ЛАВУАЗЬЕ́ (Lavoisier) Антуан Ларан

(26.8.1743, Парыж — 8.5.1794),

французскі хімік, адзін з заснавальнікаў сучаснай хіміі і заснавальнік тэрмахіміі. Чл. Парыжскай АН (1772). Скончыў Парыжскі ун-т (1763). У 1775—91 — дырэктар Упраўлення порахаў і салетраў, з 1768 член «Кампаніі водкупаў»; у час Вял. франц. рэвалюцыі разам з інш. адкупшчыкамі пакараны смерцю паводле прыгавору рэв. трыбуналу. Навук. працы Л. садзейнічалі ператварэнню хіміі ў навуку, заснаваную на дакладных вымярэннях: у хім. даследаваннях выкарыстоўваў колькасныя метады, у прыватнасці ўзважванне. Даказаў складаны састаў атм. паветра (1774—77), растлумачыў ролю кіслароду ў працэсах гарэння і акіслення. Стварыў кіслародную тэорыю гарэння (1780). Распрацаваў разам з К.Л.Бертале і інш. хім. наменклатуру і класіфікацыю цел (1786—87), напісаў «Пачатковы падручнік хіміі» (1789).

Літ.:

Дорфман Я.Г. Лавуазье. 2 изд. М., 1962;

Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.

т. 9, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЁЛА (Loyola) Ігнацій

(сапр. Іньіга Лопес дэ Ракальдэ; Lopez de Racalde; 23.10.1491 ?, замак Лаёла, каля г. Аспейтыя, Іспанія — 31.7.1556),

іспанскі тэолаг, заснавальнік ордэна езуітаў. Першапачаткова афіцэр на службе віцэ-караля Навары. Стаўшы інвалідам у выніку ранення (1521) у час вайны з Францыяй, адмовіўся ад ваен. кар’еры. У 1522—23 як пустэльнік жыў у гроце Манрэса ля падножжа гор Мантсерат, у гэты час стварыў «Духоўныя практыкаванні» (у 1548 ухвалены папам Паўлам III). Пасля паломніцтва ў Іерусалім (1523—24) вывучаў тэалогію ў Барселоне, Алькале, Саламанцы, з 1528 — ў Сарбонскім ун-це ў Парыжы. 15.8.1534 разам з аднадумцамі заснаваў ордэн езуітаў, зацверджаны папам Паўлам III у 1540; стаў яго першым генералам (з 1541). Распрацаваў «Правілы сціпласці», якія рэгламентавалі паводзіны членаў ордэна. У 1622 кананізаваны каталіцкай царквой.

Літ.:

Быков А. И.Лойола: Его жизнь и общественная деятельность: Биогр. очерк. 2 изд. СПб., 1894.

Н.К.Мазоўка.

т. 9, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКА́РНСКІЯ ДАГАВО́РЫ 1925, Лакарнскі пакт. Парафіраваны 16.10. 1925 у г. Лакарна (Швейцарыя) пасля абмеркавання на Лакарнскай канферэнцыі 1925, падпісаны 1.12.1925 у Лондане. Асн. дакумент — т.зв. Рэйнскі гарантыйны пакт паміж Бельгіяй, Вялікабрытаніяй, Германіяй, Італіяй і Францыяй, які прадугледжваў непарушнасць герм.-бельг. і герм.-франц. межаў, вызначаных паводле Версальскага мірнага дагавора 1919, і захаванне дэмілітарызацыі Рэйнскай зоны. Гарантамі пакта выступалі Вялікабрытанія і Італія. Рэйнскі пакт дапоўнілі пагадненні пра арбітражы, заключаныя Германіяй асобна з Бельгіяй, Францыяй, Польшчай і Чэхаславакіяй, а таксама дагаворы аб гарантыях, заключаныя Францыяй асобна з Польшчай і Чэхаславакіяй (Францыя абавязалася аказваць дапамогу гэтым краінам у выпадку нападу на іх Германіі). Вынікам Л.д. было прыняцце Германіі ў вер. 1926 у Лігу нацый са статусам вял. дзяржавы. У 1936 Германія ў аднабаковым парадку скасавала Л.д. і ўвяла свае войскі ў Рэйнскую зону.

Літ.:

Гл. пры арт. Лакарнская канферэнцыя 1925.

