СКУЛЬПТУ́РА МАЛЫ́Х ФОРМ, дробная пластыка,

скульптурныя творы невял. памераў, якія выконваюць пераважна дэкаратыўныя (часам рытуальныя) функцыі; разнавіднасць скульптуры. Пашырана ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Вырабляецца таксама мастацкай прамысловасцю і нар.-маст. промысламі з керамікі, металу, косці, каменю, шкла, пластмасы і інш. Да С.м.ф. належаць жанравыя статуэткі, настольныя партрэтныя выявы, разнастайныя віды цацак, а таксама манеты, медалі, гемы. Творы дробнай пластыкі выкарыстоўваюць у стварэнні пэўнага эстэт.-эмацыянальнага асяроддзя, вызначаюцца выразнасцю кампазіцыйных вырашэнняў, выяўленнем пластычных і дэкар. магчымасцей матэрыялу. С.м.ф. зарадзілася ў эпоху палеаліту і звязана з вераваннямі і працоўнай дзейнасцю (знаходкі ў пячоры Мас-д’Азіль у Францыі, Вілендорф у Аўстрыі, Мальце і Бурэце ў Сібіры і інш.). На тэр. Беларусі вядома з эпохі неаліту: касцяныя і драўляныя фігуркі людзей, качак, коней са стаянак Крывіна (гл. Галоўск), Асавец. Да жал. веку адносяцца гліняныя фігуркі жывёл мілаградскай культуры з гарадзішчаў Гарошкаў, Мохаў. З прыняццем хрысціянства вял. пашырэнне ў 11—13 ст. набылі каменныя і касцяныя абразкі з рэльефнымі выявамі святых. Узоры быт. пластыкі вядомы з 12—13 ст. С.м.ф. 14—16 ст. характарызуецца цеснай сувяззю з маст. ліццём (крыжы і абразкі, знойдзеныя ў Магілёве, Мінску і інш.). З 16—17 ст. пашырана медальернае мастацтва, развіццю якога спрыяла дзейнасць Віленскага манетнага двара. У 19—пач. 20 ст. рысамі стылю мадэрн вызначаліся Керамічныя статуэткі і дэкар. вазы В.​Бубноўскага. У анімалістычным жанры працаваў жывапісец Г.​Вейсенгоф, у рэаліст. манеры выкананы партрэты-барэльефы Я.​Драздовіча (Я.​Пачопкі, М.​Машары, А.​Грыневіча і інш.), амаль ва ўсіх цэнтрах ганчарства выраблялі гліняныя цацкі (майстры В. і П. Ланеўскія, І.​Данілевіч), у многіх — дэкар. пасудзіны (майстры В.​Кузьміцкі, Ф.​Дзудзакевіч, А.​Петрашкевіч, Я.​Ступкевіч). Мела пашырэнне драўляная цацка. У 1940-я г. нац. каларытам вылучаліся работы М.​Філіповіча. У 2-й пал. 20 ст. ствараецца сюжэтная пластыка ў фарфоры, шамоце, гліне (мастакі У.​Андрыянаў, М.​Бяляеў, Г.​Гаркуноў, М.​Звярко). У анімалістычным жанры працавалі Л.​Багданаў, Ф.​Зільберт, Т.​Мацвеенка, Т.​Паражняк. Багаццем пластычных вырашэнняў вылучаецца гутная пластыка нар. майстроў Р.​Багінскага, Т.​Лінкевіча, С.​Раўдвеэ. У традыцыях нар. глінянай скульптуры працуе М.​Пушкар. Своеасаблівыя дэкар. пласты, плакеткі, сувенірныя медалі ствараюць М.​Байрачны, А.​Зіменка, Л.​Талбузін. У кераміцы працуюць М.​Балюк, Т.​Васюк, М.​Кляцкоў, А.​Концуб, У.​Церабун і інш. С.м.ф. стала вядучай у творчасці самадз. майстроў-разьбяроў А.​Міхеенкі (Полацк), А.​Пупко (Івянец), В.​Альшэўскага і М.​Ерафеева (Мінск), Г.​Асіпковай (Чашнікі), Б.​Васількова (Гомель), С.​Жыголкіна (Віцебск), С.​Шаўрова (Орша). Гл. таксама Скульптура драўляная.

Літ.:

Жук В.И. Современная белорусская керамика. Мн., 1984;

Леонова А.К. Народная деревянная скульптура Белоруссии. Мн., 1977.

А.​К.​Лявонава.

Да арт. Скульптура малых форм. М.​Звярко. Кампазіцыя «Івянецкія ганчары».
Да арт. Скульптура малых форм. Птушачка. Бронза. Ліццё.

т. 14, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РТЫЯ ПАЛІТЫ́ЧНАЯ,

палітычная арг-цыя, якая выражае інтарэсы сац. груп і аб’ядноўвае іх найб. актыўных прадстаўнікоў. Асн. прыкметы П.п. — актыўны ўдзел у барацьбе за заваяванне і ўтрыманне ўлады; наяўнасць паліт. праграмы, статута, членства, пэўнай сац. базы, агульных інтарэсаў і блізкіх ідэалаг. поглядаў яе членаў; наяўнасць цэнтр. органа кіраўніцтва, арганізац. структур, аднаго ці некалькіх лідэраў. Паліт. рух, у адрозненне ад П.п., не мае арганізац. структуры і дэталёва распрацаванай паліт. праграмы, не імкнецца да заваявання паліт. улады, а толькі да ўплыву на тых, хто яе ажыццяўляе. Паводле характару і задач дзейнасці П.п. падзяляецца на рэв., рэфармісцкія, кансерватыўныя, рэакцыйныя; паводле ідэйна-тэарэтычных установак — на камуніст., сацыяліст., сац.-дэмакр., ліберальныя, кансерватыўныя, аўтарытарна-фашысцкія, канфесійныя, лева- і праварадыкальныя; у адносінах да ўлады — на кіруючыя і апазіцыйныя; па шкале паліт. спектра — на правыя, цэнтрысцкія, левыя; паводле ўмоў дзейнасці — на легальныя, паўлегальныя, нелегальныя; паводле прынцыпаў арг-цыі — на кадравыя (аб’ядноўваюць невял. колькасць прафес. палітыкаў), якія маюць жорстка замацаванае статутам членства, і масавыя, якія не маюць ін-та афіцыйнага членства, а галасуюць на выбарах за кандыдатаў сваёй партыі. П.п. ствараюць парт. сістэму.

