ДУХІ́,
парфумерны сродак; спіртавы ці спіртаводны раствор сумесей пахучых рэчываў — парфумерных кампазіцый і настояў. Маюць ад 10 да 50% кампазіцый, канцэнтраваныя — больш за 20%. У склад кампазіцыі звычайна ўваходзяць некалькі дзесяткаў розных пахучых рэчываў. Паводле характару паху падзяляюць на 2 групы: кветкавыя (імітуюць пах кветак) і фантазійныя (пах створаны фантазіяй парфумера). Д. сухія (сашэ) — пакецікі з паперы ці тканіны, напоўненыя цвёрдымі пахучымі рэчывамі (пялёсткі ружы, здробнены корань касача і інш.), якія кладуць у бялізну для надання ёй прыемнага паху. Гл. таксама Парфумерыя.
т. 6, с. 266
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́ГЕРЫ (англ. diggers літар. капальнікі),
прадстаўнікі сялянскага руху ў перыяд Англійскіх рэвалюцый 17 стагоддзя. Рух створаны ў 1649 беззямельнымі сялянамі, якія занялі пустэльныя землі ў графстве Сюрэй і заснавалі с.-г. абшчыну. Кіраўнік і гал. ідэолаг Дж.Уінстэнлі абвясціў праграму стварэння бяскласавага грамадства, ідэал калект. уласнасці і калект. працы. У 1650 камуну разагналі мясц. землеўладальнікі. Падобныя абшчыны ўзніклі таксама ў інш. графствах. Д. называлі сябе таксама сапр. левелерамі, але кіраўнікі левелераў не прымалі іх камуніст. ідэі. Рух. Д. канчаткова быў задушаны ў 1653 О.Кромвелем.
т. 6, с. 274
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАФІЗІ́ЧНАЯ АБСЕРВАТО́РЫЯ,
навукова-даследчая ўстанова па вывучэнні асобных пытанняў геафізікі. Вядзе назіранні за эл.-магн. полем Зямлі, зямнымі токамі, сейсмічнымі, гравітацыйнымі і інш. з’явамі і працэсамі ў зямной кары і мантыі. Створаны ў 19 ст. (у 1836 у г. Екацярынбург, Расійская Федэрацыя, у 1837 у г. Тбілісі, Грузія). Метадычнае кіраўніцтва ўсімі геафізічнымі абсерваторыямі ў межах СССР ажыццяўляла Гал. геафіз. абсерваторыя імя А.Л.Ваейкава, створаная ў 1849 у С.-Пецярбургу. На Беларусі з 1960 такія назіранні вядзе Плешчаніцкая геафізічная абсерваторыя.
т. 5, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБРЫ́ДНЫ РАКЕ́ТНЫ РУХАВІ́К,
хімічны ракетны рухавік, паліва якога мае кампаненты рознага агрэгатнага стану. Цвёрды кампанент (паліва або акісляльнік) размяшчаецца ў камеры згарання, у якую падаецца вадкі (або газападобны) кампанент (акісляльнік або паліва). Па канструкцыі і параметрах — прамежкавы паміж вадкаснымі і цвердапаліўнымі ракетнымі рухавікамі.
Першы ў свеце гібрыдна ракетны рухавік канструкцыі М.К.Ціханравава створаны ў СССР (1933). Паліва (пастападобны раствор каніфолі ў бензіне) размяшчалася ў кальцавым зазоры паміж корпусам і цэнтр. трубкай з адтулінамі. Акісляльнік (вадкі кісларод) падаваўся пад ціскам уласнай пары.
т. 5, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ КАНВЕ́НЦЫЯ АБ АХО́ВЕ ПРАВО́Ў ЧАЛАВЕ́КА І АСНО́ЎНЫХ СВАБО́Д.
Падпісана ў 1950 у Рыме дзяржавамі — членамі Савета Еўропы, увайшла ў дзеянне ў 1953, дапоўнена 10 дадатковымі пратаколамі (апошні — у 1992). Устанаўлівае кантрольны судовы механізм, які дзейнічае на падставе індывід. скаргаў фіз. асоб і скаргаў дзяржаў аб парушэннях палажэнняў канвенцыі. Для разгляду скаргаў створаны Еўрап. камісія і Еўрап. суд на правах чалавека. У гэтым удзельнічалі таксама Камітэт міністраў — гал. паліт. орган Савета Еўропы. Месцазнаходжанне ўсіх — г. Страсбур (Францыя).
Н.К.Мазоўка.
