БЕЛАРУ́СКАЯ РА́ДА,
пашыраная ў гіст. л-ры агульная назва цэнтр. і рэгіянальных асяроддзяў бел. нац.-вызв. руху і дзярж.-паліт. устаноў Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). У 1917 дзейнічалі Цэнтральная рада беларускіх арганізацый (пазней Вялікая беларуская рада), Цэнтральная беларуская вайсковая рада; на Усебел. з’ездзе 1917 выбрана Рада, якая 18.3.1918 пераўтворана ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. У 1918—20 на Віленшчыне і Гродзеншчыне дзейнічалі Віленская беларуская рада, Цэнтральная беларуская рада Віленшчыны і Гродзеншчыны і інш. У снеж. 1919 Рада БНР раскалолася на Народную раду Беларускай Народнай Рэспублікі і Найвышэйшую раду Беларускай Народнай Рэспублікі.
С.С.Рудовіч.
т. 2, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ЦАРКВА́»,
рэлігійна-гістарычны часопіс. Выдаваўся ў 1956—65 у Чыкага (ЗША) ратапрынтным спосабам на бел. мове з выкарыстаннем лацінкі і кірыліцы адначасова. Заснавальнік — бел. культ.-рэліг. цэнтр, які ў сярэдзіне 1950-х г. аб’яднаў бел. эміграцыю вакол царквы Хрыста Спаса (Збаўцы). Мэта дзейнасці — паліт. незалежнасць бел. дзяржавы, стварэнне незалежнай грэка-каталіцкай царквы (уніяцкай), барацьба супраць камуніст. ідэалогіі. У часопісе пераважалі артыкулы гіст. і рэліг. зместу. Аўтарам большасці з іх быў вядомы на эміграцыі гісторык В.Пануцэвіч. Змяшчаў таксама артыкулы гісторыкаў і мовазнаўцаў Беларусі, маст. творы рэліг. зместу і інш.
М.А.Матрунчык.
т. 2, с. 431
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАБА́НТ (Brabant),
гістарычная вобласць у Бельгіі і Нідэрландах паміж рэкамі Маас і Шэльда. Тэр. Брабанта (назва вядома э 7 ст.) у 4 ст. заваявалі і засялілі франкі. З 870 у складзе герцагства Ніжняя Латарынгія, у 1106—90 стаў самаст. герцагствам. З 1430 уладанне герцагаў Бургундыі (сталіца — г. Брусель), з 1477 — Габсбургаў, адна з 17 правінцый Нідэрландаў гістарычных. Цэнтр Брабанцкай рэвалюцыі 1789—90. З 1792 акупіраваны, у 1794—1814 анексіраваны франц. войскамі. Пасля ўтварэння каралеўства Бельгіі (1830) падзелены паміж ім (прав. Брабант) і Нідэрландамі (прав. Паўн. Брабант). Наследнік бельг. трона мае тытул герцага брабанцкага.
т. 3, с. 226
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУШНЫ́ ТЫФ,
вострая інфекц. хвароба чалавека з групы кішачных. Суправаджаецца пашкоджаннем лімфатычнага апарату і тонкага кішэчніка, бактэрыяльнай інтаксікацыяй, ліхаманкай, высыпкай. Узбуджальнік (палачка брушнога тыфу) трапляе ў арганізм з ежай, вадой, кантактна-быт. шляхам. Пасля інкубацыйнага перыяду (10—14 дзён) з’яўляюцца слабасць, дрыжыкі, страта апетыту, галаўны боль, бяссонніца, высокая т-ра, трызненне (тыфозны стан), затрымліваецца стул. На 8—9-ы дзень на скуры з’яўляецца высыпка — дробныя ружовыя кропкі, павялічваецца печань і селязёнка, назіраюцца парушэнні дзейнасці цэнтр. нерв. і сардэчна-сасудзістай сістэм, кішэчніка, органаў дыхання. Ускладненні: кішачны крывацёк, прарыў сценкі кішэчніка, перытаніт. Пасля хваробы выпрацоўваецца ўстойлівы імунітэт. Лячэнне тэрапеўтычнае.
т. 3, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫЛЁЎ (Мікіта Рыгоравіч) (27.5.1896, в. Лучын Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 16.8.1955),
савецкі ваен. дзеяч. Ген.-лейтэнант (1945). Скончыў Сярэднеазіяцкі ун-т (1924), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1933). У арміі з 1914, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны, ваяваў на Туркестанскім фронце. З пач. Вял. Айч. вайны на Зах., Бранскім, Цэнтр., Бел., 1-м і 2-м Бел., 4-м Укр. франтах: нам. камандзіра, камандзір дывізіі, нач. штаба арміі. Удзельнік абароны Масквы, вызвалення Беларусі (Чавусаў, Слаўгарада, Рагачова, Магілёва, Мінска, Гродна), Чэхаславакіі. З 1946 у апараце Мін-ва абароны, у 1951—53 нач. кафедры Сярэднеазіяцкага ун-та.
