бліжэйшыя да зямной паверхні безнапорныя падземныя воды. Знаходзяцца ў зоне аэрацыі, маюць часовы (сезонны) характар і абмежаванае пашырэнне. Лінзы верхаводкі перыядычна памнажаюцца пераважна за кошт інфільтрацыі атм. і паверхневых вод, найб. інтэнсіўна — у час працяглых дажджоў і раставання снегу. Мае магутнасць не больш за 1—2 м. Часцей назіраецца на водападзельных раўнінных участках і тэрасах рэк, прымеркавана да паніжэнняў мікрарэльефу. Выклікае часовыя змены ў ландшафтах — з’яўленне пэўнай расліннасці, засаленне паверхні глебы і інш. Знікае ў выніку выпарэння або перацякання ў ніжэйшыя ваданосныя гарызонты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕТРАВЫ́Я ХВА́ЛІ,
складаныя ваганні вады на паверхні вадаёмаў, якія выклікаюцца ветрам. Назіраюцца ў верхнім слоі вады да глыб. ў сярэднім 50—60 м. Памеры ветраных хваль залежаць ад скорасці і даўжыні разгону ветру, працягласці яго ўздзеяння на водную паверхню, памераў воднай прасторы і глыбіні вадаёма. У глыбакаводных частках мораў вышыня ветраных хваль можа дасягаць 10 м і больш, у акіянах — ад 13—18 да 25 м, скорасць распаўсюджання да 14—15 м/с. На вадаёмах Беларусі вышыня хваль звычайна 0,25—0,5 м, максімальная да 1,5 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДО́МЕЦ (Parnassia),
род кветкавых раслін сям. відомцавых. Больш за 50 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных і субтрапічных рэгіёнах Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляецца відомец балотны (Parnassia palustris). Расце на балотах, забалочаных лугах, берагах рэк і ручаёў.
Шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным сцяблом і кароткім карэнішчам. Лісце суцэльнае, сцябловае сядзячае, прыкаранёвае ў разетцы, доўгачаранковае, з сэрцападобнай асновай. Кветкі адзіночныя, белыя, з нектарнікамі. Плод — шматнасенная аднагнездавая каробачка. Лісце мае дубільныя і горкія рэчывы. Лек. (заспакаяльны, вяжучы, мачагонны, жаўцягонны, кровааднаўленчы і гаючы сродак), дэкар., кармавыя і меданосныя расліны. Некаторыя віды ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЕ́ЙСКІ БОЙ 1943,
баявая аперацыя партызан 1-й Антыфаш. брыгады па разгроме ням.-фаш. гарнізона 31 кастр. — 1 ліст. ў г. Вілейка ў Вял.Айч. вайну. Гарнізон меў 3 тыс. салдат і афіцэраў, некалькі артыл. і мінамётных узводаў, школу паліцэйскіх, больш за 10 складоў з прадуктамі і боепрыпасамі, ахову з сістэмы дзотаў, прымаў удзел у карных аперацыях, рабаванні і знішчэнні сав. грамадзян. У выніку раптоўнага начнога нападу партызаны нанеслі значныя страты праціўніку ў жывой сіле і тэхніцы, знішчылі станцыйныя збудаванні, узарвалі 4 чыг. і 4 шашэйныя масты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІШЫ́ (Vichy),
горад у Францыі, у дэпартаменце Алье, на р. Алье. Вядомы з часоў Стараж. Рыма. У 1940—44 месца знаходжання калабарацыянісцкага ўрада маршала Ф.Петэна. 28 тыс.ж. (1990). Вузел чыгунак. Аэрапорт. Эл.-тэхн., фармацэўтычная, шкларобчая прам-сць. Маст. і гіст. музеі. Казіно. Буйнейшы бальнеакліматычны курорт у Францыі. Развіваецца з пач. 17 ст. Цёплы, умерана вільготны клімат, спрыяльны для адпачынку і лячэння. Больш за 10 крыніц субтэрмальных і гарачых (да 66 °C) радонавых мінер. вод, якія выкарыстоўваюцца пры лячэнні хвароб печані, жоўцевых шляхоў, кішэчніка, нырак, эндакрынных залоз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЎНА,
