прыся́га, ‑і, ДМ ‑сязе, ж.
Афіцыйнае ўрачыстае абяцанне захаваць вернасць, выканаць якія‑н. абавязкі; словы такога абяцання. Ваенная прысяга. Даць прысягу. □ Прыняўшы прысягу, Пеця пацалаваў чырвонае палотнішча сцяга і стаў у строй. Сіняўскі. Пачаўся допыт сведак, якіх прывёў да прысягі нейкі невядомы панок. Колас. Выстраіўшы партызан, Рыгор Гарашчэня чытаў прысягу. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
псіхо́з, ‑у, м.
Хваравіты стан, звязаны з пашкоджаннем галаўнога мозга. // Разм. Ненармальнасць, дзівацтва ў псіхіцы таго або іншага чалавека. Гэтыя .. [Тамарыны] заляцанні, званкі на дом, запрашэнні давялі Галіну да хваробы, бо рэўнасць яе набыла паталагічны характар, стала псіхозам. Шамякін. // Моцнае псіхічнае ўздзеянне якіх‑н. з’яў, падзей і пад., якія выклікаюць страх, нервуюць. Ваенны псіхоз.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пушы́сты, ‑ая, ‑ае.
1. Пакрыты мяккім пухам або шэрсцю. Пушысты кот. Пушысты хвост. □ [Дзядзька Гэмаль] паказаў нам шкуркі пясцоў і лісаў. Якія яны былі прыгожыя, пушыстыя! Бяганская.
2. Лёгкі, вельмі мяккі. Пасмачка пушыстых Тоніных валасоў выбілася з-пад заляпанай мелам касынкі. Даніленка. Дарога ў пушыстым снезе, сонечная, іскрыстая, усё глыбей вяла Андрэя ў лес. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раздзява́льня, ‑і, ж.
Памяшканне, месца ў грамадскіх будынках для захавання верхняга адзення наведвальнікаў; гардэроб (у 2 знач.). Аднойчы далі мне білет на канцэрт, прысвечаны памяці Чайкоўскага. Праз шкляныя дзверы бачыла, якія важныя асобы ў багатых вопратках тоўпіліся каля раздзявальні. Мядзёлка. // Памяшканне для раздзявання і пераадзявання (у лазнях, спартыўных залах, на пляжах і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расцэ́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. расцэньваць — расцаніць (у 1 знач.).
2. Р мн. ‑нак. Устаноўленая цана (за якія‑н. тавары), устаноўленая аплата (якой‑н. работы). Заніжаныя расцэнкі. Гарантаваныя расцэнкі. □ Ні стары, ні малы не верылі, што ім на расцяробе лініі «гэтулькі многа» будуць плаціць. Давялося паказаць расцэнкі. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
серабры́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., што.
1. Пакрываць тонкім слоем серабра. Серабрыць лыжкі.
2. Рабіць серабрыстым, надаваць чаму‑н. серабрысты колер, бляск. Месяц серабрыў хвалі, на якіх пагойдваліся бярвенні, — па рацэ сплаўлялі лес. Даніленка. Прамоўца паварочваецца да тых, якія стаяць у парозе, аконнае святло падае яму на шчаку і серабрыць скроню. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
славя́не, ‑вян; адз. славянін, ‑а, м.; славянка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. славянкі, ‑нак; ж.
Вялікая група роднасных па паходжанню і блізкіх па мове і культуры народаў, якія жывуць у Еўропе і Азіі і складаюць тры адгалінаванні: усходнеславянскае (рускія, украінцы, беларусы), заходнеславянскае (палякі, чэхі, славакі, лужычане), паўднёваславянскае (балгары, сербы, харваты, славенцы, македонцы).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
табу́н, ‑а, м.
Статак коней, а таксама аленей і некаторых іншых капытных жывёл, якія пасуцца разам. У пана былі табуны коней, валоў, гумны хлеба, багатыя палацы. Каваль. [Дзед Арцём] абыходзіць калгасны табун, што пасвіцца на свежаскошанай канюшыне. Бядуля. // Чарада (птушак). Табун гусей. // перан. Вялікая група людзей, натоўп. Гляджу, [немцы] табуном папляліся на выхад з гаража. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тата́ры, ‑аў; адз. татарын, ‑а, м.; татарка, ‑і, ДМ ‑рцы; мн. татаркі, ‑рак; ж.
1. Народ, які складае асноўнае насельніцтва Татарскай АССР.
2. Назва некаторых народнасцей цюркскай моўнай групы, якія жывуць у Паволжы, Сібіры, Крыме.
3. Назва цюркскіх, мангольскіх і некаторых іншых плямён, аб’яднаных у 13–15 стст. у дзяржаву Залатой Арды.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узаемадачыне́нне, ‑я, н.
Сувязі, адносіны, якія складваюцца ў выніку ўзаемадзеяння тых ці іншых сіл, з’яў. Колас ставіць тыпова сялянскую псіхалогію ва ўзаемадачыненні з найвялікшымі сацыяльнымі зрухамі часу — Кастрычніцкай рэвалюцыяй, грамадзянскай вайной, сацыялістычным пераўтварэннем вёскі. Навуменка. // Узаемныя адносіны паміж кім‑, чым‑н. Эпізод жа, пра які гаварылася вышэй, выцірае з рамак узаемадачыненняў герояў. «Полымя».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)