экіпіро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. экіпіраваць і экіпіравацца.

2. Усё неабходнае для таго, каб экіпіраваць каго‑, што‑н.; амуніцыя. Пажарнікі ў бліскучых медных касках — яны ззяюць на сонцы, як залатыя, — і ў поўнай экіпіроўцы — з сякерамі за брызентавымі паясамі, з доўгімі баграмі ў руках. Навуменка. // Разм. Адзенне, абутак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тапта́ць, тапчу́, то́пчаш, то́пча; тапчы́; тапта́ны; незак.

1. каго-што. Прымінаць нагамі, ходзячы па чым-н.

Т. траву.

2. каго. Наязджаючы канём, збіваць з ног, душыць, калечыць.

3. што. Ступаючы, пэцкаць нагамі (разм.).

Т. падлогу.

4. што. Збіваць, зношваць абутак.

Т. боты.

5. перан., што. Пагарджаючы, груба зневажаць, абражаць.

Т. чалавечую годнасць.

|| зак. патапта́ць, -тапчу́, -то́пчаш, -то́пча; -тапчы́; -тапта́ны (да 1—3 знач.) і стапта́ць, стапчу́, сто́пчаш, сто́пча; стапчы́; стапта́ны (да 4 знач.).

|| наз. тапта́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

liquor

[ˈlɪkər]

1.

n.

1) алькаго́льны напой

hard liquor — мо́цны алькаго́льны напо́й (гарэ́лка, ві́скі)

2) расо́л -у m.

2.

v.t.

1) апуска́ць або́ мачы́ць у расо́ле

2) ма́заць тлу́шчам (ску́ру ці абу́так)

•

- in liquor

- liquor store

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

Ато́пак ’стары стаптаны абутак’ (Нас., Інстр. I, Мядзв., Касп., Янк. I, Бяльк., Юрч., Янк. Мат.), ато́пкі ’абноскі’ (БРС). Другое значэнне, відаць, пашырэнне першага. Рус. отопок, отоптыш ’тс’. Утворана ў рускай і беларускай мовах ад дзеяслова а(б)таптаць пры дапамозе суфікса ‑ак (‑ок), як і растопак ’атопак’ (Касп.) ад дзеяслова растоптваць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бу́ркі, ‑рак; адз. бурка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.

Абутак з фетру або сукна, які носіцца з галёшамі ці на скураной падэшве без іх. Казулін у шубе з бабровым каўняром, у бабровай шапцы, абуты ў белыя буркі, стаяў наперадзе ўсіх і глядзеў на Сцюдзянец. Дуброўскі. Апранута.. [Маша] была ў стары залатаны кажушок, на нагах — буркі з бахіламі. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праслужы́ць, ‑служу, ‑служыш, ‑служыць; зак.

1. Прабыць на якой‑н. службе некаторы час. Спачатку Сяргей не хацеў даставаць з чамадана спірт, які вёз з невялікага нямецкага гарадка, дзе ён праслужыў гэтыя мірныя два гады. Чыгрынаў.

2. Прабыць у дзеянні, у карыстанні некаторы час. Дзеду боты праслужылі сорак год, Бо стары ў руках абутак свой насіў. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Бахмачы́ ’бахілы, скураныя лапці’ (Нас., Гарэц.). Відавочна, вытворнае ад бахма́ты (гл.). Параўн. значэнне гэтага апошняга ва ўкр. мове: ’мешкаваты (аб адзенні)’. Параўн. яшчэ рус. бахме́т ’касматы, махнаты і г. д.’, ’непаваротлівы’. Першапачаткова бахмачы́ — ’дрэнны, мешкаваты абутак’. Аб магчымасці j‑форм ад бахма́т‑ гл. Трубачоў, Происх., 57–58, (дзе прыводзяцца тапанімічныя назвы тыпу Бахмач).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

МІ́НСКАЯ АБШЧЫ́НА СЯСЦЁР МІЛАСЭ́РНАСЦІ ЧЫРВО́НАГА КРЫ́ЖА.

Засн. ў 1889 Мінскім упраўленнем Расійскага т-ва Чырв. Крыжа. У абшчыну ўваходзілі 15 членаў. Пасведчанне сястры міласэрнасці атрымлівалі пасля гадавога выпрабавання і 2 гадоў працы ў абшчыне (праца не аплачвалася, абшчына давала інтэрнат, харчаванне, вопратку, абутак і невялікую грашовую дапамогу). У 1903 пры абшчыне адчынены гадавыя курсы, на якіх выкладалі фізіялогію, хірургію і дэсмургію, гігіену, анатомію, унутр. хваробы, псіхіятрыю, фармакалогію, догляд і пач. дапамогу і інш. Да 1915 падрыхтаваны 143 сястры міласэрнасці. Сёстры абшчыны ўдзельнічалі ў дапамозе параненым у рус.-яп. вайне 1904—05, у барацьбе з тыфам, шкарлятынай, воспай у Мінскай губ. (1900), з халерай у Мазырскім пав. (1908), дапамагалі галадаючым Акмолінскай, Табольскай, Закаспійскай губ. (1911). У 1910 абшчына адчыніла лячэбніцу на 14 ложкаў, у 1914 — на 40. З пач. 1-й сусв. вайны накіравала на фронт шпіталь на 200 ложкаў (пазней пашыраны да 800). З 1921 у складзе Т-ва Чырв. Крыжа Беларусі.

