фанаты́чны, ‑ая, ‑ае.

Уласцівы фанатыку, прасякнуты фанатызмам. Алік зразумеў, што мастацтва, музыка, спорт — гэта не яго стыхія, бо там трэба фанатычная бязлітаснасць да сябе. Быкаў. Сягоння.. нас не можа не здзіўляць гэткая высокая і шматгранная таленавітасць Уладзіслава Галубка, гэткая фанатычная адданасць яго мастацтву тэатра, мастацтву глыбока народнаму. «Маладосць». // Які дзейнічае, думае, як фанатык. Па аскетычнай сухасці, што ішла ад .. вачэй [жанчыны], і па паводзінах я адразу разгадаў у ёй фанатычную каталічку. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цы́тра 1, ‑ы, ж.

Струнны шчыпковы музычны інструмент у выглядзе плоскай скрынкі, выгнутай з аднаго боку накшталт гітары, з грыфам і металічнымі ладамі. Дык, арфы і цытры, — гучней і гучней! Хай вашыя рытмы абудзяць людзей. Дубоўка.

[Ням. Zither ад грэч. kithara.]

цы́тра 2, ‑ы, ж.

Разм. зневаж. Пра расфуфыраную легкадумную, хітрую жанчыну. Зусім здурнеў на старасць мой Паўлюк — Завёў наводшыбе каханку-цытру. Валасевіч. — Ого! Так і пакрыўдзіш гэтую цытру! — паддаючыся просьбе, сказаў .. [Барташэвіч] ужо нязлосна. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чужа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Пазбягаць, цурацца каго‑н. Нейкі час .. [муж і жонка Раманюкі] жылі, як два чужыя чалавекі, выпадкова з’яднаныя гешэфтам: называлі адзін аднаго на «вы», чужаліся. Карпюк. Да .. [Пшанічнага] раптам перамяніліся ўсе дружбакі, пачалі чужацца хлопца. Быкаў. // Адмаўляцца ад чаго‑н., пазбягаць чаго‑н. (якіх‑н. дзеянняў, спраў, сфер жыцця і пад.). Крытык не чужаецца гісторыі, але кожны раз, калі звяртаецца да яе, спрабуе асвятляць з пазіцый сённяшняга дня. Юрэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гандлява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак.

1. кім-чым, з кім-чым і без дап. Весці гандаль. Гандляваць лесам. Гандляваць з суседнімі краінамі. Вучыцца гандляваць. // перан.; кім-чым. Рабіць што‑н. прадметам гандлю, паступацца чым‑н. высакародным дзеля нежывы, матэрыяльнай выгады. Гандляваць сумленнем.

2. Быць гандляром, займацца гандлем як прафесіяй. Марцін зноў пачаў гандляваць. Цяпер рабіў гэта асцярожна, меў толькі невялікую мясную краму, асноўны капітал трымаў на кніжцы. Карпюк. // Прадаваць, адпускаць тавар пакупнікам. Гандляваў цэлы дзень.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апа́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які асыпаўся з дрэў, галін і г. д. (пра лісце, кветкі і пад.). У празрыстым паветры запахла выкапанай бульбай, апалым лісцем. Карпюк. // Які нізка апусціўся, абвіс. Апалыя галіны.

2. Схуднелы. Апалыя шчокі.

3. Які толькі што выпаў (пра снег). На дварэ перадвясеннія дні. На сцежках свежаапалы чысты снег. Галавач.

4. перан. Які пагоршыўся, сапсаваўся (пра настрой). А гэта ўсё разам яшчэ больш памацняла апалы настрой маладога настаўніка. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

важда́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. Доўга займацца якой‑н. справай; корпацца. Косця кінуў важдацца каля сваёй разбітай гарматы і заспяшаўся наперад — камбат паслаў яго даганяць батарэю. Карпюк. Адной рукой.. [Вялічка] доўга важдаўся з жытнім коласам, пакуль дастаў з яго некалькі зярнят. Чорны. // Многа часу аддаваць каму‑, чаму‑н. Столькі.. [хлопцы] важдаліся з.. [Славікам], столькі даравалі ўсяго, а ён вунь якой думкі пра брыгаду. Шамякін. [Герасім:] — Не прывык, ды і не ўмею я з паперкамі важдацца... Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звіхну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Разм.

1. Страціць розум; звар’яцець. — Звіхнуцца можна ад такога візгату. Пянкрат.

2. Збіцца з правільнага жыццёвага шляху, пачаць весці ганебны спосаб жыцця. Перад абліччам смерці чалавек звіхнуўся адзін раз, учыніў злачынства, ратуючы сваю шкуру, тады пайшло і пайшло. Карпюк. Час ішоў, а Юрась не вяртаўся. «Няўжо зноў звіхнуўся хлопец? — думаў Рыгор. — Няўжо злодзеем на ўсё жыццё застаўся? Не...» Лукша. // Сысці з правільных, прагрэсіўных пазіцый, пачаць раздзяляць няправільныя погляды.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

карпе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. над чым і без дап. Разм. Доўга, цярпліва займацца чым‑н., працаваць над чым‑н. Карпець пад падручнікамі. □ Таварышы толькі і бачылі Івана Іванавіча, як той карпеў над паперамі дзень і ноч, гадамі. Карпюк. Збегліся дзяўчаты, што карпелі за суседнімі сталамі. Аношкін.

2. Жыць дзе‑н. у пакутах, цяжкасцях. — Другія, глядзі, на ўласныя хаткі з садамі ўзбіліся... А ты век тут карпей ды гібей у гэтым дзіравым вагоне. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ёкнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Аднакр. да ёкаць (у 1 знач.).

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сціснуцца, неспадзявана замерці ад чаго‑н. (пра сэрца). Ля дзвярэй адразу спаткаў барадаты швейцар з залатымі лампасамі і паглядзеў з такой ганарыстай важнасцю, што ў мяне ёкнула сэрца. Карпюк. Тады сэрца .. [Тамары] ёкнула, на нейкі момант спынілася, а потым закалацілася часта-часта. Васілёнак. / у безас. ужыв. Хлопцы пайшлі, а ў Макара ёкнула ў грудзях. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

завіхрэ́нне 1, ‑я, н.

1. Слуп пылу, снегу і пад., узняты ветрам. Толькі снежны пыл узнімаўся завіхрэннямі над зямлёй, толькі мяцеліца ладзіла вар’яцкае сваё ігрышча. Мікуліч.

2. Спец. Утварэнне віхраў у газе або вадкасці пры абцяканні якіх‑н. цел або пры сустрэчы супрацьлеглых патокаў.

завіхрэ́нне 2, ‑я, н.

Тое, што і віхор ​2. Зініны рукі, прастакаваты твар, пакрыты залаціста-рыжымі валасінкамі з завіхрэннямі ля вушэй, шырокі нос вельмі ўжо не падабаліся мне. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)