сілакса́ны

(ад лац. silex, -icis = крэмень)

злучэнні, якія змяшчаюць у малекуле атамы крэмнію і кіслароду, што чаргуюцца паміж сабой.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

флавано́іды

(ад лац. flavus = жоўты + -оід)

фенольныя злучэнні, у аснове структуры якіх ляжыць шкілет, што складаецца з вугляродных адзінак.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВАЛЬФРА́МУ КАРБІ́ДЫ,

хімічныя злучэнні вальфраму з вугляродам. Вядомыя вальфраму карбіды: монакарбід (WC) і гемікарбід (W2C, існуе толькі пры высокіх т-рах).

Монакарбід вальфраму — крышт. рэчыва шэрага колеру, tпл 2776 °C, шчыльн. 15 600 кг/м³. Мае высокую цв., кіслотаўстойлівы, у паветры пры t > 430 °C акісляецца. Атрымліваюць узаемадзеяннем вальфраму з вугляродам пры т-ры 1430—1630 °C у атмасферы вадароду, аднаўленнем аксіду (WO3) вугалем. Выкарыстоўваюць як аснову металакерамічных цвёрдых сплаваў, для легіравання хуткарэзных сталяў, нанясення зносаўстойлівых наплавачных пакрыццяў на метал. паверхні.

т. 3, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ГНЕР (Ягор Ягоравіч) (9.12.1849, г. Казань, Расія — 27.11.1903),

рускі хімік-арганік. Праф. (1882). Скончыў Казанскі ун-т (1874). З 1875 у Пецярбургскім, з 1886 у Варшаўскім ун-тах. Навук. працы па арган. сінтэзе. Адкрыў спосаб атрымання другасных спіртоў уздзеяннем на карбанільныя злучэнні цынку (1875, разам з А.М.Зайцавым), рэакцыю акіслення этыленавых злучэнняў (цыклаалефінаў, тэрпенаў, стэроідаў) 1%-ным растворам перманганату калію (1888, рэакцыя Вагнера), камфенавую перагрупоўку першага роду (1899, перагрупоўка Вагнера — Меервейна).

Літ.:

Старосельский П.И., Никулина Е.П. Е.Е. Вагнер, 1849—1903. М., 1977.

т. 3, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАГЕ́ННЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

хімічныя злучэнні, якія трапляюць у навакольнае асяроддзе ў выніку гасп. дзейнасці чалавека. Бываюць аналагамі прыродных злучэнняў, лёгка ўключаюцца ў натуральны кругаварот і утылізуюцца ў экасістэмах або чужароднымі для прыроднага асяроддзя і з цяжкасцю разбураюцца пад уплывам біятычных фактараў. Да чужародных належаць многія т.зв. ўстойлівыя забруджвальнікі навакольнага асяроддзя, якія нярэдка аказваюцца небяспечнымі для існавання жывых арганізмаў (напр., радыеактыўныя ізатопы з працяглым перыядам паўраспаду). Усяго вядома каля 100 тыс. відаў антрапагенных рэчываў, сярод іх шмат сінтэтычных, якія ніколі не існавалі ў прыродным асяроддзі.

т. 1, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯРЭДУЦЭ́НТЫ (ад бія... + рэ... + лац. duco вяду),

біядэструктары, арганізмы, што кормяцца мёртвым арган. рэчывам і раскладаюць яго на больш простыя неарган. злучэнні (напр., двухвокіс вугляроду, вада, аміяк і інш.), якія потым выкарыстоўваюцца прадуцэнтамі; заключнае звяно ў трафічным ланцугу. Да біярэдуцэнтаў належаць пераважна мікраарганізмы (бактэрыі, сапрафітныя грыбы), сапрафагі, некрафагі і інш. і некат. жывёлы (напр., дажджавыя чэрві), у працэсе жыццядзейнасці якіх адбываецца мінералізацыя арган. рэчываў, — кансументы. Біярэдуцэнты ажыццяўляюць замкнутасць біялагічнага кругавароту рэчываў, удзельнічаюць у працэсах самаачышчэння навакольнага асяроддзя, выкарыстоўваюцца пры біялагічнай ачыстцы сцёкавых водаў.

