сканда́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які з’яўляецца скандалам (у 1 знач.); які ганьбіць каго‑н., ганебны. Скандальная падзея. □ Ніколі.. [Тарас] не паводзіў сябе так з дзяўчатамі. І ніт колі не трапляў у такое скандальнае становішча. Шамякін. Ціхая, рахманая з выгляду, .. [Шурачка], аднак, мела скандальную славу. Карпаў.
2. Які мае адносіны да скандалу. Скандальны дзень. // Які апісвае што‑н. ганебнае. Скандальная хроніка буржуазнай прэсы.
3. Разм. Які пастаянна ўчыняе скандалы (у 2 знач.). Скандальны чалавек.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ска́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Шынель, скручаны ў трубку і звязаны па канцах для нашэння цераз плячо. Ідуць байцы, як хвалі, У скатках цераз плечы, А сонца зорыць з жалем На іх з глыбінь — сінечы. Колас. Ты цяпер сам, як бацька. На вучэнні ўначы Аўтамат свой і скатку Там нясеш на плячы. Прыходзька. // Які‑н. прадмет, скручаны ў трубку. Грышка ўзяў палатку, Цітка — коўдраў скатку. Гілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
старэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.
1. Станавіцца старым або больш старым. Аміля ж пасля гэтых другіх родаў пачала хварэць і шпарка старэць. Чорны. Матруна да дзяцей у горад паехала. Хату прадае, а купцоў не знаходзіцца. Так і старэе хата. Паўлаў.
2. Станавіцца ўстарэлым. Лепшае з тае творчае спадчыны, якую пакінуў Андрэй Александровіч, не старэе. Звонак.
3. Спец. Мяняць свае ўласцівасці пад уздзеяннем розных фізіка-хімічных умоў. Гума старэе.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
страж, ‑а, м.
1. Высок. Ахоўнік, абаронца. Армія — страж нашых граніц. / у вобразным ужыв. [Лес] спрадвеку стаіць, нібы нязменны і зоркі страж, вакол вёскі, дзе я нарадзіўся і вырас. Сачанка.
2. перан. Той, хто заўсёды на варце, за працай. — Будзем знаёмы: Волкаў Антон Пятровіч. Дык вы, малады чалавек, не паспелі на кватэру стаць, а ўжо адразу і за працу. Хаця, я вас разумею, вы, так сказаць, страж пяра... Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стры́гчыся, стрыгуся, стрыжэшся, стрыжацца; стрыжомся, стрыжацеся, стрыгуцца; пр. стрыгся, ‑лася; незак.
1. Падстрыгацца, стрыгчы сабе валасы. Ён не вельмі ахайны, Іван, па тры месяцы не стрыжэцца, не абразае пазногцяў, але што датычыць чыгуначных зводак, то тут ён педантычны, нібы бухгалтар. Навуменка.
2. Насіць валасы, падстрыжаныя якім‑н. чынам; насіць кароткія валасы, пастаянна падстрыгаць іх. Валасы .. [Данусі] былі падстрыжаны так, як стрыгуцца кітайскія дзяўчаты. Карпюк.
3. Зал. да стрыгчы (у 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
то́лкам, прысл.
1. Так, каб было зразумела. — Які ячмень, хто пастрыг, раскажы толкам? — звярнуўся да Волькі Міхал. Васілевіч. — Ды раскажы ты [Віктар] толкам, у чым справа? — нецярпліва крыкнуў Мірон. Маўр. // Сур’ёзна, не жартуючы. [Цётка Ганна:] — Яму гаворыш, гаворыш толкам, а ён [доктар] пра перадачу знайшоў час думаць. Лынькоў.
2. Добра, як належыць. Праверылі — кучы не ўсе толкам зложаны. У некаторых месцах куча гною асобна, а торф асобна. Ермаловіч. // Доказна, лагічна. Аб выніках даследавання даложана толкам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тро́мкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што, чым, на чым.
Разм.
1. Іграць на шчыпковым музычным інструменце. Тромкаць на балалайцы. // Няўмела іграць на такім інструменце. / у вобразным ужыв. А так хочацца яшчэ На сасну на стромкую, Дзе вясна дываны тчэ І ў цымбалы тромкае. Іверс.
2. Гучаць (пра шчыпковыя інструменты). [Якім:] — Твая скрыпка [Сымон] будзе цэла: Я ж гляджу яе тут сам, Граць і тромкаць яе дзела! Ну, больш Хаіму не дам! Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тру́цень, трутня, м.
1. Самец у пчалінай сям’і. Пчолкі мёд нясуць да сот, Труцень есць ды есць той мёд. Купала.
2. перан. Разм. Той, хто не працуе, а жыве за кошт працы другіх; лодар. Скардзіцца, што ныюць плечы У яго з юначых пор... Эх ты, труцень чалавечы! Як з табой нам жыць. Рыгор?! Ставер. Можа Іосіф і ёсць прычына таго, што Джыавані так высмейвае ўсіх манахаў, як трутняў і лежабокаў. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тры́зна, ‑ы, ж.
1. У старажытных славян — заключная частка пахавальнага абраду, якая суправаджалася ваеннымі гульнямі, спаборніцтвамі, а таксама вячэрай па нябожчыку. Пры спальванні і насыпанні кургана праводзілі так званыя трызны — урачыстае развітанне з нябожчыкам у выглядзе ваеннай гульні або спаборніцтва. Штыхаў.
2. Пахавальны і памінальны абрад, памінкі па нябожчыку. Калі памёр Каліна, зрабілі дзеці па ім памінкі — трызну і пахавалі яго ў зямлі, паклаўшы туды яго лепшыя і найпатрэбнейшыя рэчы. Багдановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уз’е́сціся, уз’емся, уз’ясіся, уз’есца; уз’ядзімся, уз’ясцеся, уз’ядуцца; пр. уз’еўся, уз’елася; зак.
Разм. Раззлавацца, накінуцца на каго‑н. з папрокамі, абвінавачваннямі, пагрозамі; пачаць помсціць каму‑н. — Я табе так скажу, — быццам і не чуў Мацеевых слоў, вёў далей Хмыль. — Жыць кожнаму трэба... Вось ты на мяне на сходзе ўз’еўся, а за што? М. Стральцоў. [Гаўрута:] — Добра зрабілі, што не задзіраліся з .. [жулікамі], бо гэтая шайка, калі б уз’елася, нарабіла б вам бяды. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)