РУ́СКА ((Ruska) Эрнст Аўгуст Фрыдрых) (25.12.1906, г. Гайдэльберг, Германія — 27.5.1988),

нямецкі фізік і інжынер, заснавальнік электроннай мікраскапіі. Чл. Ням. акадэміі прыродазнаўцаў «Леапальдзіна» (1966). Скончыў Берлінскі тэхн. ун-т (1931). У 1937—55 у фірме «Сіменс». У 1957—74 дырэктар Ін-та электроннай мікраскапіі т-ва імя М.​Планка. Адначасова ў 1949—71 у Берлінскім тэхн. ун-це (з 1959 праф.). Навук. працы па электроннай оптыцы і мікраскапіі. Адкрыў, што саленоід можа служыць лінзай для электронаў (1928—29), і пабудаваў караткафокусныя магн. лінзы. Стварыў першы электронны мікраскоп (1931; разам з М.​Кнолем). Паводле яго распрацовак у 1939 фірма «Сіменс» пачала выпуск электронных мікраскопаў з раздзяляльнай здольнасцю ў 10 нм. Нобелеўская прэмія 1986.

Тв.:

Рус. пер. — Развитие электронного микроскопа и электронной микроскопии // Успехи физ. наук. 1988. Т. 154, вып. 2.

М.​М.​Касцюковіч.

Э.Руска.

т. 13, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САГДЗЕ́ЕЎ (Рэнад Зіннуравіч) (н. 13.12.1941, г. Казань, Расія),

расійскі вучоны ў галіне хім. фізікі; адзін са стваральнікаў спінавай хіміі. Акад. Рас. АН (1997, чл.-кар. 1987). Брат Раальда Сагдзеева. Скончыў Новасібірскі ун-т (1965). З 1983 нам. дырэктара Ін-та хім. кінетыкі і гарэння Сібірскага аддз. Рас. АН. З 1993 дырэктар Міжнар. тамаграфічнага цэнтра ў Новасібірску. Навук. працы па вывучэнні элементарных актаў хім. ператварэнняў, магнітных і спінавых эфектах у хім. рэакцыях, хім. палярызацыі ядзер, хім. радыёспектраскапіі. Ленінская прэмія 1986. Дзярж. прэмія Расійскай Федэрацыі 1994.

Тв.:

Магнитные и спиновые эффекты в химических реакциях. Новосибирск, 1978 (разам з А.​Л.​Бучачэнкам, К.​М.​Саліхавым);

Основы магнитного резонанса. Иркутск, 1995 (разам з У.​К.​Воранавым);

Основы современного естествознания. 2 изд. М., 1999 (разам з У К.​Воранавым, М.​В.​Грэчневай).

М.​М.​Касцюковіч.

Рэнад З.Сагдзееў.

т. 14, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАМА́НКСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,

адзін са старэйшых ун-таў Іспаніі і Еўропы. Засн. ў 1218 у г. Саламанка. У эпоху Адраджэння адзін з найб. навук. і культ. цэнтраў Еўропы. У ім зроблены першыя пераклады твораў Ібн Сіны, Ібн Рушда і інш. вучоных; яго прафесараў запрашалі выкладаць у іншыя еўрап. ун-ты. Дзярж. ўстанова. Навучанне вядзецца на ісп. мове. У 1995/96 навуч. г. каля 31 тыс. студэнтаў; ф-ты: філал.; філас.; геаграфіі і гісторыі; права; прыгожых мастацтваў; прамысл. тэхнікі; навук; хім.; біял.; мед.; фармакалогіі; эканомікі і бізнесу; сац. навук; перакладаў і дакументацыі; псіхалогіі; педагогікі і адукацыі. У складзе ун-та школы (падрыхтоўкі настаўнікаў, адукацыі, політэхн., тапаграфіі і інш.), ін-ты (педагогікі і адукацыі, універсітэцкая бальніца), выдавецкі дом, Цэнтр. б-ка (140 тыс. тамоў), б-кі ф-таў (больш за 365 тыс. тамоў).

В.​М.​Навумчык.

