кілагра́м

(ад кіла- + грам)

асноўная адзінка масы ў Міжнароднай сістэме адзінак (СІ), роўная масе міжнароднага прататыпу кілаграма (плацінавай цыліндрычнай гіры, якая захоўваецца ў Нацыянальным архіве Францыі).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

га́ма2

(гр. gamma = трэцяя літара грэчаскага алфавіта)

1) пазасістэмная адзінка масы;

2) стотысячная доля эрстэда;

3) паказальнік на сувязь з гама-выпрамяненнем у складаных словах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВАД,

мінерал групы псіламелану, зборная назва зямлістых і сажыстых агрэгатаў аксідаў і гідраксідаў марганцу. Хім. састаў непастаянны: MnO2∙nH2O. Часта мае прымесі калію, барыю, медзі, цынку, жалеза і інш. Разнавіднасць ваду — азбалан (да 17% вокіслу кобальту разам з нікелем і меддзю).

Калоідныя, часцей скрытакрышт. ўтварэнні. Шчыльныя і рыхлыя масы, налёты, нацёкі, канкрэцыі. Колер чорны, чорна-карычневы. Цв. 1—4. Шчыльн. 2,8—4,4 г/см³. Гіпергенавы; пашыраны ў прыродзе як прадукт выветрывання розных марганецзмяшчальных мінералаў, трапляецца таксама ў асадкавых утварэннях і адкладах гарачых крыніц. Руда марганцу, кобальту і нікелю.

т. 3, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫСТА́ТЫКІ,

хімічныя злучэнні, якія зніжаюць статычную электрызацыю палімерных рэчываў. Дзеянне антыстатыкаў павышае электраправоднасць сінт. матэрыялаў і абумоўлівае ўцечку зараду з іх. Як антыстатыкі выкарыстоўваюцца высокадысперсныя электраправодныя рэчывы (напр., сажа, графіт, аксіды металаў), паверхнева-актыўныя рэчывы, плёнкаўтваральныя палімеры (напр., поліакрылавая кіслата, полістыролсульфакіслата). Антыстатыкі наносяць на паверхню сінт. валокнаў, пластмасаў, тэкст. вырабаў ці ўводзяць у састаў матэрыялу (да 50% ад масы). Статычная (наведзеная) электрычнасць дрэнна ўплывае на чалавека (выклікае стомленасць і дыскамфорт), на паказанні высокаадчувальнай электроннай апаратуры. Для бытавых патрэб пажаданы выпуск антыстатыкаў у выглядзе аэразоляў.

т. 1, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРКТЫ́ЧНАЕ ПАВЕ́ТРА,

паветраныя масы, якія фарміруюцца над Арктыкай. Характарызуюцца нізкімі т-рамі (да -55 ... -60 °C), малой колькасцю вільгаці і значнай празрыстасцю. Пранікае далёка на Пд (да Сярэдняй Азіі, Міжземнамор’я і паўд. раёнаў ЗША) і прыносіць рэзкія пахаладанні ў любую пару года. Адрозніваюць марское арктычнае паветра, што ў Еўропу прыходзіць праз незамярзаючыя Нарвежскае і ч. Баранцава м., і кантынентальнае, якое праходзіць над Карскім і ўсх. ч. Баранцавага мора. Арктычнае паветра ў атмасферы над Беларуссю бывае ў сярэднім 40—70 сут за год, з ім звязаны веснавыя і асеннія замаразкі.

т. 1, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІВІЯНІ́Т (ад прозвішча англ. мінералога Дж.​Вівіяна),

мінерал класа фасфатаў, водны фасфат двухвалентнага жалеза Fe3[PO4]2∙8H2O. Прымесі марганцу, магнію, кальцыю. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі прызматычныя, ігольчастыя, таблітчатыя. Зямлістыя і парашкаватыя масы, канкрэцыі. У свежым выглядзе бясколерны, празрысты, на паветры лёгка акісляецца, набываючы блакітную, індыгава-сінюю да чорна-сіняй афарбоўку. Бляск шкляны або зямлісты. Цв. 1,5—2. Шчыльн. 2,7 г/см³. Асадкавы, радзей гіпергенны, ёсць у многіх тарфяніках. Выкарыстоўваецца як мінер. пігмент (сіняя фарба) і мясц. ўгнаенне. У Беларусі радовішчы вівіяніту ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях.

