НАЙБО́ЛЬШАГА СПРЫЯ́ННЯ РЭЖЫ́М у міжнародным праве,

адзін з найважнейшых прынцыпаў рэгулявання эканам., у т. л. гандл-, адносін паміж дзяржавамі. Кожная з дагаворных дзяржаў абавязваецца даваць другой такія ж правы і прывілеі ў пэўнай галіне іх узаемаадносін, якія яна ўжо дала трэцяй дзяржаве. Гэта выяўляецца ў правілах вядзення знешнегандлёвых аперацый, у т. л. пры ўстанаўленні мытных плацяжоў і збораў, што спаганяюцца пры ўвозе і вывазе тавараў. У гандл. дагаворах і пагадненнях звычайна пералічваюцца ўмовы, на якія не распаўсюджваецца Н.с.р., у іх ліку перадумовы, што вынікаюць з удзелу кожнага з дагаворных бакоў у мытных саюзах, зонах свабоднага гандлю і інш. формах рэгіянальнай эканам. інтэграцыі (напр., Н.с.р., што існуе ў Беларусі з краінамі СНД), а таксама розныя прывілеі, якія адзін з дагаворных бакоў дасць на падставе міжнар. пагадненняў краінам, што стаяць на шляху развіцця, або любой суседняй краіне для палягчэння прыгранічнага (прыбярэжнага) гандлю. Н.с.р. — адна з цэнтр. задач лібералізацыі знешняга гандлю, абвешчаных пры стварэнні ў 1994 Сусветнай гандлёвай арганізацыі (Беларусь атрымала ў ёй статус наглядальніка).

т. 11, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДО́БНАСЦІ ТЭО́РЫЯ,

вучэнне аб умовах падобнасці аднатыпных працэсаў ці з’яў, якія адрозніваюцца маштабамі адлегласцей, скарасцей, т-р ці інш. характарыстык.

Мэта П.т. — выявіць залежнасці невядомых велічынь, істотных для зададзенага працэсу, ад зыходных даных задачы, што грунтуецца на разглядзе кожнай задачы ў характэрных для яе пераменных — безразмерных ступеневых комплексах, створаных з істотных для дадзенага класа задач параметраў (гл. Размернасцей аналіз). Размерныя фіз. параметры, што ўваходзяць у склад комплексаў, могуць мець розныя значэнні ў розных задачах, аднолькавымі павінны быць толькі безразмерныя крытэрыі падобнасці, якія складаюцца з параметраў, зададзеных паводле ўмоў задачы. Напр., характар цячэння вязкай вадкасці характарызуецца суадносінамі паміж сіламі інерцыі і сіламі вязкасці — Рэйнальдса крытэрыем. Комплексы, якія маюць пераменныя, наз. лікамі падобнасці, напр., лік Фур’е — безразмерная форма адліку часу ў задачах цеплаправоднасці. Выкарыстоўваецца ў механіцы, гідра- і аэрадынаміцы, тэорыі цеплаправоднасці, пры мадэліраванні розных з’яў і інш.

Літ.:

Гухман А.А. Введение в теорию подобия. 2 изд. М., 1973;

Седов Л.И. Методы подобия и размерности в механике. 10 изд. М., 1987.

М.​У.​Паўлюкевіч.

т. 11, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАМЕ́ШЧАНЫЯ АСО́БЫ ў міжнародным праве,