т. 14, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРБО́НА (Sorbonne),

багаслоўскі калеж і інтэрнат для студэнтаў і выкладчыкаў у 1257—1554 у Лац. квартале Парыжа (ад імя заснавальніка Р. дэ Сарбона, духоўніка караля Людовіка IX); у 1554—1792 тэалагічны ф-т Парыжскага універсітэта. З 17 ст. да 1972 пашыраная другая назва Парыжскага ун-та. Пасля рэарганізацыі апошняга (1972) С. называюцца ун-ты і інш. ўстановы, што знаходзяцца ў цэнтры Лац. квартала Парыжа, паміж Пантэонам і пл. Сент-Мішэль. Рэканструкцыя, праведзеная ў 1885—1901 пад кіраўніцтвам архітэктара П.​Ненота, надала С. сучасны выгляд. Ад ансамбля будынкаў С., узведзеных кардыналам А.​Рышэлье паводле плана архітэктара Ж.​Лемерсье, захавалася толькі капліца. На працягу многіх стагоддзяў С. была цэнтрам філас., рэліг. і паліт. думкі. Яе ўзначальвалі ў розны час Л.​Кондэ, А.​Рышэлье, Дж.​Мазарыні. Як ВНУ карыстаецца аўтарытэтам ва ўсім свеце.

Э.​М.​Крайко.

т. 14, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРО́КІН (Анатоль Мікалаевіч) (н. 21.5.1940, Мінск),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1980). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1962). У 1965—97 у Ін-це гісторыі Нац.

АН Беларусі. У 1997—2000 нач. аддзела гуманітарных навук Дзярж. вышэйшага атэстацыйнага к-та Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па праблемах агр. гісторыі Беларусі 20 ст., саўгасаў і калгасаў, сельскіх рабочых, кулацтва, калектывізацыі, сац. выбухаў, паліт. рэпрэсій, гістарыяграфіі. Адзін з аўтараў калектыўных прац «Гісторыя Беларускай ССР» (т. 3—4, 1973—75), «Развіццё эканомікі Беларусі ў 1928—1941 гг.» (1975), «Перамога калгаснага ладу ў Беларускай ССР» (1981), «Гісторыя рабочага класа Беларускай ССР» (т. 2, 1985).

Тв.:

Совхозы Белорусской ССР (1917—1941 гг). Мн., 1979;

Эксперимент: Человек и земля. Мн., 1994;

На ростанях айчыннай гісторыі: Бел, вёска: Ад Дэкрэта да Кодэкса аб Зямлі (1917—1990-я гг.). Мн., 1999.

т. 14, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕН-ЖУСТ ((Saint-Just) Луі Антуан Леон дэ) (25.8.1767, г. Дэсіз, Францыя — 28.7.1794),

дзеяч французскай рэвалюцыі 1789—99, паплечнік М.​Рабесп’ера. Вывучаў права ў Рэймсе. У 1792 выбраны ў Канвент, дзе далучыўся да якабінцаў. Удзельнічаў у распрацоўцы праекта якабінскай канстытуцыі 1793. Быў членам К-та грамадскага выратавання, гал. абвінаваўцам жырандзістаў, эбертыстаў і дантаністаў. Паводле прапановы С.-Ж. Канвент прыняў 10.10.1793 рашэнне пра стварэнне рэв. ўрада. У якасці камісара Канвента знаходзіўся ў Рэйнскай (канец 1793) і Паўночнай (лета 1794) арміях, садзейнічаў рэарганізацыі рэв. узбр. сіл. Па яго ініцыятыве Канвент прыняў Вантозскія дэкрэты (1794), якія прадугледжвалі канфіскацыю маёмасці ў асоб, прызнаных ворагамі рэвалюцыі, і размеркаванне яе паміж немаёмнымі патрыётамі. У працы «Фрагменты аб рэспубліканскіх установах» (выд. ў 1800) прапанаваў праект арганізацыі грамадства, пабудаванага на прынцыпах бурж. дэмакратыі. Пасля Тэрмідарыянскага перавароту пакараны смерцю на гільяціне.

т. 14, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНТ-КЛЕР ДЭВІ́ЛЬ ((Sainte-Claire Deville) Анры Эцьен) (11.3.1818, в-аў Сент-Томас, Віргінскія а-вы, ЗША — 1.7.1881),

французскі хімік. Чл. Парыжскай АН (1861). Замежны чл.-кар. Пецярб. АН (1869). Скончыў Парыжскі ун-т (д-р медыцыны і хіміі; 1843). З 1845 праф. ун-та ў Безансоне, з 1851 Вышэйшай нармальнай школы ў Парыжы, у 1870—80 у Сарбоне. Навук. працы па агульнай і неарган. хіміі. Распрацаваў прамысл. спосаб атрымання алюмінію: аднаўленнем хларыду алюмінію метал. натрыем (1854), метады ачысткі плаціны (разам з А.​Ж.​Дэбрэ; 1855—59). Ажыццявіў класічныя даследаванні па тэрмічнай дысацыяцыі; паказаў, што малекулы вады, хлоравадароду, дыаксіду вугляроду пры высокіх т-рах дысацыіруюць (1857). Атрымаў сплаў плаціны з ірыдыем (1872), з якога былі выраблены міжнар. эталоны метра і кілаграма.

