МІЛАГРА́Д,

комплекс археал. помнікаў мілаградскай культуры і зарубінецкай культуры каля в. Мілаград Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. Гарадзішча 4 ст. да н.э. — 2 ст. н.э. Выяўлены рэшткі жытлаў слупавой канструкцыі, слупавыя і гасп. ямы, фрагменты посуду, бронзавыя трохвугольныя падвескі, бранзалетападобныя кольцы, фібулы, званочкі, жал. сярпы, каменная зерняцёрка, гліняныя прасліцы, грузілы і інш. Ад гарадзішча атрымала назву мілаградская культура. На селішчы выяўлены рэшткі жытлаў, фрагменты познамілаградскай керамікі і адзінкавыя абломкі зарубінецкага посуду.

т. 10, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́РАЖСКІ МАНАСТЫ́Р,

помнік архітэктуры 12—19 ст. у г. Пскоў (Расія). Засн. ў 1156 наўгародскім архіепіскапам Ніфантам каля вусця р. Міража (адсюль назва). Уключае Спаса-Праабражэнскі сабор (каля 1156; з цэглы-плінфы і каменю) — крыжова-купальны храм з масіўным барабанам і вял. купалам (у інтэр’еры фрэскі, магчыма, грэч. майстра), каменныя палаты, надбрамную царкву св. Стафана (абодва 17 ст.). Манастырскі комплекс абнесены сценамі ў 1799—1805.

Панарама Міражскага манастыра.

т. 10, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАФТАБА́ЗА,

комплекс збудаванняў, абсталявання і прыстасаванняў для прыёму, захоўвання і размеркавання нафты і нафтапрадуктаў. Бываюць перавалачныя (для перагрузкі нафты з аднаго віду транспарту на другі), прызаводскія (для захоўвання і падрыхтоўкі сыравіны да перапрацоўкі, для прыёму, захоўвання і водпуску гатовых нафтапрадуктаў), размеркавальныя (забяспечваюць прадпрыемствы нафтапрадуктамі, адпускаюць іх спажыўцам). Размеркавальныя Н. падзяляюцца на абласныя і раённыя, чыгуначныя, водна-чыгуначныя, водныя, трубаправодныя і глыбінныя. Многія Н. выконваюць змешаныя функцыі. Асн. тэхнал. працэсы аўтаматызаваныя.

т. 11, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІСІ́МКАВІЧЫ,

вёска ў Чачэрскім р-не Гомельскай вобл., на р. Покаць. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 22 км на ПнУ ад г. Чачэрск, 87 км ад Гомеля, 57 км чыг. ст. Буда-Кашалёўская. 353 ж., 152 двары (2000). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Абеліск у гонар Чачэрскага падп. райкома КП(б)Б і 1-й Гомельскай партыз. брыгады. Комплекс археал. помнікаў Нісімкавічы.

т. 11, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЧ (Пећ, Peć),

горад у Югаславіі, на тэр. б. аўт. краю Косава ў Рэспубліцы Сербія. Каля 100 тыс. ж. (1995). Трансп. вузел. Прам-сць: харч., дрэваапр., керамічная. Рамёствы (дываны, ювелірныя вырабы). Арх. помнікі 13—17 ст., у т. л. комплекс Патрыярхіі з цэрквамі Святых апосталаў, св. Дзмітрыя, Маці Божай Адзігітрыі з капліцай св. Міколы (усе 13 ст.). Горад значна пацярпеў ад ваен. дзеянняў у Косаве ў канцы 1990-х г.

т. 12, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАС-ША́МРА, Рас-эш-Шамра,

шматпластавы археал. помнік на ўзгорку за 12 км на Пн ад г. Латакія (Сірыя). Раскопкамі 1929—39 і 1948—63 тут адкрыты рэшткі паселішчаў, якія датаваны ад 7—6-га тыс. да н.э. да 5—3 ст. да н.э., у т. л. стараж. г. Угарыт. Выяўлены палацавы комплекс (каля 9 тыс. м²), храмы клінапісныя архівы і бібліятэкі. шмат вырабаў з каштоўных металаў і слановай косці.

т. 13, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЙ ДУХО́ЎНАЙ СЕМІНА́РЫІ БУДЫ́НКІ,

