ГАМА-РЭЗАНА́НСНАЯ СПЕКТРАСКАПІ́Я, мёсбаўэраўская спектраскапія,

метад рэзананснага паглынання гама-квантаў без аддачы. Заснавана на Мёсбаўэра эфекце. Дазваляе праводзіць вымярэнні энергіі з дакладнасцю да натуральнай шырыні гама-лініі. Выкарыстоўваецца для вывучэння звыштонкага расшчаплення ядз. узроўняў, ацэньвання радыуса ўзбуджаных ядраў, дыфузіі атамаў, дынамічных з’яў пры фазавых пераходах, спінавай рэлаксацыі і інш.

т. 5, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дэцыбе́л

(ад дэцы- + бел)

лагарыфмічная адзінка адносін энергіі, сілы ў радыётэхніцы, электратэхніцы, акустыцы, роўная 1/10 бела.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гідраэнерге́тыка

(ад гідра + энергетыка)

галіна энергетыкі, звязаная з выкарыстаннем энергіі вады для выпрацоўкі электраэнергіі на гідраэлектрычных станцыях.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

а́льфа-спектро́метр

(ад альфа + спектрометр)

прыбор для вымярэння энергіі (энергетычнага спектра) альфа-часціц, якія выпраменьваюцца радыеактыўнымі ядрамі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

га́ма-спектро́метр

(ад гама2 + спектрометр)

прыбор для вымярэння даўжыні хваль або энергіі і інтэнсіўнасці гама-прамянёў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

піргеліёметр

(ад гр. pyr = агонь + геліёметр)

прыбор для вымярэння прамянёвай энергіі, якая прыходзіць на Зямлю ад Сонца.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

энта́льпія энтальпі́я

(ад гр. enthalpo = награваю)

тэрмадынамічная функцыя, роўная суме ўнутранай энергіі і здабытку аб’ёму на ціск.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АКІСЛЯ́ЛЬНАЕ ФАСФАРЫЛІ́РАВАННЕ,

біясінтэз малекул адэназінтрыфосфарнай к-ты (АТФ) з адэназіндыфосфарнай (АДФ) і фосфарнай к-т за кошт энергіі акіслення субстрату: АДФ + H3PO4 → АТФ + H2O (гл. Акісленне біялагічнае). Асн. субстратам для акісляльнага фасфарыліравання служаць малекулы арган. рэчываў, пераважна арган. к-т, якія ўтвараюцца ў трыкарбонавых кіслот цыкле. Акісляльнае фасфарыліраванне адкрыта сав. біяхімікам У.​А.​Энгельгартам (1930). Адбываецца ў жывых клетках (у мітахондрыях) пры пераносе электронаў і пратонаў па дыхальным ланцугу з удзелам значнай колькасці дыхальных ферментаў і каферментаў (ферментны комплекс АТФ-сінтэтаза). Паказчык эфектыўнасці акісляльнага фасфарыліравання — адносіны колькасці фасфату, звязанага АДФ пры акісляльным фасфарыліраванні, да паглынутага кіслароду (P/O). Малекула АТФ утвараецца пры пераносе 2 электронаў праз пункт энергет. злучэння, у якім адбываецца утылізацыя энергіі, што вызваляецца. У выніку акісляльнага фасфарыліравання ў клетках назапашваецца АТФ — важнейшае макраэргічнае злучэнне, якое забяспечвае розныя працэсы жыццядзейнасці.

М.​М.​Філімонаў.

Спрошчаная схема акісляльнага фасфарыліравання.

т. 1, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЯЛІ́КАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ»,

тэарэтычныя мадэлі квантавай тэорыі поля, у аснову якіх пакладзена ідэя адзінства моцных, эл.-магн. і слабых узаемадзеянняў пры звышвысокіх энергіях ці на звышмалых адлегласцях.

Падставай для стварэння «вялікага аб’яднання» з’явіліся эфекты вакууму квантавай тэорыі палёў; экранаванне эл. зараду і антыэкранаванне каляровага зараду ў квантавай хромадынаміцы, з чаго вынікае, што пры пэўным значэнні энергіі эфектыўныя зарады (канстанты ўзаемадзеяння) могуць супадаць. Ідэя «вялікага аб’яднання» эксперыментальна пацвярджаецца адзінай тэорыяй электраслабых узаемадзеянняў. «Вялікае аб’яднанне» тлумачыць квантаванне эл. зараду, прадказвае распад пратона і існаванне манаполяў магнітных. Энергія, пры якой адбываецца «вялікае аб’яднанне», блізкая да т.зв. планкаўскай масы (10​19 ГэВ) — энергіі, пры якой неабходна ўлічваць квантавыя гравітацыйныя з’явы, што дае падставы для аб’яднання ў такім падыходзе 4 відаў узаемадзеянняў (гл. Узаемадзеянні элементарных часціц).

Літ.:

Окунь Л.Б. Физика элементарных частиц. 2 изд. М., 1988.

А.​Я.​Таўкачоў.

т. 4, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫХТО́ЎНАСЦЬ вагальнай сістэмы,

колькасная характарыстыка рэзанансных уласцівасцей вагальнай сістэмы. Паказвае, у колькі разоў амплітуда вымушаных ваганняў пры рэзанансе перавышае амплітуду вымушаных ваганняў удалечыні ад рэзанансу; характарызуе выбіральнасць і раздзяляльную здольнасць вагальнай сістэмы: чым большая Д., тым меншыя страты энергіі за перыяд ваганняў, тым вышэй рэзанансны водгук сістэмы (у параўнанні з нерэзанансным) і тым больш блізкія частоты можна выдзяляць паасобку.

У аснову вымярэнняў Д. (гл. Дыхтоўнасці вымяральнік) могуць быць закладзены розныя прынцыпы: Д. (Q) можна таксама выразіць як дзель рэзананснай частаты ω да шырыні рэзананснай крывой Δω(Q = ω/Δω); дзель поўнай энергіі W назапашанай у вагальнай сістэме, да сярэдняй магутнасці страт P за перыяд ваганняў (Q = ωW/P) і інш. Напр., вагальны контур мае Д. да 100, камертон — да 10​4, пласцінка п’езакварцу і аб’ёмны рэзанатар ЗВЧ ваганняў — да 10​5.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 6, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)