Літ.:

Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.

т. 14, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКА́ЗКІН (Сяргей Данілавіч) (19.10.1890, г. Новачаркаск Растоўскай вобл., Расія — 14.4.1973),

савецкі гісторык-медыявіст, акадэмік АН СССР (1958). Герой Сац. Працы (1970). Скончыў Маскоўскі ун-т (1915), з 1920 выкладаў у ім (з 1949 заг. кафедры). З 1962 заг. сектара гісторыі сярэдніх вякоў Ін-та гісторыі АН СССР. Асн. працы па праблемах сярэдневяковай гісторыі (агр. адносіны, гісторыя зах.-еўрап. сялянства; ератычныя рухі, абсалютызм, Адраджэнне), гісторыі дыпламатыі і інш. Аўтар і рэдактар падручнікаў для ВНУ па гісторыі сярэдніх вякоў, адзін з аўтараў «Гісторыі дыпламатыі» (т. 1, 1941; 2-е выд., 1959), «Усеагульнай гісторыі» (т. 3—4, 1957—58), «Гісторыі Францыі» (т. 1, 1972). Дзярж. прэмія СССР 1942.

Тв.:

Очерки по истории западноевропейского крестьянства в средние века. М., 1968;

Избранные труды по истории. М., 1973;

Из истории социально-политической и духовной жизни Западной Европы в средние века. М., 1981.

С.Д.Сказкін.

т. 14, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКВАРЦО́Ў-СЦЯПА́НАЎ (Іван Іванавіч) (сапр. Скварцоў, літ. псеўд. Сцяпанаў; 8.3.1870, г. Багародск, цяпер Нагінск Маскоўскай вобл. — 8.10.1928),

савецкі дзярж. і парт. дзеяч, публіцыст. Скончыў Маскоўскі настаўніцкі ін-т (1890). У рэв. руху з 1891, сацыял-дэмакрат з 1896, бальшавік з 1904, з 1921 чл. Цэнтр. рэвіз камісіі ВКП(б), чл. ЦК ВКП(б) з 1925. Удзельнік рэвалюцый 1905—07 і Кастр. 1917. У грамадз. вайну кіраўнік выд-ва «Камуніст». У 1920 удзельнічаў у аднаўленні органаў сав. улады на Беларусі. З 1925 рэд. газ. «Известия», нам. рэд. «Правды», рэд. «Ленинградской правды». Адначасова з 1926 дырэктар Ін-та Леніна пры ЦК ВКП(б). Чл. ЦВК СССР. Аўтар прац па эканам., гіст., прыродазнаўчых і філас. пытаннях. Пераклаў на рус. мову «Капітал» К.​Маркса.

Тв.:

Избранное. М., 1970.

Літ.:

Круглов А.А. Скворцов-Степанов — атеист. Мн., 1974.

т. 14, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАНІ́МСКІ (Юрый Іосіфавіч) (13.3.1902, С.-Пецярбург — 23.4.1978),

расійскі балетазнавец, сцэнарыст, педагог. Ганаровы д-р Парыжскага ун-та танца (1959). Вучыўся ў Школе рус. драмы ў Петраградзе (1918), у Петраградскім ун-це. З 1922 працаваў у Ленінградскім ін-це гісторыі мастацтваў (з перапынкамі), з 1932 выкладаў у Ленінградскім харэагр. вучылішчы. З 1962 праф. Ленінградскай кансерваторыі. На сцэне Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі паставіў балет «Салавей» М.​Крошнера (1939, сумесна з А.​Ермалаевым). Напісаў сцэнарыі балетаў: «Юнацтва» М.​Чулакі, «Сцежкаю грому» К.​Караева, «Бераг надзеі» А.​Пятрова, «Ікар» С.​Сланімскага і інш. Аўтар кніг пра балет «Жызэль» (1926), «Сільфіда» (1927), «Шчаўкунок» (1934), «Майстры балета» (1937), «П.​І.​Чайкоўскі і балетны тэатр яго часу» (1956), «Драматургія балетнага тэатра XIX ст.» (1977), «Цудоўнае было побач з намі» (выд. 1984), падручніка «Асновы характарнага танца» (1939; у сааўт.).

т. 14, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)