 яўр. абшчынам ВКЛ: у Троках, Брэсце, Гродне, Луцку і Уладзіміры-Валынскім. У цэнтр. і ўсх. Беларусі І. пашырыўся з 16 ст. Побач з артадаксальным І. у 18 ст. на Украіне ўзнікла яго новая містычная плынь — хасідызм, які меў пэўнае пашырэнне і на Беларусі, але не адыграў тут значнай ролі. І. вызначаў духоўнае жыццё яўр. мас Беларусі да рэв. пераўтварэнняў 1920-х г. (у Зах. Беларусі да 1939). У 1980-я г. пачалося адраджэнне І. На 1.1.1998 у Рэспубліцы Беларусь 18 іудзейскіх абшчын (у т. л. 8 прагрэсісцкіх).