архітэктурны комплекс канца 18 — сярэдзіны 19 ст. ў Магілёве. Духоўная семінарыя засн. архіепіскапам Г.​Каніскім, пры ім распачата буд-ва асн. вучэбнага корпуса (узведзены ў 1780—85, праект арх. М.​Львова; не захаваўся) і дома-інтэрната (пабудаваны да 1795). Уваходзіў у ансамбль Магілёўскага Спаскага манастыра. Вучэбны корпус — мураваны 2-павярховы будынак у стылі класіцызму. На 1-м паверсе знаходзілася б-ка, на 2-м — зала для сходаў («круглая зала»), дэкарыраваная пілястрамі іанічнага ордэра. Гал. фасад вылучаў порцік дарычнага ордэра, завершаны франтонам, з трыма прамавугольнымі нішамі. Насупраць вучэбнага корпуса стаяў 2-павярховы дом-інтэрнат для настаўнікаў і казённых выхаванцаў. Уяўляў сабой тып багатага гар. дома: асіметрычнае аб’ёмна-прасторавае вырашэнне, спалучэнне мураванага масіўнага каркаса з сістэмай драўляных галерэй, высокі дах. З 1797 буд-ва семінарыі працягваў архіепіскап А.​Братаноўскі. Да канца 1820-х г. будынкі семінарыі аб’яднаны ў асобны комплекс. Паводле архіўных чарцяжоў губ. арх. Заржэўскага, комплекс быў аддзелены ад Спаскага манастыра і архірэйскага двара садам і службовымі пабудовамі. На чарцяжы нанесены 2 невял. карпусы новага тыпу гар. забудовы. Адзін з іх драўляны П-падобны ў стылі ранняга ампіру, у ім знаходзіліся бальніца з лазняй і свіран. Да пач. 1860-х г. склалася новая забудова комплексу семінарыі. Ён уключаў 2 новыя 2-павярховыя мураваныя жылыя флігелі для настаўнікаў і выхаванцаў, б. дом купца Кітаева (набыты для семінарыі) — невял. кампактны 2-павярховы будынак з высокім цокальным паверхам, дзе размяшчаўся семінарскі архіў; з боку гал. фасада знаходзілася галерэя — уваход у пакоі 2-га паверха, дзе былі кватэра аканома і кладоўка. Паводле плана 1853 праведзена рэканструкцыя ансамбля семінарыі, які набыў замкнёную кампазіцыю. Цэнтрам яго па-ранейшаму заставаўся вучэбны корпус, перад ім сфарміравалася трапецападобная плошча. Фарміраванне фронту забудовы завяршылася пабудовай уязной брамы.

В.​Ф.​Марозаў, І.​М.​Слюнькова.

Магілёўскай духоўнай семінарыі будынкі. Дом для рэктара і прэфекта. Чарцёж.

т. 9, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Плі́скаць ’выплюхваць, праліваць вадкасць праз край’, плюнуць ’праліць праз край’, ’плёснуць, пляснуць, трохі праліць’, плюханне ’праліванне праз край пасудзіны’, пліску́чы ’невыгодны з-за адхоністых краёў посуд дня нашэння вадкасці’ (Нас.), плюскаць ’разліць’ (Яруш.), пліскацца ’плюхацца’ (Мік.), рус. смал. плистть ’пырскаць’, серб.-харв. плиска ’усплёск вады, калі ў яе кідаюць каменьчыкі’, балг. пли́свам, пли́скам ’плёскаць, пырскаць, плюхаць’, макед. плиска ’тс’. Гукапераймальнае. Параўн. плісь! — пра імгненнае праліццё вадкасці праз край (Нас.). Сюды ж пляскацца ’пырскацца’ (жыле, Мат. Гом.; Жыв. сл.), плыскатыся, плэскатысь ’тс’ (пін., З нар. сл.; драг., Нар. лекс.), плісконіна ’плёханне, пырсканне’ (ТС), плюснуць ’лінуць, плюхнуць’ (Сцяшк. Сл.), пліска 1 (гл.). Гл. Смаль-Стоцкі, Приміт., 169; Куркіна (Этимология–1981, 15) бачыць тут комплекс pl-, варыянт зыходнага кораня *pel‑/*pol‑ з чаргаваннем *pliskati/*plixati, гл. плюхаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВЕТРАЭНЕРГЕТЫ́ЧНАЯ ЎСТАНО́ЎКА,

комплекс тэхн. прыстасаванняў для пераўтварэння энергіі ветру ў іншыя віды энергіі. Складаецца з ветраагрэгата, прыстасавання, якое акумулюе энергію або рэзервуе магутнасць, часам рэзервовага (пераважна цеплавога) рухавіка, сістэм аўтам. рэгулявання работы ўстаноўкі. Бываюць спец. прызначэння (помпавыя, эл. зарадныя, млынавыя, апрасняльныя і інш.) і комплекснага выкарыстання (напр., ветраэлектрычныя станцыі). Магутнасць ветраэнергетычнай устаноўкі да некалькіх мегават.

Ветраэнергетычная ўстаноўка: 1 — ветраное кола; 2 — помпа; 3 — муфта; 4 — генератар; 5 — рэзервуар; 6 — турбіна; 7 — вентыль.

т. 4, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАНО́СНЫ ГАРЫЗО́НТ,

слой або некалькі слаёў водапранікальных горных парод, поры, трэшчыны і інш., пустоты ў якіх запоўнены вадой. Фарміруецца на водатрывалым слоі. Першы ад паверхні ваданосны гарызонт безнапорны, у ім утвараюцца грунтавыя воды. Напорныя гарызонты падземных вод абмежаваны водатрывалымі гарызонтамі (гл. Артэзіянскія воды). Некалькі гідраўлічна звязаных ваданосных гарызонтаў утвараюць ваданосны комплекс.

Схема будовы і залягання ваданоснага гарызонту: 1 — пясок; 2 — гліна; 3 — воданасычаны пясок; 4 — крыніца; 5 — узровень грунтавых вод; 6 — напрамак руху грунтавых вод.

т. 3, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)