Зародкі П.п. (паліт. саюзы) вядомы са стараж. часоў (Атыка — 6 ст. да н.э., Стараж. Грэцыя — 4 ст. да н.э., Стараж. Рым — 2—1 ст. да н.э.). Адносна малалікія і вузкія паводле сац. складу саюзы і групоўкі існавалі ў сярэднія вякі (гвельфы і гібеліны ў Італіі). Тыповы прыклад вузкіх парт. груповак — торы, вігі ў Англіі (2-я пал. 17 ст.). Больш акрэсленыя рысы набываюць П.п. ў перыяд бурж. рэвалюцый, калі ўзнікалі бурж., ліберальныя і кансерватыўныя партыі розных кірункаў. П.п. ў сучасным разуменні ўзнікалі ў Еўропе ў сярэдзіне — 2-й пал. 19 ст. Адна з першых паліт. арг-цый пралетарыяту — «Саюз камуністаў» (1847), створаны К.​Марксам і Ф.​Энгельсам. Яго праграма — «Маніфест Камуністычнай партыі» (1848). Першая масавая П.п. парламенцкага тыпу «Ліберальнае таварыства рэгістрацыі выбараў у Англіі» створана ў 1861. У 1863 Ф Ласаль стварыў першую масавую рабочую П.п. «Усеагульны германскі саюз рабочых». Вял. ролю ў стварэнні П.п. адыгралі 1-ы (1864—76) і 2-і (1889—1914) Інтэрнацыяналы. У Рас. імперыі П.п. пачыналі стварацца як рэвалюцыйныя. Іх папярэднікамі былі дзекабрысцкія і народніцкія арг-цыі. Больш акрэсленыя рысы мелі «Зямля і воля», «Народная воля», «Чорны перадзел», «Група вызвалення працы». Выразныя рысы П.п. набылі Рабочая партыя вызвалення Расіі (1897; з 1901 Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў), Бунд (1897), Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (1898). У 1905 узніклі ліберальныя партыі — Партыя нар. свабоды (кадэты), Саюз 17 кастрычніка (акцябрысты). На рэакцыйных пазіцыях стаялі «Саюз рускага народа», Рус. манархічная партыя і інш. Буйнейшыя агульнарас. партыі мелі свае арг-цыі на Беларусі.

Першая бел. П.п. — Бел. рэв. грамада (БРГ), створаная ў 1902, з 1903 — Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Яе заснавальнікі і актыўныя дзеячы: І. і А. Луцкевічы, А.​Бурбіс, К.​Кастравіцкі (Каганец), В.​Іваноўскі і інш. Дзейнічалі Сацыялістычная партыя Белай Русі (1904—1905), Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі (1905—1907). У час Кастр. рэвалюцыі і пасля яе дзейнічалі Беларуская народная партыя сацыялістаў, Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларуская партыя сацыялістаў-федэралістаў, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (у Петраградзе), Бунд, Яўр. с.-д. партыя (Паалей Цыён), Аб’яднаная яўрэйская сацыялістычная рабочая партыя, некаторыя польскія і літоўскія П.п. У 1-й пал. 1920-х г. шматпартыйнасць у БССР ліквідавана. Адзінай П.п. засталася Камуніст. партыя (бальшавікоў) Беларусі. Яна не мела сваёй праграмы, статута, членскіх білетаў і з’яўлялася састаўной часткай РКП(б), ВКП(б), КПСС. У Зах. Беларусі, якая з 1921 знаходзілася пад уладай Польшчы, захавалася шматпартыйнасць. Дзейнічалі Бел. партыя незалежных сацыялістаў, Беларуская сялянска-работніцкая грамада, Беларуская хрысціянская дэмакратыя (Беларуская хрысціянска-дэмакратычная злучнасць, з 1936 Бел. нацыянальнае аб’яднанне), Камуністычная партыя Заходняй Беларусі і інш. Пасля Вял. Айч. вайны ў БССР, як і ва ўсім СССР, захоўвалася аднапарт. сістэма. У канцы 1980-х г. у сувязі з паглыбленнем ідэйнага крызісу КПСС, КП(б)Б, пачалі ўзнікаць апазіцыйныя ёй арганізацыі, у т. л. Беларускі народны фронт «Адраджэньне» і інш. У выніку распаду СССР і зыходу з паліт. арэны КПСС як кіруючай партыі ў пач. 1990-х г. аднаўляецца шматпартыйнасць. У 1991 на Беларусі сфарміраваліся: Аб’яднаная дэмакратычная партыя Беларусі (АДПБ), Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, Беларуская сялянская партыя, Нацыянальна-дэмакратычная партыя беларусаў Беларусі, Хрысціянска-дэмакратычны саюз. 5.10.1994 прыняты закон «Аб палітычных партыях». На пач. 1998 на Беларусі Мін-вам юстыцыі афіцыйна зарэгістравана 35 партый. У 1998 паводле рашэння Вярх. суда ў адпаведнасці з законам «Аб палітычных партыях» 9 П.п. ліквідаваны. На 1.1.1999 у Рэспубліцы Беларусь 28 П.п. У 2-й пал. 1999 праведзена перарэгістрацыя П.п. У выніку на 1.1.2001 у Рэспубліцы Беларусь налічвалася 18 П.п.: «Аб’яднаная грамадзянская партыя; Аграрная партыя; Беларуская партыя жанчын «Надзея»; Беларуская партыя зялёных, Беларуская партыя працы, Беларуская патрыят. партыя, Беларуская с.-д. партыя (Народная грамада), Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, Беларуская экалагічная партыя зялёных «БЭЗ», Камуністычная партыя Беларусі, Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ, Ліберальна-дэмакратычная партыя, Партыя «Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада», Партыя Беларускага народнага фронту, Партыя камуністаў беларуская, Рэспубліканская партыя, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, Сацыял -дэмакратычная партыя народнай згоды. Асн. мэта, якую ставяць усе П.п. Беларусі, — пабудова цывілізаванай прававой дзяржавы, правядзенне рэформ, накіраваных на павышэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва. Партыі камуніст. арыентацыі ставяць задачу пабудовы бяскласавага грамадства, аднаўленне дзярж. саюза народаў былога СССР.