т. 6, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАП́Е́ЙСКІ ІНВЕСТЫЦЫ́ЙНЫ БАНК (European Investment Bank; ЕІБ),
банк, створаны для падтрымкі праектаў, якія маюць значэнне для некалькіх краін — членаў Еўрапейскай эканамічнай супольнасці, а таксама для фінансавання больш адсталых еўрап. краін у выглядзе доўгатэрміновых крэдытаў. Дзейнічае з 1959. ЕІБ — інстытут з аўтаномным фін. статусам. Яго кіруючы орган — Савет упраўляючых у складзе міністраў фінансаў краін-удзельніц, які вызначае крэдытную палітыку, зацвярджае гадавыя балансы, прымае рашэнні аб выдачы крэдытаў і гарантый, аб выпуску пазык і памеры працэнтных ставак. Статутны капітал ЕІБ каля 15 млрд. ЭКЮ.
т. 6, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛІРЫ́ЙСКІЯ ПРАВІ́НЦЫІ,
васальныя ад Францыі дзярж. аб’яднанні славенскіх і харвацкіх зямель, а таксама вобласць Карынтыя і г. Трыест у 1809—14. Створаны Напалеонам I з мэтай злучыць па сушы Францыю з Турцыяй. Назва ад плямён ілірыйцаў, якія іх насялялі ў старажытнасці. Узначальваліся франц. ген.-губернатарам. Пл. 55 тыс. км², нас. 1483 тыс. (1812). Адм. ц. — г. Любляна. Улады правялі шэраг рэформ, якія паспрыялі развіццю капіталізму. Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 І.П. адышлі да Аўстрыі і заставаліся пад яе панаваннем да 1918.
т. 7, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІТЭ́Т ВЫРАТАВА́ННЯ РАДЗІ́МЫ І РЭВАЛЮ́ЦЫІ,
антыбальшавіцкая арг-цыя ў Петраградзе ў кастр.—ліст. 1917. Створаны з прадстаўнікоў гар. думы, партый эсэраў, меншавікоў і інш. для барацьбы супраць Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917. Кіраўнік — эсэр М.Дз.Аўксенцьеў. Камітэт быў звязаны з А.Ф.Керанскім, які рыхтаваў паход часцей ген. П.М.Краснова на Петраград, і антыбальшавіцкімі арг-цыямі ў губернях, распаўсюджваў лістоўкі, падтрымліваў чыноўніцкі сабатаж мерапрыемстваў сав. улады, падрыхтаваў і ўзначаліў паўстанне юнкераў у Петраградзе 29.10(11.11).1917. У ліст. 1917 ператвораны ў «Саюз абароны Устаноўчага сходу».
т. 7, с. 530
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНГРЭ́С ВЫТВО́РЧЫХ ПРАФСАЮ́ЗАЎ (Congress of Industrial Organizations; КВП),
прафсаюзнае аб’яднанне ў ЗША у 1935—55. Створаны ў 1935 як К-т вытв. прафсаюзаў часткай прафс. арг-цый (каля 1 млн. чал.), якія ўваходзілі ў Амерыканскую федэрацыю працы (АФП). Будаваўся паводле вытв. прынцыпу. З 1938 — КВП, у 1949 выйшаў з Сусветнай федэрацыі прафсаюзаў (СФП). Аб’ядноўваў каля 5 млн. чал. (1951). У снеж. 1955 на аб’яднаўчым з’ездзе КВП і АФП у Нью-Йорку створана прафс. аб’яднанне Амерыканская федэрацыя працы — Кангрэс вытворчых прафсаюзаў.
т. 7, с. 577
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ДСКІ ДО́СЛЕДНЫ ЗАВО́Д «НЁМАН».
Створаны ў 1984 у г. Ліда Гродзенскай вобл. як спец. канструктарскае тэхнал. бюро (СКТБ) з доследнай вытв-сцю «Нёман» НДІ сродкаў аўтаматызацыі. У 1988 пачала працаваць першая чарга прадпрыемства, СКТБ рэарганізавана ў доследны з-д «Нёман» па зборцы, рэгуліроўцы і здачы доследных узораў спецтэхнікі. З 1993 галаўное прадпрыемства па асваенні і выпуску аўтобусаў маркі ЛіАЗ-5256. Асн. прадукцыя (1999): аўтобусы гарадскія і прыгарадныя вял. умяшчальнасці, газагарэлачныя блокі Л-1Н для газавых катлоў тыпу «Факел», тавары нар. спажывання.
т. 9, с. 249
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)