валасяное покрыва авечак; сыравіна для вытв-сці шарсцяных тканін, трыкатажу і валеных вырабаў. Воўну падзяляюць на аднародную (тонкую і паўтонкую) і неаднародную (грубую і паўгрубую). Тонкая воўна — найб. каштоўная сыравіна, якая складаецца з пуховых валокнаў. Атрымліваюць яе ад танкарунных авечак. Паўтонкая воўна мае больш тоўстыя пуховыя або тонкія пераходныя валокны (воўна паўтанкарунных парод). Грубая і паўгрубая воўна складаецца з пуху, пераходнага воласу і восці (воўна грубашэрсных і паўгрубашэрсных парод). Паўгрубую воўну выкарыстоўваюць пераважна ў дывановай прам-сці, грубая ідзе на выраб грубага сукна, валеных вырабаў. Гл. таксама Авечкагадоўля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУГЛАМЕ́Р,
1) прылада для вымярэння кантактным метадам вуглоў дэталей машын і інш. вырабаў. Бываюць ноніусныя (з дапаможнай шкалой — ноніусам) і аптычныя. Пры вымярэннях вугламер непасрэдна датыкаецца да ўтваральных вугла або па ім настройваецца адліковае прыстасаванне кантрольнай прылады.
Для больш дакладных вымярэнняў выкарыстоўваюць сінусныя лінейкі, вымяральныя мікраскопы і інш. 2) Прылада для вымярэння гарыз. і верт. вуглоў і адлегласцей пры маркшэйдэрскай здымцы, калі не патрабуецца высокая дакладнасць (гл.Маркшэйдэрыя), тэадаліт спрошчанай канструкцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСО́КІХ НАПРУ́ЖАННЯЎ ТЭ́ХНІКА,
раздзел электратэхнікі, які ахоплівае вывучэнне і выкарыстанне эл. з’яў, што адбываюцца ў розных асяроддзях пры высокіх (больш за 1 кВ) напружаннях. Асн. праблема высокіх напружанняў тэхнікі — стварэнне для ЛЭП, эл. машын і ўстановак высакавольтнай ізаляцыі, якая забяспечвае іх надзейную працяглую работу і здольнасць вытрымліваць перанапружанні.
Займаецца таксама даследаваннем кароннага разраду і ВЧ-выпрамяненняў, якія ўзнікаюць на высакавольтных устаноўках; распрацоўкай і эксплуатацыяй электраўстановак, выпрабавальных і вымяральных прыстасаванняў і прылад высокага напружання. Самастойны раздзел высокіх напружанняў тэхнікі — электронна-іонная тэхналогія, што выкарыстоўваецца ў сістэмах газаачысткі, для афарбоўкі і інш. мэт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ І́СНА,
возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Ушача (працякае праз возера), за 12 км на ПдЗ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,3 км², даўж. 1 км, найб.шыр. 440 м, найб.глыб. 11 м, даўж. берагавой лініі больш за 2,5 км.
Пл. вадазбору 186 км². Схілы катлавіны выш. да 20 м, парослыя лесам. Берагі нізкія, месцамі забалочаныя, на ПдУ тарфяністыя, пад хмызняком. Дно выслана глеямі, пясчаныя адклады толькі на Пн і У у літаральнай зоне. У возера ўпадаюць 3 ручаі, у т. л. з воз. Звонь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЧЭ́РА,
возера ў Любанскім р-не Мінскай вобл., у бас.р. Арэса, за 12 км на ПдУ ад г. Любань, на плоскай забалочанай мясцовасці. Пл. 3,24 км², даўж. 2,75 км, найб.шыр. 1,55 км, найб.глыб. 1,6 м, даўж. берагавой лініі больш за 7,4 км. Схілы катлавіны плоскія, затарфаваныя, на У пясчаныя дзюны выш. да 7 м. Берагі нізкія, тарфяністыя, на У пясчаныя. Дно плоскае, выслана сапрапелем, уздоўж усх. берага пясчанае. Злучана з Чабускім каналам. У выніку меліярац. работ возера абмялела і штучна папаўняецца праз магістральны канал з р. Арэса.