яны́, іх, ім, іх, імі, аб іх; займ. асаб. 3 ас. мн.

1. Ужываецца (з мэтай пазбегнуць паўтарэння) замест назоўніка множнага ліку, які ў папярэднія кантэксце абазначае прадмет гаворкі. І сыны адказ трымалі Перад бацькам родным, А стараўся з іх быць кожны Свайго бацькі годным. Купала. [Рыбнікаў:] Смерць героя не прыгнятае жывых, а кліча іх да новых подзвігаў. Крапіва. // (у спалучэнні са словамі: «самі», «самыя»). Іменна тыя, а не хто іншы; тыя самыя.

2. толькі Р. Ужываецца ў знач. прыналежная займенніка; іхні. Мартын таксама глянуў У дзедавы цёмныя вочы, адчуваючы іх уладу над сабою, і потым мімаволі апусціў свае вочы. Колас. Сцепуржынскі і Скуратовіч увайшлі ў дом праз чысты ход. Іх галасы ціха гулі недзе ў большым пакоі. Чорны.

3. У спалучэнні з часціцай «вось» набывае ўказальны характар. Вось яны — палі густыя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ШАНЯ́ЎСКАГА УНІВЕРСІТЭ́Т, Маскоўскі гарадскі народны універсітэт імя А.​Л.​Шаняўскага,

грамадская навучальная і навук. ўстанова ў Маскве ў 1908—20. Засн. на сродкі ліберальна настроенага золатапрамыслоўца, ураджэнца Падляшша (родавы маёнтак Шанявы), адстаўнога ген.-маёра А.​Л.​Шаняўскага (22.2.1837—20.11.1905) з удзелам яго ўдавы Л.​А.​Шаняўскай і кнігавыдаўца М.​В.​Сабашнікава. Адчынены 15.10.1908, знаходзіўся ў падпарадкаванні Маскоўскай гар. думы па-за сістэмай устаноў Мін-ва нар. асветы. Меў 2 аддзяленні: навук.-папулярнае (4-гадовае навучанне ў аб’ёме сярэдняй навуч. установы для асоб з элементарнай адукацыяй) і акадэмічнае (3-гадовае навучанне ў аб’ёме ун-та для асоб з сярэдняй адукацыяй). Заняткі адбываліся ў вячэрні час. Выкладчыкі — буйныя вучоныя, якія з-за сваіх паліт. поглядаў не маглі выкладаць у дзярж. ВНУ, у іх ліку П.М.Лебедзеў, М.К.Кальцоў, А.Я.Ферсман, М.М.Лукін і інш. Хоць выпускнікі ун-та не атрымлівалі дыпломаў, колькасць яго навучэнцаў на акад. аддзяленні вырасла з 964 чал. у 1908—09 да 2966 у 1915—16, на навук.-папулярным аддзяленні — з 342 чал. у 1910—11 да 1469 у 1915—16. Пры ун-це дзейнічалі курсы па падрыхтоўцы работнікаў кааперацыі, бібліятэчнай справы, самакіравання і інш. Сярод навучэнцаў Ш.у. былі беларусы Я.Купала, А.У.Канчэўскі і інш. 20.8.1919 акад. аддзяленне Ш.у. ўлілося ў Маскоўскі дзярж. ун-т, навукова-папулярнае 1.11.1920 аб’ядналася з рабочым ф-там Камуніст. ун-та імя Свярдлова.

т. 17, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАЛАГІ́ЧНЫЯ ПО́МНІКІ ПРЫРО́ДЫ,

ахоўныя геал. аб’екты, якія маюць навук., навук.-асв. ці гіст.-мемар. значэнне. Да іх адносяцца прыродныя і штучныя унікальныя агаленні горных парод, адметныя гляцыядыслакацыі, валуны, валунна-галечныя кангламераты, пячоры, скалы, выхады мінералаў і інш.

