ЗО́ЛАТАВАЛЮ́ТНЫЯ РЭЗЕ́РВЫ,

афіцыйныя запасы золата і замежнай валюты ў цэнтр. банку і фін. органах краіны, а таксама ў міжнар. валютна-крэдытных арганізацыях. У склад афіц. З.р. уключаюцца замежныя валюты, якія выконваюць ролю міжнар. плацежных сродкаў, калект. рэгіянальныя і міжнар. валютныя адзінкі (СДР, ЭКЮ), правы на аўтам. атрыманне сродкаў у МВФ, а таксама афіц. залатыя запасы, якія ўлічваюцца асобна. Сусв. З.р. (млрд. долараў): у 1980 валютныя рэзервы — 409,8, золата (рыначная ацэнка) — 563,3, у 1990 — адпаведна 907,3 і 361,5, у 1994—1186,4 і 348,7. Гал. ўладальнікамі З.р. (на канец 1994) з’яўляюцца прамыслова развітыя краіны — 927,6 млрд. долараў (у т. л. ЗША — 163,6, Японія — 135,2, Германія — 113,9); краіны, якія развіваюцца, маюць З.р. на суму 607,5 млрд. долараў. У складзе валютных рэзерваў асн. ролю адыгрываюць нац. валюты (асабліва рэзервовыя). Сярод рэзервовых валют на канец 1994 амер. долар (585,2 млрд.), марка ФРГ (151,1 млрд.), японская іена (83,4 млрд.), брытанскі фунт стэрлінгаў (37,2 млрд.). У апошнія гады залатыя запасы амаль не выкарыстоўваюцца, а ў міжнар. разліках выкарыстоўваюцца ў асноўным валютныя рэзервы.

В.​А.​Драздоў.

т. 7, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНГЛАМЕРА́Т (ад лац. conglomeratus сабраны, ушчыльнены),

механічнае, выпадковае спалучэнне якіх-н. разнародных кампанентаў. У геалогіі — сцэментаваная асадкавая абломкавая горная парода (гл. Абломкавыя горныя пароды), складзеная пераважна з галькі з прымессю пяску, жвіру і валуноў. Цэментам звычайна з’яўляюцца аксіды жалеза, карбанаты, гліністы матэрыял, радзей крэменязём. Вядомы розныя класіфікацыі К., заснаваныя на ўмовах іх утварэння, тыпе і колькасці цэменту, ступені адсартаванасці, прыродзе і складзе абломкаў. На Беларусі К. найб. пашыраны ў тоўшчах абломкавых парод рыфею і венду, пермскай і трыясавай сістэм. Глыбы валунова-галечнага К. ў антрапагенавых адкладах вядомы каля Гродна (гл. ў арт. Калодзежны роў). У эканоміцы — адна з форм аб’яднання прадпрыемстваў (фірм) рознага галіновага профілю. Адрозніваюць К. функцыянальныя, якія аб’ядноўваюць прадпрыемствы (фірмы), звязаныя у працэсе вытв-сці і інвестыцыйныя, якія аб’ядноўваюць фірмы, не звязаныя галіновай агульнасцю. Для К. характэрны; аб’яднанне шырокага кола прадпрыемстваў (фірм), якія выконваюць розныя функцыі; высокі ўзровень дэцэнтралізацыі кіравання; рост капіталу ў выніку зліцця і накіраванне яго на павелічэнне кантролю над існуючымі прадпрыемствамі (фірмамі); аб’яднанне ў рамках К. з удзелам банка або вакол яго.

т. 7, с. 576

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬТ РЭЛІГІ́ЙНЫ,

сістэма абрадаў, сродкаў і дзеянняў, накіраваных на абгрунтаванне веры ў звышнатуральнае і зацверджаных у царк. канонах. Яго вытокі ў дахрысц. культах, якія ўключалі розныя праяўленні фетышызму, магіі, татэмізму і да т.п. Элементамі К.р. з’яўляюцца як простыя акты (паклоны, малітвы, пасты, стаянне на каленях і інш.), так і больш складаныя (святы, абрады, набажэнствы, культ святых і інш.). Да іх належаць таксама культавыя збудаванні (храмы, малітоўныя дамы), рэліквіі, адзенне святароў, розныя прыстасаванні для набажэнстваў і інш. Формы К.р. суадносяцца з гіст. формамі рэлігіі: культы татэмічныя, пахавальныя, родавыя, магічныя, анімістычныя (экзаркізм), астральныя, жывёльныя (зоалатрыя), прапіцыяльныя (звязаныя з шанаваннем багоў, якія нібыта кіруюць лёсам як Сусвету, так і кожнага чалавека). Развіццё і ўскладненне К.р., неабходнасць іх абгрунтавання абумовілі з’яўленне спецыфічнай рэліг. супольнасці, храмаў, іерархіі святароў, якія рэгламентавалі К.р. і манапалізавалі права здзяйсняць культавыя дзеянні. К.р. як найб. даступны элемент рэлігіі і непасрэдна набліжаны да простых вернікаў, стымулюе пачуццёва-рэліг. светаўспрыманне, і ў выніку сам ператвараецца ў самастойны аб’ект веры і шанавання як паказчык рэлігійнасці народа.

А.​А.​Цітавец.

