НО́ВІКАЎ (Анатоль Рыгоравіч) (30.10.1896, г. Скапін Разанскай вобл., Расія — 23.9.1984),
расійскі кампазітар, муз.-грамадскі дзеяч. Засл. дз. маст. Расіі (1947). Нар.арт. Расіі (1961). Нар.арт.СССР (1970). Герой Сац. Працы (1976). У 1921—27 вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі ў Р.Гліэра. У 1939—43 маст. кіраўнік Ансамбля песні і танца ВЦСПС, у 1948—51 — Ансамбля песні Усесаюзнага радыё. Сабраў і адрэдагаваў каля 500 рус.нар. песень («Рускія народныя песні», т. 1—3; некат. ў яго запісе). Аўтар муз. камедый «Ляўша» (паст. 1957), «Калі ты са мной» (паст. 1961), «Каралева прыгажосці» (паст. 1964), «Асобае заданне» (паст. 1965), «Чорная бяроза» (паст. 1969), «Васіль Цёркін» (паст. 1971), паэмы «Нам патрэбен мір» для салістаў, хору, чытальніка і арк. (1954), кантат, хароў, музыкі да драм. спектакляў, шматлікіх песень («Смуглянка», «Дарогі», «Расія», «Вася-Васілёк», «Гімн дэмакратычнай моладзі свету» і інш.). Дзярж. прэміі СССР 1946, 1948.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́СКЕ ((Noske) Густаў) (9.7.1868, г. Брандэнбург, Германія — 30.11.1946),
германскі паліт. і дзярж. дзеяч. З 1886 член С.-д. партыі Германіі, у 1893—1918 рэдагаваў шэраг с.-д. газет. У 1906—18 дэп. рэйхстага, дзе лічыўся спецыялістам па ваен., марскіх і калан. пытаннях. У Лістападаўскую рэвалюцыю 1918 губернатар г. Кіль, потым чл. Савета нар. упаўнаважаных, адказны за армію і флот (снеж. 1918 — люты 1919); кіраваў задушэннем паўстання «Спартака саюза» ў Берліне (студз. 1919) і ліквідацыяй Брэменскай сав. рэспублікі. У лют. 1919 — сак. 1920 міністр рэйхсвера, за пасіўнасць у час Капаўскага путчу 1920 членамі сваёй партыі змушаны пайсці ў адстаўку. У 1920—33 обер-прэзідэнт прускай прав. Гановер. У 1939 і 1944 зняволены нацыстамі. Аўтар твораў «Якім я стаў» (1919), «Ад Кіля да Капа. Да гісторыі германскай рэвалюцыі» (1920), «Перажытае з узвышэння і падзення дэмакратыі» (1947) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУРПЕІ́САЎ (Абдыжаміл Карымавіч) (н. 22.10.1924, с. Какарал Аральскага р-на Кзыл-Ардзінскай вобл., Казахстан),
казахскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Казахстана (1985). Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1956). Піша на каз. і рус. мовах. Друкуецца з 1949. Першы раман «Курляндыя» (1950, 2-я рэд. пад назвай «Доўгачаканы дзень», 1958) пра падзеі Вял.Айч. вайны. Шырынёй сац. абагульненняў, глыбінёй псіхал. аналізу, самабытнымі нац. характарамі вызначаецца трылогія «Кроў і пот» (кн. 1—3, 1961—70, Дзярж. прэмія СССР 1974; аднайм. фільм 1979) пра падзеі 1-й сусв. і грамадз. войнаў. Актуальнасцю і вастрынёй праблематыкі вылучаецца раман «Абавязак» (на рус. мове, 1984). Працуе ў жанры нарыса і літ.-крытычнай эстэтыкі (кнігі «Роздумы», 1972; «Край блакітных гор», 1979). На бел. мову асобныя яго творы пераклаў А.Кудравец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РЛІК (Піліп Сцяпанавіч) (22.10.1672, в. Касута Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 25.5.1742),
