БАЛІСТЫ́ТЫ,

адзін з відаў бяздымнага пораху на аснове нітратаў цэлюлозы, пластыфікаваных нітраэфірамі. Звычайны састаў балістытаў: 50—60% калаксіліну і 25—40% нітрагліцэрыну (нітрагліцэрынавы порах), дыэтыленгліколь дынітрату (дыгліколевы порах) ці іх сумесі. У балістыты ўводзяць да 10% парашку алюмінію ці магнію (для вырабу цвёрдага ракетнага паліва), таксама стабілізатары (цэнтраліты), каталізатары гарэння (солі ці аксіды металаў), тэхнал. дабаўкі (вазелінавае масла, воск). Атрымліваюць балістыты змешваннем кампанентаў з вадой; пасля яе аддзялення сумесь апрацоўваюць пры пэўнай тэмпературы і ціску на вальцах. Пры гарэнні балістыты не дэтануюць, але пры павольным тэрмічным раскладанні могуць самазагарацца. Балістыты ўпершыню атрыманы А.Нобелем у 1888. Выкарыстоўваюцца ў ствольнай агнястрэльнай зброі, як цвёрдае ракетнае паліва.

т. 2, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПО́РНЫ ПУНКТ,

1) у ваеннай справе — найбольш умацаваная і насычаная агнявымі сродкамі частка абарончага раёна (участка, пазіцыі), прыстасаваная для працяглай кругавой абароны ўзвода або роты. Ствараецца на ўчастках мясцовасці, зручных для назірання і вядзення эфектыўнага агню па праціўніку. Апорны пункт мае акопы, траншэі, укрыцці, загароды, хады зносін, пазіцыі для агнявых сродкаў штатных (узвода, роты) і прыдадзеных падраздзяленняў. Прамежкі паміж апорнымі пунктамі прыкрываюцца інж. збудаваннямі і агнём з усіх відаў зброі.

2) У геадэзіі і тапаграфіі — замацаваны на мясцовасці пункт у адзінай сістэме каардынат з планавым размяшчэннем і вышынёй, якая выкарыстоўваецца ў час правядзення геад. і тапагр. здымак (гл. Апорная геадэзічная сетка).

т. 1, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖО́НСАН ((Johnson) Ліндан Бейнс) (27.8.1908, каля г. Стонуал, штат Тэхас, ЗША — 22.1.1973),

палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. Чл. Дэмакр. партыі. Дэп. палаты прадстаўнікоў (1937—48), сенатар ад штата Тэхас (1949—60) і лідэр дэмакратаў (1953—60) у сенаце кангрэса ЗША. Віцэ-прэзідэнт (1961—63), пасля забойства Дж.Ф.Кенэдзі прэзідэнт ЗША (1963—69). Прэзідэнцтва Дж. адзначана ўцягваннем ЗША ў вайну ў В’етнаме (з 1964—65), інтэрвенцыяй у Дамініканскую Рэспубліку (1965), абвастрэннем адносін з Францыяй, падтрымкай Ізраіля ў араба-ізраільскую (Шасцідзённую) вайну 1967, унутр. расавымі і сац. хваляваннямі, спробамі сац. рэформаў. Напярэдадні адстаўкі пачаў працэс мірнага ўрэгулявання в’етн. праблемы, садзейнічаў паляпшэнню адносін з СССР (Дагавор аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі).

т. 6, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕЛЬТЫБЕ́РЫ (лац. Celtiberi),

старажытныя плямёны паўн.-ўсх. Іспаніі, якія ўтварыліся ад змяшання ібераў з кельтамі і рассяляліся на Пірэнейскім п-ве ў 5—3 ст. да н.э. Гал. з плямёнаў К. — аравакі. К. падзяляліся на сем’і, роды і абшчыны, лічыліся грубым, дзікім і ваяўнічым племем, аднак славіліся вырабам выдатнай зброі (рымляне, напр., перанялі іх тып мяча). Вобласць іх рассялення наз. Кельтыберыя, пасля рым. заваявання (у 195 да н.э. часткова, з 72 да н.э. поўнасцю) увайшла ў прав. Іспанія Блізкая. К. працяглы час супраціўляліся гэтаму заваяванню (паўстанні ў 195—193, 181—179, 153—151; 143—133, паўстанне Серторыя 80—72 да н.э.).