Літ.:

Марченко М.Н., Фарукшин М.Х. Буржуазные политические партии. М., 1987;

Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928). Мн., 1991;

Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Ч. 1—3. Гомель, 1993;

Становление и крушение однопартийной системы в СССР. 1917—1991. Гомель, 1995;

Бобков В.А., Кузнецов Н.В., Осмоловский В.П. Политические партии Беларуси. Мн., 1997;

Программные документы современных политических партий Беларуси. Вып. 2. Мн., 1997.

В.​Ф.​Кушнер.

т. 12, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬСКІЯ,

княжацкія і баярскія роды ў ВКЛ і Маскоўскім вял. княстве. Існавалі 2 роды Бельскіх, не звязаныя сваяцтвам: Бельскія-Рурыкавічы і Бельскія-Гедзімінавічы. Родапачынальнік Бельскіх-Рурыкавічаў — кн. Іван Міхайлавіч Морткін-Бельскі з роду яраслаўскіх князёў. Адзін з яго сыноў, Леў Іванавіч, выехаў у ВКЛ. Яго нашчадкі жылі да 1800 у Віленскім, Берасцейскім і інш. ваяводствах. Родапачынальнік Бельскіх-Гедзімінавічаў — Алелька (пасля хрышчэння Уладзімір), унук вял. князя ВКЛ Гедзіміна. Ён меў сыноў Алельку (пасля хрышчэння Аляксандр, родапачынальнік кн. Пінскіх і Слуцкіх — Алелькавічаў), Івана (ад яго пайшлі Бельскія) і Андрэя Уладзіміравічаў.

Іван Уладзіміравіч (? — пасля 1446), упамінаецца з 1411. Валодаў г. Белая на р. Обша (Смаленская вобл.). Быў намеснікам у Ноўгарадзе (1445—46). Меў 7 дзяцей, у т. л. сыноў Фёдара і Сямёна. Фёдар Іванавіч (?—?), сын Івана Уладзіміравіча, упамінаецца з 1476 як «князь Фюдар з Белай». Належаў да апазіцыі Казіміру IV Ягелончыку, у 1481 удзельнічаў у змове князёў супраць яго, на 2-і дзень пасля шлюбу з Ганнай Сямёнаўнай з роду князёў Кобрынскіх быў вымушаны ратавацца ўцёкамі. З 1482 у Маскве. Казімір IV Ягелончык, а пазней і яго сын Аляксандр не адпускалі Ганну з Кобрына. Спробы Фёдара Іванавіча, які стаў баярынам Маскоўскага вял. княства, вызваліць жонку вынікаў не далі. У 1493 ён спрабаваў вярнуцца ў ВКЛ, за што сасланы ў Галіч. У 1497 памілаваны, у 1498 ажаніўся з разанскай князёўнай Ганнай Васілеўнай, пляменніцай вял. кн. Івана III Васілевіча. У 1499 Фёдар Іванавіч быў ваяводам коннага войска, пасланага пад Казань. У час вайны Маскоўскай дзяржавы супраць ВКЛ 1500—03 удзельнічаў у беспаспяховай аблозе Смаленска. У 1506 зноў удзельнічаў у паходзе на Казань. Сямён Іванавіч (? — пасля 1507), сын Івана Уладзіміравіча. У 1500 незадаволены сваім становішчам у ВКЛ перайшоў з гарадамі Чарнігаў, Старадуб, Гомель, Любеч на службу да вял. кн. маскоўскага Івана III Васілевіча. Адзін з ініцыятараў войнаў Маскоўскай дзяржавы супраць ВКЛ на пач. 16 ст. Дзмітрый Фёдаравіч (каля 1500—13.1.1551), сын Фёдара Іванавіча, дзярж. дзеяч Рус. дзяржавы, баярын з 1530, ваявода. Адзін з рэгентаў пры малалетнім вял. кн. маскоўскім Іване IV. Іван Фёдаравіч (? — май 1542), сын Фёдара Іванавіча, дзярж. дзеяч Рус. дзяржавы, баярын з 1522, ваявода. З лета 1540 «першадарадца» Івана IV Грознага. На пач. 1542 скінуты Шуйскімі, сасланы на Белавозера і там забіты. Сямён Фёдаравіч (?—?), сын Фёдара Іванавіча, баярын з 1522. У 1534 уцёк у ВКЛ. Пасля ўдзельнічаў у паходах супраць Рус. дзяржавы (1535, 1541). Іван Дзмітрыевіч (? — 24.5.1571), сын Дзмітрыя Фёдаравіча, дзярж. дзеяч часоў Івана IV Грознага, баярын з 1560, ваявода. Удзельнічаў у 1563 у Лівонскай вайне 1558—83, у Земскім саборы 1566. Загінуў разам з сям’ёй у час наезду на Маскву крымскіх татар хана Даўлет-Гірэя. Акрамя таго, вядома некалькі польск. шляхецкіх родаў Бельскіх, сярод якіх у 18 ст. сустракаюцца бароны і графы, і дваранскі род Бельскіх у Расіі (выйшаў з Валыні).

Л.​Р.​Казлоў, А.​М.​Нарбут.

т. 3, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДАЎНІ́ЧА-ДАРО́ЖНАЕ І КАМУНА́ЛЬНАЕ МАШЫНАБУДАВА́ННЕ,

галіна машынабудавання і металаапрацоўкі. Уключае прадпрыемствы па выпуску буд.-дарожнай, пагрузачнай, меліярац. тэхнікі, абсталявання для прам-сці буд. матэрыялаў і камунальнай гаспадаркі. Выпускае буд.-дарожныя машыны для падрыхтоўчых работ (дрэвавальныя, кустарэзныя і інш.), земляных (экскаватары, скрэперы, бульдозеры, грэйдэры), для ўшчыльнення палатна дарог (каткі), а таксама жвіраўкладчыкі, гудранатары, бітумавозы, асфальта- і бетонаўкладчыкі і інш., камунальныя машыны для догляду дарог і іх рамонту, сан. ачысткі і прыбірання тэрыторыі населеных пунктаў (падмятальна-ўборачныя, палівальна-мыйныя, снегаачышчальнікі і снегапагрузчыкі і інш.), для прыбірання памяшканняў грамадскага прызначэння (пыласосы, мыйныя і інш.), машыны і абсталяванне для пральняў і хімчыстак (машыны і прылады меншых габарытаў для прыбірання жылля, мыцця і чысткі адзення адносяцца да бытавых машын і прылад), пагрузачна-разгрузачнае абсталяванне для складоў, тэлескапічныя лесвіцы, аварыйна-рамонтныя машыны для водаправодных, каналізацыйных, газавых, цеплавых і эл. сетак, меліярацыйныя машыны, тэхнал. абсталяванне для вырабу буд. матэрыялаў і аддзелачна-буд. работ і інш.

