МЯДЗВЕ́ДЗЕЎ (Генадзь Аляксеевіч) (н. 22.2.1935, г. Усурыйск Прыморскага краю, Расія),
бел. матэматык. Д-рфіз.-матэм.н. (1967), праф. (1968). Скончыў Томскі ун-т (1957). З 1974 у БДУ. Навук. працы па тэорыі імавернасцей, матэм. статыстыцы і кібернетыцы. Распрацаваў метады ацэньвання параметраў выпадковых працэсаў і палёў, якія апісваюцца рэгрэсіўнымі і аўтарэгрэсіўнымі мадэлямі, прапанаваў рэкурэнтныя ацэнкі па залежных назіраннях, якія паступаюць у рэжыме рэальнага часу.
Тв.:
Вероятностные методы исследования экстремальных систем. М., 1967 (разам з У.П.Тарасенкам);
Справочник по теории автоматического управления. М., 1987 (у са аўт.);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАЛЬНІ́ЦА,
атмасферная з’ява, пры якой у магутных кучава-дажджавых воблаках, паміж імі або паміж воблакамі і зямлёй узнікаюць моцныя эл. разрады — маланкі, якія суправаджаюцца громам. У час Н. звычайна бывае лівень, часам град, адзначаецца імклівы вецер — шквал. Здараюцца Н. без ападкаў. Адрозніваюць Н. франтальныя, што ўзнікаюць на стыку франтоў атмасферных, і ўнутрымасавыя, якія ўтвараюцца ў выніку мясц. прагравання паветра ад зямной паверхні. На зямным шары адначасова адбываецца да 1800 Н. На Беларусі за год у кожным пункце бывае ў сярэднім 25—30 сут з Н., пераважна летам (чэрв., ліпень), найчасцей над узвышанымі ўчасткамі паверхні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДЗВЫЧА́ЙНАЕ ЗАКАНАДА́ЎСТВА,
законы, якія прымаюцца на выпадак якіх-н. асаблівых абставін і надаюць кіраўніку дзяржавы асобыя паўнамоцтвы. Наданне такіх паўнамоцтваў (у т. л. ўстанаўленне прававых норм, якія ў звычайных абставінах выканаўчая ўлада не мае права выдаваць, прыпыняць дзеянне асобных законаў і да т.п.) можа адбывацца ва ўмовах надзвычайнага становішча (або ваен. становішча). Напр., выкарыстана для ўстанаўлення фаш. рэжымаў у Германіі (1933), Іспаніі (1939), дыктатуры хунты Піначэта у Чылі (1970—80-я г.). Як нормы Н.з. належыць разглядаць і стварэнне ў СССР у 1930-х г. надзвычайных суд. устаноў — «троек» НКУС (іх стварэнне адбылося ў звычайных умовах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖЫЦЦЁВАЕ ЗНЯВО́ЛЕННЕ,
мера пакарання, якая ў крымін. праве Рэспублікі Беларусь можа прымяняцца за злачынствы, звязаныя з наўмысным пазбаўленнем жыцця чалавека пры абцяжваючых акалічнасцях і за інш. асабліва цяжкія злачынствы. Уведзена ў 1998. П.з. не можа быць назначана асобам, якія ўчынілі злачынства ва ўзросце да 18 гадоў, і жанчынам, а таксама мужчынам, якія на дзень пастановы прыгавору дасягнулі 65 гадоў. Пасля адбыцця асуджаным 20 гадоў зняволення, з улікам яго паводзін, а таксама стану здароўя і ўзросту, суд можа замяніць далейшае адбыванне П.з. пазбаўленнем волі на пэўны тэрмін, але не больш як на 5 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАЧА́НЕ,
частка ўсх.-слав. групы крывічоў, якія ў 9 ст. насялялі тэр. сучаснай Віцебскай і Пн Мінскай абласцей. Межавалі на Пд з дрыгавічамі, на ПдУ са смаленскімі крывічамі, на Пн і У з ізборскімі крывічамі і наўгародскімі славенамі, на З і ПнЗ з лета-літоўскімі плямёнамі. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», П. — славяне, якія атрымалі назву ад р. Палата (прыток Зах. Дзвіны). Стварылі адно з ранніх тэр.-паліт. аб’яднанняў, племянное «княжанне», якое дало пачатак Полацкаму княству. Самыя стараж.археал. помнікі — могільнікі культуры доўгіх курганоў паўн. Беларусі, паселішчы ў Полацку, Віцебску, Лукомлі, Свіла, Дзіўная і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТО́Н (франц. ponton ад лац. pons мост),
1) прасцейшы плывучы сродак, што выкарыстоўваецца ў пантонных парках у якасці плывучых апор наплаўных мастоў або паромаў, а таксама для падтрымання на вадзе розных устройстваў (докаў, пад’ёмных кранаў, прычалаў, землечарпалак і інш.) ці правядзення караблёў з глыбокай асадкай па мелкаводным фарватэры. П. бываюць адкрытыя і закрытыя (з палубай), самаходныя і тыя, якія буксіруюцца. Робяць П. з дрэва, металу, пластмасы, прагумаванай тканіны, жалезабетону.
