летапісны звод, складзены ў апошняй чвэрці 15 ст. ў Пскове або ў Ноўгарадзе на аснове больш стараж.рус. летапісных крыніц. Ахоплівае падзеі да 1469. У ім адлюстравана гісторыя Кіеўскай і Маскоўскай Русі, Ноўгарада, часткова ВКЛ. Найб. каштоўныя і цікавыя матэрыялы за 14—15 ст. У 1495 гэты летапісны звод перапісаны ў Смаленску Аўрамкам. Быў распаўсюджаны на Беларусі. На аснове Аўрамкі летапісу ўзнік Віленскі спіс, у канцы якога змешчаны тэкст «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх». Звесткамі Аўрамкі летапісу часткова карыстаўся складальнік Супрасльскага летапісу 1-й пал. 16 ст. Надрукаваны Аўрамкі летапіс у Поўным зборы рус. летапісаў (т. 16, 1889).
Літ.:
Шахматов А.А. Обозрение русских летописных сводов XIV—XVI вв. М.; Л., 1938.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АША́НІН (Леў Іванавіч) (н. 30.5.1912, г. Рыбінск Яраслаўскай вобл.),
рускі паэт. Вучыўся ў Літ. ін-це імя М.Горкага (1936—39). Аўтар зб-каў вершаў «Дзеці розных народаў» (1950), «Вершы пра каханне» (1957), «Проста я працую чараўніком» (1966), «Ішоў я праз завіруху...» (1970), «Здалёк — доўга» (1977), «Самалёты і салаўі» (1982), «Пакуль я дыхаць умею...» (1985), «Таму што мне васемнаццаць» (1987) і інш., рамана ў вершах «Мой сябра Барыс» (1944), рамана ў баладах «Вада бяссмерця» (1975), аповесці ў вершах «Гаспадар агню» (1977). Асн. тэматыка твораў — рамантыка стваральнай працы, маладосць, каханне. Многія яго вершы, пакладзеныя на музыку («Песня пра трывожную маладосць», «Цячэ Волга», «Хай заўсёды будзе сонца»), сталі вядомымі песнямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШМЯ́НСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Йімя Ф.К.Багушэвіча.
Засн. ў 1952, адкрыты ў 1955 у г.п. Ашмяны Гродзенскай вобласці. Імя Ф.Багушэвіча прысвоена ў 1953. Пл. экспазіцыі 236 м², больш за 6 тыс. адзінак асн. фонду (1995). Сярод экспанатаў стараж. прылады працы, фрагменты шклянога і керамічнага посуду 11—16 ст., манеты 18—19 ст., нар. адзенне, прадметы побыту, творы дэкар.-прыкладнога мастацтва, вырабы нар. майстроў, дакументы і фотаздымкі з гісторыі Ашмяншчыны. Экспанаты расказваюць пра ўдзельнікаў гіст. і рэв. падзей М.С.Арэхву, Г.Дэмбінскага, А.Снядэцкага і інш. Асобная зала прысвечана жыццю і літ. дзейнасці Ф.Багушэвіча (асабістыя рэчы, выданні яго твораў, фотаздымкі родных і блізкіх, макет дома ў Кушлянах і інш.). У музейнай б-цы (каля 1,5 тыс.экз. кніг) рэдкія і каштоўныя выданні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БААЛЬБЕ́К (стараж.Геліопаль),
горад у Ліване, у даліне Бекаа. Упершыню ўпамінаецца ў 14 ст. да нашай эры
Захаваліся руіны грандыёзнага храмавага ансамбля рым. часу (1—3 ст.). Велічныя прапілеі з 12-калонным порцікам і 2-павярховымі квадратнымі вежамі па баках вялі ў шасцівугольны двор, за якім размяшчаўся вял. прамавугольны двор (раскопкамі адкрыты рэшткі вял. будынка алтара). Манументальныя ўсходы вялі ў Вял. храм, ці т.зв. храм Юпітэра, каля яго добра захаваны Малы храм, ці т.зв. храм Вакха або Меркурыя; каля прапілеяў стаяў т.зв. храм Венеры. У 13 ст.тэр. ансамбля была ператворана ў крэпасць (рэшткі сцен, вежаў). На У ад прапілеяў — руіны Вял. мячэці і мінарэта.
Літ.:
Jidejian N. Baalbek: Heliopolis, city of the sun. Beirut, 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДАНКЕ́ВІЧ (Станіслаў Антонавіч) (1.1.1937, в. Шапавалы Валожынскага р-на Мінскай вобл.),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Беларусі, вучоны-эканаміст. Д-рэканам.н. (1991), праф. (1991). Акад. і віцэ-прэзідэнт Міжнар.АН Еўразіі (1994). Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі (1995). Скончыў Усесаюзны завочны фінансава-эканам.ін-т (1964). У 1956—81 працаваў ва ўстановах Дзяржбанка СССР на Беларусі. З 1981 заг. кафедры ў Бел. ін-це нар. гаспадаркі. У 1991—95 старшыня праўлення Нац. банка Рэспублікі Беларусь. З 1995 дэп.Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па праблемах грашова-крэдытнай сістэмы.