асобы, якія прымусова вывезены ў перыяд 2-й сусв. вайны 1939—1945 фаш. Германіяй з акупіраваных ёю тэрыторый у інш. краіны для выкарыстання на розных работах. Праблема П.а. асабліва востра паўстала пасля вайны, калі ўзнікла пытанне пра вяртанне іх на радзіму. У час вайны СССР заключыў з шэрагам краін, што ўваходзілі ў антыгітлераўскую кааліцыю, пагадненне аб лёсе гэтых асоб (11.2.1945 з ЗША і Англіяй; 29.6.1945 з Францыяй). Ген. Асамблея ААН у рэзалюцыях ад 12.2.1946 і 15.12.1946 устанавіла, што дзяржавы — чл. ААН павінны садзейнічаць паскоранай рэпатрыяцыі П.а., якія знаходзяцца на іх тэрыторыі. Для спрыяння вырашэнню праблемы П.а. у 1946 створана Міжнар. арг-цыя па справах бежанцаў, якая скасавана ў сувязі са стварэннем у 1951 Упраўлення вярх. камісара па справах бежанцаў. У практыцы Упраўлення вярх. камісара ўжываецца тэрмін «П.а.» таксама да некаторых катэгорый «унутраных бежанцаў» — асоб, якія нядобраахвотна пакінулі якую-н. частку сваёй краіны і вымушаны пасяліцца ў інш. яе частцы.

І.​М.​Таніева.

т. 12, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРШАБЫ́ТНЫЯ ЖЫВЁЛЫ І РАСЛІ́НЫ,

першыя на Зямлі арганізмы, якія ў працэсе эвалюцыі біясферы далі пачатак усёй разнастайнасці раслінных і жывёльных форм жыцця. Узнікалі, развіваліся і знікалі на працягу многіх мільёнаў гадоў. Першыя сляды жывых істот выяўлены ў горных пародах, узрост якіх вызначаны ў 3,5 млрд. гадоў. Першыя формы жыцця ўзніклі, верагодна, у дакембрыйскіх морах (гл. Дакембрый) і падзяліліся на 2 асн. групы — расліны і жывёлы, якія за пэўны час прайшлі эвалюц. шлях ад аднаклетачных да шматклетачных арганізмаў. Першапачатковыя аднаклетачныя істоты адносіліся да групы найб. прымітыўных арганізмаў — пракарыёт. Сярод некат. плаваючых іх форм узніклі першыя сапраўдныя аднаклетачныя — эўкарыёты. У канцы пратэразою (у вендзе, каля 600 млн. г. назад) у адкладах адзначаны адбіткі мнагаклетачных арганізмаў, якія бачны простым вокам. Прадстаўнікі найб. стараж. жывёл — археацыяты — з’явіліся каля 570 млн. г. назад. У канцы кембрыйскага перыяду існавалі прадстаўнікі амаль усіх тыпаў жывёльнага свету, а расліны былі прадстаўлены шматлікімі вапняковымі водарасцямі. Далейшая эвалюцыя біясферы прывяла да сучаснага стану флоры і фауны.

П.​Ф.​Каліноўскі.

т. 12, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДМЕ́ТЫ СПАЖЫВА́ННЯ,

сукупнасць матэрыяльных даброт і паслуг, якія выкарыстоўваюцца ў сферы невытворчага, звычайна асабістага, спажывання. Групуюцца па відах: прадукты харчавання, адзенне і абутак, мэбля і гасп. рэчы, прадметы культуры і спорту, друкаваныя выданні і інш. Адрозніваюць прадметы працяглага карыстання (тэлевізары, дамашнія халадзільнікі, аўтамашыны, кнігі і інш.) і прадметы кароткатэрміновага карыстання (прадукты харчавання, некаторыя віды адзення, абутку і інш.). Састаўная частка П.с. — паслугі (камунальныя, бытавыя і інш.), якія прадастаўляюцца членам грамадства і задавальняюць іх патрэбы. Па меры развіцця грамадскай вытв-сці і змены спажывецкага попыту змяняецца склад П.с., а таксама іх якасць. Аб’ём П.с. ацэньваецца ў натуральным і вартасным выражэнні, што мае важнае значэнне пры аналізе змены агульнага аб’ёму спажывання матэрыяльных даброт насельніцтвам, яго грамадскімі групамі, сем’ямі ў залежнасці ад іх памеру, узроўню даходаў і інш. Матэрыяльныя даброты і паслугі, якія спажываюцца насельніцтвам, утвараюць фонд асабістага спажывання, аб’ём і структура якога вызначаюцца існуючым аб’ёмам П.с. і наяўнасцю ў насельніцтва сродкаў для ІХ набыцця.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 12, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кан’юнкту́ра