украінскі дзярж. дзеяч. З бел. шляхецкага роду герба «Навіна». Вучыўся ў Кіева-Магілянскім калегіуме. Служыў у ген.вайск. канцылярыі Левабярэжнай Украіны, у 1702—08 ген. пісар. Атрымаў у пасаг значныя маёнткі на Палтаўшчыне. У час Паўночнай вайны 1700—21 прыхільнік швед. пратэктарату над Украінай. У 1708 разам з гетманам І.Мазепам і часткай казацкай старшыны перайшоў на бок шведаў. Пасля Палтаўскай бітвы 1709 разам з Мазепам і швед. каралём Карлам XII уцёк у тур. ўладанні. Там у 1710 пасля смерці Мазепы абвешчаны яго прыхільнікамі ўкр. гетманам. У 1711 удзельнічаў у паходзе крымскіх татар на Украіну. У 1714—20 жыў у Швецыі, потым у Германіі, Польшчы, Францыі. Падбіваў многія дзяржавы на інтэрвенцыю супраць Расіі. Аўтар мемуараў. Імя О. згадваецца ва ўкр.нар. думах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВАРО́ЦІ ((Pavarotti) Лучана) (н. 12.10.1935, г. Модэна, Італія),
італьянскі спявак (тэнар). Вучыўся ў А.Полы і Э.Кампагальяні. На опернай сцэне з 1961. Выступае ў буйнейшых т-рах свету, у т. л. ў «Ковент-Гардэн» (Лондан), «Ла Скала» (Мілан), «Метраполітэн-опера» (Нью-Йорк), Венскай дзярж. оперы і інш. Валодае голасам прыгожага звонкага тэмбру, надзвычай вял. дыяпазону. Яго выкананне адметнае шчырасцю, эмацыянальнасцю. У рэпертуары рознахарактарныя партыі пераважна ў італьян. класічных операх: Рудольф, Каварадосі, Калаф, («Багема», «Тоска», «Турандот» Дж.Пучыні), Радамес, Атэла, Герцаг («Аіда», «Атэла», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Немарына, Тоніо («Любоўны напітак» і «Дачка палка» Г.Даніцэці), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ). Выступаў у трыо з Х.Карэрасам і П.Дамінга, запісаў з імі шэраг папулярных оперных арый. Аўтар успамінаў «Гісторыя майго жыцця» (1981). 1-я прэмія на Міжнар. конкурсе вакалістаў імя А.Перу (Рэджанель-Эмілія, Італія, 1961).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАНЕ́ЦКІ УНІВЕРСА́Л,
заканадаўчы акт, падпісаны Т.Касцюшкам 7.5.1794 у лагеры каля мяст. Паланец пад Сандамірам у час паўстання 1794. Складзены пры ўдзеле Г.Калантая. Быў 1-й спробай усебаковага рэфармавання становішча сялян у Рэчы Паспалітай, меў на мэце прыцягнуць іх да ўдзелу ў паўстанні. Абвясціў аб прадастаўленні сялянам асабістай свабоды пры ўмове іх разліку з землеўладальнікам, скарачэнні паншчыны на 33—50% у часе паўстання і яе адмене для сялян, якія далучыліся да паўстання, прызнаў права сялян на зямлю, якую яны апрацоўвалі, і забараніў іх згон. У якасці кампенсацыі землеўласнікам за змяншэнне паншчыны П.у. прадугледжваў заключэнне з сялянамі дагавораў аб наёмнай працы (фактычна прымусовай). Быў устаноўлены ін-т дазорцаў, якія павінны былі разглядаць спрэчкі паміж сялянамі і землеўласнікамі. Рэалізацыя універсала сустрэла процідзеянне шляхты. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) рэформы, прадугледжаныя П.у., скасаваны новымі дзярж. ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛО́НСКІ (Самуіл Уладзіміравіч) (27.9.1902, г. Гайсін Вінніцкай вобл., Украіна — 2.5.1955),
