ПО́ЙМАВЫЯ ЛЯСЫ́,

лясы ў поймах рэк, якія перыядычна затапляюцца ў час веснавога разводдзя і пры разлівах ад дажджоў у летне-асенні перыяд. Склад і структура П.л. вызначаюцца геамарфал. і экалагічнымі ўмовамі розных ч. рачной поймы: працягласцю і вышынёй затаплення, амплітудай вагання і ступенню праточнасці грунтавых вод, саставам алювіяльных адкладаў. У П.л. пашыраны ўстойлівыя да затаплення віды раслін: дуб звычайны, вольха чорная, ясень звычайны, радзей бярозы павіслая і пушыстая, асіна, вяз гладкі, бераст, некат. віды вербаў, свідзіна крывава-чырвоная, брызгліна еўрапейская, крушына ломкая, парэчкі чорныя, ажыны. На павышаных участках з непрацяглым затапленнем растуць ляшчына і снітка. У далінах старых пойм, дзе адсутнічае затапленне, трапляюцца пазапоймавыя расліны: граб, клён, ліпа, рабіна, маліны, чарніцы, кісліца, арляк. Масівы П.л. пашыраны ў поймах рэк Дняпро, Нёман, Бярэзіна, Пціч, Сож, найлепш захаваліся ў пойме р. Прыпяць і ў нізоўях яе прытокаў. П.л. маюць важнае вода- і глебаахоўнае значэнне.

В.​С.​Гельтман.

т. 12, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУСТАЗЕ́ЛЛЕ, пустазельныя расліны,

расліны, рост якіх на пэўных участках непажаданы. Пагаршае ўмовы росту і развіцця культ. раслін, зніжае іх ураджай, перашкаджае рабоце с.-г. машын, спрыяе пашырэнню шкоднікаў. Паводле месца росту П. падзяляецца на раллёвае (сегетальнае), смеццевае (рудэральнае) і П. прыродных угоддзяў.

Для П. характэрны высокая пладавітасць (напр., 1 расліна палыну звычайнага дае да 10,5 млн. насення), непатрабавальнасць да глебава-клімат. умоў. Многія пустазельныя расліны (васілёк сіні, куколь) па-за межамі аграбіяцэнозаў не трапляюцца. На палях, моцна засмечаных П. недабор зерня з 1 га дасягае 0,2—0,3 т, бульбы 2—5 т, агародніны 1,5—4 т, таксама ў прадукцыі памяншаецца колькасць бялкоў, цукру, крухмалу.

На Беларусі каля 300 відаў П., найб. пашыраныя з аднагадовага П. — лебяда белая, свінакроп палявы, брыца звычайная, пупок палявы, рэдзька дзікая, зоркаўка сярэдняя; са шматгадовага П. — пырнік паўзучы, шчаўе конскае, асот палявы, бярозка палявая, хвошч і інш.

т. 13, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́ЦА, расянка (Drosera),

род кветкавых раслін сям. расіцавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў трапічных і ўмераных паясах, пераважна ў Аўстраліі і Новай Зеландыі. На Беларусі 4 віды Р.: адваротнаяйцападобная (D. obovata), англійская, ці даўгалістая (D. anglica), круглалістая (D. rotundifolia) і прамежкавая (D. intermedia), занесеная ў Чырв. кнігу. Трапляюцца на балотах, асабліва сфагнавых.

Шматгадовыя насякомаедныя травы выш. да 25 см з паўзучым або клубнепадобным карэнішчам. Лісце ў прыкаранёвай разетцы, доўгачаранковае, распасцёртае па зямлі. На верхнім баку і па краі пакрытае адчувальнымі валаскамі з чырв. залозістай галоўкай, якая ўтрымлівае кроплю ліпкай вадкасці (здаецца, што на лісці раса, — адсюль назва). Калі насякомае трапляе на ліст, валаскі накрываюць яго і абвалакваюць сліззю. Адначасова ліст складваецца па цэнтры (стрымлівае насякомае) і выдзяляе стрававальныя ферменты. Пасля ператраўлівання насякомага ліст зноў раскрываецца. Кветкі дробныя, белыя, у негустых гронкападобных або мяцёлчатых суквеццях. Плод — каробачка. Лек. і фарбавальныя расліны.

В.​М.​Прохараў.

Расіца прамежкавая.

т. 13, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ЖАВЫЯ, ружакветныя (Rosaceae),

сямейства двухдольных раслін. Больш за 120 родаў, каля 3,5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 24 роды, каля 70 відаў. Сярод Р. пладовыя (абрыкос, айва, вішня, груша, міндаль, мушмула, сліва), ягадныя (ажына, клубніцы, маліна, марошка, суніцы), дэкар. (глог, ружа, спірэя), лек. (дуброўка, крывасмок, лаўравішня, шыпшына) расліны. Інтрадукавана больш за 500 відаў. Некат. віды (напр., валжанкі двухдольная і звычайная, дуброўка скальная, кізільнік алаунскі, сліва калючая, або цёрн, марошка прысадзістая) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Лістападныя і вечназялёныя дрэвы, кусты, травы. Лісце чаргаванае, радзей супраціўнае, простае ці складанае. Кветкі правільныя, пераважна двухполыя ў гронкавых, мяцёлчатых або шчытковых суквеццях. Плады рознага тыпу — сухія або сакаўныя, шматлістоўкі, каробачкі, арэшкі, касцянкі, яблыкі. Харч., лек., эфіраалейныя, тэхн., кармавыя, меданосныя, дэкар. расліны.