т. 9, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАН

(польск. łan ад ням. Lehn лён),

зямельная мера ў сярэдневяковай Еўропе, якая адпавядала поўнаму сял. надзелу, абкладзенаму павіннасцямі. У асобных краінах выкарыстоўваліся нац. назвы Л. (манс у Францыі, гайда ў Англіі, гуфа ў Германіі, бол у Даніі, гак у Інфлянтах і інш.). Напачатку Л. складаў тэр. сял. гаспадаркі не менш за 3 маргі. Пазней (у Польшчы з 13 ст.) адзінкай вымярэння была плошча зямлі, якая апрацоўвалася. Найб. былі пашыраны Л. фламандскі (16,7—17,5 га) і Л. франконскі (або тэўтонскі; 22,6—25,8 га). У 16 ст. ў ВКЛ пашырылася валока, якая паходзіла ад рыжскага Л., вядомага з 13 ст. (складаўся з 30 маргоў). Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай 1772, 1793, 1795 Л. выкарыстоўваўся разам з новымі зямельнымі мерамі, у т. л. дзесяцінай, у Рас. імперыі.

Літ.:

Dunin-Wąsowicz A Pomiary gruntu w Koronie w XVI—XVIII wieku. Warszawa, 1994.

т. 9, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАСЕ́НКА Антон Паўлавіч

(10.8.1737, г. Глухаў Сумскай вобл., Украіна — 4.12.1773),

расійскі жывапісец і рысавальшчык. Вучыўся ў Пецярбургу ў майстэрні І.Аргунова (1753—58) i АМ (1758—60). Пенсіянер АМ у Парыжы (1760—65), Рыме (1766—69). З 1770 праф. Пецярбургскай АМ, з 1772 — яе дырэктар. Пісаў карціны на біблейскія і міфалагічныя тэмы, працаваў у гіст. і партрэтным жанрах. У творчасці спалучаў патэтычнасць вобразаў і дынамічнасць кампазіцый позняга барока з традыцыямі класіцызму. Сярод твораў: «Дзівосны ўлоў рыбы» (1762), «Ахвярапрынашэнне Аўрама» (1765), «Каін» (1768), «Зеўс і Фетыда» (1769), «Уладзімір перад Рагнедай» (1770), «Развітанне Гектара з Андрамахай» (1773), партрэты П.Шувалава (1760), Ф.Волкава (1763) і інш. Яго малюнкам уласцівы дакладнасць форм і тонкая тэхніка. Склаў вучэбны дапаможнік «Тлумачэнне сціслай прапорцыі чалавека...» (1772).

Літ.:

Каганович АЛ. Антон Лосенко и русское искусство середины XVIII столетия. М., 1963.

А.Ласенка. Развітанне Гектара з Андрамахай. 1773.

т. 9, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЫЧАЁВАЕ ПРА́ВА,

сукупнасць няпісаных прававых норм, агульнапрынятых у пэўным грамадстве. Узнікла непасрэдна з грамадскіх адносін і санкцыянавана дзярж. уладай. На Беларусі панавала да 15 ст. У 15 — пач. 16 ст. паступова замянялася пісаным правам, у якім побач з новымі нормамі захоўваліся нормы З.п. ў форме закону. Пасля выдання Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 З.п. адводзілася толькі дапаможная роля ў рэгуляванні тых праваадносін, якія не былі прадугледжаны законам. З.п. рэгулявала ўсе праваадносіны ў грамадскім жыцці, дзейнасць службовых асоб, дзярж. павіннасці насельніцтва, асн. грамадзянска-прававыя адносіны і інш. Найб. доўга панавала ў шлюбна-сямейных адносінах. Асаблівае месца ў сістэме З.п. займалі нормы копнага права, якія дзейнічалі на Беларусі з глыбокай старажытнасці да 18 ст. (гл. Копны суд). Уплыў З.п. адчуваўся і пазней, асабліва ў зямельным і сямейным праве.

Літ.:

Юхо І. Крыніцы беларуска-літоўскага права. Мн., 1991.

Я.І.Юхо.

т. 7, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗДАНО́ВІЧ Аляксандр

(26.2.1805, в. Белькавічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 29.5.1868),

бел. гісторык, пісьменнік, педагог. Бацька І.А.Здановіча. Скончыў Віленскі ун-т. Канд. філасофіі (1831). Ў 1834—63 выкладчык лац. мовы і гісторыі Віленскага шляхецкага ін-та, выкладчык гісторыі Віленскай духоўнай семінарыі. Аўтар падручнікаў «Храналагічна-гістарычны нарыс сучасных дзяржаў ад V веку да нашых дзён» (1844), «Нарыс усеагульнай гісторыі для дзяцей» (1861) і інш. Пераклаў з рус. мовы на польскую падручнікі «Гісторыя сярэдніх вякоў» (1845), «Гісторыя новага часу» (1846). Аўтар «Нарыса польскай гісторыі для дзяцей» (1857), у якім выклаў свае погляды на гісторыю Беларусі, Літвы і Польшчы, «Нарыса гісторыі польскай літаратуры» (т. 1—5, 1874—78), «Дзённіка» (нап. 1849—59). Чл. Віленскай Археалагічнай камісіі, уваходзіў у склад рэдакцыі газ. «Kurier Wileński» («Віленскі веснік»).