Літ.:
Совершенствование системы финансирования жилищного строительства. Мн., 1985;
Кредит в колхозах в условиях агропромышленной интеграции. Мн., 1986;
Финансирование, кредитование и расчеты в АПК. Мн., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГРЫ́М (Паўлюк) (Павел Восіпавіч; 14.11.1812, в. Крошын Баранавіцкага р-на — 1891 ?),
бел.паэт. Сын каваля. Вучыўся ў Крошынскай парафіяльнай школе. За распаўсюджанне антыпрыгонніцкіх вершаў, у т. л. «Рабункі мужыкоў» Я.Баршчэўскага, здадзены ў рэкруты (дакументальна не пацверджана). Працаваў кавалём у Крошыне. У мясц. касцёле зберагаецца металічная люстра работы Багрыма — узор маст. коўкі. Захаваўся адзін верш Багрыма — «Зайграй, зайграй, хлопча малы...», апубл. навагрудскім юрыстам І.Яцкоўскім («Аповесць з майго часу», Лондан, 1854). Верш — шэдэўр бел. лірыкі 19 ст., які кранае сілай пратэсту супраць прыгону, глыбінёй пачуцця, арганічнасцю формы і зместу. У 1985 у Крошыне адкрыты музей нар. мастацтва і рамёстваў імя Багрыма.
Літ.:
Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд.Мн., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАДУНО́ВА (Палута) (Пелагея Аляксандраўна; 1885, Навабеліца, цяпер у межах Гомеля — 29.11.1938),
бел.паліт. дзеяч. Скончыла вышэйшыя гіст.-літ. курсы ў Петраградзе (1917), У 1917 чл.ЦКБел.сацыяліст. грамады, дэпутат Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Удзельнік Усебел. з’езда 1917 у Мінску. З лют. 1918 нар. сакратар апекі ў Нар. сакратарыяце Беларусі. У 1918—25 у Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р), сакратар яе ЦК. У 1919 увайшла ў Раду Бел.Нар. Рэспублікі і выступала за поўную незалежнасць Беларусі. У крас. 1920 як прадстаўнік БПС-Р вяла перагаворы з ЦК РКП(б). Арыштоўвалася польск. і сав. ўладамі. У 1923—25 жыла ў Празе. З 1925 у СССР, працавала настаўніцай у Гомелі. У 1937 арыштавана, расстраляна ў Мінску. Рэабілітавана ў 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗІЛЕ́ВІЧ Мануіл, усходнеславянскі драматург і паэт 18 ст. Вучыўся ў Кіева-Магілянскай акадэміі. У 1750—54 выкладаў паэтыку і рыторыку ў Смаленскай духоўнай семінарыі. Для школьнага тэатра гэтай семінарыі з пазіцый царк.-рэліг. маралі і хрысціянскіх ідэалаў напісаў сілабічным вершам драму-маралітэ «Дэкламацыя» — тыповы твор школьна-схаласт. драматургіі. Карыстаючыся алегарычнымі і міфічнымі вобразамі, асуджаў п’янства, хцівасць, прадажнасць суддзяў, спачуваў бедным, сцвярджаў думку пра марнасць жыцця, неабходнасць маральнага ўдасканалення чалавека. Мова п’есы стараслав. з беларусізмамі. Паміж дзеяннямі «Дэкламацыі» ставіліся сатыр.-гумарыст. інтэрмедыі на бел. мове «Селянін у касцёле» і «Селянін на споведзі», напісаныя Базілевічам або яго вучнямі.
Літ.:
Усікаў Я. Беларуская камедыя. Мн., 1979. С. 61—64;
Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 316—319.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛГА́РСКАЯ МО́ВА,
адна са славянскіх моў (паўд. група). Пашырана ў Балгарыі (дзярж. мова) і сярод балгараў, што жывуць у Югаславіі, Румыніі і інш. суседніх дзяржавах. Мае 2 асн. групы дыялектаў: усходні і заходні.
У фанетычнай сістэме балгарскай мовы 6 галосных (у т. л. спецыфічна балг. гук «ъ») і 37 зычных фанем. Граматычныя асаблівасці вызначаюцца яе прыналежнасцю да балканскага моўнага саюза: страта катэгорыі склону (па гэтай прыкмеце балгарскую мову адносяць да аналітычных моў), наяўнасць катэгорыі азначальнасці імені (назоўнік з постапазіцыйным артыклем — «жената», «градът») і спец. пераказвальнага ладу, страта інфінітыву, разгалінаваная сістэма з 9 часоў дзеяслова і інш.
Першыя пісьмовыя помнікі датуюцца 10 ст. Сучасная літ. мова сфарміравалася ў сярэдзіне 19 ст. на аснове паўн.-ўсх. гаворак. Графіка балгарскай мовы ўзыходзіць да кірыліцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДАРО́ЎНА,
гераіня аднайм. песні-балады, пашыранай на Беларусі, Украіне, часткова ў Літве і Польшчы. Твор узнік у 18 ст., звязаны з учынкамі старосты г. Канеў М.Патоцкага, які прымусам браў прыгожую дзяўчыну замуж, а нацешыўшыся ахвярай, забіваў яе і наладжваў пышнае пахаванне. Падобны сюжэт і ў аснове нар. балады, толькі там гордая дзяўчына нават пад пагрозай смерці не згаджаецца на дамаганні пана. У вобразе Бандароўны адлюстравана нар. ўяўленне пра маральную чысціню і стойкасць, чалавечую годнасць і прыгажосць. Першы баладу пра Бандароўну апубл. Я.Чачот. Яе запісалі Е.Раманаў, М.Федароўскі, У.Вярыга, П.Шэйн, Р.Шырма і інш. Я.Купала на аснове балады стварыў паэму «Бандароўна».
Літ.:
Балады. Мн., 1978. Кн. 2. С. 343—354;
Салавей Л.М. Беларуская народная балада. Мн., 1978. С. 173—183.