КРАСІ́НСКАГА ЛЕ́ТАПІС,

помнік бел.-літоўскага летапісання, спіс 2-га агульнадзяржаўнага бел.-літ. летапіснага зводу 1-й, кароткай рэдакцыі. Дайшоў у рукапісе 2-й пал. 16 ст. бел. паходжання, які зберагаўся ў б-цы графаў Красінскіх у Варшаве і загінуў у час 2-й сусв. вайны. Рукапіс без пачатку і канца. Апрача бел.-літ. хронікі ў ім змешчаны «Александрыя», «Хаджэнне ігумена Данііла», бел. пераклады біблейскай кнігі Товіт, «Аповесць пра Таўдала», «Сказанне пра Сівілу-прарочыцу» і інш. свецкія і рэліг. творы. К.л. складаецца з 2 частак: легендарнай гісторыі Літвы — «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», якая названа «Летапісцам», і «Кройники о великих князех литовских». У 1-й частцы выкладзена легенда пра паходжанне літ. князёў і шляхты ад рымскіх арыстакратаў (абрываецца на княжанні Трайдзена). 2-я частка складам блізкая да арыгінальнай часткі Слуцкага спіса 1-га агульнадзярж. бел.-літ. зводу — Беларуска-літоўскага летапісу 1446. Яна ўключае «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», «Аповесць пра Падолле», «Пахвалу Вітаўту» і шэраг апавяданняў па гісторыі ВКЛ канца 14—1-й пал. 15 ст. К.л. апісаны Я.​Карскім у працы «Пра мову так званых літоўскіх летапісаў» (Варшава, 1894). Упершыню апубл. А.​Бычковым у 1893.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 8, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ КА́ФЛЯ,

архітэктурна-дэкаратыўная кераміка 15 — пач. 20 ст. ў Мінску. Вядомы 2 тыпы М.к.: гаршковая 15—16 ст. і каробчатая 1-й пал. 16 — пач. 20 ст. Раннія віды гаршковай М.к. маюць прамавугольнае ці круглае вусце; больш познія, т.зв. міскавыя, — ніжэйшыя, з шырэйшым вусцем. Каробчатая кафля 1-й пал. 16 ст. тэракотавая, з квадратнай вонкавай пласцінай памерам 14 × 14 см, аздоблена геам. арнаментам у выглядзе пукатай або глыбокай контррэльефнай разеткі. З 2-й пал. 16 ст. пашырана масавая вытв-сць каробчатай кафлі (зберагаліся фрагменты гліняных штампаў-форм для выціскання ўзору). У 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. выраблялі сценную, паясную, карнізную кафлю, каронкі, балясіны (тры апошнія тыпы мелі складанапрафіляваную вонкавую пласціну, што рабіла паверхню печаў рэльефнай). Вырабы пакрывалі палівай, найчасцей зялёнай. Выраблялі таксама паліхромную кафлю. У аздабленні М.к. выкарыстоўвалі геам. і расл. арнаменты, партрэтныя, геральдычныя, зааморфныя адлюстраванні, выявы міфалагічных істот, коннікаў, надпісы і інш. М.к. канца 17 — пач. 18 ст. мае вонкавую пласціну без рамкі, аздоблена рэльефным дывановым арнаментам. Кафля сярэдзіны 18 ст. мае гладкую вонкавую пласціну, пакрыта зялёнай або карычневай палівай; у 1-й пал. 18 ст. ў аздабленні выкарыстоўвалі рознакаляровыя эмалі. Кафля 19 ст. пераважна гладкая, пакрытая белай эмаллю; у вырабах канца 19 — пач. 20 ст. прыкметны рысы стылю мадэрн. Іл. гл. таксама да арт. Кафля.

В.​Е.​Собаль, У.​В.​Угрыновіч.

Да арт. Мінская кафля. Паліваная кафля з геаметрычным і выяўленчым сюжэтам. 17 ст.

т. 10, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАБРЫ́ЦЫУС Ян Фрыцавіч (26.6.1877, хутар Ванкстрэйбей Вентспілскага р-на, Латвія — 24.8.1929),

