ста́дыя, ‑і, ж.

Перыяд, этап у развіцці чаго‑н., які мае свае якасныя асаблівасці. Імперыялізм — апошняя стадыя капіталізму. Туберкулёз у апошняй стадыі. □ Але ў гэты момант напружанне даходзіць да такой стадыі і так узбуджае эмоцыі, што на хвіліну да мяне нават вяртаецца здольнасць адчуваць пахі. Карпюк. Эндшпілем называецца заключная стадыя [шахматнай] партыі. «Маладосць».

•••

Светлавая стадыя — стадыя развіцця расліны, у праходжанні якой вядучую ролю адыгрываюць умовы асвятлення.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сычэ́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

1. Утвараць гукі, падобныя да гука «с». [Сабака] кідаўся на вароты, на шчыльныя веснічкі, і ўжо не брахаў, а сычэў. Сабаленка. Сычэлі нябачныя ў траве конікі. Сачанка. На двары Галя спыняецца. У руках у яе кацялок, у ім ззяе і сычыць вуголле. Карпюк.

2. Разм. Выказваць нездавальненне, злоснічаць (звычайна спадцішка). — Гэй, гэй, бабулька, не сычы! Юнацтва двойчы не прыходзіць. Дудар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тра́льшчык, ‑а, м.

1. Рыбалоўнае судна, забяспечанае траламі (у 1 знач.).

2. Спецыяліст, які кіруе лоўляй рыбы тралам.

3. Ваеннае судна, прызначанае для выяўлення і знішчэння мін тралам (у 3 знач.). А там, дзе вада сыходзіцца з небам, два тральшчыкі ў пошуках мінаў баразнілі хвалі. Карпюк. Дакладна працуе сігнальшчык, — У мора выходзіць тральшчык. Трывожна грукочуць машыны, — Тральшчык ідзе на міны... Лось.

4. Ваенны мінёр на такім судне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ужыва́цца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да ужыцца.

ужыва́цца 2, ‑аецца; незак.

1. Выкарыстоўвацца, прымяняцца. Ад батарэйкі, якая ўжываецца да кішэннага ліхтарыка, ішлі два ізаляваныя дроцікі, адзін — плюс, а другі — мінус. Карпюк. Шырока ўжываліся на Беларусі разнастайныя пасткі. «Помнікі». // Выкарыстоўвацца на пісьме, у мове, абыходжанні і пад. Выражаючы няпэўную множцасць, зборныя назоўнікі ўжываюцца звычайна толькі ў форме адзіночнага ліку. Граматыка.

2. Зал. да ужываць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гры́ва, ‑ы, ж.

1. Доўгія валасы на шыі некаторых жывёл. Конская грыва. Львіная грыва. // Разм. пагард. Пра доўгія валасы ў чалавека.

2. Прадаўгаватае ўзвышша, парослае лесам або травой. Дняпро плыве ўдалеч за грывы лясныя, у стэпе казацкім іскрыцца, як мора. Вялюгін. // перан.; чаго. Пра ўсё, што нагадвае сабой доўгія распушчаныя валасы. Грыва чорнага дыму. □ Цягнуцца па цячэнню грывы водарасцяў — зялёныя, сакавітыя. Карпюк.

•••

І ў хвост і ў грыву гл. хвост.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вастрыё, ‑я, н.

1. Тонкі завостраны канец якога‑н. прадмета. Вастрыё іголкі, штыка.

2. Востры рэжучы бок, край якой‑н. прылады; лязо. Вастрыё нажа. □ — Фабрычная? — нібы пацікавіўся я і выцягнуў у старога з-за пояса сякеру, паспрабаваў пальцам вастрыё. Карпюк.

3. перан.; чаго. Самае істотнае ў чым‑н., накіраванае супроць чаго‑н. Вастрыё сатыры. □ Думка пісьменніка сваім ідэйным вастрыём была накіравана супроць царскай палітыкі прыгнечання і дыскрымінацыі беларускага народа. Ларчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

акліматызава́цца, ‑зуюся, ‑зуешся, ‑зуецца; зак.

Прыстасавацца да іншага клімату. — Шчыра кажучы, — загаварыў стары пасля моцнай зацяжкі, — на Сахаліне так акліматызаваўся, што, здаецца, лепшага месца і няма. Сіняўскі. Некалькі год назад з лесагадавальніка «Мяшчэрская», што на Арлоўшчыне, была завезена і белая акацыя; яна тут добра акліматызавалася. «Звязда». // перан. Прывыкнуць да новых абставін, асяроддзя (пра чалавека). Разам з імі завіхаецца над талеркай незнаёмы, і адчувае сябе нібы сярод сваіх. Акліматызаваўся! Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бяскры́ўдны, ‑ая, ‑ае.

Які не робіць крыўды, не прыносіць непрыемнасцей; мірны, нявінны. Але да яе [Машы] непакою за пасевы азімых аднесліся з бяскрыўднай сялянскай іроніяй. Шамякін. // Няздольны пакрыўдзіць; няшкодны. Разам з другімі рагатаў і «князь». Смяяўся шчыра, да слёз, і на хвіліну здаўся бяскрыўдным дзіцем, якому яшчэ патрэбна нянька. Карпюк. // Няздольны пакрыўдзіцца, някрыўдны; вельмі дабрадушны. [Павел] быў настолькі бяскрыўдны і бездапаможны, што з ахвотай адклікаўся, калі мы яго клікалі барабаншчыкам. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

днява́ць, днюю, днюеш, днюе; незак.

Праводзіць дзень, рабіць днёўку дзе‑н. Ішлі.. [партызаны] раз на заданне і заляглі ў гушчары дняваць. Карпюк. Толя вяртаўся да сваіх, у тую вёску, дзе сёння днявала разведка. Брыль. // Адпачываць, хавацца днём (пра дзікіх жывёл, птушак.). [Ласіха] днявала ў векавых лазняках з двума малымі. Пташнікаў.

•••

Дняваць і начаваць — праводзіць дзе‑н. увесь час, многа часу. Некалькі дзён Якаў нікуды не выязджаў з гаража, тут дняваў і начаваў. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жура́ў 1, ‑рава, м.

Разм. Тое, што і журавель ​1. Высока-высока ў небе ляцелі ў вырай журавы і гусі. Васілевіч.

жура́ў 2, ‑рава, м.

Разм. Тое, што і журавель ​2. Усе відаць, як на далоні: і кожнае дрэва на шляху, і калодзежны жураў у дальняй вёсцы, і зубчаты край лесу, і бялявы дымок далёка, далёка, дзе праходзіць чыгунка. Лынькоў. У вёсцы ляніва скрыпелі журавы, пелі пеўні. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)