Першыя машыны для гар. гаспадаркі створаны ў 2-й пал. 19 ст. Значнае развіццё будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне атрымала ў пач. 20 ст. ў сувязі з пашырэннем аўтамаб. транспарту і буд-вам метро. Рост дарожнай сеткі выклікаў развіццё дарожнага машынабудавання: з’явілася магчымасць шырока выкарыстоўваць аўтамабілі, трактары, лакаматывы і інш. рухомы чыг. састаў, а таксама электраэнергію і хім. прадукцыю. Першыя ў Расіі машыны для ўборкі і сан. ачысткі населеных пунктаў (Масква, Ленінград) і першыя пральныя і прасавальныя машыны (Перм і інш.) выпушчаны ў 1930-я г. Як самаст. спецыялізаваная галіна прам-сці аформілася ў б. СССР у 1965. На Беларусі да Вял. Айч. вайны выпускаліся тарфяныя машыны (Гомель), каменедрабілкі і тачкі (Мінск).

У сучасным будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне ствараюцца даўгавечныя маламетала- і малаэнергаёмістыя машыны, з аўтам. і праграмным кіраваннем, выкарыстаннем новых матэрыялаў. Найб. развіта будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне ў краінах з высокім узроўнем эканомікі: ЗША (вядучыя кампаніі ФМК, «Дрэсер індастрыз», «Амерыкэн Стандарт»), Японіі («Камацу»), Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі, Расіі і інш.

На Беларусі будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне пачало хутка развівацца ў 1950-я г. Прадпрыемствы галіны выпускаюць ліфты пасажырскія, бульдозеры, экскаватары, скрэперы, пагрузчыкі, снегаачышчальнікі, абсталяванне для механізацыі пад’ёмна-трансп. і пагрузачна-разгрузачных работ, для ачысткі камунальных водаправодаў і каналізацыі, машыны для буд-ва і ўтрымання меліярац. сістэм, для гар. і камунальнай гаспадаркі, для прам-сці буд. матэрыялаў. У 1993 гэтую прадукцыю выпускала больш за 30 прадпрыемстваў і вытв. аб’яднанняў. Найб. з іх: канцэрн «Амкадор», магілёўскае ВА «Стромаўталінія», ВА «Будмаш» (Мінск), Магілёўскі ліфтабудаўнічы завод, Мазырскі завод меліярацыйных машын, Беларускі экскаватарны завод, Ваўкавыскі завод дахавых і будаўніча-аддзелачных машын ВА «Белкамунмаш» і інш. У 1993 выпушчана 264 скрэперы, 106 экскаватараў, 74 бульдозеры, у 1994 — 2,6 тыс. ліфтаў, 76,9 тыс. пральных машын і інш.

У.​М.​Зайцаў.

Да арт. Будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне: франтальныя аднакаўшовыя пнеўмакалёсныя пагрузчыкі акцыянернага таварыства «Амкадор».

т. 3, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́МАК,

умацаванае жыллё феадала, а таксама сярэдневяковы комплекс абарончых збудаванняў, жылых гасп. і культавых пабудоў на зручных для абароны месцах, аб’яднаных лініяй умацаванняў. Існавалі прыватныя З. (феад., царк.) і агульнадзярж. (каралеўскія, велікакняжацкія).

Структура абароны З. складалася з драўляных (астрогі, вастраколы, гародні, парканы, тарасы), мураваных (каменных, цагляных) ці глінабітных сцен з баявымі памостамі-галерэямі і звязаных з імі драўляных ці камбінаваных (фахверкавых) шмат’ярусных вежаў з разнастайнымі байніцамі. Часта ў З. была гал. вежа — данжон. Раннія З. (5—8 ст. ў Сярэдняй Азіі, Закаўказзі, на Арабскім Усходзе, 9—11 ст. ў Зах. Еўропе) мелі глухія мураваныя сцены і былі разлічаны на пасіўную абарону. Прамавугольныя планы гэтых З., іх буд. і канструкцыйныя асаблівасці спалучалі мясц., эліністычныя і стараж.-рым. традыцыі абарончага дойлідства. Тактыка актыўнай абароны паступова прывяла ў 11—12 ст. да ўсталявання нерэгулярнай планіроўкі, дапасаванай да рэльефу мясцовасці (З. крыжакоў у Сірыі і Палесціне). На сценах і вежах пачалі рабіць машыкулі і байніцы для кідання камянёў і абстрэлу ніжняй ч. сцен. Перад уваходнымі брамамі часам узводзілі барбаканы. Архітэктуру З. вызначалі раманскі, гатычны, рэнесансавы і барочны стылі. Паступова З. ператварыліся ў складаныя комплексы абарончых збудаванняў (З. 13 ст. Кусі ў Францыі, Харлек у Англіі). З развіццём артылерыі З. страцілі свае абарончыя функцыі.

На Беларусі першыя З. былі агульнагар. велікакняжацкімі цытадэлямі (Гродзенскі стары замак), некат. мелі значныя памеры (у Полацку, Віцебску). Да 15 ст. вядомы 2 тыпы З.: на ўзвышшах («горныя»), разнастайныя па абрысах (іх план паўтараў канфігурацыю рэльефу) і ў нізінах («дольныя»), звычайна з рэгулярнай планіроўкай з выкарыстаннем валоў і равоў з вадой (Ляхавіцкі З.). Былі пашыраны З., абнесеныя драўлянымі (Радашковічы, Пінск, Гомель, Магілёў) ці мураванымі (Лідскі замак, Крэўскі замак, Навагрудскія замкі, Мірскі замак, Быхаўскі замак і інш.) сценамі. У буд-ве быў пашыраны спосаб трохслаёвай муроўкі. 2 цагляныя сцяны і забутоўка паміж імі. Часта вонкавыя паверхні сцен выкладаліся з каменю (Ліда, Крэва і інш.). Замкавае буд-ва звязана з рус. і зах.-еўрап. абарончым дойлідствам. Сустракаюцца элементы раманскай архітэктуры (вежы Навагрудскага, Гродзенскага, Лідскага і інш. З.), у большасці З. 15—16 ст. — рысы стыляў готыкі і рэнесансу (Мірскі З.), з 17 ст. пераважаюць барочныя рысы. У сярэдзіне 16 ст. сталі пашыранымі З. з бастыённай сістэмай умацаванняў (Заслаўскі замак, Ляхавіцкі замак). З канца 16 ст. замкавае буд-ва паступова трансфармавалася ў палацава-замкавае (Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, Гальшанскі палац). У 1-й пал. 19 ст. сярэдневяковыя З. замянілі крэпасці са шматкіламетровымі лініямі абароны. Замкавае буд-ва ўплывала на архітэктуру ўмацаваных храмаў (Сынковіцкая царква-крэпасць, Камайскі касцёл, Быхаўская сінагога), жылых дамоў (Гайцюнішскі дом-крэпасць), гар. брам, сядзібных і інш. пабудоў.