т. 3, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКА-ТРО́КСКІ ПАВЕ́Т,
адм-тэр. адзінка ў Зах. Беларусі ў 1922—39. 8.1.1922 польскі ўрад правёў выбары ў часовы сейм Віленшчыны (т.зв. Сярэдняй Літвы), які 20.2.1922 прыняў рашэнне аб далучэнні яе да Польшчы. Пастановай урада Польшчы ад 6.4.1922 утвораны Віленска-Трокскі павет у складзе Віленскай зямлі, з 22.12.1925 Віленскага ваяводства. Цэнтр павета — г. Трокі (сучасны Тракай, Літва). Пл. 183 км², нас. 168 879 чал. (без Вільні). Павет падзяляўся на 18 гмін. Пасля вызвалення Зах. Беларусі ўрад СССР у кастр. 1939 перадаў павет у склад Літвы, дзе асн. яго тэр. пазней склала Тракайскі р-н.
т. 4, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВИ́ЛЕНСКИЕ ГУБЕ́РНСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
афіцыйная газета. Выдавалася Віленскім губернскім праўленнем з 1838 да 28.9(11.10).1916 на рус. мове. Выходзіла ў Вільні, у 1915 (№61—63) у Дзісне, потым у Туле з рознай перыядычнасцю. Мела афіц. і неафіц. аддзелы. У афіц. аддзеле друкаваліся пастановы, распараджэнні, аб’явы, весці цэнтр. і мясц. улад. Неафіц. аддзел (у 1846—63 выходзіў як самаст., газета пад той жа назвай, з 1864 друкаваўся на апошняй старонцы газеты) асвятляў мясц. жыццё, друкаваў артыкулы па гісторыі, геаграфіі, эканоміцы, статыстыцы, культуры, нар. асвеце і інш. У розны час выдаваліся дадаткі да газ. «Асобныя артыкулы», «Дадаткі».
т. 4, с. 169
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВІ́ЦЫ», Саюз сельскай моладзі Польскай Рэспублікі,
сялянская рэфармісцкая дэмакр. арг-цыя моладзі Польшчы і Зах. Беларусі ў 1928—48. Засн. групай дзеячаў Цэнтр. саюза сельскай моладзі. У Гал. ўправу «Віцаў» ўваходзілі З.Заленскі, Л.Лютык, І.Нецька і інш. У 1929 аб’ядноўваў 22 тыс., у 1938 каля 100 тыс. членаў. Меў моцны ўплыў у каап. руху. З 1931 заняў антыўрадавую пазіцыю. Мясц. арг-цыі «Віцаў» супрацоўнічалі з камсамольскімі арг-цыямі, удзельнічалі ў адзінафрантавых антыфаш. выступленнях 1936—37. У 1948 «Віцы» разам з інш. левымі арг-цыямі моладзі аб’яднаўся ў Саюз польскай моладзі.
У.А.Палуян.
т. 4, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛБА́НСКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ (АСП).
Засн. ў 1941 як Камуністычная партыя Албаніі, у 1948—91 наз. Албанская партыя працы. У 1941 — 44 узначальвала барацьбу супраць італьян. і ням.-фаш. акупантаў. У 1948 прыняла праграму пабудовы сацыялізму. На практыцы гэта прывяло да стварэння казарменнай мадэлі грамадства, ізаляцыі ад знешняга свету, культу асобы Э.Ходжы, збяднення насельніцтва. У 1986 прынята праграма выхаду з крызісу. У сак. 1992 АСП, якая доўгі час была кіруючай партыяй, пацярпела паражэнне на ўсеаг. выбарах. У 1994 налічвала 130 тыс. чал., лідэр Ф.Нана. Цэнтр. орган — газ. «Zëri i Populit» («Голас народа», з 1942).
А.А.Чалядзінскі.
т. 1, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛГО́НКІН (Algonquin),
правінцыяльны парк у Канадзе, на правабярэжжы р. Атава, правінцыя Антарыо. Засн. ў 1893. Пл. 765,3 тыс. га. Размешчаны на невысокім узвышшы — Лаўрэнційскім крышталічным шчыце. Захоўваюцца ландшафты драбналістых і мяшаных лясоў з азёрамі і балотамі. Сярод прадстаўнікоў 15 асн. парод раслін некалькі відаў клёнаў, веймутава сасна, тсуга канадская, асінападобная таполя, вяз, ясень, жоўтая бяроза, шызая елка і інш. У фауне воўк, бабёр, чорны мядзведзь, лось, белахвосты (віргінскі) алень; з птушак звычайныя лысуха, каўнерыкавы рабчык, аўсянка-юнка, белабрывая аўсянка, некалькі відаў амер. валасянак і інш. Развіты турызм, працуюць інфармацыйны цэнтр і музей.
т. 1, с. 235
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)