Вылучаюць тыпы геалагічных помнікаў прыроды: стратыграфічныя, палеанталагічныя, тэктанічныя, гідрагеалагічныя, горна-гіст. і інш. Вывучэнне геалагічных помнікаў прыроды дазваляе ўдакладніць стратыграфію, вызначыць літалагічныя асаблівасці парод, знайсці выкапнёвыя рэшткі фауны і флоры, выявіць этапы развіцця жывёльнага і расліннага свету ў геал. мінулым, ацаніць перспектывы азначанай тэр. на некат. карысныя выкапні; многія з іх абвешчаны зонамі рэкрэацыі і масавага турызму.

На Беларусі 102 геалагічныя помнікі прыроды: 18 агаленняў, 2 выхады кангламератаў, 82 валуны ці іх зборы. У ліку геал. агаленняў: Роскае геалагічнае агаленне, Новы Крупец, азёрныя, азёрна-балотныя і тарфяныя адклады александрыйскага міжледавікоўя ў яры Калодзежны Роў, муравінскага міжледавікоўя Збарова, Дарашэвічы, Мурава, Самастрэльнікі, Цімошкавічы, Заслаўе, Лоеўскае геалагічнае агаленне, агаленні часу паазерскага зледзянення Камарышкі і Студзянец, тарфянік Сінюха і інш. З валуноў і кангламератаў найб. вядомыя «Асілак», Вялікі Камень, Камень Багушэвіча, Камень-волат, Камень філарэтаў, Расколаты камень, валунна-галечны кангламерат у Калодзежным Рове на паўд. ускраіне г. Гродна і інш.

Літ.:

Ляўкоў Э.А., Карабанаў А.К. Праблемы вылучэння геалагічных і геамарфалагічных помнікаў прыроды ў Беларусі // Літасфера. 1995. № 3.

А.​К.​Карабанаў.

т. 5, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫПРА́МНІК ТО́КУ,

прыстасаванне для ператварэння пераменнага току (адна- або трохфазнага) у пастаянны ток. Складаецца з уласна выпрамніка (блока эл. вентыляў), трансфарматара (пры неабходнасці змяніць напружанне эл. сеткі да патрэбнай велічыні) і эл. фільтра (згладжвае пульсацыю выпрамленага напружання). Выпрамнікі току бываюць: электракантактныя, электравакуумныя (кенатронныя; гл. Кенатрон), газаразрадныя (гл. Газатрон, Ігнітрон, Тыратрон, Эксітрон) і паўправадніковыя (гл. ў арт. Паўправадніковыя прылады), адно- і двухпаўперыядныя, маставыя і з нулявым вывадам; адна-, трох- і мнагафазныя; рэгулёўныя і нерэгулёўныя.

Прасцейшыя аднапаўперыядныя аднафазныя выпрамнікі току маюць адзін вентыль, які прапускае пераменны ток толькі ў адным напрамку; выкарыстоўваюцца ў маламагутных (напр., бытавых) прыладах. Лепш згладжваюць пульсацыю напружання двухпаўперыядныя аднафазавыя выпрамнікі току, якія выкарыстоўваюцца пераважна ў прыстасаваннях са спажыванай магутнасцю да некалькіх кілават (радыёапаратура, прылады аўтаматыкі, тэлемеханікі і інш.), часам — для сілкавання магутных (да 1000 кВт) прыстасаванняў (напр., цягавых рухавікоў электравозаў). Двухпаўперыядныя трохфазавыя выпрамнікі току выкарыстоўваюцца ў магутных устаноўках прадпрыемстваў электраметалургіі, электрахіміі і інш. Мнагафазныя выпрамнікі току атрымліваюць павелічэннем ліку другасных абмотак трансфарматара і пэўным іх злучэннем, яны значна зніжаюць пульсацыю выходнага напружання.

У.​М.​Сацута.

Схемы нерэгулёўных выпрамнікоў току на паўправадніковых дыёдах: 1 — аднафазнага аднапаўперыяднага; 2 — трохфазнага маставога; Д — дыёд.
Схемы рэгулёўных выпрамнікоў току: 1 — на тырыстарах; 2 — на транзістарах і паўправадніковых дыёдах; Т — тырыстар; Д — дыёд; Тр — транзістар.