т. 3, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІНАСПІРТЫ́,

арганічныя аліфатычныя злучэнні, малекула якіх мае амінагрупу NH2 і гідраксільную групу OH; CnH2n(NH2)OH. Масляністыя вадкасці з уласцівасцямі асноў. З мінер. і моцнымі карбонавымі кіслотамі ўтвараюць крышт. солі, з вышэйшымі тлустымі кіслотамі і іх эфірамі — нейтральныя прадукты (мыла). Атрымліваюць дзеяннем аміяку або амінаў на аксіды алефінаў. Выкарыстоўваюцца (асабліва этаноламіны) у вытв-сці мыйных сродкаў, эмульгатараў, касметычных і лек. прэпаратаў. Да вытворных амінаспіртоў належаць эфедрын, гармон L-адрэналін і халін, якія адыгрываюць важную ролю ў абмене рэчываў жывых арганізмаў.

т. 1, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІ́НЫ,

азотазмяшчальныя арган. злучэнні; вытворныя аміяку, у якіх атамы вадароду замешчаны арган. радыкаламі. Па колькасці замешчаных атамаў адрозніваюць аміны першасныя RNH2, другасныя R2NH, трацічныя R3N, па колькасці амінагруп — мона-, ды-, тры- і поліаміны. Ніжэйшыя аміны — газы, вышэйшыя — вадкасці ці цвёрдыя рэчывы. Аміны — асновы, з кіслотамі ўтвараюць солі, раствараюцца ў вадзе. Атрымліваюць звычайна алкіліраваннем аміяку, аднаўленнем нітразлучэнняў, нітрылаў. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці фарбавальнікаў, лекаў, палімерных матэрыялаў, флотарэагентаў, паверхнева-актыўных і роставых рэчываў, гербіцыдаў; уваходзяць у састаў біялагічна актыўных рэчываў, амінакіслот, нуклепратэідаў, ферментаў.

т. 1, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМФАТЭ́РНАСЦЬ (ад грэч. amphoteros і той і гэты),

здольнасць некаторых хім. злучэнняў праяўляць у залежнасці ад умоў кіслотныя або асн. ўласцівасці. Уласцівая вадзе, аксідам і гідраксідам алюмінію, цынку, хрому і інш., некаторым амінам, амінакіслотам, іанітам.

Пры дысацыяцыі ў водных растворах амфатэрныя злучэнні (амфаліты) утвараюць H​+ і OH​ іоны (напр., Cr​3++3OH​ ⇄ Cr(OH)3 ⇄ H​++CrO​2+H2O). Перавага тыпу ўласцівасцяў амфатэрных гідраксідаў залежыць ад месца элемента ў перыяд. сістэме. Амфатэрнасць злучэнняў карыстаюцца ў хім. аналізе для раздзялення элементаў.

т. 1, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗАНАПО́ЎНЕНАЯ ЛЯ́МПА,

лямпа напальвання, балон якой запоўнены інертным газам (крыптонам або сумессю азоту з аргонам). У галагенных газанапоўненых лямпах да інертных газаў дадаюць галагены або іх злучэнні. Мае павялічаныя (у параўнанні з вакуумнымі) т-ру ніці напальвання, светлавую аддачу (галагенныя — да 30 лм/Вт) і тэрмін работы, а таксама запаволенае выпарэнне вальфраму. Газанапоўненыя лямпы вырабляюць магутнасцю ад 40 Вт і вышэй (галагенныя — да дзесяткаў кілават). Выкарыстоўваюцца для асвятлення вял. адкрытых прастораў, кіна- і тэлестудый, у капіравальных і праекцыйных апаратах і інш.

т. 4, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)