савецкі ваен. дзеяч. Скончыў Рыжскую гімназію (1894), акад. курсы вышэйшага камсаставу РСЧА (1925). Удзельнічаў у рэвал. руху, быў у ссылцы. З 1915 у арміі, удзельнік 1-й сусв. вайны, вёў рэв. работу сярод лат. стралкоў. У Кастр. рэвалюцыю камандзір батальёна, камісар 1-га лат. палка. Са студз. 1918 член ВЦВК, старшыня ВРК Пскоўскага пав. У канцы 1918 — пач. 1919 камісар 2-й і 10-й стралк. дывізій, што ўдзельнічалі ў вызваленні Латвіі. З кастр. 1919 камандзір 48-й брыгады 16-й стралк. дывізіі, што дзейнічала супраць Дзянікіна, потым (у 1920) на Зах. фронце — супраць войск Польшчы (дзе вызначыўся як арганізатар прарыву Смаргонскага ўмацаванага р-на). Удзельнік ліквідацыі антыбальшавіцкага паўстання ў Кранштаце. У 1921—23 нач. камандных курсаў РСЧА у Полацку, пяхотных курсаў камсаставу ў Мінску. У 1923—24 камандзір і камісар 2-й Бел. стралк. дывізіі, з 1927 камандзір 4-га стралк. корпуса ў Віцебску. З 1928 пам. камандуючага асобнай Каўказскай арміяй. Чл. ЦКК ВКП(б) з 1927. Чл. ЦК КП(б)Б у 1927—28. Канд. у чл. ЦВК СССР у 1929. Чл. ВВК БССР у 1922—23, 1927—28. Першы кавалер 4 ордэнаў Чырв. Сцяга (1919, 1920, сак., снеж. 1921), 2 з якіх атрымаў у час савецка-польскай вайны 1920 на тэр. Беларусі.

Літ.:

Чудов И.С. Ян Фабрициус. М., 1960;

Владимиров А.В. Четверо легендарных. М., 1969;

Легендарный комбриг: Воспоминания о Я.​Ф.​Фабрициусе. Рига, 1971.

Я.Ф.Фабрыцыус.

т. 16, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЕЎСКАЯ АБАРО́НЧАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1941,

баявыя дзеянні сав. войск Паўд.-Зах. фронту (камандуючы ген.-палк. М.​П.​Кірпанос) пры садзеянні войск Бранскага, правага крыла Паўд. франтоў і Пінскай ваеннай флатыліі па стрымліванні гал. сіл. ням.-фаш. групы армій «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал Г.​Рундштэт) і часткі сіл групы армій «Цэнтр» у пач. Вял. Айч. вайны. Праведзена 7.7—26.9.1941 з мэтай не дапусціць захопу праціўнікам сталіцы Украіны і прарыву яго на левы бераг Дняпра. Пасля няўдалых прыгранічных баёў сав. войскі не здолелі спыніць праціўніка на лініі ўмацаваных раёнаў былой (да вер. 1939) сав.-польск. мяжы. Злучэнні 1-й ням.-фаш. танк. групы 9 ліп. захапілі г. Жытомір, але 11 ліп. былі спынены сав. войскамі на р. Ірпень (за 15—20 км ад Кіева). На працягу 2-й пал. ліп. — 1-й пал. жн. немцы беспаспяхова лабавымі ўдарамі намагаліся авалодаць Кіевам, які абаранялі воіны 37-й арміі і нар. апалчэння. Контрудары па ворагу нанеслі 5-я (на ПнЗ ад Кіева) і 26-я (на ПдУ ад Кіева) арміі, аднак праціўнік пацясніў іх і акружыў 6-ю і 12-ю арміі Паўд. фронту. У сярэдзіне жн. правы фланг Паўд.-Зах. фронту пачалі абыходзіць злучэнні 2-й танк. групы і 2-й палявой арміі, вылучаных са складу ням.-фаш. групы армій «Цэнтр». Яны разбілі войскі Цэнтр. фронту, 19 жн. захапілі абласны цэнтр БССР Гомель і ў канцы жн. — пач. вер. развілі наступленне на Пд у тыл кіеўскай групоўкі сав. войск. Па загаду Стаўкі Вярх. галоўнакамандавання 19 жн. на левы бераг Дняпра адведзены ўсе войскі Паўд.-Зах. фронту, акрамя 37-й арміі. 1 вер. 1-я ням. танк. група захапіла ў раёне г. Крамянчуг плацдармам на левым беразе Дняпра, 12 вер. адсюль пачала наступленне на Пн і 15 вер. каля г. Лохвіца злучылася з 2-й танк. групай. У акружэнне трапілі часці 21, 37, 5 і 26-й армій Паўд.-Зах. фронту, камандаванне якога страціла кіраванне войскамі і не здолела арганізаваць іх адыход на У. У адпаведнасці з запозненым загадам Стаўкі 19 вер. сав. войскі пакінулі Кіеў. Толькі частка сав. воінаў выйшла з акружэння, многія загінулі (у т. л. Кірпанос, разам з б.ч. свайго штаба) або трапілі ў палон. У ходзе К.а.а. супраціўленнем на працягу 2,5 месяца сав. войскі адцягнулі значную частку ням.-фаш. сіл з Маскоўскага напрамку. 21.6.1961 Прэзідыум Вярх. Савета СССР устанавіў медаль «За абарону Кіева».