т. 4, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІК у мовазнаўстве,

граматычная катэгорыя, звязаная з непасрэдным ці апасродкаваным указаннем на колькасць прадметаў. У сучаснай бел. мове адрозніваюцца 2 формы ліку: адзіночны і множны, якія дыферынцыруюць прадметы паводле іх колькасных суадносін («стол» — «сталы») ці значэння («выбар» — «выбары»). Асн. сродкі іх выражэння — канчаткі («дом» — «дамы»), словаўтваральныя афіксы («неба» — «нябёсы»), суплетывізм асноў («я» — «мы»). Большасць назоўнікаў мае суадносныя формы Л. Пэўная частка іх не ўтварае адпаведных пар і выступае ў пастаяннай форме толькі адзіночнага Л. (адзіночналікавыя, або singularia tantum) ці толькі множнага (множналікавыя, або pluralia tantum). Да адзіночналікавых адносяцца назоўнікі, якія абазначаюць зборныя прадметы, рэчывы або матэрыялы, абстрактныя паняцці, астр. і геагр. назвы, уласныя імёны і інш. (напр., «смецце», «вугаль», «зло», «Беларусь», «Іван»). Да множналікавых адносяцца назоўнікі, якія абазначаюць парныя ці састаўныя прадметы, сукупнасць прадметаў, якая ўяўляецца як нешта адзінае, цэласнае, рытуалы, працэсы, станы, гульні, абрады, звычаі, святы, прамежкі часу ці прасторавыя паняцці і інш. (напр., «сані», «грошы», «замаразкі», «каляды», «суткі»). Побач з формамі адзіночнага і множнага Л. ў некат. бел. гаворках захаваліся рэшткі былога парнага Л. («дзве руцэ»), якія для сучаснай бел. літ. мовы не характэрныя.

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Сямешка Л.І., Шкраба І.Р., Бадзевіч З.І. Курс беларускай мовы. Мн., 1996.

А.​Л.​Наркевіч.

т. 9, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЎНА́ЛЬНАЯ ГРАМА́ТЫКА, параўнальна-супастаўляльная граматыка,

тып лінгвістычнага апісання, у якім разглядаюцца дзве або некалькі моў з пункту гледжання наяўнасці агульных і спецыфічных рыс. Вылучаюць параўнальна-гістарычную граматыку (параўнальнае апісанне моў у дыяхранічным аспекце),

гал. мэта якой выяўленне генет. блізкасці моў праз дыяхранічны аналіз іх агульных рыс, і параўнальна-супастаўляльную граматыку (параўнальнае апісанне моў у сінхранічным аспекце; наз. таксама кантрастыўнай, канфрантатыўнай ці супастаўляльнай граматыкай або параўнальнай тыпалогіяй моў), якая разглядае падабенства і асаблівасць моў, што параўноўваюць незалежна ад іх генет. адносін. Традыцыйна пад паняццем П.г. разглядаюць параўнанне не толькі ўласна грамат. ладу супастаўляемых моў, але і іх фанетыкі, марфалогіі, словаўтварэння і сінтаксісу. П.г. мае не толькі тэарэтычны, але і прыкладны характар (пераклад, выкладанне і навучанне мовам). Першыя навук. працы па П.г. з’явіліся ў канцы 18 — пач. 19 ст. і звязаны з узнікненнем параўнальна-гістарычнага мовазнаўства. У ліку першых параўнальных усх.-слав. даследаванняў былі «Параўнальная граматыка славянскіх моў» В.​К.​Паржазінскага і «Уводзіны ў параўнальную граматыку славянскіх моў» А.​М.​Сялішчава (абодва 1914).

Літ.:

Гурскі М.І. Параўнальная граматыка рускай і беларускай моў. 2 выд. Мн., 1972;

Нехай О.А., Поплавская Т.В. Сравнительная типология английского и белорусского языков. Мн., 1983;

Гл. таксама да арт. Параўнальна-гістарычнае мовазнаўства.

А.​В.​Зінкевіч.

