СА́МІТ ТЫСЯЧАГО́ДДЗЯЎ,

сустрэча лідэраў краін (кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў), якія з’яўляюцца членамі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Адбыўся 6—8.9.2000 у г. Нью-Йорк (Рэспубліку Беларусь прадстаўляў Прэзідэнт А.​Р.​Лукашэнка). Праводзіўся з мэтай узмацнення ролі ААН у міжнар. палітыцы і ў сувязі з пачаткам новага тысячагоддзя. З дакладам на С.т. выступіў Генеральны сакратар ААН К.​Анан (кіраўнікі краін і ўрадаў выступалі з 5-хвіліннымі паведамленнямі-дакладамі). На С.т. адзначалася, што ўжо 55 гадоў свет жыве без войнаў паміж вядучымі дзяржавамі, хоць войны, пераважна ўнутры краін, працягваюцца (у 1990-х г. у выніку войнаў і ўзбр. канфліктаў загінула больш за 5 млн. чал.), узмацняецца мілітарызацыя шэрагу дзяржаў і розных слаёў насельніцтва (у арсеналах ядз. дзяржаў знаходзіцца 35 тыс. ядз. боепрыпасаў, а на руках людзей — 500 млн. адзінак стралк. зброі). ААН робіць энергічныя захады для ўмацавання міру (у 1990-я г. падпісана ў 3 разы больш мірных пагадненняў, чым за 3 папярэднія дзесяцігоддзі, вырасла колькасць аперацый ААН у падтрымку міру, міжнар. санкцый, у т. л. фактаў эмбарга на пастаўку зброі ў шэраг дзяржаў). Разам з умацаваннем міру паміж народамі гал. задачамі ААН з’яўляюцца: барацьба з галечай, неадукаванасцю і хваробамі, процідзеянне насіллю і тэрору, барацьба з дэградацыяй і разбурэннем асяроддзя існавання чалавека і інш. У ходзе С.т. адбылося пасяджэнне Савета Бяспекі ААН на вышэйшым узроўні, у якім удзельнічалі У.​Пуцін (Расія), Б.​Клінтан (ЗША), Т.​Блэр (Вялікабрытанія), Ж.​Шырак (Францыя), Цзян Цзэмінь (Кітай). Па выніках работы С.т. прынята Заключная дэкларацыя.

Літ.:

Саммит тысячелетия в ООН // Междунар. жизнь. 2000. № 10.

Р.​Ч.​Лянькевіч.

т. 14, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

брэйн-дрэ́йн

(англ. brain-drain, ад brain = мозг + drain = уцечка)

адток спецыялістаў, вучоных, інтэлектуалаў з краін, дзе адносна нізкі ўзровень жыцця, у краіны з больш высокім узроўнем.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

парытэ́т

(ням. Parität, ад лац. paritas, -atis = роўнасць)

1) раўнапраўе бакоў пры разборы канфліктаў (напр. у міжнароднай нарадзе);

2) экан. адносіны паміж валютамі розных краін у золаце.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ ЦЭНТРАЛЬНААМЕРЫКА́НСКІХ ДЗЯРЖА́Ў (Organization Central American States; АЦАД),

рэгіянальная арг-цыя дзяржаў Цэнтр. Амерыкі. Створана ў 1951. Аб’ядноўвае Гандурас, Гватэмалу, Коста-Рыку, Нікарагуа, Сальвадор. Статут прадугледжвае магчымасць далучэння Панамы. Паводле Хартыі 1965 мэта арг-цыі — узаемадапамога, эканам., сац. і паліт. супрацоўніцтва ў Цэнтр. Амерыцы. Вышэйшыя органы — нарады кіраўнікоў краін-удзельніц і міністраў замежных спраў. Штаб-кватэра ў Сан-Сальвадоры.

т. 1, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НСКІ (Мікалай Мікалаевіч) (27.7.1881, г. Томск, Расія — 29.11.1963),

сав. эканоміка-географ. Герой Сац. Працы (1963). Чл.-кар. АН СССР (1939). Праф. (1929). Выкладаў у Маскоўскім ун-це. Навук. працы па эканам. геаграфіі СССР і замежных краін, тэорыі і метадалогіі эканам. геаграфіі і эканам. картаграфіі. Распрацаваў раённы кірунак у сав. эканам. геаграфіі. Аўтар шэрагу падручнікаў. Дзярж. прэмія СССР 1952.

т. 2, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТЫСТЫ́НІ ((Battistini) Матыа) (27.2.1856, Рым — 7.11.1928),

італьянскі спявак (барытон), майстар бельканта. Спяваў на оперных сцэнах Італіі і інш. краін. Неаднаразова бываў у Расіі. Яго творчасць — адна з вяршыняў вак. мастацтва 19 ст. Выконваў гал. партыі ў операх італьян., інш. зах.-еўрап і рускіх кампазітараў («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага, «Дэман» А.​Рубінштэйна, «Руслан і Людміла» М.​Глінкі).

т. 2, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСЕЛЬБА́НТ (ням. Achselband),

ніцяны плецены шнур (пазалочаны, пасярэбраны або каляровы) з метал. наканечнікамі. Прышпільваецца звычайна да правага (радзей левага) пляча пад пагонам (эпалетам). У арміях многіх замежных краін — прыналежнасць формы адзення ад’ютантаў, афіцэраў генштаба, жандараў і інш., а таксама асабовага складу некаторых часцей. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь — прыналежнасць параднай формы адзення ганаровай варты, удзельнікаў ваен. парадаў.

т. 1, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́СНЕР ((Wisner) Генрык) (н. 25.8.1936, Варшава),

польскі гісторык. Праф. (1987). Скончыў Варшаўскі ун-т (1962). З 1961 працаваў у Цэнтр. вайсковай б-цы, у выд-ве Мін-ва нац. абароны, Ін-це сацыяліст. краін Польскай АН. З 1980 у Ін-це гісторыі Польскай АН. Даследуе ваен. гісторыю, гісторыю дыпламатыі Рэчы Паспалітай. Аўтар прац па гісторыі ВКЛ.

т. 4, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВІШЭГРА́ДСКАЯ ГРУ́ПА»,

рэгіянальная арг-цыя дзяржаў Цэнтр. Еўропы. Утворана ў 1990 па ініцыятыве прэзідэнта Чэхаславакіі В.Гавела. Аформілася ў выніку падпісання 15.2.1991 у г. Вішэград (Венгрыя) кіраўнікамі Польшчы, Венгрыі і Чэхаславакіі «Дэкларацыі аб супрацоўніцтве ў імкненні да еўрапейскай інтэграцыі». Уваходзяць 4 дзяржавы: Польшча, Венгрыя, Чэхія і Славакія (да 1993 адзіная Чэхаславакія). Мэта: каардынацыя паліт. і эканам. дзейнасці краін-удзельніц.

т. 4, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІБН ХАРДА́ДБЕХ, Ібн Хурдазбіх Абу-ль-Касім Убайдалах ібн Абдалах

[каля 820 (па інш. звестках, 826) — каля 912/913 (па інш. звестках, 885)],

арабскі географ. Паводле паходжання перс. Яго «Кніга шляхоў і дзяржаў» — важная крыніца па гісторыі Халіфата і сумежных краін, мае ўпамінанні славян і русаў; першы твор апісальнага характару на араб. мове, які дайшоў да нашых дзён.

т. 7, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)