2) Метал. або тканінныя ёмістасці, якія выкарыстоўваюцца для пад’ёму патанулых суднаў (прадметаў). П. ўпершыню пачалі выкарыстоўваць у пач. 17 ст. ў галандскай арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВІ́НЦЫЯ (лац provincia),
1) падуладныя Рымскай дзяржаве вобласці паза межамі Італіі, якія былі пазбаўлены самастойнасці і кіраваліся рым. намеснікамі.
2) Адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 18 ст. Першыя П. ўтвораны Пятром I у 1711 як адзінкі, на якія падзяляліся губерні; у сваю чаргу П. падзялялася на паветы. Паводле закону 1719 П. ўсталяваны ва ўсёй дзяржаве. Напачатку існавала 45 П., потым іх колькасць павялічылася да 66. Скасаваны паводле «Устанаўленняў пра губерні» (1775).
3) Назва буйных адм.-тэр. адзінак у некат. сучасных краінах (Італія, Іспанія і інш.).
4) Неафіцыйнае вызначэнне аддаленых ад сталіц і буйных гарадоў раёнаў краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЛІ́ВЫ МІЖНАРО́ДНЫЯ,
прыродныя марскія шляхі, якія злучаюць асобныя моры ці акіяны і выкарыстоўваюцца для міжнар. суднаходства. Паводле міжнар. звычаяў, практыкі і пагадненняў дзяржаў для такіх праліваў гістарычна ўстаноўлены прынцып свабоды праходу суднаў і пралёту самалётаў усіх краін. Паводле Канвенцыі ААН па марскім праве 1982, у пралівах, дзе існуе міжнар. суднаходства, усе судны і лятальныя апараты карыстаюцца правам свабоднага транзітнага праходу, і ім не павінны чыніцца перашкоды. Існуюць пралівы, якія вядуць у закрытыя моры і па сваім геагр. становішчы не служаць мэтам транзіту. Да іх адносяцца Балтыйскія і Чарнаморскія пралівы. Іх прававы рэжым рэгулюецца спец.міжнар. пагадненнямі і міжнар. звычаямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ЗБА,
насып уздоўж ніжняй часткі зруба вясковай хаты для засцярогі яго ад вільгаці і для ўцяплення памяшкання. Найб. простая П. — прысыпка зямлёй ці пяском 2 ніжніх вянкоў (гарыз. радоў бярвён). Больш дасканалая і пашыраная П. з калкоў, убітых у зямлю на адлегласці 35—40 см ад сцяны і пераплеценых лазой або бярозавымі пруткамі, ці з укапаных слупкоў, за якія закладвалі тонкае бярвенне, дошкі, гарбылі. Вядомы П. і з укапаных слупоў з пазамі, у якія закладвалі бярвенне, дылі. П. былі невысокія, зрэдку іх насыпалі да акна. У наш час будынкі ставяцца на фундаменце і П. не робяцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЛІПА́ЛЫ, прыліпалавыя (Echeneidae),
сямейства рыб атр. акунепадобных (па інш. класіфікацыі — атр. прыліпалападобных). Вядомы з эацэну (каля 50 млн.г. назад). 7 родаў, 7 (10) відаў. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных акіянічных водах. Дарослыя асобіны прысмоктваюцца да рыб, чарапах, кітоў, днішчаў суднаў. Могуць весці і свабодны спосаб жыцця (напр., прыліпала звычайны — Echeneis naucrates).
Даўж. да 1 м. Першы спінны плаўнік перамешчаны на галаву і ператвораны ў прысосак — авальны дыск, абкружаны пругкім мускульным валікам. Промні плаўніка падзелены на 2 гарыз.ч., якія ўтвараюць на прысмоктвальным дыску быццам бы папярочныя складкі, якія ўтвараюць вакуум, калі прыўздымаюцца. Кормяцца планктонам.