махры́сты, ‑ая, ‑ае.

1. З махрамі. Карычневы шалік з .. какетлівай вясёлкай на махрыстых капцах атуляў .. [Людзін] твар. Брыль.

2. Падобны на шматкі, касмылі па краях чаго‑н. Снарады падалі ў Прыпяць па адзін і па другі бок пераправы, уздымаючы высокія махрыстыя фантаны. Колас.

3. З вялікай колькасцю пялёсткаў. Кветка была вялікая, махрыстая. Тамары здавалася, што і пахне яна не так, як іншыя. Сіняўскі. // З вялікай колькасцю тонкіх карэньчыкаў. Махрысты корань.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дарэ́мшчына, ‑ы, ж.

Разм.

1. Што‑н. дармавое, бясплатнае. Нельга квапіцца на дарэмшчыну. □ — А пан няхай скіне жупан ды сам вядзе саху! — жартавалі мужчыны. Нябось, думалі яны, каб пан меў права ні прыгон, то так лёгка не адрокся б ад дарэмшчыны! Якімовіч.

2. Несправядлівае абвінавачанне; нагавор, паклёп. — Не кажы глупства, — ужо са злосцю паглядзеў на Ягора Чубар, якому вельмі не хацелася, каб узводзілася дарэмшчына на групу палкавога камісара. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзярка́ч 1, дзеркача, м.

Стары венік без лісця; галень. Косцік і Тома так выскраблі дзеркачамі двор і вуліцу, што было хоць каціся. Васілевіч. [Якаў] стаяў каля парога і дзеркачом абмятаў з ботаў снег. Чарнышэвіч.

дзярка́ч 2, дзеркача, м.

Тое, што і драч. Было маўкліва вакол, толькі часам дзяркач на сенажаці, быццам пілкай, пераразаў паветра. Броўка. Здавалася, што ўсё жывое перамясцілася туды, на балота: там было шумна — крычалі дзеркачы, ржалі коні. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

до́пыт, ‑у, М ‑пыце, м.

Апытанне падследнага, сведкі і пад. для высвятлення чаго‑н., атрымання патрэбных звестак аб кім‑, чым‑н. Выклікаць на допыт. □ Допыт вёў Гнядкоў і рабіў гэта паважна, па ўсіх правілах. Шамякін. Немцы і пасаджаныя ў вёску паліцаі цягалі на допыт жонку Міхала і яго суседзяў. Васілевіч. // Разм. Настойлівае падрабязнае распытванне. Тут, вядома, пачаліся допыты: як і што, дзе быў, чаму загуляўся так позна? Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

карэ́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Спрадвечны, пастаянны (пра жыхароў пэўнай тэрыторыі, прадстаўнікоў пэўнага асяроддзя). Карэннае насельніцтва. Карэнны жыхар Беларусі. □ — Я карэнны ленінградзец. І трэба ж так стацца: у дзяцінстве я ніколі не быў у вёсцы. Васілевіч.

2. Які датычыцца асноў чаго‑н., істотны, радыкальны. Карэнныя змены. Карэннае пытанне. Карэнныя інтарэсы народа.

3. Які мае адносіны да кораня слова; каранёвы. Карэнная частка слова. Карэнная галосная.

•••

Карэнныя зубы гл. зуб.

Карэнным чынам гл. чын.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

е́днасць, ‑і, ж.

1. Адзінства, згуртаванасць. Так у жорсткіх баях за камуну Непарушная еднасць расла. Глебка. Нашу эпоху можна назваць эпохай вялікай еднасці .. славянскіх народаў. «Полымя». // Непадзельнасць, неразрыўнасць. Еднасць партыі з народам. □ Андрэй адчувае еднасць з польскімі рабочымі ў Беластоку, да якіх ён прыехаў па заданню партыі папярэдзіць аб правакатары. Хромчанка. // Адпаведнасць, узгодненасць. Балада «Да дня» [М. Танка] вызначаецца еднасцю формы і зместу. У. Калеснік.

2. Агульнасць, супольнасць. Еднасць інтарэсаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

назо́ла, ‑ы.

Разм.

1. ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑е, Т ‑ай (‑аю), ж. Той (тая), хто вельмі назаляе, дакучае. Ну, і назола ж ты! Лезці назолай у вочы. □ — Адчапіся, назола, едзь куды хочаш! Лынькоў. [Салдаты] не хацелі прызнаваць Клямта, пазіраючы на яго як на выскачку і назолу. Мележ.

2. ж. Дакука, назалянне. Конь так змучыўся.. ад балючай назолы аваднёў, што.. не мог нейкі час крануцца з месца. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нездарма́, прысл.

Разм. Не без падстаў, не без прычыны. Родная Балтыка! Сінь... Маякі... Любяць цябе Нездарма маракі. Жычка. [Шынкевіч:] — Нас выклікаюць у абком. — Ого! — устрапянуўся Каліта.. — Нездарма інструктар абкома сядзеў у нас цэлы тыдзень. Паслядовіч. // З намерам, не так сабе. Гамрэкелі зразумеў, што Саламон толькі прыкідваецца п’яным і што гэтую гулянку ён завёў нездарма. Самуйлёнак. Міхал адчуваў: механік падышоў нездарма, яму карціць пра нешта расказаць, ды не можа асмеліцца. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неспазна́ны, ‑ая, ‑ае.

Не перажыты раней, незнаёмы. Мелодыя, як і ўсё на гэтым вечары, вядзе ў іншы свет, прывабны і неспазнаны, сама льецца ў душу. Навуменка. // Разм. Недаследаваны, нявывучаны. [Тацяна] яшчэ так мала ведае. А на свеце ж столькі ўсяго цікавага, неспазнанага. Васілёнак. / у знач. наз. неспазна́нае, ‑ага, н. Дзякуй табе, Манголія, за далеч і шыр, за кветкі і ўсмешкі, за трывогу і перамогу над ёй, за само шчасце — пазнаць неспазнанае! Лось.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неўзаме́тку, прысл.

Разм. Так, што цяжка заўважыць; скрытна. Я неўзаметку шмыгнуў за хату і, пераскакваючы цераз рады бульбоўніку, пабег наперарэз Тані. Марціновіч. Першымі выступілі выпускнікі: спявалі, танцавалі, чыталі вершы. Потым, неўзаметку пераміргваючыся, яны адзін за адным павыходзілі з залы. Сабаленка. // Непрыкметна, незаўважна. Час бег неўзаметку. Скрыган. У 1926 годзе мне пашанцавала. Якуб Колас стаў маім суседам. На Вайсковым завулку неяк неўзаметку вырас двухпавярховы драўляны домік, у якім неўзабаве пасяліўся паэт. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)