т. 8, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБІ́НА Антон Васілевіч (16.1.1885, г. Веліж, Расія — 30.10.1937),

дзяржаўны дзеяч БССР. З 1902 працаваў тэлеграфістам. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07, 1-й сусв. вайны. З 1918 у Чырв. Арміі. Ваен. камісар Ігуменскага, Мінскага пав., ваен. камендант Мінска, гомельскі губ. ваен. камісар. Узнаг. ордэнам Чырв. Сцяга. Ваенком 2-й стралк. і 7-й кав. дывізій, нам. наркома, нарком па ваен. справах БССР. З 1925 старшыня Магілёўскага акр. выканкома, упаўнаважаны Наркамата сувязі СССР па БССР, старшыня ЦК Асаавіяхіма БССР. Чл. ЦК КП(б)Б з 1925. Чл. ЦВК БССР у 1920—21, 1924—37, канд. у чл. ЦВК СССР у 1925—29.

т. 6, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАНЕ́РСКАЯ ЛО́ДКА,

1) ветразева-грабное артыл. судна 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. Прызначаліся для дзеянняў у прыбярэжных марскіх раёнах (шхерах) і на рэках. Мелі 4—6 гармат або 2 марціры, да 15 пар вёслаў.

2) Артылерыйскі карабель для баявых дзеянняў у прыбярэжных раёнах мора, на азёрах і рэках. Водазмяшчэнне да 2,5 тыс. т., узбраенне — да 5 артыл. гармат, аўтам. зенітныя пушкі, кулямёты. Да пач. 1980-х г. заставаліся ў складзе ВМС асобных краін. На Беларусі К.л. выкарыстоўваліся ў 1-й пал. 20 ст. ў складзе рачных ваен. флатылій. Гл. «Верны», «Зарадна», а таксама Карабель ваенны.

т. 7, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРО́НА,

надземная разгалінаваная частка дрэва. У ёй фарміруюцца лісце, кветкі і плады, адбываюцца асн. жыццёвыя працэсы расліны — дыханне, транспірацыя, фотасінтэз і інш. Памеры К. залежаць ад узросту, хуткасці росту і генетычна абумоўленай будовы. Дрэвы 1-й велічыні маюць дыяметр К. больш за 10 м (напр., дуб, клён вастралісты, ясень); 2-й — 5—10 м (напр., граб, груша звычайная); 3-й — 2—5 м (напр., рабіна, чаромха). Форма К. спадчынная, але мяняецца з узростам і ў залежнасці ад умоў існавання. Бываюць К. павойныя, падушка- і парасонападобныя, пірамідальныя, ніцыя, сцелістыя, сцягападобныя і інш. У дэкар. садаводстве і пладаводстве К. фарміруюць штучна.

т. 8, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАЎЛЯ́ЙСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальная аперацыя войск 1-га Прыбалтыйскага фронту (ген. арміі І.Х.Баграмян) 5—31.7.1944; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944. Мэта — выйсці да Рыжскага заліва і адрэзаць шляхі адыходу войскам ням. групы армій «Поўнач» ва Усх. Прусію. Удзельнічалі 2-я і 6-я гвардзейскія, 43-я і 51-я арміі. Пачалася пасля завяршэння 4 ліп. Полацкай аперацыі 1944. Войскі 6-й арміі 6 ліп. вызвалілі г. Браслаў, 8 ліп. — г.п. Відзы, 9-га ліп. — г.п. Лынтупы і перарэзалі чыг. Даўгаўпілс—Вільнюс. У працяг наступлення на гэтым напрамку 20 ліп. войскі 2-й і 51-й армій пры падтрымцы 39-й арміі (са складу 3-га Бел. фронту) занялі гарады Паневяжыс, Шаўляй, Даўгаўпілс. Пасля 27 ліп. войскі 1-га прыбалт. фронту разгарнулі наступленне на тэр. Літвы і Латвіі, да 31 ліп. вызвалілі г. Елгава і выйшлі да Рыжскага заліва, адрэзаўшы групу армій «Поўнач» ад Усх. Прусіі.

т. 17, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІЗНЯ́ТЫ (лац. Gemini),

адно з 12 сузор’яў задыяка. Знаходзіцца ў паўн. паўшар’і неба, паміж сузор’ямі Рака і Цяльца. Найбольш яркія зоркі — Полукс і Кастар (адпаведна 1-й і 2-й зорнай велічыні). З тэр. Беларусі добра відаць увосень, зімой і вясной (гл. Зорнае неба).

Сузор’е Блізняты.

т. 3, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКВІТА́НІЯ (лац. Aguitania),

гістарычная вобласць на ПдЗ Францыі. У старажытнасці рымская правінцыя ў Галіі. З 507 належала Франкскаму каралеўству, у 2-й пал. 7 — 1-й пал. 8 ст. — герцагства. У 1154—1453 англ. ўладанне. З 13 ст. мела назву Гіень. У 1472 канчаткова далучана да Францыі.

т. 1, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)