Літ.:

Вульф Е.В. Малеева О.Ф. Мировые ресурсы полезных растений. Л., 1969. Жизнь растений. Т. 5 (ч. 2). М., 1982.

т. 13, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЮЧЫЯ ВО́СЫ (Sphecoidea),

надсямейства насякомых атр. перапончатакрылых. 12 тыс. відаў. Жывуць у розных ландшафтах, паасобна. Гнёзды ў глебе на пясчаных месцах (адсюль назва), пустых сцёблах травяністых раслін, у гнёздах насякомых і інш. Ёсць гнездавыя паразіты. На Беларусі найб. трапляюцца пчаліны воўк, амафіла пясчаная (Ammophila sabulosa), бембекс насаты (Bembex rostrata), сфекс зубасты (Sphex maxillosus), цэрцэрыс пясчаны (Cerceris arenaria), аса тоўстагаловая вялікая (Crabro cribrarius).

Даўж. да 6 см. Цела голае або пакрыта валаскамі, чорнае, часта з жоўтым або чырв. малюнкам. Брушка з тонкай сцяблінкай. Яйцаклад зменены ў тонкае джала — сродак нападу на здабычу і абароны ад ворагаў, праз якое ў момант уколу выводзіцца сакрэт ядавітых залоз. Лічынкі — драпежнікі, дарослыя кормяцца нектарам і пылком кветак, асобныя віды Р.в. палююць на пэўных насякомых і іх лічынак. Ператварэнне поўнае.

С.​Л.​Максімава.

Рыючыя восы: 1 — аса тоўстагаловая вялікая; 2 — бембекс насаты; 3 — сфекс зубаты; 4 — амафіла пясчаная.

т. 13, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТАЯ́ННІК, зверабой (H. ypericum),

род кветкавых раслін сям. святаяннікавых, або зверабойных. Больш за 300 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных паясах і ў гарах тропікаў. На Беларусі 8 відаў. Найб. вядомыя С.: плямісты (H.maculatum), нар. назвы святаянскае зелле, крывавец, сямёнава кроў і прадзіраўлены (H. perforatum), нар. назвы зелле св. Івана, расанкі, кроўка. Вельмі рэдка трапляюцца С.: вялікі (H. majus), горны (H. montanum), зграбны (H. elegans), распасцёрты (H. humifusum), чатырохкрылы (H. tetrapterum), цвёрдаваласісты (H. hirsutum). Растуць у ліставых і мяшаных лясах, на палях, сухадольных лугах, уздоўж узлескаў. Інтрадукавана каля 7 відаў.

Адна- і шматгадовыя травы, кусты, паўкусты і невял. дрэвы. Сцёблы звычайна прамыя, галінастыя. Лісце суцэльнае, супраціўнае або ў кальчаках, з кропкавымі залозкамі. Кветкі залаціста-жоўтыя, у мяцёлчатых, гронка- ці шчыткападобных суквеццях. Плод — каробачка. Лек., фарбавальныя, дубільныя, харч., меданосныя і дэкар. расліны. Некат. віды ядавітыя для авечак і коней.

А.​М.​Скуратовіч.

Святаяннік прадзіраўлены.

т. 14, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

біядэ́рм

(ад бія- + -дэрма)

слой, плёнка, якая складаецца з жывых арганізмаў (бактэрыі, грыбы, сіне-зялёныя водарасці), што жывуць і кормяцца на паверхні цел іншых жывых арганізмаў (на падводных частках раслін, рыбах).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гутапе́рча

(англ. guttapercha, ад малайск. getah = жывіца + pertja = гатунак дрэва)

пластычнае арганічнае рэчыва, блізкае па сваіх уласцівасцях да каўчуку, якое атрымліваюць з зацвярдзелага соку некаторых раслін; выкарыстоўваецца ў тэхніцы і медыцыне.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

псеўдарэлі́кты

(ад псеўда- + рэлікты)

віды раслін і жывёл, што з’яўляюцца рэліктамі ў адных рэгіёнах, а ў выніку пашырэння іх першапачатковага арэала паўторна засяляюць новыя рэгіёны, у якіх яны з’яўляюцца ўжо псеўдарэліктамі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

фітагармо́ны

(ад фіта- + гармоны)

фізіялагічна актыўныя рэчывы, якія ўтвараюцца ў раслінах у вельмі малой колькасці і рэгулююць рост раслін, павялічваюць іх укараненне; да фітагармонаў належаць ауксіны, вітаміны, цытакініны, гіберэліны і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)