настру́ніцца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.
Разм.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Нацягнуцца, напяцца як струна. Наструніліся стропы парашута.
2. Напружыцца. Мы цішком прытаіліся ля дзвярэй, а сэрца ў кожнага трывожна стукацела і нервы наструніліся да адказу. С. Александровіч. // Стаць па камандзе «смірна». Заўважыўшы камандзіра, пагранічнік спыняецца, наструніўшыся, прыкладвае далонь да шапкі. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
парадні́цца, ‑раднюся, ‑роднішся, ‑родніцца; зак., з кім-чым.
1. Уступіць у адносіны роднасці з кім‑н. [Гумоўскі] хацеў парадніцца, як яму здавалася, з сапраўднаю шляхецкаю сям’ёю. Броўка.
2. Стаць блізкім па духу, перакананнях і пад. Быццам тут на свет радзіўся, Грышка ўсцешаны і рад: Ён з байцамі парадніўся — кожны быў і друг і брат. А. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пачына́льнік, ‑а, м.
1. Той, хто пачынае што‑н.; заснавальнік. Чалавек энцыклапедычнага складу, беларускі асветнік [Францыск Скарына] не толькі пачынальнік кнігадрукавання на ўсходнеславянскіх землях, але і доктар лекарскіх і свабодных навук — мовазнаўца, батанік і медык. С. Александровіч. Асабліва высока цаніў Купала дзейнасць Ігната Буйніцкага, аднаго з пачынальнікаў нацыянальнага тэатра. Ярош.
2. Той, хто пачынае спяваць валачобную песню.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пісані́на, ‑ы, ж.
Разм. пагард. Тое, што напісана. Трэба, аднак, узяць у рукі гэтых газетных пісак, якія так недарэчы выступаюць са сваёй пісанінай. Лынькоў. Кастусь не пайшоў бы да Кудрынскага: няёмка ісці на кватэру і боязна паказваць сваю пісаніну. С. Александровіч. Зноў жа такі, седзячы крукам на праўцы чужой пісаніны, нічога свайго не напішаш. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рабава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; незак., каго-што і без дап.
1. Сілай, разбоем забіраць у каго‑н. што‑н.; грабіць. У навакольныя вёскі наязджалі карнікі: лавілі лепшых савецкіх людзей і рабавалі набытак. Брыль. У лясах бадзяліся банды, рабавалі людзей, палілі хаты актывістаў. С. Александровіч. [Белапалякі] гойсаюць на конях, рабуюць, катуюць. Нікановіч.
2. Разараць падаткамі, паборамі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раструбі́ць, ‑трублю, ‑трубіш, ‑трубіць; зак., што, аб чым, пра што, з дадан. сказам і без дап.
Разм. Разнесці чуткі, расказаць усім і ўсюды; раззваніць. Цётка раструбіла на ўсё мястэчка, што ў таго пасадскага кучаравага хлопца з вялікімі вачыма лёгкая рука і добрае сэрца. С. Александровіч. [Віктар:] — Але праект цікавы. І галоўнае — пра яго ўжо раструбілі. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рэцэнзе́нт, ‑а, М ‑нце, м.
Аўтар рэцэнзіі. Рэцэнзент дысертацыі. □ На думку рэцэнзента, «Дудка» мае «немалаважную цікавасць і паказвае, што ў аўтара ёсць як паэтычная жылка, так і неабходная наглядальнасць». С. Александровіч. // Той, хто спецыяльна піша рэцэнзіі, водзывы для прэсы. Тэатральны рэцэнзент. □ Як толькі рэцэнзент загаварыў пра перадачы музычнай рэдакцыі, Мікола падышоў бліжэй да дзвярэй. Гаўрылкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хвалі́ць, хвалю, хваліш, хваліць; незак., каго-што.
Выказваць адабрэнне, пахвалу каму‑, чаму‑н. Пан хваліць лес, хоча даражэй з купца злупіць, а купец падтаквае яму ды адводзіць далей у гушчарню. Якімовіч. Коля вучыўся добра, і настаўнік яго хваліў: — Хоць маленькі, ды ўдаленькі. С. Александровіч. Каня хвалі пасля дарогі. Прымаўка. Аржаная каша сама сябе хваліць. Прыказка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дамо́ў, прысл.
На сваю кватэру, у сваю хату, у сваю сям’ю. — Можа б ты распранулася хаця, Стася? Ты ж прыйшла дамоў, у сваю хату. Зарэцкі. Хлопцы кончылі сваю работу і пайшлі дамоў. Колас. // На радзіму. [Мелех:] Я шосты год ваюю і нязручна Пабітаму варочацца дамоў. Глебка. // У двор, у хлеў. Ужо дамоў пастух скаціну гнаў. А. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
беспрацо́ўны, ‑ая, ‑ае.
Пазбаўлены работы, заработку, а таксама магчымасці атрымаць (у капіталістычных краінах) пастаянны заработак. У кішэні ляжалі дакументы на імя беспрацоўнага настаўніка, за якога я павінен быў выдаваць сябе. Анісаў. / у знач. наз. беспрацо́ўны, ‑ага, м.; беспрацо́ўная, ‑ай, ж. Я знаю, што мне беспрацоўным не быць, Што голад не будзе за мною хадзіць. А. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)