т. 12, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯКУБЕ́ЦКІ Андрэй Паўлавіч (1892, в. Сухмяні Гродзенскай вобл. — пасля 1944),

бел. грамадска-паліт. дзеяч, вайсковец. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1912), настаўнічаў. Скончыў Аляксандраўскае ваен. вучылішча. Удзельнік 1-й сусв. вайны, у лют. 1918 дэмабілізаваны ў чыне капітана. У ліст. 1918 увайшоў у Бел. партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў, адзін з ініцыятараў склікання Гродзенскага бел. сял. з’езда 1918, старшыня створанай з’ездам Гродзенскай павятовай рады. У ліп. 1919 абраны ў Цэнтральную беларускую раду Віленшчыны і Гродзеншчыны, кааптаваны ў Беларускую вайсковую камісію (БВК) і прызначаны нам. старшыні камісіі. Восенню 1920 у Лодзі аднавіў дзейнасць БВК і стаў яе старшынёй, у кастр. ў Гродне займаўся вярбоўкай жыхароў у склад бел. вайск. фарміраванняў. У ліст. 1920 з групай бел. афіцэраў выехаў у мяст. Семежава Слуцкага пав. для падтрымкі Слуцкага паўстання 1920. Найвышэйшай радай БНР прызначаны «галоўнакамандуючым узброенымі сіламі Рэспублікі». Пасля ліквідацыі паўстання — у Вільні. У лют. 1922 у ліку 33 бел. і літ. нац. дзеячаў высланы польскімі ўладамі з Вільні ў Літ. Рэспубліку. З мая 1922 у Латвіі, выкладаў у Дзвінскай бел. гімназіі, удзельнічаў у працы мясц. бел. грамадскіх арг-цый, супрацоўнічаў з бел. музеем імя І.​Луцкевіча ў Вільні. Быў абвінавачаны ў антыўрадавых дзеяннях у час суд. працэсаў над бел. нац. актывамі ў Латвіі, апраўданы судом. У час 2-й сусв. вайны кіраваў Дзвінскім аддзяленнем Бел. нац. аб’яднання ў Латвіі. Пасля 1944 лёс невядомы.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 18, кн. 1, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Люн, лю́на, люна́, лю́ны, люны́, луні́, люні́ ’багна, дрыгва’, ’зыбун’ (швянч., ігн. брасл., трак., астрав., Сл. ПЗБ), ст.-бел. люнъ ’дрыгва’, а таксама рус. ёнаўск. люны ’стаўкі, якія зараслі травой’, ст.-польск. lun, luń ’забалочаная зямля’ — усе паходзяць з літ. liū̃nas ’дрыгва, зыбун’. Адносіцца да ліку позніх запазычанняў (Талстой, Лекс. балт., 46; Лаўчутэ, Сл. балт., 32; Булыка, Лекс. запазыч., 209).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Распада́цца ’разрывацца, выбівацца з сіл’ (лаг., Жд. 3); роспа́даны ’гнілы, сапсаваны (пра грыбы)’, роспа́сціса ’разарвацца’: душа роспадзецца, як старые запоюць (ТС). Сюды ж, магчыма, і рэдкае распа́дак ’глухое месца’: зблудзіў, зайшоў у нейкія распаткі (Сцяшк.), параўн. фармальна ідэнтычнае, але семантычнае далёкае рус. распа́док ’вузкая даліна ў гарах, лагчына’. Да па́даць (гл.), у тым ліку ад стомы. Параўн. роспадзень, роспаднік (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Wúrzel f -, -n

1) ко́рань;

~ schlágen* пуска́ць карэ́нні [карані́];

~ fássen укарані́цца, прыві́цца;

ein Übel an der ~ fássen [pácken] вы́караніць зло;

◊

éiner Sáche (D) an die ~n géhen* глядзе́ць у ко́рань, шука́ць сапра́ўдную прычы́ну (чаго-н.)

2) матэм. ко́рань;

die ~ aus éiner Zahl zíehen* здабы́ць ко́рань з лі́ку

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.)