т. 9, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКУ́ЗЕ ((Marcuse) Герберт) (19.7.1898, Берлін — 29.7.1979),

нямецка-амерыканскі філосаф і сацыёлаг, прадстаўнік франкфурцкай школы. З 1934 у ЗША. З 1954 праф. Брандэйскага, з 1965 — Каліфарнійскага ун-таў. Яго погляды фарміраваліся пад уплывам М.​Хайдэгера, Г.​Гегеля, З.​Фрэйда, К.​Маркса. Лічыў, што «індустрыяльнае грамадства» забяспечвае лаяльнасць сваіх «функцыянераў», фарміруючы ў іх «аднамерную» структуру схільнасцей, якія не выходзяць за сацыякульт. межы гэтага грамадства. Магчымасць рэв. змен на сац. узроўні звязваў з грамадскімі групамі людзей, якія яшчэ не інтэграваны індустр. грамадствам (моладзь, люмпены, нац. меншасці, насельніцтва краін «трэцяга свету»); на антрапалагічным узроўні — з адвечнымі эратычнымі схільнасцямі людзей (называў «сексуальнай рэвалюцыяй»), на культ. узроўні — з авангардысцкім сюррэалістычным мастацтвам, што адлюстроўвае бунт гэтых схільнасцей супраць «рэпрэсіўнай» культуры. У 1960-я г. яго ідэі былі папулярныя сярод «новых левых» экстрэмістаў, якія ставілі за мэту «таталітарную рэвалюцыйную вайну» супраць «познакапіталістычнага грамадства», яго культуры і «аўтарытарнай асобы». Аўтар прац: «Трансцэндэнтальны марксізм» (1930), «Аднамерны чалавек» (1964), «Контррэвалюцыя і бунт» (1972) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Одномерный человек. М., 1994;

Эрос и цивилизация. Киев, 1995.

т. 10, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЮ́ХУ О́РГАНЫ,

органы пачуццяў жывёл і чалавека, якія ўспрымаюць пахі; перыферычны аддзел нюхальнага аналізатара, важнага дыстантнага хемарэцэптара.

Асн. элемент Н.о. — нюхальныя клеткі (у беспазваночных жывёл размешчаны на скуры ў спец. ямках ці вырастах, у пазваночных і чалавека — у поласці носа). Нюхальны эпітэлій чалавека высцілае верхнія насавыя хады, пл. каля 10 см². Эпітэлій складаецца з нюхальных і апорных клетак (апорныя выконваюць мех. і трафічную функцыі). Нюхальныя клеткі верацёнападобныя, з 2 адросткамі, колькасць іх у чалавека каля 10 млн., у сабакі 225 млн. Перыферычныя адросткі канчаюцца на паверхні нюхальнага эпітэлію булавамі (патаўшчэнні дыяметрам 2—3 мкм), якія маюць пучок з 10—12 рухомых антэн. Антэны знаходзяцца ў вязкай вадкасці складанага вугляводнага саставу, якая выдзяляецца баўменавымі залозамі. Наземныя пазваночныя і чалавек улоўліваюць пах лятучых рэчываў (з малекулярнай масай 17—300), якія трапляюць у поласць носа і раствараюцца ў сакрэце баўменавых залоз. Цэнтр. адросткі нюхальных клетак утвараюць правадніковы аддзел нюхальнага аналізатара. Гл. таксама Нюх.

Літ.:

Винников Я.А. Цитологические и молекулярные основы рецепции. Л., 1971;

Гистология. 5 изд. М., 1999.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Біку́р ’бізун’ (Бяльк.). Няяснае слова. Можа, таго ж паходжання, што і ўкр. боку́ри скураны пояс’, букурі́я ’вузкі рамень, пояс’ (а гэта з рум. мовы, гл. Рудніцкі, 1, 164). Але параўн. польск. арго bichur ’бізун’, чэш. арго bikor і г. д., якія Будзішэўска (Zarg., 69) звязвае з біць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ва́гі ’прылада для ўзважвання’. Да вага́ (гл.). Форма множнага ліку, у пэўнай ступені лексікалізаваная (аднак у РБС вага́ адз. л., ва́гі мн. л.), замацавалася, магчыма, па аналогіі з назвамі іншых прылад, якія складаюцца з дзвюх частак (сані, нажніцы, вароты і пад.), або пад уплывам рус. весы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́чарадзь ’чарга’ (Шн., 2, КТС, Бяльк., Сцяшк., З нар. сл., Інстр. I). Новае запазычанне з рус. о́чередь, аб чым сведчыць ужыванне гэтага слова толькі ў адзіным значэнні ’людзі, якія размяшчаюцца ў пэўнай паслядоўнасці для атрымання чаго-небудзь’, у той час як у іншых значэннях ужываецца бел. чарга.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляхотна ’смешна’ (лід., Сцяшк. Сл.). Паланізм. Параўн. польск. łachotać ’ласкатаць’, у Міцкевіча — łachotliwość, усх.-польск. łachtać ’тс’, якія маюць устаўны экспрэсіўны гук ‑ch‑ замест ‑sk‑: польск. łechtaćст.-польск. łesktać ’тс’, pluchotaćpłuskotać ’плёскаць, плюхаць’ (Слаўскі, 4, 408). Пачатковае ля‑ замест ла‑ абумоўлена экспрэсіўнасцю. Да ласката́ць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́явіць ’выкрыць’, выявіцца ’выкрыцца’ (КЭС, лаг.; БРС, Яруш.), выяўля́ць, сюды ж выя́ўны ’выразны, голасны’; ’што добра вызначаецца’ (Янк. Мат.; КЭС, лаг.), выя́ўна ’выразна, голасна, зразумела’. Усё да вельмі разгалінаванай групы славянскіх слоў, якія ўзыходзяць да *(j)av‑: *(j)aviti, *(j)avьnъ і г. д. Гл. я́ўны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)