О́ПАЛЬ,

вёска ў Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 28 км на ПнЗ ад г. Іванава, 145 км ад Брэста, 31 км ад чыг. ст. Янаў-Палескі. 785 ж., 350 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Курган Памяці на ўшанаванне памяці землякоў, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Опальская царква Параскевы Пятніцы. Каля вёскі археал. помнік Опаль. У вёсцы ў час рэв. выступлення сялян адбыўся Опальскі расстрэл 1905.

т. 11, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РЫ АРХІПЕЛА́Г (Parry Islands),

група астравоў на Пн Канады, у цэнтр. частцы Канадскага Арктычнага архіпелага. Пл. каля 100 тыс. км². Найбуйнейшыя а-вы: Мелвіл (43 тыс. км²), Прынс-Патрык (15,8 тыс. км²), Батэрст (18,2 тыс. км²). Рэльеф пераважна нізінны, на паўд. астравах — горныя хрыбты, выш. 1067 м на в-ве Мелвіл. Клімат арктычны, ападкаў каля 150 мм за год. Палярныя пустыні. Нас. пункты — Моўлд-Бей (на в-ве Прынс-Патрык) і Рэзальют (на востраве Карнуоліс). Названы імем англ. даследчыка У.Э.Пары.

т. 12, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРШАМА́ЙСКАЯ,

вёска ў Бярозаўскім р-не Брэсцкай вобл.; чыг. ст. Бяроза-Картузская на лініі Брэст—Баранавічы. Да 1964 наз. Блудзень. Цэнтр сельсавета. За 5 км на З ад г. Бяроза, 96 км ад Брэста. 1842 ж., 832 двары (2000). Бярозаўскі камбікормавы з-д, Бярозаагразабеспячэнне, хлебапякарня, база сельгасхіміі, 6-ы акалодак Жабінкаўскай дыстанцыі пуці, прыёмны пункт Жабінкаўскага цукр. з-да. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 12, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТЛЯКО́Ў (Уладзімір Міхайлавіч) (27.6.1891, г.п. Самбек Навашахцінскага гарсавета Растоўскай вобл., Расія — 12.1.1942),

расійскі авіяканструктар. Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча імя М.​Баўмана (1922). З 1921 у Цэнтр. аэрагідрадынамічным ін-це, з 1936 гал. канструктар на авіяцыйным з-дзе. Удзельнічаў у праектаванні самалётаў АНТ-2, АНТ-20 «Максім Горкі» (пад кіраўніцтвам А.​М.​Тупалева), кіраваў стварэннем бамбардзіроўшчыкаў ТБ-1 (АНТ-4), ТБ-3 (АНТ-6), ТБ-7 (Пе-8), Пе-2 і інш. Дзярж. прэмія СССР 1941.

Літ.:

Гай Д.И. Профиль крыла. М., 1981.

т. 12, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЗАЎ (Канстанцін Мікалаевіч) (22.6.1914, г. Віцебск — 10.9.1977),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў курсы мал. лейтэнантаў (1939). У Чырв. Арміі з 1936. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Цэнтр., Сцяпным і 1-м Укр. франтах. Удзельнік Львоўска-Сандамірскай, Пражскай і Берлінскай аперацый. Камандзір роты аўтаматчыкаў ст. лейтэнант П. вызначыўся ў жн. 1944 у баях за г. Самбар (Украіна), дзе рота на чале з ім уварвалася ў горад і вяла бой з ворагам да падыходу асн. сіл брыгады. Да 1969 працаваў у калгасе.

т. 12, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,

адм.-тэр. адзінка Пскоўскай губерні ў 1772—76. Цэнтр — г. Полацк. Паводле ўказа ад 29.12.1773 падзялялася на Невельскі, Полацкі і Себежскі пав. Плошча — 1 067 422 дзесяціны. У 6 парафіях (Бешанковіцкай, Дзісенскай, Друйскай, Невельскай, Полацкай, Себежскай) было 421 сяло, 4699 вёсак і 5 мястэчак, у якіх пражывала 224 459 душ абодвух полаў падатковага насельніцтва. На тэр. правінцыі было 16 старостваў з 33 487 сялянамі абодвух полаў, Полацкая эканомія (1471 дым, 17 567 сялян, 102 405 дзес. зямлі).

Я.​К.​Анішчанка.

т. 12, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ВЫЯ МАСТЫ́,

вёска ў Мастоўскім р-не Гродзенскай вобл., на правым беразе р. Нёман, на скрыжаванні аўтадарог на Шчучын, Ваўкавыск, Масты. Цэнтр Мастоўскага с/с і саўгаса. За 6 км на У ад горада і чыг. ст. Масты, 66 км ад г. Гродна. 1195 ж., 414 двароў (2000). Мастоўскае райсельэнерга, пчалярскае прадпрыемства. Сярэдняя школа, спецшкола-інтэрнат, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэчны пункт, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Касцёл св. Іаана Хрысціцеля. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 12, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКСІ́ЦЕ́ЛЬ (Praxitelēs; каля 390 да н.э., Афіны — каля 330 да н.э.),

старажытнагрэчаскі скульптар. Выступіў наватарам кампазіцыйнай пабудовы скульптуры — перанёс цэнтр цяжару цела на вонкавую апору. Працаваў пераважна ў мармуры. Зберагліся ў арыгінале група «Гермес з дзіцем Дыянісам» (каля 340 да н.э.), ант. копіі «Афрадыта Кнідская» (каля 350 да н.э.), «Сатыр адпачывае». Ў творах адлюстроўваў геданічны ідэал Грэцыі перыяду крызісу поліснай сістэмы. Творчасць П. паўплывала на майстроў элінізму, асабліва на александрыйскую школу.

Праксіцель Фрагмент статуі Афрадыты Кнідскай. Каля 350 г. да н.э.

т. 12, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭСБІЯПІ́Я [ад грэч. presbys стары + ōps (ōpos) вока],

старэчая дальназоркасць, парушэнне выразнага бачання блізка размешчаных аб’ектаў. Узнікае пасля 40 гадоў у выніку аслаблення праламляльнай здольнасці вока. Прычына П. — зніжэнне эластычных уласцівасцей хрусталіка пры ўшчыльненні яго цэнтр. ч. — ядра. Пры гэтым парушаецца акамадацыя вока, кропка яснага бачання факусіруецца па-за сятчаткай і прадметы здаюцца расплыўчатымі. Для карэкцыі П. выкарыстоўваюць акуляры са збіральнымі (выпуклымі) лінзамі, якія ўзмацняюць праламляльную здольнасць вока і забяспечваюць выразнае адлюстраванне блізка размешчаных аб’ектаў на сятчатцы.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЦІЧ,

вёска ў Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл., на правым беразе р. Пціч; чыг. ст. на лініі Лунінец—Калінкавічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 26 км на У ад г. Петрыкаў, 161 км ад Гомеля. 1057 ж., 379 двароў (2001). Камбікормавы з-д, лясніцтва, база раённай нарыхтоўчай канторы. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Царква хрысціян веры евангельскай. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. У вёсцы ў Вял. Айч. вайну партызаны правялі Пціцкую аперацыю 1942.

т. 13, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)