бел. і расійскі кампазітар, харавы дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1940). Скончыў Кіеўскі муз.-драм.ін-т (1926), кампазіцыі вучыўся ў В.Залатарова. У 1928—41 у Мінску: маст. кіраўнік вак. ансамбля, хормайстар капэлы Бел. філармоніі, Ансамбля песні і танца БВА, кіраўнік самадз.хар. калектываў. У 1942—43 узначальваў Бел.дзярж. ансамбль песні і танца. З 1945 у Маскве. Аўтар песень і хароў, у т. л. песні «Вечарынка ў калгасе» на словы Я.Купалы, аперэты «Зарэчны барок» (разам з М.Івановым; паст. 1940), п’есы для арк.бел.нар. інструментаў «Кірмаш», твораў для духавога арк., інстр. мініяцюр, рамансаў, музыкі для т-ра і кіно, апрацовак нар. песень, у т. л.бел., рус., укр., англ., для мяшанага хору, для голасу з фп., баянам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЛА́МЕНЦКАЯ РЭСПУ́БЛІКА,
адзін з 2 асн. (разам з прэзідэнцкай рэспублікай) відаў рэспубліканскага дзярж. ладу. Характарызуецца абвяшчэннем прынцыпу вяршэнства парламента ў паліт. сістэме. Пры П.р. ўрад нясе адказнасць перад парламентам і фарміруецца толькі парламенцкім шляхам з лідэраў партыі (або парт. кааліцыі), што перамагла на чарговых выбарах. Заўсёды ёсць пасада кіраўніка ўрада (прэм’ер-міністра або старшыні). Роля прэзідэнта — кіраўніка дзяржавы ў фарміраванні ўрада чыста намінальная, гал. яго функцыя — прадстаўнічая, а выбранне ажыццяўляецца парламентам. Прэзідэнт фармальна можа мець вял. паўнамоцтвы, але ажыццяўляе іх урад. Урад знаходзіцца пры ўладзе да таго часу, пакуль ён карыстаецца падтрымкай большасці парламента, г.зн. выканаўчая ўлада знаходзіцца пад кантролем прадстаўнічай улады; аднак прэм’ер-міністр валодае правам роспуску парламента, прызначэння новых выбараў. П.р. існуюць у Італіі, ФРГ, Аўстрыі, Фінляндыі, Ірландыі, Індыі, Ізраілі, Ліване і інш. У 1991—94 П.р. (без прэзідэнта) была Рэспубліка Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РТЫЯ БЕЛАРУ́СКАГА НАРО́ДНАГА ФРО́НТУ (са снеж. 1999 Партыя БНФ),
нац.-дэмакр. партыя правацэнтрысцкага кірунку. Створана ў маі 1993 на грунце Беларускага народнага фронту «Адраджэньне». Кіруючы орган паміж з’ездамі — сойм. Асн. мэта — ажыццяўленне праграмы Грамадскага аб’яднання БНФ «Адраджэньне» шляхам удзелу ў фарміраванні органаў дзярж. улады Рэспублікі Беларусь. Выступае за парламенцкую рэспубліку і прафес. парламент (сойм) як аснову прадстаўнічай дэмакратыі. Прыярытэты сац.-эканам. палітыкі партыі, паводле праграмных дакументаў: кожны чалавек павінен валодаць уласнасцю і распараджацца ёю, рынак, фермерская сельская гаспадарка, перавод у прыватны сектар большасці асн. фондаў вытв-сці. Выступае за незалежную бел. дзяржаву, адраджэнне бел.нац. культуры, мовы, традыцый, прапагандуе нац. ідэю. Знешняя стратэгія ўключае раўнапраўныя партнёрскія адносіны з усімі краінамі, найперш з суседнімі, арыентацыю на падтрымку краін Захаду. На сак. 2001 партыя аб’ядноўвала каля 1800 чал., мела структуры ў абласцях і г. Мінск, сельскіх раёнах і гарадах Беларусі.