Літ.:

Чантурия В.А. История архитектуры Белоруссии. 2 изд. Мн., 1977;

Ткачоў М.А. Замкі Беларусі (XIII—XVII ст.). Мн., 1977;

Я го ж. Замкі і людзі. Мн., 1991;

Раппопорт П.А. Военное зодчество западно-русских земель X—XIV вв. Л., 1967.

М.​А.​Ткачоў, У.​А.​Чантурыя.

Да арт. Замак. Рэканструкцыя Тураўскага замка і гарадзішча (пасля 13 ст.). Мастак Р.​Данчанка.
Да арт. Замак. Мірскі замак.
Да арт. Замак. Замак у Мальбарку. Польшча. 1274.

т. 6, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ РАЁН.

У цэнтр. ч. Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасаваны 16.9.1959, адноўлены 30.7.1966. Пл. 1,9 тыс. км² Нас. 49,5 тыс. чал. (1998, без г. Магілёў). Сярэдняя шчыльн. 26 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Магілёў. Уключае 296 сельскіх нас. пунктаў, 16 сельсаветаў: Брылёўскі, Вяйнянскі, Вендаражскі, Дашкаўскі, Заводскаслабодскі, Кадзінскі, Княжыцкі, Мастоцкі, Махаўскі, Нядашаўскі, Палыкавіцкі, Пашкаўскі, Семукацкі, Сідаравіцкі, Сухарэўскі, Цішоўскі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС: 11 сельскіх нас. пунктаў у зоне забруджання радыёнуклідамі ад 5 да 15 Кю/км².

Большая ч. тэр. раёна размешчана ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны, паўн. і паўн.-ўсх. ч. — у межах Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паверхня раўнінная, 80% тэрыторыі на выш. 170—190 м, найвыш. пункт 200 м (за 2 км на Пн ад Магілёва). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, пяскі, гліны, суглінкі, мінер. фарба, мінер. воды. Сярэдняя т-ра студз. -7,5 °C, ліп. 18,2 °C. Ападкаў 644 мм за год. Вегетац. перыяд 187 сут. З Пн на Пд працякае р. Дняпро з прытокамі Вільчанка, Паўна з Лазнёўкай, Дубравенка, Лахва з Лахвіцай і Жыварэзкай. На зах. ускраіне цячэ р. Друць з прытокамі Арлянка і Грэза (вытокі), на У — р. Раста з прытокам Рудзея. Вадасховішчы Рудзея і Зарэсце. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў дзярнова-падзолістыя (59,6%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (26,1%). Пад лесам 24% тэр. раёна, з іх 20,6% штучныя, пераважна хваёвыя насаджэнні. Найб. лясістасць на Пд. Лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя, асінавыя, дубовыя, альховыя і інш. Балоты займаюць 11.3 тыс. га; найб. Буйніцкае і Вял. Укрупскае. Заказнікі мясц. значэння гідралагічныя: Варацей, Гарадзенка, Загрэбля-Прысленка, Карніца, Пагост, Праворышча, Прусіна, Прыбрэжжа, Раманькі. Помнікі прыроды рэсп. значэння: крыніца ў в. Палыкавічы, участак лесу з каштоўнымі дрэвавымі пародамі ў Вільчыцкім лясніцтве; мясц. значэння: дубы ў Магілёве, парк у в. Дашкаўка.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 119 тыс. га, з іх асушаных 16,8 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 15 калгасаў, 7 саўгасаў, 51 фермерская гаспадарка, 3 аграфірмы, эксперым. база, саўгас-камбінат «Усход», 3 птушкафабрыкі, зверагаспадарка, дзяржплемпрадпрыемства. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, птушкагадоўлі, вырошчванні збожжа, агародніцтве, садаводстве, бульбаводстве, ільнаводстве. Прадпрыемствы металаапр., харч., дрэваапр. і буд. матэрыялаў прам-сці. Магілёў — вузел чыгунак на Асіповічы, Оршу, Крычаў, Жлобін, аўтадарог — на Бабруйск, Мінск, Оршу, Чэрыкаў, Гомель. Суднаходства па Дняпры. У раёне 23 сярэднія, 5 базавых, 8 пач., 11 муз. (11 філіялаў), спарт. школ, вышэйшае прафес. агратэхн. вучылішча ў в. Буйнічы, 32 дашкольныя ўстановы, 37 дамоў культуры і клубаў, 36 б-к, 7 бальніц, паліклініка, 2 амбулаторыі, 41 фельч.-ак. пункт. Помнікі архітэктуры: царква Пакроваў Багародзіцы (2 пал. 19 ст.) у в. Вейна, Успенская царква (1903) у в. Галяні 1-я, сядзібны дом (пач. 20 ст.) у в. Дашкоўка, касцёл дамініканцаў (1681) у в. Княжыцы, мемар. капліца (1912) і помнік (1962) на месцы бітвы ў Айч. вайну 1812 каля в. Салтанаўка, капліца (19 ст.) у в. Стайкі, Успенская царква (пач. 20 ст.) у в. Сухары. Помнік гісторыі Буйніцкае поле каля в. Буйнічы. Музей баявой і працоўнай славы ў в. Палыкавічы. Выдаецца газ. «Прыдняпроўская ніва».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 9, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТА́ЦКІХ ВЫ́РАБАЎ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

галіна народнай гаспадаркі, якая вырабляе дэкар. маст. вырабы індустр. метадамі для жылых і грамадскіх інтэр’ераў (асвятляльная апаратура і інш.), для быт. патрэб (адзенне, цацкі, сувеніры, маст. метал, шкло, кераміка, фарфор, фаянс і інш.). Вытв-сць працуе пераважна на мясц. сыравіне. Шырокае выкарыстанне машын адрознівае М.в.в. ад прадпрыемстваў нар. маст. промыслаў, дзе пераважае ручная праца.