Літ.:

Хоров Г. К истории подготовки медицинских сестер в Белоруссии // Вопросы истории медицины и здравоохранения. Мн., 1968;

Крючок Г.Р. Очерки истории медицины Белоруссии. Мн., 1976.

Т.​П.​Разуменка.

т. 10, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРБА́РНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна лёгкай прамысловасці, якая спецыялізуецца па вырабе натуральных цвёрдых і мяккіх скураных тавараў і штучных скур. Забяспечвае скуртаварамі абутковую прамысловасць, футравую прамысловасць, часткова швейную і інш. галіны. Асн. сыравінай для гарбарнай прамысловасці служаць скуры жывёл. Гарбарная сыравіна падзяляецца на: дробную (скуры цялят, жарабят, авечак, коз, цюленяў, нерпаў), што ідзе на выраб скур для верху абутку, адзення і галантарэйных вырабаў, буйную (скуры буйн. раг. жывёлы, коней, аслоў, вярблюдаў, аленяў, маржоў, кітоў) і свіную (са свойскіх свіней і дзікоў), якія служаць для вырабу хромавых і юхтовых скур на верх абутку, для рамізніцкіх і тэхн. вырабаў. Выкарыстоўваюць таксама скуры рэптылій (кракадзілы, яшчаркі, змеі), некат. рыб і інш.

Апрацоўка скур і выкарыстанне іх на абутак і адзенне вядома з глыбокай старажытнасці. Са скур выраблялі таксама пергамін, вупраж, шчыты і інш. Скуры дубілі пры дапамозе раслінных дубільнікаў. У 2-й пал. 19 ст. частка падрыхтоўчых і апрацоўчых аперацый механізавана, з 1880-х г. пачалі выкарыстоўваць паскораны метад вырабу скур солямі хрому. Рамесніцкае гарбарства ператварылася ў гарбарную прамысловасць. У 20 ст. развіццю гарбарнай прамысловасці спрыяла стварэнне галін машынабудавання, якія выпускалі машыны для апрацоўкі скур, пашыву абутку, адзення і інш. вырабаў, а таксама расшырэнне сыравіннай базы, развіццё вытв-сці штучных скур і заменнікаў скуры, сінт. каўчуку і дубільнікаў, дубільных экстрактаў.

Асартымент прадукцыі сучаснай гарбарнай прамысловасці акрамя шырока вядомых абутковых цвёрдых і мяккіх (хромавага дублення і юхту), адзежна-галантарэйных, рамізніцкіх і тэхн. скур уключае такія новыя вырабы, як спілак для абутку, велюры, асветленыя скуры для нізу абутку, лакавыя з поліурэтанавым пакрыццём, хромавыя павышанай эластычнасці, тэрмаўстойлівую юхту і інш. Развітую гарбарную прамысловасць маюць ЗША, Расія, Францыя, Італія, Вялікабрытанія, ФРГ, Аргенціна, Аўстралія, Манголія і інш. краіны.

Гарбарная прамысловасць — адна са старадаўніх на Беларусі. Скураны абутак 12—13 ст. вядомы з раскопак у Брэсце, Гродне, Мінску, Полацку і інш. У 2-й пал. 19 ст. скуры, вырабленыя на Беларусі, карысталіся попытам на рас. і замежным рынках. Цэнтрамі гарбарнай прамысловасці былі Смаргонь (22 прадпрыемствы), Ашмяны, Мінск (буйны з-д Сальмана), Магілёў, Скідзель, Талачын і інш. Вырабляліся лайка, хром, шчыгрын (гамбургскі тавар), падэшвы. Пабудаваны гарбарныя з-ды ў 1927 «Бальшавік» у Мінску, у 1930 — у Магілёве. У 1996 у краіне дзейнічаюць Мінскае гарбарнае вытворчае аб’яднанне, Магілёўскі гарбарны завод, Гродзенскае вытворчае гарбарнае аб’яднанне, Бабруйскі гарбарны камбінат, Пінскі завод штучных скур, шэраг меншых прадпрыемстваў. У 1996 выпушчана 426,9 млн. дм² верхніх скуртавараў (найбольш у 1991 — 992,4 млн. дм²), з іх 381,1 млн. дм² хрому, 45,8 млн. дм² юхту і 16 млн. дм² цвёрдых скуртавараў.

В.​М.​Логвінка.

Да арт. Гарбарная прамысловасць. У скурсыравінным цэху гарбарнага завода ў пас. Гатава Мінскага раёна.

т. 5, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Кліпа́нікі ’абутак на драўлянай падэшве’. Параўн. літ. klypkė ’зношаны драўляны чаравік’ (Грынавецкене і інш., LKK, 16, 178; Лаўчутэ, Балтизмы, 68). Бел. кліпанік < klip‑an‑ikъ. Як бачым, словаўтварэнне ў гэтай лексемы цалкам славянскае. Таму можна гаварыць выключна аб запазычанні лексемы або з іншага словаўтваральнага варыянта, або дэрывацыйнай гісторыі запазычанага кліп на беларускім моўным грунце.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)