Літ.:

Kościałkowski S. Aleksander Zdanowicz (1805—1868): Zarys biograficzny. Wilno, 1918.

В.Ф.Шалькевіч.

т. 7, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́ЛАК Янка

(сапр. Даніловіч Антон Міхайлавіч; н. 14.11.1912, в. Лучнікі Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Брат Алеся Змагара. Скончыў Мінскі педтэхнікум (1935). З 1935 працаваў настаўнікам у школах Бабруйскага р-на, адначасова вучыўся ў Аршанскім настаўніцкім ін-це. У пач. Айч. вайны вярнуўся ў родную вёску, выкладаў у школе, працаваў у акр. аддзеле самапомачы і ў рэдакцыі «Газэты Случчыны». У 1944 выехаў у Германію, з 1952 жыве ў ЗША. Першы верш надрукаваў у 1930. Абсяг яго паэзіі часу выгнання — вершы роздуму, суму па страчанай Беларусі і маладосці, прысвечаныя каханню, прыгажосці прыроды, гумарыстычныя. Аўтар зб-каў «За чужы грэх» (1958), «Агонь душы» (1979), аповесцей «Т.Д.Ч.» і «Ціхі Стаў».

Тв.:

Творы. Т. 1—2. [Б.м.], 1979—81;

Вятрыска з радзімай краіны: Зб. выбр. тв. Мн., 1996.

Л.С.Савік.

Літ.:

Баукова Т.В., Леменовский Д.А. Золото в химии и медицине. М., 1991.

т. 7, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВА́ЦЦАЦЬ ВО́СЬМЫ З’ЕЗД КПБ.

Адбыўся 4—6.2.1976 у Мінску. Прысутнічала 789 дэлегатаў ад 506 220 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦК КПБ (П.М.Машэраў), Рэвіз. камісіі КПБ (І.М.Макараў); аб праекце ЦК КПСС да XXV з’езда партыі «Асноўныя напрамкі развіцця народнай гаспадаркі СССР на 1976—1980 гады» (Ц.Я.Кісялёў); выбары ЦК КПБ, Рэвіз. камісіі КПБ. З’езд адобрыў дзейнасць ЦК КПБ па выкананні рашэнняў XXIV з’езда КПСС, заданняў 9-га пяцігадовага плана развіцця нар. гаспадаркі БССР, праект ЦК КПСС да XXV з’езда партыі «Асноўныя напрамкі развіцця народнай гаспадаркі СССР на 1976—1980 гады» і даручыў ЦК КПБ i СМ БССР на яго аснове распрацаваць 10-ы пяцігадовы план развіцця нар. гаспадаркі БССР. Выбраў ЦК КПБ у складзе 139 чл. і 65 канд. у чл., Рэвіз. камісію КПБ з 45 чл.

Літ.:

Матэрыялы XXVIII з’езда Камуністычнай партыі Беларусі. Мн., 1976.

т. 6, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВА́ЦЦАЦЬ ДЗЕВЯ́ТЫ З’ЕЗД КПБ.

Адбыўся 27—29.1.1981 у Мінску. Прысутнічала 796 дэлегатаў ад 595 311 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦК КПБ (Ц.Я.Кісялёў), Рэвіз. камісіі КПБ (Дз.В.Цябут); аб праекце ЦК КПСС да XXVI з’езда партыі «Асноўныя напрамкі эканамічнага і сацыяльнага развіцця СССР на 1981—1985 гады і на перыяд да 1990 года» (А.Н.Аксёнаў); выбары ЦК КПБ, Рэвіз. камісіі КПБ. З’езд абмеркаваў і адобрыў праект ЦК КПСС да XXVI з’езда партыі «Асноўныя напрамкі эканамічнага і сацыяльнага развіцця СССР на 1981—1985 гады і на перыяд да 1990 года» і даручыў СМ БССР і інш. дзярж. органам на яго аснове распрацаваць 11-ы пяцігадовы план эканам. і сац. развіцця БССР. Выбраў ЦК КПБ у складзе 157 чл. і 71 канд. ў чл., Рэвіз. камісію КПБ з 49 чл.

Літ.:

Матэрыялы XXIX з’езда Камуністычнай партыі Беларусі. Мн., 1981.

т. 6, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)