М.в.в. узнікла ў 16—17 ст. з развіццём мануфактурнай вытв-сці. У Еўропе асаблівую ўвагу надавалі вырабу маст. тканін, шкла (венецыянскае шкло) і керамікі. У 18 — пач. 19 ст, з’явіліся: кераміка Дж.Уэджвуда, майсенскі фарфор, сеўрскі фарфор, фарфор імператарскага фарфоравага з-да ў Пецярбургу, Дулёўскі фарфоравы завод, гжэльская кераміка, каменярэзныя вырабы (Пецяргофская гранільная ф-ка, Дзямідаўскія каменярэзныя з-ды на Урале), мастацкае ліццё (г. Каслі) і інш.

На Беларусі вырабы дэкар.-прыкладнога мастацтва вядомы з 9—13 ст. У 15—16 ст. склаліся цэнтры маст. апрацоўкі металу, ганчарства, вытв-сці кафлі, шкла мастацкага і інш. У 16—17 ст. майстры маст. рамёстваў з гарадоў Віцебск, Гродна, Магілёў, Орша, Полацк, Нясвіж, Слуцк і інш. працавалі ў Маскве і інш. гарадах Маскоўскай дзяржавы. З 17 ст. пашырылася ткацтва мастацкае. Мануфактурная маст. вытв-сць пачала развівацца ў 18 ст. Найб. вядомыя мануфактуры: Радзівілаў у Слуцку (выраб слуцкіх паясоў) і Карэлічах (выраб карэліцкіх шпалераў), Агінскіх у Слоніме (шпалеры), Гродзенскія каралеўскія мануфактуры А.​Тызенгаўза. На мануфактурах Урэчча і Налібакаў выраблялі маст. шкло, у Копысі — кафлю, у Целяханах — маёліку і фаянс (гл. Копыская кафля, Свержанская фаянсавая мануфактура, Урэцка-налібоцкае шкло, Целяханская фаянсавая мануфактура). У 1919 у Віцебску і Магілёве арганізаваны керамічныя майстэрні, у Слуцку — ткацка-вышывальныя, у Гомелі — дрэваапрацоўчыя. У 1938 нар. ўмельцы аб’яднаны ў Бел. мастацкі прамысл. саюз. У 1965 маст. промыслы ператвораны ў ф-кі Упраўлення маст. прам-сці Мін-ва мясц. прам-сці рэспублікі. У 1988 упраўленне рэарганізавана ў Бел. вытв.-гандл. аб’яднанне «Белмастацпромыслы» (асацыяцыя нар. маст. промыслаў), з 1991 Асацыяцыя «Бел. народныя маст. промыслы», з 1993 Бел. дзярж. канцэрн нар. маст. промыслаў. Ў 1994 канцэрн у падпарадкаванні Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У склад канцэрна ўвайшлі 19 прадпрыемстваў маст. вырабаў: Брэсцкая фабрыка сувеніраў (выйшла ў 1998), Віцебская фабрыка мастацкіх вырабаў «Купава», Жлобінская фабрыка інкрустацыі, Полацкая фабрыка мастацкіх вырабаў «Сафія», Слуцкая фабрыка мастацкіх вырабаў «Слуцкія паясы», Аршанская ф-ка маст. вырабаў «Рамонак», Светлагорская ф-ка маст. інкрустацыі, ф-кі маст. вырабаў у гарадах Баранавічы, Бешанковічы, Барысаў, Бабруйск, Гомель, Магілёў, Мазыр, Пінск, Слонім, Хойнікі; Цэнтр. лабараторыя нар. рамёстваў «Скарбніца», Дзярж. доследна-эксперым. прадпрыемства «Траецкае»; 16 даччыных гандл. прадпрыемстваў. Дзейнічаюць самастойныя ф-кі або ў сістэме інш. галін прам-сці: адкрытыя акц. т-вы «Мастра» ў Мінску, «Белмастацкераміка» ў г.п. Радашковічы і Івянецкі з-д маст. керамікі (у складзе канцэрна «Белмясцпрам»), Маладзечанская ф-ка маст. вырабаў (у складзе Бел. фонду культуры) і інш., а таксама шырокая сетка малых прадпрыемстваў.

Л.​А.​Паўловіч.

Да арт. Мастацкіх вырабаў вытворчасць. 1. Ф.​Шостак. Дэкаратыўная пасудзіна «Зубр». Івянецкі завод мастацкай керамікі. 2. «Ільнаводка». Лён. Маладзечанская фабрыка мастацкіх вырабаў. З. І.​Буйвіч. Пляцёнкі для садавіны. Лаза. Баранавіцкая фабрыка мастацкіх вырабаў. 4. А.​Шпакаў. Кухонны набор. Полацкая фабрыка мастацкіх вырабаў.

т. 10, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́І МАСТА́ЦКІЯ.

Збіраюць, зберагаюць, вывучаюць, папулярызуюць і экспануюць зборы твораў мастацтва. Як комплексы спецыяльна прыстасаваных памяшканняў уключаюць экспазіцыйныя залы, запаснікі, выставачныя залы, рэстаўрацыйныя майстэрні, навук. б-кі, фотатэкі і інш. Экспазіцыя звычайна будуецца па храналогіі і нац. школах мастацтва, мае комплексны характар (у залах разам экспануюцца творы жывапісу, скульптуры і дэкар.-прыкладнога мастацтва). Часам экспазіцыя будуецца часткова або цалкам па асобных калекцыях, якія паступілі ад уладальнікаў у дар ці на захоўванне. Некат. зборы твораў прадстаўляюць толькі адзін від мастацтва, найчасцей жывапісу (гл. Карцінная галерэя). Разнавіднасць М.м. — музеі архітэктурныя.