т. 8, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́МАВІЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1978 у г. Клімавічы Магілёўскай вобл. на базе матэрыялаў краязн. музея гар. сярэдняй школы № 3. Адкрыты ў 1984. Пл. экспазіцыі 282 м², больш за 3,8 тыс. экспанатаў асн. фонду (1998). Мае калекцыі пісьмовых крыніц, прадметаў археалогіі, нумізматыкі, зброі, ткацтва, нар. побыту, твораў выяўл. мастацтва Клімавіцкага р-на. Сярод экспанатаў бівень маманта, каменныя прылады працы 3—2-га тыс. да н.э., «Трэбнік» 2-й пал. 19 ст., мінея на крас. 1868, узоры нар. адзення, тканыя посцілкі, ручнікі, матэрыялы пра Клімавіцкія гімназіі, дзейнасць падполля ў Вял. Айч. вайну, землякоў Герояў Сав. Саюза і поўных кавалераў ордэна Славы, вучоных, мастакоў і пісьменнікаў.

Л.​М.​Андрушкова.

т. 8, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́СІПАВА (Марыя Барысаўна) (9.1.1909, в. Серкавіца Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 5.2.1999),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыла Вышэйшую камуніст. с.-г. школу Беларусі (1935), Мінскі юрыд. ін-т (1940). З 1926 на сав. і парт. рабоце. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 арганізавала ў Мінску падп. групу, удзельніца Мінскага патрыятычнага падполля, была сувязной партыз. атрадаў М.​Нікіціна, «Дзіма», «Мясцовыя», брыгады «Дзядзькі Колі». Арганізоўвала ратаванне, забеспячэнне дакументамі і адпраўку ў партыз. атрады сав. ваеннапалонных, вязняў гета, дастаўку партызанам зброі і боепрыпасаў. Адна з арганізатараў знішчэння ген. камісара Беларусі В.Кубэ. Пасля вайны на сав. рабоце. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—63. Ганаровая грамадзянка Мінска.

М.Б.Осіпава.

т. 11, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛІ́СКА,

старажытны горад, першая балгарская сталіца (7 — канец 9 ст.). Руіны знаходзяцца за 25 км на ПнУ ад сучаснага г. Шумен у Балгарыі. Агульная плошча П. каля 23 км², у цэнтры знаходзілася цытадэль з магутнымі абарончымі сценамі, Вялікім і Малым палацамі, якія былі складзены з вял. каменных блокаў. Горад абкружалі земляны вал і роў. Археал. даследаванні П. вядуцца з канца 19 ст. Знойдзены рэшткі зброі, прылады працы, упрыгожанні, кераміка, арх. дэталі. Для культуры больш характэрны слав. рысы, сустракаюцца і элементы, характэрныя для культуры цюркаў-пратабалгар, якія прыйшлі на тэр. Балгарыі з Прыазоўя. У 893 сталіца з П. перанесена ў Прэслаў; з 17 ст. — руіны.

т. 12, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

каратэ́

(яп. karate = літар. голымі рукамі)

спартыўная барацьба, якая выкарыстоўвае прыёмы японскай сістэмы самаабароны без зброі, што заснаваны на ўдарах рукамі і нагамі па найбольш уразлівых месцах цела саперніка.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

Асе́чка1 ’выстрал, які не адбыўся’. Рус. осе́чка, укр. осі́чка. Аддзеяслоўны назоўнік ад дзеяслова асячыся, асекчыся: у сувязі з выкарыстаннем крэменю ў затворы зброі, калі высечаны агонь не трапляў на месца. Не выключана, што беларускае слова (як і ўкраінскае) запазычана з рускай мовы.

А́сечка2 ’ласкавы адказ на кліч’ (Нас.). Рус. (дан.) асечка ласкавае перапытанне’ (параўн. ась, асе, асё, аси, асенька, асетка, асечка, аська). Утворана з памяншальным суфіксам ‑(е)чк‑ ад ась, асе, якое, паводле Даля 1, 27; Фасмера 1, 95, з а‑се (гл. ась).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ку́ля, ‑і, ж.

1. Невялікі свінцовы або стальны прадаўгаваты снарад для стральбы з ручной агнястрэльнай зброі і кулямётаў. Бранябойная куля. Трасіруючая куля. □ І нада мной і над табой Гула шрапнель, свісталі кулі. Астрэйка. // Уст. Зямны шар. Зямная куля.

2. у знач. прысл. ку́ляй. Імкліва, хутка (вылеціць, скаціцца і пад.).

•••

Заліваць кулі гл. заліваць.

Пусціць (сабе) кулю ў лоб гл. пусціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)