(с.-лац. conjunctura)

1) сукупнасць умоў, становішча, абставіны, якія склаліся ў той ці іншай галіне дзейнасці, напр. у палітыцы, эканоміцы, гандлі, уплываюць на ход якіх-н. падзей, спраў (напр. спрыяльная к.);

2) сукупнасць прымет, якія характарызуюць стан эканомікі, фінансавых адносін за пэўны перыяд развіцця дзяржавы (напр. к. рынку).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

лучкі́ Выгіны, крывізіна, павароты ракі; невялікія ўчасткі сенажаці на выгінах рэчак (Паст., Слаўг.). Тое ж лу́чкі (Стаўбц.).

□ ур. Лучкі́ (луг) каля в. Бабі́навічы Арш., ур. Лучкі́ (лужкі каля р. Пясчанкі) недалёка ад в. Папоўка Слаўг., якія ў сваю чаргу падзяляюцца на Лучкі́ Пе́ршыя, Лучкі́ Другі́я і Лучкі́ Трэ́ція.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ланцу́г, -а́, мн. -і́, -о́ў, м.

1. Рад аднолькавых металічных звёнаў, паслядоўна злучаных адно з адным.

Л. якара.

2. перан. Суцэльны рад, сукупнасць чаго-н.

Л. людзей.

Горны л.

3. перан. Лінія байцоў, размешчаных на пэўнай адлегласці адзін ад аднаго.

Бегчы ланцугом (прысл.).

4. Устройства з шэрагу злучаных між сабой элементаў, якія ўтвараюць суцэльную лінію (спец.).

Электрычны л.

◊

Як з ланцуга сарваўся (разм.) — пра нястрыманага, злога чалавека.

|| памянш. ланцужо́к, -жка́, мн. -жкі́, -жко́ў, м. (да 1—3 знач.).

|| прым. ланцу́жны, -ая, -ае (да 1 знач.).

Л. сабака.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

дыяле́ктыка, -і, ДМ -тыцы, ж.

1. Філасофскае вучэнне аб усеагульных законах руху і развіцця прыроды, чалавечага грамадства і мыслення; навуковы метад пазнання з’яў прыроды і грамадства шляхам ускрыцця ўнутраных супярэчнасцей і барацьбы процілегласцей, якія прыводзяць да скачкападобнага пераходу з адной якасці ў другую.

Матэрыялістычная д.

2. Сам працэс такога руху і развіцця.

Д. падзей.

Д. гісторыі.

3. Майстэрства весці спрэчкі, прымяняць лагічныя довады (уст.).

|| прым. дыялекты́чны, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.).

Д. матэрыялізм.

Д. метад.

|| наз. дыялекты́чнасць, -і, ж. (да 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

адлюстрава́ць, -ру́ю, -ру́еш, -ру́е; -ру́й; -рава́ны; зак.

1. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), што. Узнавіць, перадаць чый-н. вобраз на сваёй люстраной паверхні, адкінуць у адваротным напрамку светавыя промні.

Возера адлюстравала кроны пышных дрэў.

2. Перадаць у вобразах або паняццях аб’ектыўную рэальнасць.

3. Ахарактарызаваць, перадаць сутнасць, змест, унутраныя асаблівасці чаго-н.

Чалавек стараўся падабраць такія словы, якія б дакладна адлюстравалі яго душэўны стан.

4. Увасобіць у мастацкіх вобразах, паказаць, намаляваць.

А. жыццё народа ў рамане.

|| незак. адлюстро́ўваць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. адлюстрава́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)