Стварэнне М.м. звязана з развіццём калекцыяніравання. Першыя буйныя зборы твораў мастацтва вядомы з часоў антычнасці. У эпоху сярэднявечча калекцыі твораў мастацтва зберагаліся ў палацавых галерэях, цэрквах, манастырах і інш. У 16 ст. на аснове прыватных калекцый створаны першыя ў Еўропе музеі — Дрэздэнская карцінная галерэя, Луўр у Парыжы, Прада ў Мадрыдзе, Уфіцы ў Фларэнцыі і інш Фарміраванне асн. еўрап. музеяў завяршылася ў 19 ст., калі яны сталі даступныя для шырокай публікі і склалася тыпалогія спец. музейнага будынка. Сярод найб М.м. свету таксама Баварскія дзяржаўныя зборы карцін у Мюнхене, Брытанскі музей у Лондане. Ватыканскія мастацкія музеі, комплекс Дзярж музеяў у Берліне (у т. л. Пергамон-музей), Метраполітэн-музей у Нью-Йорку, Рускі музей і Эрмітаж у С.-Пецярбургу, Музей выяўленчых мастацтваў імя А.​С.​Пушкіна і Траццякоўская галерэя ў Маскве і інш.

На Беларусі першы прыватны М.м. вядомы з 16 ст. (музей-«кабінет» Радзівілаў у Нясвіжы). У 17—1-й пал. 19 ст. багатыя зборы твораў жывапісу, скульптуры, габеленаў, фарфору, манет, зброі і інш. былі ў шэрагу сядзіб і замкаў магнатаў: Агінскіх (маёнтак Лучай Пастаўскага р-на Віцебскай вобл), Зорычаў (г. Шклоў Магілёўскай вобл.), Паскевічаў (Гомель), Сапегаў (в. Дзярэчын Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл., г.п Ружаны Брэсцкай вобл.), А.​Тызенгаўза (Гродна, Паставы), Тышкевічаў (г. Лагойск Мінскай вобл.) і інш. У 1787—1820 пры Полацкім калегіуме езуітаў існаваў музей, які змяшчаў карцінную галерэю. У 1855 на аснове калекцыі Тышкевічаў заснаваны Віленскі музей старажытнасцей, у 1921 — Беларускі музей у Вільні. У 1939 створана Дзярж. карцінная галерэя Беларусі (з 1957 Дзярж. маст. музей, з 1993 Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь), у 1970 — Бялыніцкі мастацкі музей імя В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі. Калекцыі твораў бел. стараж., сучаснага нар., самадзейнага мастацтва зберагаюцца ў Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, Веткаўскім музеі народнай творчасці, Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, Гомельскім абласным краязнаўчым музеі, Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, Гурынскай карціннай галерэі, Дзіўнаўскім музеі мастацтва і этнаграфіі, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В.Масленікава, Магілёўскім мастацкім музеі В.К.Бялыніцкага-Бірулі, Музеі беларускага народнага мастацтва ў в. Раўбічы Мінскага р-на, Музеі старажытнабеларускай культуры ІМЭФ Нац. АН Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва і Сучаснай беларускай скульптуры музеі імя А.​А.​Бембеля ў Мінску, Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, Полацкай карціннай галерэі і інш.

Да арт. Музеі мастацкія. Фрагмент экспазіцыі рускага мастацтва ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.
Да арт. Музеі мастацкія. Фрагмент экспазіцыі грэчаскага і рымскага мастацтва Метраполітэн-музея ў Нью-Йорку.
Да арт. Музеі мастацкія. Зала Пергамон-музея. Берлін.
Да арт. Музеі мастацкія. Эрмітаж. Белая зала.

т. 11, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІ РАЁН.

Размешчаны ў цэнтры Віцебскай вобл. Утвораны 17.4.1924 (у сучасных межах з 1960). Пл. 3,2 тыс. км². Нас. 33,8 тыс. чал. (2000), гарадскога 8,6%. Сярэдняя шчыльн. 11 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Полацк. Уключае г. Наваполацк, г.п. Ветрына, 407 сельскіх населеных пунктаў, Ветрынскі пасялковы Савет, 19 сельсаветаў: Адамоўскі, Азінскі, Астроўшчынскі, Бабыніцкі, Баравухскі, Вароніцкі, Гаранскі, Гомельскі, Заазерскі, Зялёнкаўскі, Маласітнянскі, Нацкі, Палатоўскі, Салоніцкі, Трудаўскі, Фарынаўскі, Шпакоўшчынскі, Экіманскі, Юравіцкі.

Тэр. раёна ў межах Полацкай нізіны. Паверхня пераважна плоская, ускладнена марэннымі ўзгоркамі, рачнымі далінамі, камамі, азёрнымі катлавінамі, радзей озамі; 65% яе на вышыні 125—150 м, 28% — 150—170 м. Найвыш. пункт 180 м (за 2 км на Пд ад г.п. Ветрына). Глыб. расчлянення рэльефу на ўзгорыста-азёрных участках да 20 м/км². Карысныя выкапні: торф, гліны і суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пясок, мінер. воды. Сярэдняя т-ра студз. — 7,2 °C, ліп. 17,7 °C. Ападкаў 601 мм за год. Вегетац. перыяд 184 сут. Найб. рака Зах. Дзвіна з прытокамі Сосніца, Палата, Тураўлянка, Ушача з Нежлеўкай, Нача. На ўліку 191 возера з пл. больш за 5 га (61 мае рыбапрамысл. значэнне), найб. Янова, Вядзета, Чарвятка, Наўліцкае, Гомель, Болныра, Усомля. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя (43,4 %), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (32,8 %), тарфяна-балотныя (13,2 %). Пад лесам [61% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, яловыя, чорнаальховыя, ёсць асінавыя і шэраальховыя лясы. Штучныя насаджэнні (пераважна хваёвыя) — 7,1 %. Пад балотамі 5 % тэрыторыі, найб. балоты Сосніца — Дражбітка, Судзіна, Замошша, Ізмацкае, Чарвятка. На тэр. раёна заказнікі рэсп. значэння: ландшафтны Казьянскі (да 1999 біял), біял. Лонна, гідралагічныя Вялікае Астравіта і Глыбокае-Чарбамысла. Помнікі прыроды рэсп. значэння: валун каля в. Свяціца, скопішча валуноў «Янава» (в. Бікульнічы), пагорак камавы «Валатоўка». Ахоўныя тарфянікі: Нядружынскае і Кляшторна. Зоны адпачынку «Азёрная» і «Туроўля».