Вівіяніт.

т. 4, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЬГАЦЯЁМІСТАСЦЬ ГЛЕ́БЫ,

здольнасць глебы паглынаць і затрымліваць вільгаць. Вызначаецца ў працэнтах ад аб’ёму або ад масы сухой глебы. Залежыць ад грануламетрычнага саставу і структуры глебы, колькасці ў ёй гумусу. Найб. вільгацяёмістыя чарназёмы і балотныя глебы. Адрозніваюць поўную, капілярную, палявую, максімальную адсарбцыйную, або гіграскапічную, і інш. віды вільгацяёмістасці глебы. Для с.-г. вытв-сці найб. значэнне мае палявая вільгацяёмістасць глебы, якая вызначае макс. велічыню запасу карыснай для раслін глебавай вільгаці. Па яе велічыні вызначаюць аптымальныя нормы палівання с.-г. і інш. культур. Гл. таксама Вільготнасць глебы, Водны рэжым глебы.

т. 4, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІГАМЕ́РЫ,

члены гамалагічных шэрагаў, якія па памеры малекул (мал. м.) займаюць прамежкавае становішча паміж манамерамі і высокамалекулярнымі злучэннямі. Верхняй мяжой мал. масы алігамераў з’яўляецца яе значэнне, пры якім праяўляюцца ўласцівасці высокамал. злучэнняў, у палярных алігамераў — 1,5∙10​4, у непалярных — 5∙10​3. Метады сінтэзу алігамераў заснаваныя на рэакцыях абмежавання росту макрамалекул (гл. Тэламерызацыя і Полікандэнсацыя) і на дэструкцыі высокамал. злучэнняў. Да сінтэтычных алігамераў належаць поліэфірныя, алкідныя, фенола-фармальдэгідныя, эпаксідныя смолы, вадкія каўчукі, сінт. маторнае паліва і інш. Прыродныя алігамеры — алігацукрыды, алігануклеатыды, цыклаалігапептыды, оксітацын і інш.

т. 1, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСЕЛЕРО́МЕТР (ад лац. accelerare паскараць + ...метр),

прылада для вымярэння паскарэння руху машын, іх сістэм і звёнаў, вібрацыі машын і збудаванняў. Звычайна акселерометр — маятнікавая прылада, у якой адхіленне маятніка (інерцыйнай масы) пад уплывам паскарэння машыны перадаецца на стрэлку градуіраванай шкалы. Бываюць мех., пнеўмат., эл. і інш. Лятальныя апараты (у т. л. ракеты) забяспечваюцца акселерометрам ў выглядзе гірамаятнікаў ці паплаўковых маятнікаў з аўтам. кампенсацыяй сіл трэння. Акселерометр рэлейнага тыпу выкарыстоўваюць для вызначэння найб. намагання пры штампоўцы, коўцы, забіванні паляў і інш. Найб. дакладныя ўжываюцца ў інерцыяльнай навігацыі.

т. 1, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРНІЕРЫ́Т (ад прозвішча Франц, геолага Ж.​Гарнье),

мінерал класа сілікатаў, нікелевая разнавіднасць серпенціну (Ni, Mg)6 [Si4O10](OH)8. Мае нікелю да 2—5%. Прымесі жалеза, хрому, алюмінію, марганцу. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Характэрны канкрэцыі, нацёчныя агрэгаты, шчыльныя, порыстыя і зямлістыя масы. Колер зялёны, розных адценняў. Бляск матавы. Цв. 2,5—3,5. Шчыльн. 2,3—2,8 г/см³. На паветры траціць ваду і рассыпаецца ў парашок. Трапляецца ў корах выветрывання ультраасноўных парод і серпенцінітаў. Састаўная ч. сілікатных нікелевых руд. Радовішчы ў Расіі, Казахстане, на в-ве Новая Каледонія.

У.​Я.​Бардон.

т. 5, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)