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 77,7 тыс. га, з іх асушаных 14,4 тыс. га. На 1.1.2000 у раёне 9 калгасаў, 13 саўгасаў, калектыўнае с.-г. прадпрыемства, 50 фермерскіх і 33 падсобныя гаспадаркі, птушкафабрыка. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых, бульбы, лёну, агародніны. Прадпрыемствы дрэваапр., першаснай апрацоўкі лёну (ільновалакно), буд. матэрыялаў; каап. прам-сці; лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Невель—Полацк—Маладзечна, Віцебск—Полацк—Даўгаўпілс; аўтадарогі Віцебск—Рыга, з Полацка на Віцебск, Лепель, Глыбокае, Міёры, Верхнядзвінск, Асвею, Апочку (Расія), Расоны; нафтаправоды Сургут—Полацк, «Дружба», прадуктаправод Полацк—Вентспілс (Латвія), адгалінаванне ад газаправода Таржок (Расія) — Івацэвічы. У раёне 17 сярэдніх, 10 базавых, 7 пачатковых школ, школа-інтэрнат, 2 муз., 3 школы мастацтваў, СПТВ, Дом дзіцячай творчасці, аздараўленчы лагер «Чайка», 27 дашкольных устаноў, 45 б-к, 25 дамоў культуры, 12 клубаў, 6 бальніц, паліклініка, 6 амбулаторый, 23 фельч.-ак. пункты. Помнікі архітэктуры: сядзіба і царква (пач. 20 ст.) у в. Бяздзедавічы, парк (2-я пал. 19 ст.) у в. Рудня. Гіст. помнікі: рэшткі земляных умацаванняў (17 ст.) каля в. Кушлікі, замчышча Сітна (1563—1579) каля в. Малое Сітна, замчышча Туроўля (1563—1579) каля в. Туроўля. Выдаецца газ. «Полацкі веснік».

Г.​А.​Сакалова, Г.​С.​Смалякоў.

т. 12, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ» імя Петруся Броўкі,

выдавецтва Дзярж. к-та па друку Рэспублікі Беларусь. Засн. ў Мінску 1.1.1967 як Гал. рэдакцыя Бел. Сав. Энцыклапедыі пры АН Беларусі на правах НДІ, з 1.1.1975 у сістэме Дзяржкамдруку БССР, у 1980 пераўтворана ў выдавецтва, прысвоена імя П.​Броўкі. Спалучае выдавецкую дзейнасць з навукова-даследчай. Спецыялізуецца на падрыхтоўцы і выданні універсальных, рэгіянальных і галіновых энцыклапедый, энцыклапедычных даведнікаў і слоўнікаў, тлумачальных, перакладных і інш. слоўнікаў бел. мовы. Падрыхтавала і ў 1969—75 выдала 12-томную «Беларускую Савецкую Энцыклапедыю» — універсальны даведнік па ўсіх галінах ведаў, першую шматтомную энцыклапедыю ў гісторыі бел. народа (Дзярж. прэмія Беларусі 1976). У выд-ве выйшлі таксама: «Беларуская ССР. Кароткая энцыклапедыя» (т. 1—5, 1978—82, паралельна на бел. і рус. мовах), «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі» (т. 1—5, 1984—87), «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (т. 1—7, 1984—88; Дзярж. прэмія Беларусі 1990), «Энцыклапедыя прыроды Беларусі» (т. 1—5, 1983—86; сярэбраны медаль праграмы ААН па навакольным асяроддзі 1984), «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» ў 6 т. (т. 1—2, 1993—94), «Ілюстраваная храналогія гісторыі Беларусі» (ч. 1—2, 1995—96), біябібліяграфічны даведнік «Беларускія пісьменнікі» (т. 1—6, 1992—95), «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84), «Беларуска-рускі слоўнік» (т. 1—2, 2-е выд. 1988—89), «Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы» І.​Я.​Лепешава (т. 1—2, 1993), «Руска-беларускі слоўнік» (т. 1—3, 6-е выд. 1995) і інш. Выдаюцца серыі: гісторыка-дакумент. хронік «Памяць» (з 1985, пра кожны раён Беларусі), энцыклапедычных даведнікаў пра гарады Беларусі (з 1976, «Мінск», «Брэст», «Віцебск», «Гродна», «Магілёў», «Гомель»), пра жывёльны і раслінны свет Беларусі (з 1986), энцыклапедычныя даведнікі для дзяцей, «Энцыклапедычная бібліятэчка «Беларусь» (з 1978, выдадзена 25 кніг), трохмоўных слоўнікаў (англа-, нямецка-, французска-, беларуска-рускіх) і інш. У ліку 1-томных энцыклапедычных даведнікаў: «Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка» (на рус. мове, 1978), «Навечна ў сэрцы народным» (3-е выд., на рус. мове, 1984), «Іх імёнамі названы...» (на рус. мове, 1987), «Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945» (1990), «Этнаграфія Беларусі» (1989), «Янка Купала» (1986), «Францыск Скарына і яго час» (1988; на рус. мове, 1990), «Статут Вялікага княства Літоўскага 1588» (1989), «Прафесіі рабочых» (на рус. мове, 1980), «2000 прафесій...» (на рус. мове, 1986), «Меліярацыя» (на рус. мове, 1984), «Прырода Беларусі» (2-е выд., на рус. мове, 1989), «Бульба» (на рус. мове, 1988 і 1994), «Чырвоная кніга Беларускай ССР» (2-е выд. 1993), «Акадэмія навук Беларускай ССР» (1978; на рус. мове, 1979), зводны каталог «Кніга Беларусі, 1517—1917» (1986), «Энцыклапедыя маладой сям’і» (8-е выд., на рус. мове, 1995), «Здароўе» (на рус. мове, 1990), «Культура харчавання» (3-е выд., на рус. мове, 1993), «Фатаграфія» (на рус. мове), «Юрыдычны энцыклапедычны слоўнік» (абодва 1992), «Архітэктура Беларусі», «Археалогія і нумізматыка Беларусі» (абодва 1993); «Мысліцелі і асветнікі Беларусі, X—XIX стст.», «Беларусь», «Ветэрынарная энцыклапедыя» (усе 1995), «Чарнобыль» (1996). Сярод факсімільных выданняў: «Слоўнік беларускай мовы» І.​І.​Насовіча (1983), «Біблія Скарыны» (т. 1—3, 1990—91), «Жывапісная Расія» (1993, 2-е выд. 1994) і інш. У 1996 выйшаў 1-ы том 18-томнай універсальнай Беларускай энцыклапедыі.

Галоўныя рэдактары П.​У.​Броўка (1967—80), І.​П.​Шамякін (1980—92), М.​А.​Ткачоў (1992), Б.​І.​Сачанка (1993—95), Г.​П.​Лашкоў (з 1996).

І.​П.​Хаўратовіч.

т. 2, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)